Аляксандру Сяміглазаву 50 гадоў.

Аляксандр Сяміглазаў мінчук. Мужчына атрымаў адукацыю ў БНТУ на механіка-тэхналагічным факультэце па спецыяльнасці, звязанай з машынамі і тэхналогіяй апрацоўкі металаў ціскам. Апошняе вядомае месца ягонай працы — аддзел закупак МТБанка.
Па-за працай галоўным захапленнем Аляксандра быў хакей. У тэлеграме мужчына быў падпісаны на дзясяткі суполак заўзятараў розных клубаў КХЛ, дзе рэгулярна абмяркоўваў матчы, статыстыку і гульню хакеістаў. Сам Сяміглазаў заўзеў за мінскае «Дынама». У каментарах ён часта іранізаваў з апанентаў, але падкрэсліваў, што ён супраць абраз па нацыянальнай прыкмеце і што ў беларускіх чатах пануюць братэрства і павага.
Акрамя спорту, мужчына шмат часу праводзіў у палітычных дыскусіях.
Ён паслядоўна і вельмі эмацыйна крытыкаваў расійскую агрэсію супраць Украіны, выкрываў прапаганду і жорстка спрачаўся з прыхільнікамі вайны. Ён адкрыта называў расійскіх вайскоўцаў акупантамі, а расійскую ўладу — фашысцкай.
Менавіта за актыўнасць у інтэрнэце і рэзкія каментары мужчына і трапіў пад пераслед.
Аляксандра асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса («распальванне варожасці ці варажнечы»). Прысуд, як і часта па палітычных справах цяпер, невядомы.
Мяркуючы па тым, што пасля прысуду мужчына не з’явіўся анлайн, цяпер ён за кратамі.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў краіне пачаліся пасля 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў ёй улады, а змусіў яе выехаць за мяжу. Адбыліся масавыя народныя пратэсты супраць дыктатуры і фальсіфікацыі выбараў. На гэта ўлады адказалі рэпрэсіямі.
Паводле падлікаў аб’яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны як мінімум 10050 чалавек, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы, вымушаная эміграцыя) закранулі сотні тысяч беларусаў.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць патрабаванне правесці свабодныя выбары з празрыстым падлікам галасоў, а таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, прарасійскіх гістарычных наратываў, праявы салідарнасці з Украінай, антываенныя выступы.
Categories: Зьнешнія адносіны, Мараль, Нацыя прачынаецца, Этнацыд беларусаў
Пакінуць каментар