На магіле Вячкі Станкевіча на помніку — ні слова па-беларуску. Вось пра што гэта кажа наконт эмігрантаў, эміграцыі і «беларускасці ўнукаў»

Хто толькі можа — трымайцеся за Беларусь, нават калі дзеля гэтага даводзіцца маўчаць, мірыцца і ісці на горкія кампрамісы, піша Мікола Бугай.

Помнік на магіле Вячкі Станкевіча. Фота са старонкі Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў фэйсбуку

Вячка Станкевіч пражыў доўгія 92 гады. Ён быў сынам нашаніўца, навукоўца і сенатара ў міжваеннай Польшчы Яна Станкевіча. Мамай яго была чэшка: тата ажаніўся з ёю, калі вучыўся ў Празе. Нарадзіўся Вячка ў Вільні ў 1932-м, у ЗША жыў ад 1949-га. Дзіця топавага інтэлектуала, ён і сам быў топавым інтэлектуалам. Рабіў інжынерам у карпарацыях «ITT» і «Western Union», аж покі не перайшоў працаваць на радыё «Свабода» — там ён быў сабою.

Беларускасць, вернасць дарозе свайго таты, для яго была асновай жыцця, нават падчас службы ў амерыканскай арміі (ён служыў у 1951—1954 гадах, падчас карэйскай вайны).

Ён гуляў за нью-ёркскую футбольную каманду «Беларусь». Ён быў актыўным сябрам Згуртавання беларускай моладзі ў Амерыцы, старшынёй яго нью-ёркскага аддзела, пазней старшынёй Галоўнай управы. Некалькі разоў быў старшынёй Галоўнай управы аб’яднання беларусаў Амерыкі, якое называецца «Беларуска-амерыканскім задзіночаннем». І гэтая вернасць краіне свайго роду была ў яго да канца жыцця. Ён быў намеснікам старшыні Рады БНР, старшынёй Беларускай фундацыі імя Пятра Крачэўскага. Выдаваў квартальнік «Belarusian Review», яму быў ужо 81 год, калі ён разам з жонкай заклаў фундацыю Monroe-Vilnia Foundation для падтрымкі розных беларускіх праектаў. Усё жыццё яго было ў беларускай справе.

Ён спачыў на беларускіх могілках, але на помніку ў яго няма ніводнага беларускага слова: «любы сын, муж і тата» па-ангельску. Гэта значыць адно: для яго дзяцей і ўнукаў беларускасць ужо не значыць таго, што яна значыла для яго самога.

Я гэта кажу вось да чаго. Не майце ілюзій, што вось «мы пераедзем у Польшчу, ЗША, Іспанію ды Ірландыю, але я там выгадую дзяцей беларусамі, бо ў сям’і мы будзем гаварыць па-беларуску». Гаварэння ў сям’і, беларусацэнтрычнасці жыцця замала, каб пазбегнуць асіміляцыі ў чужых краях. Адзінкі з дзяцей эмігрантаў адчуваюць сябе «больш беларусамі, чым амерыканцамі», «больш беларусамі, чым палякамі». У трэцім пакаленні гэта ўжо не проста адзінкі, але адзінкі адзінак (праўда, тады гэта часта — залатыя, выбітныя ва ўсіх сэнсах асобы).

Беларусам не варта спадзявацца, што беларускасць захаваецца ў вашых нашчадкаў у выгнанні і рассеянні.

Страшная дылема перад многімі: заставацца ў фактычна акупаванай краіне, дзе парою цяжка дыхаць, ці выязджаць — а там жыццё з нуля. Але мала што жыццё з нуля — калі для вас важнае не толькі ваша асабістае жыццё, але і жыццё нацыі, то беларускасць у даўжэйшай перспектыве можа захавацца толькі ўнутры Беларусі, дзе існуе хай сабе несвабодная, але такі здабытая цяжкімі ахвярамі многіх кален нашага роду дзяржава.

Яно то нелінейна: захаванне беларускасці ўнутры Беларусі залежыць цяпер ад дзейнасці выгнанцаў: без СМІ, культурных ініцыятыў, без палітыкаў, якія збіраюць грошы на культуру і грамадскія структуры, беларушчына звялася б да вартага жалю стану — мы бачым, што адбываецца з няшчаснымі народамі расійскіх аўтаномій (і пагналі б на вайну, на забой гэтаксама).

Такі складаны працэс: беларусы «там» — зарука і ўмова захавання беларускасці тут.

Але пры гэтым «там» вашы ўнукі беларусамі не застануцца. No way.

Прасцей захоўваць беларускасць у месцах кампактнага пражывання беларусаў — у Вільні і на Падляшшы, але і там тое праблемна і абумоўлена спрыяннем або неспрыяннем, а гэта сітуацыйна, уладаў, і ў гэтых памежных рэгіёнах «беларускасць унукаў» — рэдкасць. Асіміляцыя меншасцей няўмольная.

Тым, каму важна, каб іх дзеці і ўнукі засталіся беларусамі, каб наш род не згас, нельга пра гэта забываць.

Помнік на магіле Вячкі Станкевіча пра гэта балюча нагадвае. У побытавым плане мы жывём у шчаслівым часе, калі няма ні голаду, ні галечы — абы ты працаваў. Але ў нацыянальным плане нам трэба праплысці між Сцылай прарасійскай дыктатуры і Харыбдай растварэння ў глабальным свеце. Калі толькі не пагражаюць выпрабаванні, якіх вам не пад сілу вытрываць, хто толькі можа — трымайцеся за Беларусь, нават калі дзеля гэтага даводзіцца маўчаць, мірыцца ды ісці на горкія кампрамісы.



Categories: Культура, Мараль, Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар