Палітык і экс-палітвязень у сваім тэлеграм-канале пракаментаваў зварот групы былых палітвязняў да еўрапейскіх лідараў.

«Група былых палітвязняў звярнулася да вольных краін Еўропы з палымяным заклікам прыняць больш актыўны ўдзел у гандлі беларускімі палітвязнямі ў якасці пакупнікоў, — піша Мікалай Статкевіч.
— Тэма амаль бяспройгрышная, бо хто ж супраць вызвалення невінаватых? Такія заклікі будуць станоўча ўспрынятыя не толькі самімі палітвязнямі і іх блізкімі, што цалкам зразумела.
Яны будуць станоўча ўспрынятыя і рэжымам, які трымае палітвязняў у зняволенні і пастаянна папаўняе іх шэрагі, што робіць удзел у звароце, як мінімум, бяспечным.
Стаўленне рэжыму таксама зразумелае: чым больш пакупнікоў, тым большая выгада прадаўцу. А з папаўненнем запасаў «тавару» праблем няма.
Самі прыхільнікі ажыўлення рынку палітзняволеных, акрамя медыйнага эфекту, спрабуюць звярнуць на сябе ўвагу палітычных эліт краін прытулку, што для ўцекачоў таксама нямала.
Такія прапановы былі і яшчэ будуць якраз з-за пералічаных тут прычын. Таму я нават не хачу абмяркоўваць іх тут. Але іх абгрунтаванне заслугоўвае ўвагі.
Напрыклад, «Няма нічога больш каштоўнага за чалавечае жыццё». Тут ініцыятары звароту замянілі адно слова. Замест «чалавечае» больш сумленна было б напісаць «маё».
Такая падмена невідавочная ў вольных развітых краінах, дзе можна пражыць жыццё і ні разу не сутыкнуцца з сітуацыяй, калі прыходзіцца выбіраць паміж сваім жыццём і жыццём іншых людзей.
У гісторыі ўсіх ацалелых народаў такі выбар паўставаў шматкроць, а ў многіх іншых краінах свету ён можа паўстаць і зараз. Што абралі б тыя, хто напісаў у звароце пра бясспрэчны прыярытэт чалавечага выжывання? Адказ для мяне відавочны.
Хоць аўтары звароту ігнаруюць важнасць ідэалогій — гэта значыць ідэалаў, каштоўнасцей або перакананняў, — яны насамрэч прапагандуюць самую старую і масавую ідэалогію – ідэалогію выжывання і прыстасавання любой цаной. Адэпты такой ідэалогіі складаюць апору кожнага рэпрэсіўнага рэжыму, бо дзеля ўласнага дабрабыту і самазахавання яны гатовыя на парушэнне любых нормаў чалавечай маралі. Ці проста на пакорлівае ігнараванне такіх парушэнняў.
Яшчэ аўтары звароту сцвярджаюць, што «ніякая палітычная мэта не вартая здароўя і жыцця людзей». Пры гэтым яны, відавочна, маюць на ўвазе палітычныя мэты свабоды людзей і незалежнасці краін.
Я ўпэўнены, што менавіта распаўсюд гэтай тэзы з’яўляецца адной з галоўных задач сапраўдных аўтараў звароту, што не здымае адказнасці з астатніх, якія далучыліся з-за «гуманных мэтаў» і «паважанай» кампаніі.
Абясцэніць пакуты і ахвяры змагароў за свабоду Беларусі, свабоду і незалежнасць Украіны, свабоду ўсіх паняволеных краін свету ва ўсе часы, дыскрэдытаваць гэтыя каштоўнасці, зменшыць колькасць іх прыхільнікаў — вось сапраўдная мэта сапраўдных аўтараў звароту, які абражае мяне асабіста, а таксама вялікую колькасць вельмі годных людзей. Як жывых, так і мёртвых.
Свядомыя ці несвядомыя выканаўцы гэтай спецаперацыі нават не пераймаюцца тым, што жывуць на ўтрыманні і пад абаронай народаў вольных ды заможных краін, якія сталі такімі дзякуючы барацьбе за свабоду сваіх нацыянальных герояў.
Дыскрэдытуючы ўсе «палітычныя мэты» агулам, вы не абмінаеце і тыя ідэалы ды каштоўнасці, якія далі краінам, што вас прынялі, матывы зрабіць гэта. Бо вас палічылі паслядоўнікамі ўласных шанаваных герояў.
Яшчэ можна неяк патлумачыць, чаму вы разлічваеце беспакарана гадзіць на магілы змагароў за свабоду сваёй краіны, на магілы загінулых за незалежнасць Украіны.
Але калі вы робіце тое ж у адносінах да змагароў за свабоду краін, што далі вам прытулак, то няўжо вам не сорамна ці, дакладней, не страшна? А мо менавіта ваша ідэалогія і падштурхоўвае вас да гэтага?
Categories: Мараль, Нацыя Беларусы, Нацыя прачынаецца
Пакінуць адказ