«Працягу не будзе» Французскі пісьменнік пра свой раман аб Пратасевічу і Ціханоўскай, што трапіў у спіс «экстрэмісцкіх»

Марк Леві кажа, што хацеў бы напісаць кнігу Навальнага.

Міністэрства інфармацыі ўнесла ў пералік літаратуры, што можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь раман французскага пісьменніка Марка Леві «Ноа», які выйшаў у свет у 2022 годзе і які сёлета ў верасні суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкім.

Дзеянне рамана разгортваецца ў 2021 годзе. Годам раней хатняя гаспадыня Святлана (прозвішча не называецца — НН) перамагае на прэзідэнцкіх выбарах дыктатара Лучына. Спецслужбы вывозяць Святлану з дзецьмі за мяжу. 23 мая 2021 года беларускія лады прымушаюць сесці ў Мінску рэйс Афіны — Вільня з Раманам Пратасевічам і Сафіяй Сапегай на борце.

У Мінск прылятае ізраільская журналістка Джэніс, якая належыць да групоўкі хакераў «Дзевяць». Яна павінна знайсці Пратасевіча, якога ўтрымліваюць на Акрэсціна.

Марк Леві, якога разам з Жулем Вернам, Аляксандрам Дзюма і Антуанам Сэнт-Экзюперы называюць самым чытаным французскім пісьменнікам у свеце, адказаў на пытанні Радыё Свабода.

— Калі вы бралі беларускі матэрыял у якасці фонавага для сваёй мастацкай кнігі, ці ўяўлялі вы сабе, што яна можа трапіць у такія «чорныя» спісы, як у Беларусі?

— Не, не ўяўляў. Але цікава бачыць, што ў многіх краінах людзі ва ўладзе, якія любяць паказваць, наколькі яны магутныя, гэтак баяцца кніг. Гэта адбываецца шмат дзе, але мне нават смешна, калі нехта сцвярджае, што ён моцны і вельмі магутны, і пры гэтым баіцца кнігі, бо на яе старонках ёсць нейкія словы.

Так што не, я не ўяўляў сабе такога развіцця падзей, але мяне гэта не надта хвалюе. Я маю на ўвазе, што мне сумна за людзей, якія забараняюць кнігі, бо не згодныя з іх зместам, але гэта звычайная рэч.

— Калі вы збіралі матэрыял для кнігі, ці ўкладалі вы шмат часу і намаганняў,каб вывучыць падзеі ў Беларусі, ці гэта было для вас не так істотна, а падзеі былі проста фонам для мастацкай прыдумкі?

— Гэта было спалучэнне абодвух падыходаў. Вядомыя пісьменнікі, такія, як, напрыклад, Джон Ле Карэ, пісалі пра аўтакратычныя ўрады і жыццё людзей пад аўтакратычнай уладай. Я напісаў «Ноа» чатыры гады таму, калі не памыляюся. З таго часу я напісаў як мінімум тры кнігі. І я заўсёды дакументую для сябе як мага больш.

У гэтым выпадку было не так проста атрымаць дакументальны матэрыял. Я памятаю, як прасіў пра гэта знаёмых рэпарцёраў, журналістаў. Я спрабаваў дакументаваць як мага больш, але памятайце, што «Ноа» — гэта мастацкі раман. І важна памятаць, што гэта раман, дзеянне якога адбываецца ў пэўным асяроддзі.Гэта раман пра супраціў, таму, пэўна, аўтакратычныя ўлады так яго баяцца.

— Вы выкарысталі сапраўдныя імёны некаторых рэальных людзей у гэтай кнізе. Ці было для вас важна, каб галоўныя героі кнігі паводзілі сябе блізка да тых,чые імёны яны маюць?

— Калі гэта публічныя асобы — то так. Калі гэта публічныя асобы і калі вы апавядаеце пра рэальныя падзеі, сапраўдныя заявы ці рашэнні, якія яны прынялі і якія ўплываюць на жыццё многіх людзей, я думаю, што гэта важна. Навошта гэта хаваць?

Ключавое пытанне заўсёды ў тым, што ёсць розніца — абвінавачваць кагосьці ў нечым ці проста казаць дакладна, што нехта нешта зрабіў. Таму я заўсёды стараюся выкарыстоўваць імёны людзей.

Калі вы пішаце гісторыю пра рэальныя падзеі — напрыклад, калі я напісаў «Сімфонію монстраў», кнігу, якая апавядае пра выкраданне тысяч украінскіх дзяцей рэжымам Уладзіміра Пуціна і пра ролю Марыі Львовай-Бяловай, за што яны абое атрымалі ордэры на арышт ад Міжнароднага крымінальнага судазазлачынствы супраць чалавечнасці, — гэта факт. Дык навошта мяняць ім імёны?

Марыя Бялова ў Расіі арганізавала сістэматычную праграму дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей са зменай іх імёнаў, грамадзянства і сціраннем украінскай культуры.Так, гэта факт. Дык навошта мне мяняць яе імя? Калі яна хоча падаць на мяне ў суд, няхай падае. Але гэта не мяне Міжнародны крымінальны суд абвінаваціў у злачынствах супраць чалавечнасці.

— Ці сачылі вы за тым, што здарылася з прататыпамі некаторых вашых герояў з часу публікацыі вашай кнігі чатыры гады таму? Бо ў кнізе фігуруюць злыдні і героі ў больш-менш чыстым выглядзе. Але, напрыклад, Раман Пратасевіч быў вызвалены з турмы і стаў дзяржаўным прапагандыстам. Некаторыя кажуць, што яго катавалі і зламалі ў зняволенні, некаторыя з гэтым спрачаюцца. Сяргей Ціханоўскі быў вызвалены дзякуючы перамовам паміж ЗША і ўрадам Лукашэнкі, і цяпер ён крытыкуе офіс сваёй жонкі Святланы. Ці вам цікава было б апісаць, як людзі мяняюцца, у тым ліку пад знешнім ціскам, у цяжкіх абставінах?

— Таго ж Аляксея Навальнага не зламалі. Ён памёр, але яго спадчына перажыве яго смерць на многія пакаленні наперад. Жан Мулен не зламаўся. Ён быў у французскім Супраціве, быў закатаваны да смерці, і мы дагэтуль гаворым пра Жана Мулена.

Я тут не магу нікога судзіць. Чалавек не ведае, што з ім здарыцца пад катаваннямі. Але зноў жа, гэта факт — некаторыя людзі ламаюцца, а некаторыя не. Некаторыя паміраюць, а некаторыя выжываюць, бо ламаюцца і здаюцца. Але я ніколі не буду кагосьці асуджаць.

Майго бацьку падчас Другой сусветнай вайны доўга і жорстка катавалі ў турме, і ён не зламаўся. Але гэта не робіць яго большым героем за таго, хто зламаўся. Сам я не ведаю, што б рабіў, калі б мяне катавалі. Таму я дакладна не маю права судзіць. Увогуле вельмі несправядліва судзіць кагосьці, хто зламаўся ці быў знішчаны катаваннямі, бо гэта адна з мэтаў катаванняў.

Я недастаткова ведаю пра падзеі ў Беларусі з таго часу, як напісаў кнігу. Але гэта не рытарычнае пытанне, гэта сапраўднае чалавечае пытанне. І гэта магло б быць тэмай іншай кнігі. Ці чалавек пад катаваннямі сапраўды адмаўляецца ад таго, у што верыў? Ці адбываецца сапраўдная індактрынацыя, ці чалавек сапраўды мяняе свае перакананні? Я не ведаю.

— А вам цікава было б выкарыстаць кагосьці з герояў ці антыгерояў «Ноа» ў нейкай з вашых будучых кніг і паказаць, як жыццё змяняе іх?

— Ну, гэта залежыць ад таго, пра каго гаворка. Герояў з хакерскай групоўкі «Дзевяць» я выкарыстоўваў у розных раманах. Яны з’яўляліся ў «Сімфоніі монстраў», і некаторыя з іх з’яўляліся ў маім апошнім рамане. Яны, я б сказаў, мае доўгатэрміновыя партнёры. У многіх пісьменнікаў ёсць персанажы, з якімі падабаецца працаваць, за якімі падабаецца сачыць і бачыць, як яны развіваюцца разам з вашым уласным жыццём. Я тут кажу пра станоўчых герояў.

Калі ж казаць пра злыдняў і пра тое, наколькі цікава вяртацца да іх… Напрыклад, калі заўтра ў Беларусі адбудуцца справядлівыя выбары, якія стануць цікавай тэмай для новай кнігі, — хоць цяпер я наўрад ці ўзяўся б за гэта, але гіпатэтычна,— дык тады вяртанне да кагосьці са злыдняў мела б сэнс. Але я маю на ўвазе, што не хачу пісаць адну і тую ж кнігу двойчы.

— Я больш пытаюся пра рэальных людзей, якія сталі пратаністамі для вашай кнігі,і пра змены, якія адбываюцца з імі…

— Ну, так, для кнігі цікава паказаць эвалюцыю персанажа. Калі ёсць моцная эвалюцыя персанажа, дык гэта можа стаць тэмай кнігі. Калі персанаж такі ж, якім быў пяць гадоў таму, то гэта нецікава. Напрыклад, напісаць кнігу пра Навальнага сапраўды вельмі цікава, бо эвалюцыя гэтага чалавека на працягу апошніх 10 гадоў яго жыцця абсалютна захапляльная.

Бачыце, я спрабую сказаць, што ёсць дакументы і ёсць раманы. Дакументы існуюць для таго, каб інфармаваць вас. Раманы ў асноўным існуюць для таго, каб выклікаць у вас эмоцыю, якая дапаможа вам зразумець.

Дазвольце тут адзін прыклад. Калі я быў малады, я працаваў у Чырвоным Крыжы, у падраздзяленні, якое мела справу з людзьмі, якіх, напрыклад, заваліла ў будынку пры землятрусе ці якія захраслі ў аўтамабілі пасля аварыі.

Якраз у той час у Францыі заканадаўцы хацелі зрабіць абавязковым прышпільванне рамянямі бяспекі. І многія людзі былі супраць, называючы гэта абмежаваннем свабоды. А я ў той час працаваў у начныя змены, спрабуючы выцягнуць людзей з аўтамабіляў пасля аварыі. І я не мог зразумець, як можна быць супраць гэтай меры.

Тады штогод на дарогах гінулі 17 тысяч чалавек. І гэтая лічба нічога нязначыла, абсалютна нічога. Бо 17 тысяч, 50 тысяч ці 100 тысяч — гэта проста лічбы. Але калі вы раскажаце пра жыццё дзіцяці, якое страціла бацькоў у аўтамабільнай аварыі, то вы адчуеце сувязь з гэтым чалавекам.

Гэтым тлумачыцца здольнасць фільма ці кнігі дапамагчы нам нешта зразумець, разварушыць грамадства, умацаваць нашы чалавечыя каштоўнасціі падштурхнуць нас да таго, што прыносіць карысць чалавецтву, а не толькі вельмі нешматлікім людзям. У гэтым сэнс кнігі і сэнс пісьменніцтва.

Менавіта таму аўтакраты так баяцца кніг і спрэчак. Бо кніга можа прымусіць вас абурыцца, можа пахіснуць вашу ўпэўненасць.

— Вы ўжо сказалі, што калі ў Беларусі адбудуцца справядлівыя выбары, гэта магло б быць цікавай тэмай для новай кнігі. А ці было б вам цікава наведаць Беларусь, калі б гэта было для вас бяспечна?

— Цяпер для мяне гэта дакладна небяспечна — ехаць у Беларусь, як і ў Расію. І ведаеце, калі я гэта кажу, мне не страшна, мне сумна. Сумна разумець, што калі пішаш кнігу і выказваеш сваю думку, дык можаш быць у небяспецы.

І гэта знак слабасці таго, хто вам пагражае. Бо калі б яны былі такімі моцнымі, як самі кажуць, яны б не баяліся пісьменніка, спевака ці ўсякага іншага творцы.

Не магу сказаць, што я апантаны Беларуссю як такой. Аднак я сапраўды веру ў моцныя бакі дэмакратыі. Я не кажу, што дэмакратыя ідэальная. Яна абсалютна недасканалая. Але ў свае 65 гадоў, усё жыццё працуючы ў гуманітарнай арганізацыі, я абсалютна перакананы, што гэта найлепшая форма кіравання.

І некаторыя лічбы гэта пацвярджаюць. Працягласць жыцця, якасць жыцця, здароўя, адукацыі, прадуктаў харчавання ў цэлым у дэмакратыях лепшыя ў параўнанні з аўтакратыямі. Але свет такі, які ён ёсць, і некаторыя краіны пэўны час знаходзяцца пад покрывам аўтакратыі, пакуль гэта не мяняецца.

Мяне як пісьменніка гэтая тэма захапляе. Захапляе тое, што ў пэўны момант краіна становіцца шэрай, а ў пэўны момант змяняе свой колер. Я заўсёды верыў, што дэмакратыя прыходзіць знутры, а не звонку. Таму проста спадзяюся, што аднойчы ў Беларусі можна будзе апублікаваць кнігу, не трапіўшы ў нейкі спіс і не апынуўшыся пад пагрозамі.

Прынцып усякага аўтакратычнага рэжыму — спрабаваць заглушыць апазіцыю страхам, рэпрэсіямі. Але права супрацьстаяць і выказваць сваю думку — гэта фундаментальнае права. Я цвёрда веру ў Дэкларацыю правоў чалавека і перакананы, што кожны, хто адмаўляе правы чалавека, памыляецца.

Мой бацька быў у Супраціве. Яго арыштавалі, катавалі, ён уцёк з цягніка, ён вярнуўся ў бой. Калі ён далучыўся да Супраціву ў 1943 годзе, уся Еўропа была акупаваная нацыстамі, і нацысты былі надзвычай моцныя, а Супраціў выглядаў вельмі слабым. Але ўрэшце Супраціў перамог. Таму будзем спадзявацца і жыць.

***

Марк Леві — французскі пісьменнік-раманіст, архітэктар і дызайнер паводле прафесіі.

У гады Другой сусветнай вайны бабуля і дзядуля Леві загінулі ў канцлагеры Аўшвіц, а бацька будучага пісьменніка Раймон Леві быў удзельнікам руху Супраціву ў Францыі.

У 1979 годзе Марк Леві ўступіў у арганізацыю Чырвонага Крыжа, дзе праз тры гады быў прызначаны рэгіянальным дырэктарам Заходняга аддзела надзвычайнай дапамогі Парыжу. У 1982 годзе, яшчэ будучы студэнтам другога курса ўніверсітэта, ён заснаваў сваю першую кампанію — Logitec France. У 1984 годзе Леві з’ехаў у ЗША, дзе стаў адным з заснавальнікаў дзвюх кампаній (у Каліфорніі і ў Каларада), якія займаліся камп’ютарнай графікай. Вярнуўшыся ў Францыю ў 1991 годзе, Леві стаў адным з заснавальнікаў кампаніі Eurythmic-Cloiselec, якая займаецца будаўніцтвам і дызайнам інтэр’ераў.

У 1998 годзе Марк Леві напісаў сваю першую кнігу Et si c’était vrai («А што, калі гэта праўда»), якая ў наступным годзе была апублікаваная і стала бестсэлерам. Пасля продажу правоў на экранізацыю гэтай кнігі галівудскай студыі (фільм Just Like Heaven, «Зусім як рай», з Рыз Уізерспун і Маркам Рафала ў галоўных ролях) Леві пакінуў бізнес і заняўся пісьменніцтвам. З таго часу ў яго выйшла больш за два дзясяткі раманаў.



Categories: Культура, Літаратура

Пакінуць адказ