Пасля перапынку ў некалькі гадоў гісторык Алесь Белы аднавіў свой крыжовы паход супраць «беларускага». «Беларускасці» ён супрацьпастаўляе «літвінскасць», на яго думку, каталікі нашай краіны не беларусы. На заявы Белага, што беларуская ідэнтычнасць у краі — гэта «хлусня» і імперскі канструкт, адказаў гісторык Вячаслаў Насевіч. Ён патлумачыў, чаму ігнараванне сучаснасці на карысць гістарычных фантазій ніколі не вядзе ў жаданую будучыню.

Пачаткам спрэчкі стаў допіс Алеся Белага, у якім ён катэгарычна аспрэчвае беларускасць Віленскага краю — да якога ён адносіць практычна ўсю паўночна-заходнюю Беларусь. Даследчык заяўляе, што ўся Віленшчына ўсю сваю гісторыю была Літвой і ніколі не з’яўлялася Беларуссю, пакуль яе так не пачала «брэндаваць» Расійская імперыя літаральна за чвэрць стагоддзя да сваёй гібелі.
Паводле яго слоў, прыпісваць Вільню і Віленшчыну да Белай Русі імперская навука і прапаганда пачалі толькі ў 1890—1891 гадах. Гэта не было натуральнай эвалюцыяй самасвядомасці мясцовага насельніцтва, а з’яўлялася скаардынаванай акцыяй сістэмы адукацыі і прапаганды.

Вялікую ролю ў гэтым працэсе Белы адводзіць вядомаму філолагу Яўхіму Карскаму, якога называе перакананым «заходнерусам» і паслядоўнікам Міхаіла Каяловіча. Менавіта Карскі ў 1903 годзе выдаў этнаграфічную карту, куды аднёс усю Віленшчыну з Вільняй да «Беларусі». Як піша Алесь Белы, потым у 1918 годзе на аснове гэтай карты склалі «карту БНР — дзяржавы, якая рэальна не існавала».
Тут варта адзначыць, што частку Віленшчыны вызначаў як славянскую яшчэ Пётр Кёпен у 1827 годзе, які выкарыстоўваў узоры мясцовага маўлення для размежавання паміж літоўцамі і беларусамі. Пасля беларускі характар большасці яе паветаў пацвярджалі даследаванні Родэрыха Эркерта (1863), Аляксандра Рыціха (1875), вынікі Усерасійскага перапісу насельніцтва (1897) і аднадзённага перапісу пачатковых школ Расійскай імперыі (1911). Можна адшукаць мноства карт, дзе гэтыя тэрыторыі называюць цалкам польскімі, але за такімі картамі не стаіць рэальных навуковых даследаванняў.
Белы піша пра «хлусню бацькоў-заснавальнікаў Беларусі»
Асабліва востра і абразліва Алесь Белы выказваецца пра матывы лідараў беларускага нацыянальнага руху пачатку ХХ стагоддзя.
Ён заяўляе, што ў тым жа 1903 годзе частка шляхцічаў, чые бацькі яшчэ называлі сябе «літвінамі», заснавала Беларускую сацыялістычную грамаду і пачала барацьбу за самабытнасць Беларусі менавіта ў тых межах, якія былі накрэсленыя імперскай навукай у рамках канцэпцыі «трыадзінага рускага народа».
Беларускі рух, паводле слоў гісторыка, абапіраўся ў сваёй аргументацыі на распрацоўкі імперскай прапаганды, якая пераконвала, што каталіцтва і польскамоўнасць у краі — гэта вынік паланізацыі, а пра гістарычную Літву замоўчвала.
Як піша Белы, ствараўся міф, што нібыта ўсе тут калісьці былі «белымі русамі», а потым прыйшлі палякі і частку белых русаў «спакусілі» ў каталіцтва і польскасць.
Аўтар сцвярджае, што гэта было хлуснёй, пра якую шляхціцы-заснавальнікі руху выдатна ведалі, але гэтая хлусня была ім зручная, і яны яе паўтаралі для дрэнна адукаваных людзей.
Сам Алесь Белы прынцыпова адмяжоўваецца ад такой гістарычнай парадыгмы, адносячы сябе да мікраскапічнай групоўкі, якая «да хлусні не звяртаецца» і называе сябе літвінамі.
Вячаслаў Насевіч адказвае Алесю Беламу
На гэтыя развагі разгорнута адказаў гісторык Вячаслаў Насевіч. Ён не аспрэчвае гістарычныя факты змен мовы і ідэнтычнасці (што здаралася і ў іншых народаў), але звяртае ўвагу на метадалогію Алеся Белага.
Тэкст Белага Насевіч назваў прыкладам вельмі распаўсюджанай і тыповай памылкі мыслення, якую робяць многія, але якую вельмі цяжка ўсвядоміць, калі памыляешся сам.
Гэтую памылку Насевіч тлумачыць праз механізм таго, як чалавек фарміруе ідэнтычнасць і ставіць мэты. Звычайна людзі злучаюць нейкія кропкі ў сваім мінулым (кропка А) і працягваюць іх у цяперашні час (кропка В), а пасля вызначаюць жаданую будучыню (кропка С).
Сутнасць памылкі палягае ў тым, што лінія ад значнай кропкі ў мінулым працягваецца ў жаданую будучыню, цалкам абмінаючы кропку сучаснасці. Гэта звычайна здараецца тады, калі шлях з сённяшняга дня ў жаданае заўтра не праглядаецца.
Каб праілюстраваць сваю думку, Насевіч прыводзіць прыклад са спартсменам. У мінулым гэты чалавек паспяхова трэніраваўся і перамагаў, а ў будучыні марыць стаць зоркай і чэмпіёнам. Аднак у сучаснасці ён мае цяжкую траўму, якая выключае шанцы на поспех. Разумным рашэннем было б змяніць траекторыю: напрыклад, стаць трэнерам або выбраць іншы від спорту. Але памылка здараецца, калі чалавек упарта не хоча прыняць рэальнасць цяперашняга моманту і працягвае ўпартыя трэніроўкі, якія з-за траўмы ніколі не прывядуць яго да чэмпіёнства.
Вячаслаў Насевіч пераносіць гэтую метафару на пазіцыю Алеся Белага.
Для Белага ідэальным мінулым з’яўляецца першая траціна ХІХ стагоддзя — эпоха Міцкевіча і Сыракомлі, калі ў асяроддзі польскамоўнай інтэлектуальнай эліты сфарміравалася і выразна праяўлялася антырасійская «літвінская» самасвядомасць.
Жаданай будучыняй даследчык бачыць адраджэнне гэтай ідэнтычнасці ў рамках еўрапейскай, але не ўласна польскай культуры.
Аднак траекторыя з ідэальнага мінулага ў жаданую будучыню ў свядомасці аўтара праходзіць міма сучаснага стану рэчаў. Насевіч падкрэслівае, што
нягледзячы на тое, што беларуская ідэнтычнасць магла быць у той ці іншай ступені «навязаная» нашчадкам літвінаў, гэта ўжо даўно стала аб’ектыўнай рэальнасцю. Таму любы маршрут у будучыню трэба весці менавіта з гэтагу пункту сучаснасці.
Гісторык нагадвае, што жыхары паўночна-заходняй Беларусі самі сябе ўсведамляюць менавіта беларусамі. Па словах Насевіча, наколькі гістарычна абгрунтаваная такая самасвядомасць, у гэтым выпадку не прынцыпова.
Для яго прынцыпова тое, што лютая і месцамі абразлівая крытыка ўсяго беларускага ў культуры, палітыцы і штодзённасці, якую паслядоўна ажыццяўляе Алесь Белы, з пункту цяперашняй рэальнасці ў жаданую Белым будучыню не прывядзе ніколі.
Categories: Асьвета, Гісторыя, Зьнешнія адносіны, Культура, Мараль, Нацыя Беларусы, Нацыя прачынаецца
Пакінуць каментар