Гэта не глупства, гэта нянавісць». У Францыі пратэстоўцы падпалілі ратушу XIX стагоддзя ВІДЭА

Падчас беспарадкаў у французскім Ліможы загарэлася гістарычная ратуша: абвалілася вежа, дах упаў на ніжнія паверхі. Мясцовыя ўлады называюць пажар катастрофай для культурнай спадчыны.

Фота: Getty Images

Сотні людзей глядзелі, як агонь знішчае будынак, адкрыты ў 1883 годзе. Адны злаваліся, іншыя стаялі ў роспачы. Супрацоўніца мэрыі плакала ў абдымках прадстаўніцы гарадской улады, перадае AFP.

Пажар пачаўся ўвечары 17 кастрычніка пасля дэманстрацыі, у якой, паводле ацэнкі прэфекта, удзельнічалі каля пяці тысяч чалавек. Прыкладна а 17‑й гадзіне людзі ў масках разбілі вокны ратушы, праніклі ўнутр і падпалілі будынак. Перад гэтым каля яго спалілі аўтамабіль муніцыпальнай паліцыі.

Агонь распаўсюдзіўся па адным з крылаў і дабраўся да драўляных канструкцый даху. Пажарныя спрабавалі не дапусціць, каб полымя ахапіла ўвесь будынак, але вежа над дахам абвалілася. Тушэнне ўскладняў вецер.

«Дах абваліўся на ніжнія паверхі, за выключэннем заходняга крыла, а дзве траціны фасада ўжо зніклі», — заявіў увечары прэфект дэпартамента Верхняя В’ена Морыс Барат.

У момант падпалу ўнутры знаходзіліся супрацоўнікі мэрыі, дэпутаты і муніцыпальныя паліцэйскія. Людзі паспелі выбрацца, калі нападнікі ўварваліся ў будынак і пагражалі іх забіць.

«Гэта не глупства, гэта нянавісць», — сказаў узрушаны мэр на прэс-канферэнцыі. Ён назваў напад праявай нянавісці да інстытутаў і ўсяго, што ўвасабляе ўладу.

Паводле прэфекта, у гвалце ўдзельнічалі некалькі сотняў чалавек. Пасля ратушы нападнікі атакавалі прэфектуру, а ў цэнтры горада пачалося рабаванне крам. Чатыры аўтамабілі нацыянальнай паліцыі і два муніцыпальнай былі спаленыя або моцна пашкоджаныя.

Ратуша Ліможа была помнікам архітэктуры і мастацтва канца XIX стагоддзя. Яе адкрылі 14 ліпеня 1883 года, у нацыянальнае свята Францыі.

Ратушу спраектаваў архітэктар Шарль-Альфрэд Леклерк, які працаваў таксама з палацамі Версаля і Трыянона. Фасады ўпрыгожвалі скульптуры і венецыянскія мазаікі з партрэтамі славутых ураджэнцаў горада. З 1975 года будынак знаходзіцца ў спісе гістарычных помнікаў Францыі.

Пры гэтым ратуша заставалася часткай штодзённага жыцця горада: тут працавала муніцыпальная рада, рэгістравалі нараджэнні, шлюбы і смерці.



Categories: Зьнешнія адносіны, Мараль, Нацыя

Пакінуць адказ