11 ліпеня — трэцяя гадавіна смерці мастака Алеся Пушкіна

А потым чую вокліч кантралёра: «Пушкін, ты што даўбануўся?». Мікалай Дзядок расказаў пра апошнія дні Алеся Пушкіна ў турме

11 ліпеня — трэцяя гадавіна смерці мастака.

Былы палітвязень і журналіст Мікалай Дзядок расказаў, што з мастаком Алесем Пушкіным ён пазнаёміўся падчас «прагулкі ў дворыку» Гродзенскай турмы № 1, якую называюць «крыткай», піша Радыё Свабода.

«У Гродне дворыкі агароджаныя сценамі. Каб паразмаўляць з суседам у дворыку, ты б’еш у сцяну, стукаеш і пытаеш, хто гуляе. І аднойчы я так выйшаў зранку, гэта быў, як зараз памятаю, студзень. Я паляпаў у сцяну, запытаў, хто гуляе, а мне кажуць: «шэсць-шэсць». Я адразу першае пытанне — палітычныя ёсць? Кажуць, так, ёсць. І пачынае выходзіць на сувязь чалавек. Я чую, што ён размаўляе па-беларуску. Я разумею, што гэта наш чалавек, і ён кажа: «Я — Алесь Пушкін», — згадаў Мікалай Дзядок у адным з сваіх ранейшых стрымаў на сваім YouTube-канале.

Палітвязень дадаў, што ён адразу з радасцю перайшоў на беларускую мову і паразмаўляў з мастаком. Потым, паводле яго, яны яшчэ такім чынам перасякаліся падчас прагулак, а пасля яшчэ два разы, калі яны сядзелі на адным паверсе ў камерах — Алесь Пушкін — у ШЫЗА, а Мікалай Дзядок — у адзіночцы.

«І вось тады мы з ім паразмаўлялі. Яго закрылі тады, па-мойму, на 9 мая, бо ёсць такая «шыза» ў адміністрацыі Гродзенскай турмы, што на 9 мая ўсе «экстрэмісты» мусяць сядзець. Мяне чамусьці не пасадзілі. Пасадзілі Пушкіна і яшчэ некалькіх чалавек, таму што мы ж для іх фашысты. Яму далі пяць ці сем сутак. Для Гродна гэта ўвогуле нямнога. Ён не рабіў уражання зламанага чалавека ці чалавека з кепскім здароўем. Казаў: «Я тут, як Браніслаў Тарашкевіч, у творчай камандзіроўцы», а Браніслаў Тарашкевіч, гэта першы стваральнік беларускай граматыкі, сядзеў таксама ў Гродзенскай турме», — сказаў былы палітвязень.

Паводле Мікалая Дзядка, Алесь Пушкін чамусьці быў упэўнены, што яго будуць «круціць» па 411 артыкуле («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») і ніколі не выпусцяць.

«Размаўлялі пра рознае. Гэта чалавек творчы, своеасаблівы, і размова з ім была такая крышачку… Праблематычна з ім размаўляць… Так прыкра было назіраць, ён вельмі быў не прыстасаваны чалавек да турэмнага жыцця. І тым не менш, наколькі я ведаю, чуткі даходзілі, у яго ў камеры ўсё было нармальна», — сказаў былы палітвязень.

Паводле Мікалая Дзядка, Алесь Пушкін чамусьці быў упэўнены, што яго будуць «круціць» па 411 артыкуле («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». — РС) і ніколі не выпусцяць.

Мікалай Дзядок дадаў, што яго пераводзілі з камеры ў камеру, і Алесь Пушкін сядзеў з рознымі людзьмі. У адной з камер у яго адбылася бойка.

«Бойка была не настолькі сур’ёзная. Яна заключалася ў тым, што чалавек Пушкіну ў твар стукнуў. Я не думаю, што там быў мусарскі замут, бо там быў чалавек такі праблемны, які з усімі канфліктаваў. Ён штурхнуў Пушкіна, і яны «раз’ехаліся», але што цікава, наколькі я ведаю, Пушкін паехаў не ў ШІЗА, а паехаў толькі той чалавек. Для Гродна гэта з’яўляецца ўнікальным выпадкам. Там у іх такая палітыка, што калі ты бярэш удзел у канфлікце, нават калі цябе пяцёра чалавек білі нагамі, ты ўсё роўна вінаваты і ўсё роўна едзеш у ШІЗА. А вось Пушкін не паехаў у ШІЗА. Не ведаю, гэта праява нейкай адэкватнасці з боку мянтоў ці што», — згадаў Мікалай Дзядок.

Паводле яго, за некалькі дзён да смерці Алеся Пушкіна яны апынуліся ў суседніх камерах у адзіночцы.

«Ён сядзіць у камеры 87, а я сядзеў у камеры 86. Праз сцяну ён сядзіць. Я ведаю, што ён шмат маляваў для іншых зэкаў. Яму нават з іншых камер заказвалі малюнкі, і ўсе былі ў захапленні ад яго мастацкага таленту. У яго там былі і алоўкі, і тачылкі, усё на свеце. Яму мянты далі «зялёнае» маляваць, наколькі я ведаю», — сказаў ён.

«У адзін дзень я чую. Раніца. Ездзіць у адзін і той жа час цялежка з ежай. І Пушкіна «хата» якраз ідзе перада мной, то бок ежу прывозяць спачатку яму, а потым мне. Я чую, што сняданак вельмі моцна затрымліваецца. То-бок каля яго затармазілася гэтая цялежка і не едзе далей. І працягваецца хвіліну, дзве, а потым чую вокліч кантралёра: «Пушкин, ты что долбанулся?»», — паведаміў Мікалай Дзядок.

Пасля гэтага, паводле яго, пачалася мітусня, збегліся супрацоўнікі турмы.

«Праз пэўны час цялежка паехала далей і прыехала да мяне. Я «маякую» Пушкіну ў сцяну, ён не адказвае. Ён і раней не адказваў. У той жа дзень я іду на прагулку, бачу дзверы ягонай камеры адчыненыя. І там стаіць ягоная «вата» скручаная. Праз дзень ці два, а магчыма, у той самы дзень, яго вярнулі назад. Ён зноўку з некім размаўляў, нібыта ўсё было нармальна. Я чуў яго голас, як ён размаўляў з мянтамі. Пазней я ўжо зрабіў выснову, што яго вазілі ў «бальнічку». На якую — турэмную ці яго хуткая забірала, ці вазілі некуды, я гэтага не ведаю, але яго кудысьці вывозілі», — адзначыў ён.

Пасля гэтага здарэння Дзядка перавялі ў іншую камеру, але ўжо насупраць той, дзе знаходзіўся Алесь Пушкін.

«Мяне перасялілі, і я чую ў адзін з дзён — паўтараецца ўсё тое самае: сняданак тармозіцца перад ягонай камерай, і пачынаецца нейкая мітусня. Штосьці там робіцца, кантралёр яго кліча: «Пушкін, Пушкін», але я ў дэталях не чуў, бо ўжо крыху далей знаходзіўся. Гэта было прыблізна 6.30—6.40 раніцы.

Пасля я іду на прагулку. Камера ягоная была яшчэ зачыненая. Я вяртаюся з прагулкі, прыблізна 9:45 — 10 гадзін, я бачу, як насустрач мне ідзе старшыня медчасткі Гродзенскай турмы Луцаў. З чаго я раблю выснову, што ён, хутчэй за ўсё, хадзіў да Пушкіна. Я вяртаюся, дзверы па-ранейшаму зачыненыя. І можа праз паўгадзіны, можа праз 15 хвілін, я чую ягоны стогн. Адчыняюць дзверы зноў (супрацоўнікі турмы), і я чую, як ён стогне — доўга, працягла, і потым стогн заціхае», — расказаў Дзядок.

Паводле яго, было падобна на тое, што Алеся Пушкіна вывозілі на насілках, а кіраўнік медчасткі прыходзіў для таго, каб санкцыянаваць магчымасць яго вывазу за межы турмы.

«Я зразумеў, што яго з нейкай сур’ёзнай хваробай вывезлі, таму што звычайна проста так не вывозяць. Шмат людзей памірае на Гродзенскай крытцы праз тое, што іх не лечаць. І ўжо праз некалькі тыдняў я даведаўся, што Алесь Пушкін памёр, як паведамлялася, ад прабадной язвы ў рэанімацыі», — сказаў Мікалай Дзядок.

«А ў той дзень, як я пачуў яго стогн і як яго выносяць з камеры, прыблізна а 12‑й гадзіне ночы я прачнуўся раптам у сваёй адзіночцы. Не ведаю, чаму прачнуўся. Але праз некалькі секунд я пачуў галасы, як баландзёр нешта запісвае, а кантралёр яму дыктуе: матрац — 1 адзінка, прасціна — 1 адзінка, кубак — 1 адзінка. Я зрабіў выснову, што гэта збіраюць рэчы Пушкіна, каб іх здаць на склад. У той момант я падумаў, што ён у бальніцы. Цяпер я разумею, што здавалі на склад па іншай прычыне», — расказаў былы палітвязень.

Мікалай Дзядок перакананы, што ў гібелі Алеся Пушкіна вінаваты кіраўнік медчасткі Гродзенскай турмы, бо не надалі своечасовай медыцынскай дапамогі.

«А ў шырокім сэнсе — вінаватая сістэма, бо ў Гродзенскай турме такая палітыка адносна ўсіх вязняў увогуле, не толькі палітычных», — падкрэсліў ён.

***

Алесь Пушкін памёр тры гады таму, 11 ліпеня 2023 года ва ўзросце 57 гадоў.

Яго затрымалі 30 сакавіка 2021 года па справе аб нібыта рэабілітацыі нацызму: на выставе ў Гродне быў партрэт антысавецкага партызана Аўгена Жыхара. Пушкіна абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 КК (рэабілітацыя нацызму), а таксама паводле арт. 370 КК (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

30 сакавіка 2022 года Алеся Пушкіна асудзілі да пяці гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Вясной 2023 года яго перавялі ў гродзенскую турму.



Categories: Асобы, Гісторыя, Культура, Мараль, Нацыя прачынаецца, Этнацыд беларусаў

Пакінуць каментар