На дзяржаўным тэлебачанні расказалі пра маштаб палітычных рэпрэсій у Гомелі цяпер

Чарговы выпуск прапагандысцкага ток-шоу гомельскага абласнога тэлебачання «Чорнае і белае» запісалі з намеснікам пракурора Гомеля Паўлам Чырыкавым і прысвяцілі тэме «экстрэмізму» — гэтым паняццем дзейныя ўлады прыкрываюць палітычныя рэпрэсіі, піша «Флагшток». 

Рэальны маштаб рэпрэсій у Беларусі хаваецца — апошнім часам дзяржаўныя крыніцы не называюць статыстыку на гэты конт. Але, як заўважыла выданне, у праграме прагучала адна лічба: з пачатку 2026 года толькі ў адным Гомелі «зафіксавана больш за паўсотні злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці», заявіла вядучая.

Гэта азначае, што за мінулыя дзевяць месяцаў у Гомелі было заведзена больш за 50 палітычна матываваных крымінальных спраў.

Большасць з іх — за паведамленні ў сацсетках, прычым у закрытых, у тым ліку дамавых чатах, дадаў пракурор. Ён прывёў прыклад — нядаўна Гомельскі гарадскі аддзел Следчага камітэта завёў крымінальную справу:

«Чатыры сяброўкі размаўлялі паміж сабой у створаным імі чаце на працягу некалькіх гадоў і, закранаючы тэмы не толькі з асабістых інтарэсаў, выказвалі абразы на адрас дзейных кіраўнікоў, у тым ліку нашай дзяржавы».

Паводле яго слоў, прысуды ўжо вынесеныя.

Акрамя таго, Чырыкаў заявіў:

«Штодня, адкрываючы зводкі аб правапарушэннях, мы бачым факты фіксацыі адміністрацыйных правапарушэнняў, ільвіная доля — экстрэмісцкай накіраванасці».

Мяркуючы з усяго, гаворка ідзе пра так званае «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»: лайкі і падпіскі на старонкі, унесеныя ў «рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Чырыкаў дадаў, што пракуратура штодня маніторыць інтэрнэт для выяўлення новых «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Чытайце яшчэ



Categories: Мараль, Этнацыд беларусаў

Пакінуць каментар