Адзіны рэальны шанец для Беларусі

У памяць пра Аляксандра Мілінкевіча Зянон Пазняк напісаў, што той быў «прыхільнікам мяккай сілы, паступовасці і кампрамісу». Адзначыўшы добрыя справы Мілінкевіча, такія як беларускі патрыятызм, спрыянне адукацыі і культуры, ягоны шлях Пазняк усё ж назваў супярэчлівым. Адкінуўшы ілюзіі, я лічу, што гэта адзіны магчымы шлях для Беларусі, піша ў фэйсбуку журналіст Дзмітрый Гурневіч.

Аляксандр Мілінкевіч. Фота прэс-службы Офіса Святланы Ціханоўскай

Беларуская сіла заўсёды была ў дыпламатыі, кемлівасці і мудрасці. І сам Пазняк тут выдатны прыклад. Дамагчыся незалежнасці 25 жніўня 1991 года стала магчымым не дзякуючы «вешанню камуністаў», а кемлівасці Беларускага Народнага Фронту. Камуністаў не білі ў Авальнай зале, а пераконвалі і прасілі, карысталіся момантам іх страху і разгубленасці.

Ва ўспамінах Пазняка ёсць эпізод, калі дэпутат БНФ Голубеў абразіў словам дэпутата-камуніста Качана. Пазняк імгненна адправіў Голубева прасіць прабачэння ў Качана, бо ён ведаў, што без галасоў камуністаў Вярхоўны Савет, у якім іх большасць, ніякая Беларусь немагчымая.

Аляксандр Мілінкевіч быў ва ўладзе ўсяго 6 год, з 1990 да 1996-га. У яго ёсць шмат заслуг: і беларускія школы, і помнікі архітэктуры, назвы вуліц, каталіцкая духоўная семінарыя і шмат іншага. Зрабіць гэта можна было толькі дзякуючы кампрамісам, паступовасці і мяккай сіле.

Усё, што было талковага ў Беларусі за апошнія дзясяткі гадоў, рабілася такімі людзьмі ўнутры сістэмы або апантанымі беларусамі, якім такія людзі давалі зялёнае святло. Яны былі і будуць, нягледзячы на любыя чысткі. І за такіх людзей трэба трымаць кулакі. Бо менавіта дзякуючы ім Беларусь дыхае, хай сабе і дзякуючы штучнай вентыляцыі лёгкіх.

У савецкай Беларусі такіх было вобмаль, а ва Украіне багата. І менавіта яны там спрыялі большай нацыянальнай свядомасці народу. Ці быў гэты шлях супярэчлівым? Вядома. У гэты ж час украінскіх дысідэнтаў высылалі ў лагеры Сібіры. А ці была альтэрнатыва? Не.

Жыццё складанейшае, чым чорна-белая шкала.

Калі б у Беларусі было больш нацыянал-камуністаў, Зянону Пазняку не давялося б у 1980‑я рабіць раскопкі Дамініканскага касцёла і кансерваваць яго рэшткі або бараніць Нямігу ад знішчэння. Яны б стаялі на сваіх месцах. У Літоўскай ССР так і было, таму замак у Троках аднаўлялі ўжо ў 1960-я, калі Машэраў загадаў нішчыць менскі стары горад.

Беларусы — не пра захоп будынкаў і ўзброены супраціў. Яны пра логіку і халодны разлік. Асцярожным людзям паступовасць заўсёды бліжэй.

Калі прымалася Трэцяя ўстаўная Грамата БНР, людзі спрачаліся да раніцы. Луцкевіч ішоў на кампрамісы, бо ведаў, што без іх нічога не атрымаецца. Пазняк у 1991‑м і наступныя гады ў ВС таксама быў рэалістам, таму і дамогся многага.

Аляксандр Мілінкевіч не здолеў бы нічога без мяккай сілы. Не трэба ўспрымаць паступовасць як слабасць. Выглядае, што гэта адзіны рэальны шанец для Беларусі.



Categories: Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар