Пра цану барацьбы за свабоду выказаўся былы палітвязень Мікола Дзядок, каментуючы адкрыты ліст былых палітвязняў да еўрапейскіх лідараў. Яны заклікалі Еўропу актыўней дамаўляцца наконт вызвалення людзей і спынення рэпрэсій.

«Никакая политическая цель не стоит жизни и здоровья людей».
Хто б ні прасоўваў гэты тэзіс зараз, я магу сказаць: у гэтых людзей — НУЛЬ разумення палітыкі і нуль разумення жыцця.
Раскажыце абаронцам Украіны пра тое, што Украіна не вартая іх жыцця і здароўя.
Раскажыце нашым палітвязням, якія ішлі ў турму свядома, што вызваленне Беларусі не вартае здароўя і жыцця.
У любой барацьбе/вайне/супрацьстаянні выйграе той, хто гатовы болей ахвяраваць.
З часоў Кастуся Каліноўскага, калі не раней, беларусы свядома рызыкавалі здароўем і жыццём дзеля таго, каб мы мелі хаця б такую незалежнасць, як зараз. Каб слова «беларус» абазначала беларуса, а не заходняга рускага. Хто вам даў права абясцэньваць гэтую ахвяру падобнымі заявамі?
Разважаючы ў духу «никакая политическая цель не стоит…», вы ніколі не даможацеся нічога.
Таму што мацнейшы бок будзе віць з вас вяроўкі адной толькі пагрозай вашаму здароўю і жыццю.
Як вы сабе ўяўляеце атрымаць вялікае штосьці, пры гэтым нічога не ахвяруючы? Ва ўсе часы ўсе правы здабываліся ў барацьбе, а не ў плаканні і скаргах.
І я зараз не пра скандальны ліст і не пра палітвязняў, а пра сам падыход: «Мы хочам вольную Беларусь, але мы не гатовыя за гэта пакутаваць і ахвяраваць». Незразумелым мне чынам гэты тэзіс улез у публічную прастору і займеў права на існаванне.
Ён мала таго што лагічна абсурдны (нават за каву ў кавярні трэба плаціць — як вы збіраецеся не плаціць за свабоду нацыі?), дык яшчэ і стварае ў людзей хлуслівыя чаканні, рыхтуючы тым самым глебу для новага краху і расчаравання.
Таму ўсе, хто хоча чагось дамагчыся, — будзьце гатовыя ахвяраваць. А не можаце — хаця б не замінайце тым, хто можа і хоча.
Categories: Мараль, Нацыя Беларусы, Нацыя прачынаецца
Пакінуць адказ