Этнацыд беларусаў: У Беларусі здымаюць серыял пра «СВА». Набіраюць масоўку на дыверсантаў, а сярод акцёраў — былы міністр Руслан Чарнецкі

У беларускіх адмысловых чатах шукалі акцёраў, прычым на ролі салдат, курсантаў і нават аператара дрона. Што гэта за кіно?

Расійскія кіношнікі часта абіраюць Беларусь, каб здымаць свае праекты, і набіраюць у нашай краіне масоўку.

Днямі ў адмысловых чатах шукалі акцёраў на ролі дыверсантаў, паліцэйскіх, аператара дрона і прызыўнікоў. Некаторыя з аб’яваў былі пазначаныя абрэвіятурай «СТК», да некаторых іншых далучалі фрагменты са сцэнара, на якіх таксама была тая пазнака.

Можна ўпэўнена казаць, што гаворка пра серыял «Сотнік», які здымаюць для расійскага канала ТВ-3. Паводле сцэнара, яго дзеянне адбываецца на акупаванай Расіяй тэрыторыі Луганскай вобласці. Туды, у роднае мястэчка, вяртаецца з Варонежа былы сілавік Сотнікаў. Ён збіраецца кіраваць аддаленай метэастанцыяй, але, паводле сцэнара, не можа ўключыцца ў мірнае жыццё — у мястэчку багата ўкраінскіх дыверсантаў. Таму ўрэшце Сотнікаў трапляе ў контрвыведку, дзе і прымяняе свой досвед сілавіка.

Некаторыя сцэны з «Сотніка» здымалі ў Дзяржынску. Гэта эпізоды, якія, паводле сцэнара, адбываюцца ў Лачэўску — у назве горада яўна зашыфравалі Алчэўск, сапраўдны горад у Луганскай вобласці Украіны, акупаваны яшчэ з ліпеня 2014‑га года.

Сярод генеральных прадзюсараў «Сотніка» — Ціна Кандэлакі. Рэжысёр праекта Яўген Татараў мае ўзнагароду ФСБ за фільм «Капітан Галівуд» пра супрацоўніка ФСБ, які расследуе выбух у жылым доме.

Беларусам, аднак, будуць знаёмыя і некаторыя акцёры з «Сотніка». Там зняліся былы міністр культуры, а цяпер проста акцёр тэатра Горкага Руслан Чарнецкі і яго дачка, 10‑гадовая Арына Чарнецкая, якая таксама будуе акцёрскую кар’еру. У дзяўчынкі няблага атрымліваецца — днямі выйшаў расійскі серыял «Унучка для запатрабавання», дзе ў Арыны буйная роля.



Categories: Зьнешнія адносіны, Мараль, Этнацыд беларусаў

Пакінуць адказ