Этнацыд беларусаў: са снежня 2026 года сярод 28 дзяржаўных прафесійных тэатраў Беларусі застануцца толькі ДВА

У афішы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі з’явіўся першы рускамоўны спектакль

У афішы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі афіцыйна з’явіўся рускамоўны спектакль «Маленькія трагедыі» паводле твора Аляксандра Пушкіна. Пастаноўкай займаецца сама дырэктарка тэатра Святлана Навуменка, піша Reform.news.

Фота: rtbd.by

Такім чынам, са снежня сярод 28 дзяржаўных прафесійных тэатраў Беларусі застануцца толькі два, дзе беларуская мова будзе адзінай мовай спектакляў. Гэта Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы ў Мінску і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі быў створаны ў 1990 годзе як тэатр-лабараторыя. Яго мэтай першапачаткова былі падтрымка і развіццё менавіта беларускай драматургіі.

У мінулым сезоне з ініцыятывы Святланы Навуменкі ў РТБД таксама планавалася пастаноўка спектакля паводле «Пацанскіх апавяданняў» расійскага пісьменніка Захара Прылепіна. Аўтар твора актыўна падтрымлівае агрэсію Расіі супраць Украіны і нават сам непасрэдна ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Гэты спектакль у выніку, праўда, пастаўлены не быў.



Categories: Культура, Мараль, Тэатр, Этнацыд беларусаў

Пакінуць каментар