Ігар Марзалюк чытае будучай інтэлектуальнай эліце Беларусі лекцыі пра Дзяржынскага, а на ўрачыстай лінейцы выступае намеснік старшыні КДБ.

У 2024 годзе Ліцэй БДУ атрымаў імя Фелікса Дзяржынскага — заснавальніка Усерасійскай надзвычайнай камісіі (ВЧК), ад якой вядзе сваю гісторыю КДБ. Цяпер чэкісты дапамагаюць арганізоўваць для навучэнцаў экскурсіі, падтрымліваюць ваенна-патрыятычны клуб, разам са школьнікамі саджаюць дрэвы, а для выкладчыкаў ладзяць паездкі з падарункамі.
Навучальны 2026/2027 год пачаўся з урачыстай лінейкі, на якой выступаў намеснік старшыні КДБ Сяргей Гладышаў.

Далей былі мерапрыемствы да дня нараджэння Фелікса Дзяржынскага.
9 верасня адбылося адкрыццё экспазіцыі «Яго імя носіць наш Лiцэй», прысвечанай Дзяржынскаму. Чырвоную стужку пераразалі дэпутат Ігар Марзалюк і старшыня мінскай арганізацыі ветэранаў КДБ «Гонар» Віктар Лісоўскі.
А Марзалюк яшчэ і прачытаў лекцыю для вучняў.

11 верасня 2026 года навучэнцам адправілі да помніка Дзяржынскаму, каб ускласці кветкі.

На сайце ліцэя заснавальніка савецкай ЧК называюць «выдатным ураджэнцам беларускай зямлі», а само мерапрыемства — знакам глыбокай павагі і ўдзячнай памяці.
Вучняў заадно звазілі і ў маёнтак Дзяржынава на экскурсію.

Туды ж праз пару тыдняў адвезлі і выкладчыкаў — у якасці падарунка да Дня настаўніка.
Спецслужбісты перадалі ліцэю карціну, а кожнаму супрацоўніку выдалі падарунак. У адміністрацыі навучальнай установы не хавалі захаплення такім клопатам:
«Ад усяго сэрца дзякуем Камітэту дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь за цёплае стаўленне да нашага калектыву, за гасцінны прыём і незабыўны падарунак да прафесійнага свята. Такія моманты надоўга застаюцца ў памяці і саграваюць душу», — напісалі на сайце ліцэя.

28 верасня 2026 года навучэнцаў і выкладчыкаў павялі на магілу Дзмітрыя Федасюка — супрацоўніка спецпадраздзялення КДБ «Альфа», які загінуў пяць гадоў таму ў Мінску падчас перастрэлкі ў кватэры праграміста Андрэя Зельцэра. На сайце ліцэя апісваецца афіцыйная версія гэтай гісторыі. Федасюка называюць героем, які прыняў на сябе агонь, ратуючы таварышаў.


Ліцэісты ўсклалі кветкі да яго магілы, а паведамленне завяршылі словамі: «Мы памятаем. Мы ганарымся. Мы не забудзем».

Categories: Зьнешнія адносіны, Мараль, Этнацыд беларусаў
Пакінуць адказ