У Расіі чарговы раз адкарэктавалі падручнікі па гісторыі: У ВКЛ «ненавідзелі рускіх больш, чым крымцаў».

Змены закранулі апісанне пачатку Лівонскай вайны, Пераяслаўскай рады, становішча халопаў (згадку пра іх прыбралі) і царавання Івана Жахлівага. У новай рэдакцыі дадалі нянавісць да рускіх з боку заходніх суседзяў і падкрэслілі далучэнне «Маларосіі». Што яшчэ змянілася?

Ілюстрацыя створана з дапамогай штучнага інтэлекту

У 2025 годзе ў Расіі выйшлі новыя падручнікі па гісторыі для 7‑х і 8‑х класаў, аўтарамі якіх сталі памочнік прэзідэнта Расіі, старшыня Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства Уладзімір Мядзінскі і рэктар МДІМА (МГИМО) Анатоль Таркуноў. Яны павінны былі адпавядаць новым ідэалагічным устаноўкам Крамля. Аднак ужо праз год улады палічылі неабходным унесці ў іх новыя змены.

Дзве рэдакцыі падручнікаў параўналі журналісты расійскага выдання РБК. Пакуль новыя версіі даступныя толькі аўтарызаваным карыстальнікам электроннай платформы «Мая школа».

Падручнік для 7‑га класа ахоплівае гісторыю Расіі XVI—XVII стагоддзяў. У ім расказваецца пра кіраванне Івана Жахлівага, Смутны час і першых цароў з дынастыі Раманавых.

Зніклі халопы, а вера ў цара ўзрасла

Адно з выпраўленняў тычыцца параграфа, прысвечанага пачатку праўлення Івана IV Жахлівага. Аўтары змянілі фармулёўку пра стаўленне народа да манарха. Калі ў першай рэдакцыі сцвярджалася, што «вера ў гаспадара як апекуна і абаронцу ўмацавалася», то цяпер напісана, што «вера ў цара як абаронцу сваёй зямлі і праваслаўя ўзрасла».

Знікла і яшчэ адна фармулёўка, якая прысутнічала ў параграфе «Рускае грамадства ў ХІ ст.». Раней у падручніку гаварылася, што «ўсе свецкія саслоўі Расійскага царства на мове XVI ст. лічыліся дзяржаўнымі халопамі». У новай рэдакцыі замест гэтага адзначаецца, што ўсе свецкія саслоўі падзяляліся на «служылых людзей і цяглых людзей».

Змены ўнесеныя таксама ў пункт «Падвядзём вынікі» параграфа, прысвечанага крызісу ўлады і грамадства на мяжы XVI—XVII стагоддзяў. У папярэдняй версіі сцвярджалася, што духоўныя і маральныя асновы, падарваныя падчас праўлення Івана Жахлівага, не здолелі стрымаць саслоўяў ад міжусобнай вайны.

Цяпер гэтае тлумачэнне прыбралі. Замест яго з’явіўся іншы варыянт:

«Спробы ўлады вырашыць сацыяльна-эканамічныя і палітычныя супярэчнасці на пачатку XVII стагоддзя не мелі поспеху. Нарастанне незадаволенасці саслоўяў прывяло да расколу грамадства. Краіна апынулася на парозе грамадзянскай вайны».

Больш шматнацыянальнасці

Змянілася і ацэнка палітыкі маскоўскіх князёў у Паволжы. У падсумаванні параграфа «Спадчыннікі Залатой Арды ў сярэдзіне XVI стагоддзя» ў выданні 2025 года гаварылася, што «рускія вялікія князі імкнуліся авалодаць багатым Паволжам». У новай рэдакцыі замест гэтага сцвярджаецца, што «рускія кіраўнікі імкнуліся ўмацаваць свой уплыў у багатым Паволжы».

Акрамя таго, змянілася фармулёўка пра шматнацыянальны характар Русі. Калі раней той жа параграф пачынаўся са сцвярджэння, што «Русь заўсёды была шматнацыянальнай краінай», то ў новай рэдакцыі падручніка аўтары напісалі інакш: «Русь ад самага пачатку будавалася як шматнацыянальная краіна».

У параграф «Выратавальнікі Айчыны», у пункт, прысвечаны Кузьме Мініну і Дзмітрыю Пажарскаму, таксама дадалі новы фрагмент, які падкрэслівае шматнацыянальны склад народнага апалчэння. Паводле новай версіі падручніка, «другое апалчэнне было шматнацыянальным, як і ўся Расія»:

«У яго для вызвалення сталіцы сваёй дзяржавы ўвайшлі татары, башкіры, мардва, прадстаўнікі народаў Паволжа ды іншыя». У першай рэдакцыі гэтых звестак не было.

Больш нянавісці да рускіх з боку заходніх суседзяў

Змены закранулі і параграфы, прысвечаныя далучэнню Паволжа і пачатку Лівонскай вайны. У падпункце «Расія і Крым» па-новаму растлумачылі, чаму Расіі не ўдалося зрабіць сваімі саюзнікамі Вялікае Княства Літоўскае і Польшчу.

Версія 2025 года

Калі ў выданні 2025 года сцвярджалася, што «Літва баялася ўзмацнення Расіі больш, чым набегаў Крымскага ханства. Хоць расійскі бок падчас перамоў не вылучаў традыцыйных патрабаванняў «вярнуць нашы вотчыны Кіеў і Полацк», то цяпер аўтары пішуць, што

кіраўнікі Літвы і Польшчы «ненавідзелі рускіх больш, чым крымцаў. Хоць расійскі бок не вылучаў законных патрабаванняў «вярнуць нашы вотчыны Кіеў і Полацк».

Яшчэ адна праўка тычыцца апісання падзей Смутнага часу. Калі ў папярэдняй рэдакцыі гаварылася, што «заходнія дзяржавы і папскі пасад» арганізавалі супраць Расіі «вайсковую і духоўную агрэсію», то ў новай версіі гэта ўжо названа «інтэрвенцыяй».

Версія 2025 года

Акцэнт на добраахвотнасці «ўз’яднання з Расіяй»

Змянілася і апісанне Пераяслаўскай рады ў параграфах, прысвечаных замежнай палітыцы Расіі ў ХVII стагоддзі. У новай рэдакцыі падручніка сцвярджаецца, што «на Пераяслаўскай радзе вырашалася пытанне аб добраахвотным уз’яднанні зямель Маларосіі і Войска Запарожскага з Расіяй». У выданні 2025 года гаварылася толькі пра «ўз’яднанне зямель Войска Запарожскага з Расіяй».

Акрамя таго, знікла апісанне самой працэдуры прыняцця рашэння. У папярэдняй рэдакцыі падручніка адзначалася, што ў абмеркаванні «ўдзельнічалі ўсе ахвотныя»: «На пытанне гетмана Хмяльніцкага, ці хочуць казакі перайсці пад уладу рускага цара, прысутныя дружна адказалі згодай. Палкоўнікі доўга хадзілі сярод людзей і пыталіся ледзь не ў кожнага, ці няма нязгодных». Гэтага фрагмента ў новай версіі ўжо няма.

Версія 2025 года

Больш еўрапейскага кантэксту

Змены ўнеслі і ў падручнік па гісторыі Расіі для 8‑га класа. Частка правак тычыцца метадычных матэрыялаў і вучэбных заданняў. Аднак адной з галоўных асаблівасцяў другога выдання стала пашырэнне міжнароднага гістарычнага кантэксту.

Гэта найбольш прыкметна ў тэмах, прысвечаных Палтаўскай бітве, праўленню Кацярыны II і Паўла I. У новай рэдакцыі з’явіліся згадкі пра Дэні Дзідро, Жана-Жака Русо, а таксама пра рэформы іспанскага караля Карла III у калоніях.

Дзякуючы гэтым дапаўненням аўтары імкнуцца паказаць, што Расійская імперыя XVIII стагоддзя нібыта развівалася ў тым жа рэчышчы, што і іншыя вялікія еўрапейскія імперыі. Палітыка Кацярыны II прадстаўляецца як частка агульнаеўрапейскай эпохі асвечанага абсалютызму, а Расія — як адна з вядучых імперый Еўропы нароўні з іншымі каланіяльнымі дзяржавамі.

Адказны сакратар лінейкі падручнікаў Уладзіслаў Конанаў паведаміў РБК, што новыя праўкі былі падрыхтаваныя разам з настаўнікамі і рэцэнзентамі. Паводле яго слоў, многія ўдакладненні самі аўтары планавалі яшчэ падчас падрыхтоўкі першага выдання.



Categories: Гісторыя, Зьнешнія адносіны, Нацыя Беларусы, Этнацыд беларусаў

Пакінуць каментар