Акупацыя Беларусі працягваецца: Міністры абароны Расіі і Беларусі абмеркавалі неабходнасць «апераджальных дзеянняў» супраць Еўропы

Частку задач трэба вырашыць «у найкарацейшыя тэрміны», а некаторыя пытанні патрабуюць рашэнняў Лукашэнкі і Пуціна, расказаў міністр абароны Расіі Андрэй Белавусаў у Мінску.

Белавусаў прыехаў у Мінск 22 кастрычніка на пасяджэнне сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі. Падчас візіту ён таксама сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

На сустрэчы з Лукашэнкам расійскі міністр звязаў неабходнасць дзейнічаць на апярэджанне з міжнароднай сітуацыяй.

«Міжнародная абстаноўка працягвае дэградаваць. Яна застаецца вельмі складанай. Мала таго што складаная, яна становіцца ўсё больш і больш непрадказальнай. Мы бачым, што адбываецца ў Еўропе, на Блізкім Усходзе. І гэта патрабуе апераджальных дзеянняў», — цытуе Белавусава БелТА.

Паводле яго, менавіта гэтаму была прысвечаная асноўная частка размовы з беларускім міністрам абароны Віктарам Хрэніным.

«Якія яшчэ дзеянні, якія яшчэ задачы мы павінны паставіць перад сабой і вырашыць у найкарацейшыя тэрміны на нашым узроўні. Ёсць цэлы шэраг палітычных пытанняў, якія, безумоўна, патрабуюць рашэння вярхоўных галоўнакамандуючых», — сказаў Белавусаў.

Якія канкрэтна дзеянні абмяркоўвалі міністры і што яны прапануюць Лукашэнку і Пуціну, ён не раскрыў.

На пасяджэнні калегіі Белавусаў абвінаваціў NATO, Еўрасаюз і ўкраінскія ўлады ў свядомай эскалацыі. Асаблівую небяспеку ён бачыць у перабудове еўрапейскай прамысловасці на вайсковыя патрэбы і падрыхтоўцы інфраструктуры для хуткага разгортвання войскаў.

Гэтымі сцвярджэннямі ён абгрунтаваў паглыбленне вайсковага супрацоўніцтва з Беларуссю.

«Усё гэта патрабуе ад нас своечасовага рэагавання на змены вайскова-палітычнай абстаноўкі. Умацавання ўзаемадзеяння ў забеспячэнні бяспекі, нарошчвання яе вайсковага патэнцыялу. У гэтых мэтах удасканальваем падыходы да сумеснага прымянення ўзброеных сіл», — цытуе яго ТАСС.

Паводле Белавусава, на калегіі ўжо прынялі «важныя рашэнні» наконт рэгіянальнай групоўкі беларускіх і расійскіх войскаў і адзінай рэгіянальнай сістэмы супрацьпаветранай абароны. Змест гэтых пастаноў у прыведзеных паведамленнях не раскрываецца.

Ён таксама сказаў, што ў сумесную падрыхтоўку будуць далей укараняць досвед вайны супраць Украіны, якую расійскія ўлады называюць «спецыяльнай вайсковай аперацыяй».

На наступны год узгаднілі «Шчыт Саюза»

Адным з агучаных вынікаў пасяджэння стала ўхваленне задумы сумесных вучэнняў «Шчыт Саюза — 2027». Хрэнін назваў іх галоўным мерапрыемствам падрыхтоўкі ўзброеных сіл дзвюх краін у наступным годзе.

Паводле яго, вучэнні павінны прадэманстраваць здольнасць супольна абараняць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі і Расіі.

Хрэнін таксама паведаміў пра пачатак практычнай рэалізацыі праграмы вайсковага партнёрства на 2026—2030 гады. Сёлетні план супрацоўніцтва ўключае больш за 160 сумесных мерапрыемстваў — пераважна вучэнні, трэніроўкі, зборы і абмен досведам.



Categories: Зьнешнія адносіны, Мараль, Нацыя Беларусы, Этнацыд беларусаў

Пакінуць адказ