Навукоўцы правялі адзін з самых маштабных эксперыментаў па вывучэнні сумленнасці людзей: больш за 17 тысяч «згубленых» кашалькоў пакінулі ў 355 гарадах 40 краін. Вынікі паказалі істотныя адрозненні паміж дзяржавамі. З падрабязнасцямі знаёміць BBC Science Focus.

Ці можна ацаніць сумленнасць жыхароў розных краін з дапамогай простага эксперыменту? Менавіта гэта паспрабавала зрабіць міжнародная група даследчыкаў, вынікі працы якой былі апублікаваныя ў часопісе Science.
Каб праверыць, як людзі паводзяць сябе ў падобнай сітуацыі, навукоўцы правялі эксперымент у 355 гарадах 40 краін. Яны заходзілі ў крамы, банкі, гатэлі, музеі ды іншыя ўстановы і паведамлялі супрацоўнікам, што знайшлі на вуліцы згублены кашалёк, але не могуць заняцца яго вяртаннем. Пасля таго як кашалёк пакідалі ў гэтай установе, даследчыкі назіралі, ці паспрабуе хтосьці знайсці яго ўладальніка. Усяго ў эксперыменце выкарысталі 17 003 «згубленыя» кашалькі.
Вынікі эксперыменту паказалі, што найчасцей кашалькі вярталі ў Швейцарыі, Нарвегіі і Нідэрландах. У першую дзясятку таксама ўвайшлі Данія, Швецыя, Польшча, Чэхія, Новая Зеландыя, Германія і Францыя. Амаль усе еўрапейскія краіны.

На другім канцы рэйтынгу апынуліся Турцыя, Кітай, Марока, Перу, Казахстан, Кенія, Малайзія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Інданезія і Гана.
Злучаныя Штаты і Вялікабрытанія занялі пазіцыі ўсярэдзіне. У ЗША вярнулі каля 52% кашалькоў, у Вялікабрытаніі — каля 50%.
Даследчыкі таксама звярнулі ўвагу, што верхнюю частку спісу ў асноўным занялі заможныя краіны, а ніжнюю — дзяржавы з больш нізкім узроўнем даходаў. Беднасць не загана, але і сумленнасці, як бачым, яна не спрыяе.
Усё не так проста, як здаецца
Але не спяшайцеся з высновамі. Хоць гэтыя спісы і выглядаюць пераканаўча, навуковая супольнасць усё яшчэ спрачаецца наконт тлумачэння атрыманых вынікаў.
Як адзначае даследчык сумленнасці Ярыф Мартуза (Jareef Martuza) з Нарвежскай школы эканомікі, вынікі гэтага эксперыменту яшчэ не дазваляюць адназначна адказаць, якія краіны можна лічыць самымі сумленнымі. На яго думку, розніца паміж краінамі можа быць звязаная як з асабістымі інтарэсамі людзей, так і з грамадскімі нормамі або асаблівасцямі канкрэтнай сітуацыі.
Больш за тое, у папярэдніх даследаваннях на гэтую ж тэму навукоўцы прыходзілі да іншых высноў. Напрыклад, доктар Дэвід Х’ю-Джонс (David Hugh-Jones) з Універсітэта Усходняй Англіі выявіў значныя ваганні ва ўзроўні сумленнасці сярод вялікай групы краін у залежнасці ад таго, як менавіта яна вымяралася.
Напрыклад, калі ўдзельнікаў прасілі падкінуць манетку і паведаміць вынік (пры гэтым за «арол» прадугледжвалася грашовая ўзнагарода), узровень сумленнасці вагаўся ад 3,4% у Вялікабрытаніі да 70% у Кітаі.
Аднак калі ўдзельнікаў прасілі прайсці анлайн-тэст, у якім можна было лёгка падмануць і атрымаць грашовую ўзнагароду за правільныя адказы, найбольш сумленнымі аказаліся рэспандэнты з Японіі. За імі ішлі брытанцы, а найменш праўдзівымі былі прызнаныя жыхары Турцыі.
Выглядае на тое, што навукоўцы атрымліваюць розныя адказы ў залежнасці ад таго, якое менавіта пытанне пра «сумленнасць» яны задаюць.
Шмат што залежыць ад колькасці грошай у кашальку
Такім чынам, эксперымент са згубленымі партманэтамі не можа канчаткова сказаць нам, якія нацыі больш сумленныя за іншых. Але, нягледзячы на свае абмежаванні, ён дае нам важнае разуменне чалавечых паводзін.
Адным з самых нечаканых вынікаў стала тое, што ў 38 краінах кашалькі з большай сумай грошай (каля $94 у эквіваленце) вярталі часцей, чым з меншай (каля $13). У сярэднім узровень вяртання склаў адпаведна 72% і 51%. Выключэннем сталі толькі Мексіка і Перу.

Магчыма, людзі мацней суперажываюць чалавеку, які страціў значную суму або не хочуць здзяйсняць больш сур’ёзнае правапарушэнне. Ці не хочуць марнаваць час на драбязу — ат, што тыя пару даляраў.
Псіхолаг Найджэл Холт (Nigel Holt) з Аберыстуіцкага ўніверсітэта (Вялікабрытанія) адзначае яшчэ адну важную асаблівасць эксперыменту. Усе партманэты перадаваліся супрацоўнікам арганізацый на працоўным месцы. У такой сітуацыі чалавек разумее, што калегі могуць заўважыць яго паводзіны, таму рызыка быць выкрытым вышэйшая, чым калі знайсці кашалёк, напрыклад, у аўтобусе ці на вуліцы.
Іншыя даследаванні паказваюць, што на рашэнне вярнуць кашалёк уплываюць не толькі грошы. У 2009 годзе прафесар Рычард Уайзман (Richard Wiseman) наўмысна «губляў» партманэты ў розных месцах Эдынбурга. Яму вярнулі 42% з іх.
Даследчык таксама выявіў, што значна часцей вярталі згубу, калі ўнутры знаходзілася асабістая фатаграфія — напрыклад, немаўляці, шчанюка або пажылой пары. Такім чынам, людзі былі больш сентыментальнымі, чым можна было чакаць.
Мы любім быць сумленнымі
Паводле аўтараў даследавання ў Science, у цэлым вынікі сведчаць пра даволі высокі ўзровень грамадзянскай сумленнасці ў розных краінах.
Да падобнай высновы прыйшла і група даследчыкаў пад кіраўніцтвам Ярыфа Мартузы ў эксперыменце з удзелам каля васьмі тысяч чалавек. Удзельнікаў прасілі не толькі выканаць заданні, але і прадказаць, як павядуць сябе іншыя. Аказалася, што прыкладна дзве траціны людзей лічылі навакольных менш сумленнымі, чым яны былі насамрэч.
Аднак гэтая гатоўнасць дзейнічаць сумленна можа змяняцца, калі чалавек бачыць выгаду для сябе або сваёй групы. У яшчэ адным даследаванні з удзелам больш за пяць тысяч амерыканцаў навукоўцы выявілі, што людзі часцей ідуць на падман, калі лічаць, што гэта дапаможа іх палітычным аднадумцам.
Але калі пад пагрозай аказваецца ўжо іх уласны дабрабыт, асабістая выгада становіцца яшчэ больш важным матывам незалежна ад палітычных поглядаў таго, хто мог пацярпець ад яго хлусні.
Мартуза адзначае, што навукоўцы ўсё яшчэ недастаткова разумеюць, чаму ў адных сітуацыях людзі гатовыя хлусіць або падманваць, а ў іншых — не. Паводле яго, акрамя асабістай выгады, важную ролю можа адыгрываць і тое, каму прынясе карысць або шкоду падман.
Даследчык лічыць, што такія працы маюць не толькі навуковую, але і практычную каштоўнасць. У сучасным свеце людзі ўсё часцей здзяйсняюць фінансавыя аперацыі і ўзаемадзейнічаюць з незнаёмцамі, ведаючы пра іх зусім няшмат. Таму разуменне таго, як у розных абставінах людзі прымаюць маральныя рашэнні, становіцца ўсё больш важным.
Categories: Зьнешнія адносіны, Культура, Мараль
Пакінуць каментар