Беларускі гросмайстар Дзяніс Лазавік адказаў на пытанне, як ён ставіцца да беларускай мовы. Адбылося гэта ў падкасце, дзе абодва спікеры размаўлялі паміж сабой па-руску, піша «Трыбуна».

«Я не размаўляю па-беларуску. Я не тое каб у гэтым шару, але пазіцыя — што, зразумела, мова вымірае. І без нейкага сур’ёзнага дзяржаўнага ўмяшання, як бы, натуральна, яна і канчаткова вымрэ. Ну, будзе там нейкая колькасць людзей у вёсках, якія размаўляюць на беларускай або там, што называецца, на трасянцы.
Дзяржаўнага ўмяшання мы не хочам, каб калі ў краме размаўляеш па-руску, то табе дубінка прылятае: «Не, гавары па-беларуску». Калі нешта такое будзе, тады можна думаць, што яна можа зноў стаць адзінай дзяржаўнай і наогул застацца ва ўжытку. А ў любым іншым выпадку некалькі дзясяткаў гадоў — і ўжо зусім нават у тралейбусах [пры аб’яўленні прыпынкаў] вы яе не пачуеце.
Я разумею беларускую, але я на ёй зусім не размаўляю. У гэтым плане мне не вельмі пашанцавала з настаўніцай. А як-небудзь вучыць яе — не ведаю. У мяне было такое жаданне аднойчы, але гэта шмат часу займае. Ды і з кім я буду на ёй размаўляць — таксама незразумела.
А спецыяльна пачынаць размаўляць толькі на беларускай… Ну, вось зараз бы мы (канец фразы гаворыць па-беларуску — Tribuna.com) размаўлялі на беларускай мове…
Па-мойму, наогул нікому нязручна зусім. Тыпу людзям напружвацца, каб зразумець. Навошта гэта трэба?
Я ў гэтым плане глядзеў нейкія дэбаты. Ёсць такі расійскі блогер Аляксандр Штафанаў. І ён там дэбатаваў якраз пра беларускую мову. У мяне ў гэтым плане пазіцыя з ім супадае (Штафанаў, які вучыўся ў школе ў Віцебску, заяўляў, што можна «або змірыцца, што беларуская мова вымірае, або звярнуцца да дзяржаўнага гвалту». — Tribuna.com).
Ну, проста таму што немагчыма [беларускую мову] назад устанавіць без сур’ёзнага ўмяшання. Гэта, як правіла, дрэнна заканчваецца. І навошта гэта трэба — незразумела. Вось», — сказаў Лазавік.
Цяпер 19‑гадовы Дзяніс Лазавік стаў гросмайстарам па шахматах яшчэ ў 2022 годзе, у 16‑гадовым узросце. Ён наймаладзейшы беларус, які дасягнуў такой вяршыні. У 2023 і 2025 гадах ён выйграў чэмпіянат Беларусі. Таксама атрымаў вядомасць дзякуючы паспяховым выступам у бліц– і рапід-турнірах у інтэрнэце (у тым ліку на Chess.com) і на міжнародных спаборніцтвах (Champions Chess Tour і інш.).
Categories: Мараль, Мова, Этнацыд беларусаў
Пакінуць каментар