Этнацыд беларусаў: «Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску

Кіраўніца Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святлана Навуменка патлумачыла, чаму ў рэпертуары з’явілася рускамоўная пастаноўка і паразважала пра 2020 год.

Святлана Навуменка. Скрын відэа

Госцем чарговага выпуску праграмы міністра культуры Марата Маркава стала дырэктарка Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святлана Навуменка.

Падчас размовы Маркаў пацікавіўся стаўленнем кіраўніцы да крытыкі пастаноўкі спектакля «Маленькія трагедыі» паводле Аляксандра Пушкіна на рускай мове.

«Незвычайна трохі для Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Вось што дасць тэатру гэты эксперымент?» — спытаў Маркаў.

«Напачатку бясспрэчныя факты. Гэта не маё новаўвядзенне. […] Як мінімум пяць спектакляў ішло ў Тэатры беларускай драматургіі на рускай мове, ішлі паспяхова, у іх былі паспяховыя гастролі і ў далёкім, і ў блізкім замежжы. І самае галоўнае, прыходзілі гледачы і ў нашу родную залу, і таксама глядзелі. Гэта значыць, гэта не нейкае такое «што гэта такое вы робіце?» — адказала Навуменка.

На гэтым аргументы Навуменкі не скончыліся. Яна звярнула ўвагу на тое, што сама назва тэатра — Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі — не азначае, што ўсе творы беларускіх аўтараў першапачаткова напісаныя па-беларуску.

Паводле дырэктаркі, у тэатры працуе Цэнтр драматургіі, куды аўтары дасылаюць свае п’есы. Пры гэтым, як яна сцвярджае, пераважная большасць з іх напісана па-руску, хоць аўтары — беларусы.

«Яны беларускія аўтары, але яны на рускай мове. Часта для паказу, чытак мы перакладаем на беларускую», — патлумачыла яна.

«Не ў мове рэч, а ў тым, што на рускай мове»

Асобна дырэктарка спынілася на крытыках. Яна звярнула ўвагу на тое, што некаторыя людзі выказваюць прэтэнзіі да спектакля на рускай мове, але самі пішуць каментары па-руску.

«Мы бачым, адкуль пішуць каментарыі, хто і адкуль. А ўявіце, што мы зараз бы рабілі Пушкіна, ды каго заўгодна, не мае значэння, толькі на польскай або на літоўскай мове. Да нас былі б гэтыя прэтэнзіі? Не. Значыць, не ў мове рэч, а ў тым, што на рускай мове. Але гэта падвойны стандарт», — заявіла дырэктарка.

Навуменка давяла, што яна мае права самастойна вырашаць, на якой мове працаваць, бо аддала беларускаму тэатру дзесяцігоддзі жыцця.

«Я больш за сорак год працую ў беларускамоўных тэатрах. Я размаўляю на беларускай мове значна лепей за тых, хто піша мне гэтыя пасквілі. Я люблю беларускую мову. Я грамадзянка Беларусі. Гэта мова таксама мая, як і ўсіх. Але чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?» — заявіла дырэктарка, перайшоўшы ў размове на беларускую мову.

«Людзі, якія зайграваліся, таксама лічылі сябе патрыётамі»

Размова заканамерна перайшла да ідэалогіі і патрыятызму. Маркаў нагадаў, што патрыятычныя спектаклі ў рэпертуары былі заўсёды, аднак у 2020 годзе частка дзеячаў культуры «вельмі зайгралася», і спытаў, чаму само паняцце «патрыёт» аказалася настолькі размытым.

Дырэктарка дапусціла, што тыя, хто далучыўся да пратэстаў, маглі рабіць гэта па закліку сэрца:

«Магчыма, і людзі, якія зайграваліся, таксама лічылі сябе патрыётамі. […] Шмат было такіх пазіцый, калі чалавек шчыра сябе лічыў патрыётам у гэты момант».

Пасля гэтага яна дадала, што такімі людзьмі нехта «кіраваў».

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі быў створаны ў 1990 годзе. Ён стаў адной з нешматлікіх дзяржаўных тэатральных пляцовак Беларусі, дзе спектаклі ішлі па-беларуску.

Увосень 2020 года РТБД пакінулі акцёры Мікалай Стонька і Андрэй Новік. У маі 2021 года з краіны мусіць выехаць, ратуючыся, Ілля Ясінскі. У канцы таго ж года быў звольнены мастацкі кіраўнік Аляксандр Гарцуеў, які ўзначальваў творчую частку РТБД з 2012 года. У сакавіку-пачатку красавіка 2022 года з тэатра звольніліся ці былі звольненыя яшчэ чатыры акцёры.

Святлана Навуменка стала дырэктаркай тэатра летам 2024 года, змяніўшы Святлану Карукіну. Увосень таго ж года былі затрыманыя, а пасля звольненыя выдатныя акцёры Максім Брагінец, Зміцер Давідовіч і Арцём Курэнь. Пасля гэтага з рэпертуару знікла частка найбольш папулярных спектакляў.



Categories: Культура, Этнацыд беларусаў

Пакінуць адказ