3 кастрычніка ў Навагрудскім раёне адбыўся штогадовы хрэсны ход да месца, вядомага як «Навагрудская Галгофа». Гэта месца, дзе пасля прыход савецкай улады ў Заходняй Беларусі ў 1939 годзе быў забіты праваслаўны протаіерэй Мікалай Нядзведскі, паведамляе навагрудскі царкоўны прыход.

Перад пачаткам шэсця ў храме Успення Прасвятой Багародзіцы ў Ваўковічах прайшла саборная літургія, якую ўзначаліў благачынны Навагрудскай царкоўнай акругі протаіерэй Анатоль Герасімук. У хрэсным ходзе ўдзельнічалі святары Навагрудскага і Карэліцкага благачынняў, паломнікі, мясцовыя жыхары, а таксама навучэнцы кадэцкіх класаў школы № 7 Навагрудка.

Мікалай Нядзведскі служыў у Ваўковічах з 1921 года і да самага канца міжваеннай польскай дзяржавы. А пасля ўступлення Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь у 1939 годзе Нядзведскага схапілі мясцовыя ўдзельнікі падпольнай партыйнай ячэйкі. Яго гналі праз навакольныя вёскі, здзекаваліся і жорстка збівалі. На хутары Касьянава параненага святара на два дні зачынілі ў падвале. Ніхто не адважыўся прыйсці яму на дапамогу, бо людзі баяліся.

На трэці дзень святара павялі на высокую лясістую гару, дзе яго забілі. Паводле апісання, перад смерцю над ім жорстка здзекаваліся: адрэзалі вушы, выкалалі вочы, вырвалі бараду, прывязвалі да каня і цягнулі па зямлі, а таксама ламалі суставы рук і ног.
Нават падчас катаванняў, паводле гэтага апісання, айцец Мікалай маліўся за сваіх мучыцеляў. Гэта яшчэ больш раззлавала ягоных катаў. Яны адрэзалі святару язык, пасля чаго звязалі яго і некалькі разоў скідвалі ў загадзя выкапаную яму, пакуль ён не памёр.
Categories: Гісторыя, Мараль, Рэлігія, Этнацыд беларусаў
Пакінуць каментар