Аляксандр Кашо: Беларуская нацыя – сучасны стан, мэты, задачы, падыходы. Часопіс “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”, №12, сьнежань 2015, с. 24-44.

logo for chasopis

Аляксандр Кашо: Беларуская нацыя – сучасны стан, мэты, задачы, падыходы. Часопіс “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”, №12, сьнежань 2015, с. 24-44.

Увядзенне
Гэты тэкст напісаны ў сувязі з прапановай рэдактара часопісу «КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ» Пётры Мурзёнка прыняць удзел у праекце – распрацоўцы «Стратэгіі развіцця беларускай нацыі». За гэтую прапанову я хачу выказаць сваю падзяку сп. Мурзёнку.

У сваім запрашэнні да ўдзелу ў праекце рэдактар адзначае, што па прычыне рознасці ў поглядах не проста будзе прыйсці да адзінства ў экспертных меркаваннях. І гэта так, бо цяжка ўявіць, што пазіцыя чалавека з ліберальнымі поглядамі цалкам супадзе з пазіцыяй чалавека, які прытрымліваецца поглядаў кансерватыўных, альбо сацыялістычных. Але пад некаторымі агульнымі ідэямі могуць аб’яднацца людзі з рознымі перакананнямі. Адной з такіх ідэй можа стаць ідэя пабудовы незалежнай дэмакратычнай краіны як увасаблення права на нацыянальны суверэнітэт беларускага народу. Гэтая ідэя прапісана ў Канстытуцыі.

«Мы, народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі), зыходзячы з адказнасці за цяперашні стан і будучыню Беларусі, усведамляючы сябе паўнапраўным суб’ектам сусветнай супольнасці і пацвярджаючы сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцей, грунтуючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэнне, абапіраючыся на шматвяковую гісторыю развіцця беларускай дзяржаўнасці, імкнучыся зацвердзіць правы і свабоды кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, жадаючы забяспечыць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўладдзя і прававой дзяржавы, прымаем гэтую Канстытуцыю — Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь.»

Такім чынам, з гэтага вынікае: кожны, хто паздзяляе гэтую ідэю, не гледзячы на свае палітычныя перакананні, можа далучыцца да абмеркавання гэтай тэмы. Што тычыцца асабіста мяне, то прымаючы прапанову, выдатна разумеючы маштаб і складанасць такой тэмы, а таксама абмежаваныя магчымасці канкрэтнага чалавека, хачу адзначыць, што я свабодна выказваю свой пункт гледжання, не прэтэндуючы на дасканаласць і апошнюю ісціну.

Могуць узнікнуць сумненні, а ці варта наогул займацца такой працай. Думаю варта. Адзін толькі аналіз сучаснага стану будзе карысным: трэба выяўляць і называць тыя праблемы, з якімі прыходзіцца сутыкацца ў працэсе рэалізацыі права беларускага народу на існаванне і развіццё. Што тычацца мэт і задач Стратэгіі, то ў гэтым пытанні напэўна карысным будзе выяўленне як агульных, універсальных падыходаў у справе развіцця нацыянальнай супольнасці, так і пералік канкрэтных захадаў пры рэалізацыі Стратэгіі як інструкцыі да дзеяння. Праўда, неабходна заўважыць, што такія канкрэтныя задачы будуць змяняцца ў новых палітычных абставінах.

1. Стан беларускай нацыі

Даследаванне стану беларускай нацыі сёння натыкаецца на цяжкасці звязаныя з немагчымасцю праводзіць рэпрэзентатыўныя сацыяльныя даследаванні, як тое мае месца ў краінах са сталымі дэмакратычнымі сістэмамі. У аўтарытарных краінах, якой на дадзены момант з’яўляецца Беларусь, у грамадстве існуе пэўны ўзровень страху. Таму па некаторых пытаннях, асабліва палітызаваных, даведацца аб сапраўдным становішчы грамадства цяжка. У Беларусі, як і ў іншых аўтарытарных краінах, улада кантралюе сродкі масавай інфармацыі, таму можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ў нас адсутнічае свабода слова, а таму ў даследаваннях беларускай нацыі, беларускага грамадства трэба заўсёды мець на ўвазе, што ў дэмакратычных умовах, у выпадку разняволення СМІ грамадская думка значна зменіцца літаральна за месяцы і нават тыдні, шмат па якіх пытаннях.

Трэба адзначыць, што сучасная ўлада баіцца па сапраўднаму незалежных даследаванняў грамадскай думкі. У сувязі з чым у 2013 годзе былі прыняты папраўкі ў адміністрацыйны кодэкс, згодна з якім прадугледжваецца адказнасць за правядзенне няўзгодненых з уладай сацыялагічных апытанняў.
Пачынаючы аналіз сучаснага стану беларускай нацыі, трэба ў першую чаргу звярнуць увагу на стан нацыянальнай адукацыі. Сёння шматлікія адмыслоўцы б’юць трывогу і кажуць пра катастрофу ў галіне адукацыі. За дваццаць гадоў кіравання цяперашні рэжым здолеў разваліць вышэйшую школу. Рэзка знізіўся ўзровень выпускнікоў вузаў. Крызіс вышэйшай адукацыі закранае ўсе галіны, але найбольш ён праявіўся ў гуманітарнай сферы. Ад пачатку свайго праўлення цяперашні кіраўнік дзяржавы пачаў перапісваць падручнікі гісторыі, збліжаючы іх з савецкай інтэрпрэтацыяй гісторыі Беларусі.

Асобным прадметам была ўведзена гісторыя Вялікай Айчыннай вайны, у якой падзеі падаюцца з пункту гледжання савецкай гістарыяграфіі з невялікімі карэкціроўкамі на сучаснасць, на патрэбы і каштоўнасныя ўстаноўкі дзеючай улады (хаця калі ўжо і ўводзіць такі прадмет, то трэба было б уводзіць гісторыю Другой Сусветнай вайны). Ва ўсіх сярэдніх і вышэйшых вучэбных установах уведзена дысцыпліна «Ідэалогія беларускай дзяржавы», якая па сутнасці з’яўляецца фармаваннем культу цяперашняй улады на чале з А. Лукашэнкам. Часы адведзеныя на сацыяльна- гуманітарныя дысцыпліны ў ВУЗах значна скараціліся, на некаторыя ў два разы, так, напрыклад, у 2012 годзе згодна з «Канцэпцыяй аптымізацыі зместу, структуры і аб’ёму сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ва ўстановах вышэйшай адукацыі» скарочаны часы філасофіі, паліталогіі, эканамічнай тэорыі. Вывучэнне на беларускай мове скарацілася нават болей, чыму часы Савецкага Саюза.

Недахоп гуманітарнай адукацыі і палітычнай культуры, добра бачны на прыкладзе рэферэндумаў 1995, 1996, 2004 гадоў. Возьмем найменш палітызаванае пытанне. На рэферэндуме 96-га году 65% грамадзян прагаласавалі за тое, што дзяржава не павінна даваць справаздачу грамадскасці за фінансаванне ўсіх галін улады. Сам па сабе такі вынік галасавання раўназначны акту самазабойства грамадства. Толькі дэзарыентаванае, збітае прапагандай насельніцтва магло прагаласаваць такім чынам. Я зараз пакідаю ў баку той факт, што ўсе рэферэндумы былі незаконнымі і непрызнанымі дэмакратычнай міжнароднай супольнасцю, гэта так. Само вынясенне такога пытання на рэферэндум сведчыць пра нізкую палітычную культуру насельніцтва. Варта сказаць, што цяжкасці звязаныя з пераходам да дэмакратыі, да ўсеагульнага выбарчага права, былі ўласцівыя ў свой час і заходнім краінам. Малаадукаваныя людзі без усялякіх уяўленняў пра палітычную сістэму і сваёй ролі ў гэтай сістэме галасавалі даволі ірацыянальна. У сувязі з чым вядучыя тэарэтыкі дэмакратычнага ладу, напрыклад, Дж. Міль, прызывалі ўлады да пашырэння палітычнай адукацыі праз усеагульнае школьнае навучанне.

Сёння ў Беларусі мы бачым супрацьлеглы працэс. Цяперашні рэжым за 20-ць год свайго праўлення не толькі не паспрыяў пашырэнню палітычнай культуры грамадства, а наадварот зрабіў шмат для яе знішчэння. Сёння ад пэўнай часткі нашых грамадзян можна пачуць, што дэмакратыя гэта не змяняльнасць улады, незалежнасць галін улады, свабода слова, а распуста, тэрарызм і нестабільнасць, ‒ гэта паказчык таго, як працуе прапаганда і таго, што для аўтарытарнай улады палітычная адукацыя грамадства не толькі не патрэбная, але і небяспечная.

Тое самае тычыцца і гістарычнай адукацыі. На гэту тэму я пісаў у сваім артыкуле «Плацэба для беларусаў» урывак з якога хачу прывесці, каб не паўтарацца:
«У сваёй працы «Аб карысці і шкодзе гісторыі для жыцця»… Ніцшэ дзяліў гісторыю на тры роды – манументальны, антыкварны і крытычны. Для разгляду нашай беларускай сітуацыі будзе цікава скарыстацца дадзенай формай. Коратка пра тое, што кожны з іх уяўляе. Манументальнай гісторыі прызначана папулярызатарская і выхаваўчыя роля, на гераічных прыкладах выбітных асоб, на захапленні велічнымі падзеямі, яна выхоўвае наступныя пакаленні. Антыкварная гісторыя павінна стаяць на варце захавання гістарычнай спадчыны. Крытычная гісторыя пераглядае і пераасэнсоўвае гістарычныя падзеі, але робіцца гэта толькі дзеля таго, каб супольнасць мела магчымасць жыць далей, то бок, адкідваюцца ранейшыя нежыццяздольныя высновы і ўводзяцца новыя з пункту гледжання карыснасці для нацыянальнага здароўя. І кожны з гэтых трох родаў гісторыі адпавядае сваёй уласнай функцыі і садзейнічае жыццю толькі калі прымяняецца да месца і да часу. Інакш атрымоўваецца адваротнае – гіпастазаванне і павелічэнне ролі аднаго роду за кошт іншых прывядзе толькі да адмоўных вынікаў.

Таму, хто хоць крыху ведае становішча гістарычнага выхавання ў сучасным беларускім грамадстве, цалкам зразумела, што ў нас тры вышэйзгаданыя роды гісторыі і блізка не знаходзяцца ў гарманічным адзінстве. У цяперашняй афіцыйнай манументальнай гісторыі пераважаюць каштоўнасныя погляды і міфы савецкага перыяду, памяць і адлюстраванне ролі большасці выбітных гістарычных асоб і падзей падменены альбо выціснуты. Стаўленне да антыкварнай гісторыі яскрава праяўляюцца ў адносінах да гістарычных помнікаў і артэфактаў важных для беларускай нацыянальнай культуры, гэтыя адносіны вельмі часта набываюць знішчальны характар. А вось крытычны накірунак у нас яўна пераважае і ўяўляе небяспеку для нацыі, прычым, пануе яго штучная і антыбеларуская версія.

Пачынаючы ад шкоднага ўздзеяння на дзяржаўным узроўні, калі пад дзейсны рэжым перапісваецца гісторыя, калі вядзецца пераслед выкладчыкаў за выданне праўдзівай гістарычнай літаратуры, нязручнай сучаснаму рэжыму, альбо калі праплачаныя рэжымныя ідэолагі зневажаюць выбітныя постаці нашай гісторыі…гледзячы на ўсё гэта становіцца цалкам зразумела, што ў нас з большага развіваецца толькі крытычная гісторыя і не на карысць Беларусі.» ( «Плацэба для беларусаў» https://sakavik.net/2013/12/14)

Сённяшні свет называюць інфармацыйным грамадствам. Гэтым падкрэсліваецца, што інфармацыя, інфармацыйныя тэхналогіі, маюць выключнае значэнне для развіцця і існавання грамадства. Трэба канстатаваць, што існаванне беларускай нацыі праходзіць у сітуацыі калі дзеючы рэжым падпарадкаваў сродкі масавай інфармацыі і пазбавіў народ права на свабоду слова і атрыманне інфармацыі, парушыўшы пры гэтым Канстытуцыю. «Артыкул 34. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.»

Беларуская нацыя, існуючы ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму, цярпела і працягвае цярпець рэпрэсіі. Прычым рэпрэсіі звязаны не толькі з парушэннем правоў асобы, але і з выкарыстаннем беларускай мовы і нацыянальнай гістарычнай сімволікі, якая была адменена на незаконным рэферэндуме 1995-года. Напэўна не знойдзецца на сёння ніводнай краіны, дзе тытульная нацыя пераследуецца за свае нацыянальныя сімвалы так, як гэта зараз адбываецца ў нас.

З рознай ступенню інтэнсіўнасці адбываецца ціск дзяржавы на нацыянальную культуру. Дзяржава пакінула месца толькі для такой нацыянальнай культуры, якая не супярэчыць ідэалогіі аўтарытарнага рэжыму. У Беларусі існуюць чорныя спісы музыкаў, пісьменнікаў іншых творчых прафесій, прычым у іх трапляюць не толькі за апазіцыйнае стаўленне да ўлады, а і проста за выразна беларускую накіраванасць творчасці. Беларускія выканаўцы і аўтары амаль выцеснены з дзяржаўных тэле і радыё каналаў. У Беларусі амаль няма сваёй поп-культуры і дзяржава не робіць нічога дзеля паляпшэння сітуацыі. Нацыянальнае кіно таксама амаль адсутнічае, нацыянальная тэлерадыёкампанія здымае фільмы згодна з густам цяперашняга кіраўніка краіны.

1.1 Узровень самаідэнтыфікацыі

Аднак не гледзячы на негатыўны ўплыў цяперашняй улады на грамадства з яе антынацыянальнай накіраванасцю ёсць не мала станоўчых прыкладаў і неаспрэчных фактаў, што беларуская нацыя існуе і развіваецца. Першы і асноўны такі факт гэта апошні перапіс насельніцтва, які ў адрозненні, напрыклад, ад выбараў ці рэферэндумаў, якія праводзяцца цяперашняй уладай, збольшага можна прызнаць рэпрэзентатыўным. І на апошнім перапісу амаль 84 % насельніцтва назвалі сябе беларусамі – гэта дарагога варта. На перапісу ў 1989 годзе беларусамі назвалі сябе 78% насельніцтва такім чынам у адсоткавых суадносінах колькасць грамадзян беларускай нацыянальнасці вырасла. Гэта добры знак, улічваючы тое, што ў наш час у свеце ідзе размыванне ідэнтыфікацый. Такім чынам, галоўная ўмова існавання нацыі – самаўсведамленне – у беларусаў ёсць.

Таксама варта адзначыць, што пераважная большасць грамадзян Беларусі прыхільна ставіцца да беларускай мовы і беларускай культуры. На гэтую тэму я пару гадоў таму напісаў артыкул «І мова, і каўбаса» які быў надрукаваны газетай «Наша Ніва», урывак з яго я хацеў бы прывесці тут, бо сітуацыя засталася прыкладна такая ж. «У беларусаў ніякай непавагі да сваёй мовы няма, падзел на нібыта варагуючых рускамоўных і беларускамоўных — надуманы, скіраваны на раз’яднанне…Просты працоўны можа не карыстацца роднай мовай на працы, дома, можа нават назваць роднай рускую, калі перапісчык саб’е з панталыку ўдакладненнем, што родная мова — гэта тая, якую засвоіў у дзяцінстве. Але гэта не азначае, што ён не гатовы размаўляць па-беларуску і аддаць дзяцей у беларускую школу, калі для гэтага будуць спрыяльныя ўмовы. Свая мова беларусу, у тым ліку рускамоўнаму, уласцівая ўнутрана, іманентна.

… На апошнім перапісе беларускаю мову назвалі роднай 60% насельніцтва. Прыплюсуйце заблытаных удакладненнем пра «засвоеную ў дзяцінстве», больш карэктным для каланіяльных краін, і ўлічыце: ніхто не тлумачыў, што родных моў можа быць некалькі. І мы пабачым, што большасць жыхароў Беларусі станоўча ставяцца да беларускай мовы.

Так, ёсць невялікі адсотак людзей, якія ставяцца адмоўна. Часткова гэта тыя, хто мае дачыненне да ўлады і карыстаецца яе рэсурсам. Беларуская мова для іх — сімвал зменаў да горшага (хаця зразумела, што не ўсе з іх дрэнна ставяцца да мовы). Могуць адмоўна ставіцца да мовы і малаадукаваныя людзі з саўковымі стэрэатыпамі. Такія хутка пазбаўляюцца комплексаў пасля невялікай адукацыйнай лекцыі. Колькасць тых і другіх часта перабольшваюць, бо зневажаць беларускую мову пры цяперашнім рэжыме бяспечна, а вось бараніць — не заўсёды.

У моўных пытаннях беларусаў часта параўноўваюць з ірландцамі, аднак гэта не зусім карэктна. Там з часу абвяшчэння незалежнасці вядзецца актыўная праца па адраджэнні ірландскай мовы. У Беларусі, на дзяржаўным узроўні вядзецца праца па вынішчэнню мовы: зверху спускаюцца дырэктывы аб недапушчэнні беларусізацыі, парушаюцца правы беларускамоўных, за мову могуць звольніць, неадэкватна паставіцца ў судзе ці міліцыі і г.д. Пасля Другой сусветнай вайны, калі ірландцы ўзяліся за нацыянальнае адраджэнне, у нас пачалася чарговая хваля русіфікацыі. У тыя часы гарадам патрабавалася працоўная сіла, а сяляне імкнуліся вырвацца з галодных вёсак. Той, хто прыязджаў з вёскі ў горад, павінен быў пераходзіць на рускую мову, калі хацеў знайсці прыстойную працу.» («І мова, і каўбаса…» http://nn.by/?c=ar&i=110493)

Такім чынам, можна адзначыць, што нацыянальнае самаўсведамленне ў беларусаў ёсць і колькасць грамадзян, якія лічаць сябе беларусамі ў краіне расце, але тым не менш ёсць і негатыўныя факты адносна нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Гэта перш за ўсё звязана з гістарычнай неадукаванасцю, якая склалася ў выніку таго, што пры Саюзе гістарычная адукацыя была аднабакова савецкай. Потым быў кароткі перыяд адраджэння, за які не магчыма было цалкам перайсці да выкладання гісторыі з беларускіх пазіцый і пабудаваць нацыянальную гістарычную школу. Ну а далей, як ужо адзначалася, новая ўлада на чале з Лукашэнкам перайшла да згортвання праграмы адраджэння і вяртання да савецкага падыходу ў гісторыі Беларусі з невялікімі карэкціроўкамі.

Трэба адзначыць адну важную асаблівасць беларускай нацыі – вялікі адрыў нацыянальнай эліты ад асноўнай масы насельніцтва. Вядома, што эліту можна разглядаць з аксіялагічных (каштоўнасных) і альтыметрычных пазіцый, першы падыход грунтуецца на пачатковым сэнсе паняцця «эліта» (гэта значыць «лепшае»). Маецца на ўвазе, што да эліты належаць індывіды, якія валодаюць больш высокімі інтэлектам, талентам, здольнасцямі ў параўнанні з сярэднімі паказчыкамі канкрэтнага соцыюма. Другі, альтыметрычны падыход, ацэньвае прыналежнасць да эліты па факце валодання індывідамі рэальнай уладай і ўплывам без жорсткай прывязкі да іх інтэлекту і маральна-этычных якасцяў. Я бяру паняцце «эліта» у першапачатковым значэнні гэтага слова. Я ўвогуле лічу, што альтыметрычны падыход не карэктны, бо семантыка слова супраціўляецца такому выкарыстанню, само слова эліта – гэта лепшы. Я думаю, што замест альтыметрычнага выкарыстання слова «эліта» трэба ўжываць паняцце «Істэблішметн». І хоць сучасны правячы клас, яўна не дацягвае і да гэтага паняцця ў сілу сваёй залежнасці, недзеяздольнасці, безаблічнасці, але ва ўсялякім выпадку гэта паняцце не абавязвае быць разумным і здольным. У строгім сэнсе паняццю «Істэблішметн» адпавядае толькі адзін чалавек у цяперашнім аўтарытарным рэжыме – сам кіраўнік гэтага рэжыму.
На сённяшні дзень у Беларусі, у выніку вышэйзгаданай гуманітарнай катастрофы, адставанне асноўнай часткі насельніцтва ад эліты – у нацыянальнай гістарычнай адукацыі, у разуменні сваёй гісторыі далей 1917 году і такім чынам ідэнтыфікацыі сябе праз веданне вытокаў нацыянальнай гісторыі – даволі вялікае.

Тут мы наўпрост падыходзім да тэмы адносін да нацыянальных дзяржаўных сімвалаў. Я не ведаю ці праводзіліся, якія сацыялагічныя даследаванні па гэтай тэме, але бясспрэчна тое, што эліта (аксіялагічная) абірае гістарычнымі нацыянальнымі сімваламі: бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоню. Што тычацца большай часткі насельніцтва, то яна, здаецца, у асноўным абыякава ставіцца да гэтай тэмы, лічачы, што гэта не надта істотна (зноў адбіваецца недахоп гуманітарнай адукацыі). Аднак мне не аднойчы прыходзілася чуць ад людзей, якія не надаюць вялікага значэння таму, якія сімвалы павінны быць, што ўсё ж такі бел-чырвона-белы сцяг эстэтычна больш прыгажэйшы. Так ці інакш, а людзям прыходзіцца суіснаваць з цяперашнімі дзяржаўнымі сімваламі: бачыць іх падчас міжнародных сустрэч, на розных спартовых мерапрыемствах. У кожнага чалавека існуе патрэба ў ідэнтыфікацыі сябе з той ці іншай супольнасцю, а значыць і патрэба ў сімвалах, якія рэпрэзентуюць гэтыя супольнасці. Людзі непераборлівыя, якія не маюць добрай гуманітарнай адукацыі, якія дрэнна ведаюць гісторыю, якія засяроджаны збольшага на здабыцці матэрыяльных каштоўнасцяў (што само па сабе не з’яўляецца нечым заганным) пасіўна прымаюць тыя сімвалы, якія ім навязвае дзяржава. Што тычацца эліты, то ў сілу лепшай адукаванасці і ўвагі не толькі да матэрыяльнага дабрабыту, але і да нематэрыяльных каштоўнасцей яна не ўспрымае цяперашнія дзяржаўныя сімвалы як рэпрэзентатыўныя, эліта ўспрымае іх хутчей як сімуляцыю суверэнітэту. Тым не менш адзначым, што ў імкненні і тых, і другіх да ідэнтыфікацыі сябе праз пэўныя сімвалы ляжыць неабходнае кожнаму чалавеку ўсведамленне сябе часткаю пэўнай супольнасці, і ў гэтым імкненні і першых, і другіх супадаюць, бо гэтая супольнасць, да якой хочуць належаць у дадзеным выпадку – беларускі народ. Калі прыйдзе час і бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” вярнуцца на сваё законнае месца дзяржаўнай сімволікі пераважная большасць грамадзян Беларусі будзе толькі вітаць гэтую падзею.

1.2. Адносіны да незалежнасці і суверэнітэту

Па апошніх дадзеных НІСЭПІ за далучэнне да ЕЗ сёння прагаласавала 27,5%, «супраць» — 51,9%. За саюз з Расіяй выказаліся 32,6%, «супраць» 49,1%. З гэтага можна зрабіць выснову, што прыкладна 40% не лічаць неабходным далучацца да ЕЗ, ці Расіі. Калі ж прыняць пад увагу, што далучэнне да ЕЗ не азначае страту незалежнасці, то мы атрымаем сведчанне таго, што большаць беларусаў падтрымліваюць незалежнасць Беларусі. Дададзім да гэтага ўжо згаданыя цяжкасці ў правядзенні сацыяльных апытанняў у аўтарытарных краінах, адзначым таксама, што гэтае пытанне надзвычай палітазавана і недакладнасць у апытаннях будзе адносіцца перш за ўсё да таго пункту, які тычацца саюзу з Расіяй, такім чынам, што рэспандэнты, адчуваючы страх, будуць адказваць згодна з афіцыйнай пазіцыяй цяперашняга кіраўніцтва, якая мае выразна прарасійскі характар.

Тут яшчэ трэба спытаць, а што рэспандэнты разумеюць пад саюзам з Расіяй? Шмат людзей, якія згодны на саюз з Расіяй, думаюць, што такі саюз гэта прыкладна тое становішча, якое мы маем сёння, то бок, рыторыка пра трыадзінства трох славянскіх народаў, бязвізавае перамяшчэнне і г. д. Бо згодна з цяперашнім курсам і прапагандай мы ўжо 20 год будуем саюз з Расіяй і шмат каму здаецца, што так і будзе надалей. Але калі гаворка пачынае ісці, што разам з такім саюзам да нас прыйдуць і расійскія парадкі і беспарадкі, то колькасць ахвотных да такога саюза рэзка змяншаецца. І так здарыцца калі на Беларусі згодна з Канстытуцыяй нарэшце будзе дасягнута свабода слова. Я думаю ў такім выпадку колькасць гэтай катэгорыі людзей у бліжэйшыя гады зменшылася б да 10-15 адсоткаў. Прывядзём прыклад недасведчанасці нашых грамадзян: далёка не ўсе з іх ведаюць, што ўступіўшы ў АДКБ мы павінны будзем бараніць інтарэсы краін-удзельніц Арменіі, Казахстана, Кіргізіі, Расіі і Таджыкістана, то бок, ваяваць за гэтыя краіны ў выпадку агрэсіі з боку іншых дзяржаў, а таксама пры ўзнікненні ўнутраных канфліктаў. Дзяржаўная прапаганда нават не ўзгадвае пра такія бакі інтэграцыі з Расіяй.

1.3. Адносіны да дэмакратычных каштоўнасцей

Адносіны да дэмакратычных каштоўнасцей у беларускім грамадстве неадназначныя. З аднаго боку, калі паставіць пытанне пра неабходнасць дэмакратычных каштоўнасцей, такіх як справядлівыя выбары, свабода слова, вяршэнства права, падзел галін улады, то пераважная большасць адкажа, што так, такія каштоўнасць нам патрэбны. Калі ж наўпрост спытаць, а ці патрэбна нашай краіне дэмакратыя, то адсотак станоўчых адказаў будзе меней, хаця не думаю, што большасць адкажа адмоўна. Такая сітуацыя паўстала з-за таго, што ў выніку шматгадовай дзяржаўнай прапаганды як на Беларусі, так і той, што ідзе з Расіі, ёсць частка людзей, якія пад дэмакратыяй разумеюць зусім не тое, чым яна насамрэч з’яўляецца. У гэтай частцы людзей дэмакратыя асацыюецца з распустай, крызісамі, беспрацоўем і г. д.

Вось напрыклад, кіраўнік МЗС Макей кажа, што Беларусь яшчэ не саспела да дэмакратыі: “Мы, вядома ж, маглі б увесці кіраваную дэмакратыю з панядзелка, з 9:00 раніцы, і ўсе жылі б па гэтай кіраванай дэмакратыі. Але Вы павінны выдатна разумець наступнае – я заўсёды кажу гэта нашым еўрапейскім партнёрам – нельга заснуць у таталітарным Савецкім Саюзе, а прачнуцца ў дэмакратычнай еўрапейскай краіне (то бок, міністр замежных спраў не лічыць, што Беларусь з’яўляецца на дадзены момант дэмакратычнай дзяржавай, як тое прапісана ў Канстытуцыі, – заўвага аўтара). Для гэтага патрабуецца пэўны час. І справа не ў кіраўніцтве Беларусі, а справа ў менталітэце, традыцыях, культуры народа, у эканамічнай сітуацыі, у звычках».

Тут мы бачым падвойную хлусню. Па-першае, не можа быць ніякай кіраванай дэмакратыі, бо дэмакратыя гэта найперш прынцып падзелу ўладаў, а таксама свабода слова, і такая сістэма па вызначэнню не можа быць кіраванай, як якое-небудзь ідэалагічнае мерапрыемства цяперашняй улады, яна, дэмакратычная сістэма, існуе дзякуючы прынцыпу стрымлівання і супрацьвагі. Па-другое, міністр хлусіць, што справа не ў кіраўніцтве, а ў менталітэце. Ён як прадстаўнік урада Лукашэнкі з’яўляецца адным з механізмаў гэтага рэжыму, які і не дае прасоўвацца дэмакратыі ў Беларусі праз адсутнасць сумленных выбараў, праз падпарадкаванне ўсіх галін улады аднаму чалавеку, праз пераслед палітычных апанентаў і тых, хто спрабуе выказаць крытыку ў бок улады. Такія развагі, якія зыходзяць ад палітыка вышэйшага рангу, з’яўляюцца поўным абсурдам, здзекам над здаровым сэнсам і грамадствам.

1.4. Адносіны да Ўсход-Захад

Адносіны беларусаў да Ўсходу і Захаду могуць мець супярэчлівы характар. З аднаго боку амаль кожны скажа, што Беларусь гэта цэнтр Еўропы, з іншага знойдзецца катэгорыя людзей, якія скажуць, што мы ментальна бліжэй да Расіі, я думаю гэта не больш за тых 30 адсоткаў, якія на сённяшні дзень выказваюцца за далучэнне да Расіі. Але ізноў падкрэслім, што ў гэтым, як і ў іншых пытаннях, вялікую ролю мае адсутнасць свабоды слова і недахоп гістарычнай і палітычнай адукацыі. Варта адзначыць, што эліта пераважна бачыць незалежную Беларусь часткай Еўропы, у той час як істэблішмент будуе саюзы з Расіяй.

1.5. Дзяржава і нацыянальная ідэя

Нацыянальная ідэя гэта ідэя еднасці пэўнай супольнасці, якая ўсвядоміла сябе нацыяй. Каб нацыянальная ідэя мснавала павінна быць супольнасць людзей, якія залічваюць сябе да нейкай нацыі. Для існавання нацыі неабходны як матэрыяльныя, так і ідэальныя каштоўнасці. У ідэальнай сферы, у сферы ментальнай, для існавання нацыі павінна быць нацыянальная культура, адукацыя, гісторыя.

Сучасная беларуская дзяржава – калі разглядаць яе як сістэму ўлады, якая ажыццяўляе кіраванне на тэрыторыі Беларусі, якая валодае правам і сродкамі на правядзенне культурнай, адукацыйнай палітыкі, а таксама выконвае функцыі адміністрацыйнага і крымінальнага кантролю над грамадствам – не адпавядае інтарэсам нацыянальнага суверэнітэту (нацыянальны суверэнітэт з’яўляецца дэмакратычным прынцыпам, рэалізацыя якога залежыць ад усведамлення нацыяй сваіх жыццёвых інтарэсаў, якія аб’ектыўна вынікаюць з умоў яе існавання і развіцця), не адпавядае, паколькі ў выніку ўзурпацыі ўлады аўтарытарны рэжым узяў на сабе права вызначэння нацыянальнай палітыкі, пазбавіўшы гэтага права народ Беларусі. Такім чынам, цяперашняя дзяржава (не краіна, а менавіта дзяржава) не адпавядае і знаходзіцца ў супярэчнасці з нацыянальнай ідэя.

Для аўтарытарнага рэжыму сфарміраванага А. Лукашэнкам незалежнасць Беларусі не з’яўляецца каштоўнасцю. Так, напрыклад, падчас першых двух сваіх тэрмінаў прэзідэнцтва, калі ён спадзяваўся на тое, што зможа перамагчы на выбарах саюзнай дзяржавы і заняць пост прэзідэнта, нацыянальныя пытанні, нацыянальная культура былі пад табу. У той час у СМІ толькі і было размоваў што пра агульнаславянскае братэрства і трыадзінства народаў Беларусі, Украіны і Расіі. Пасля ўмацавання ў расійскай палітыцы Пуціна, гэтыя спадзяванні растварыліся. Была абрана крыху іншая тактыка. У абмен на лаяльнасць Крамля Лукашэнка стаў гандляваць незалежнасцю.

Для прыклада можна прывесці словы Ул. Някляева, які ў адным з інтэрв’ю распавёў як Лукашэнка прапаноўваў яму месца галоўнага ідэолага: «Калісьці ён мне сказаў фразу, калі быў у нас перыяд нейкіх асабістых адносін: я быў старшынёй Саюза пісьменнікаў, і ён хацеў мяне мець прыдворным ідэолагам. Дык ён сказаў: «Цяпер трэба рускіх задобрыць. Вось прыйдзе час — мы ўсё вернем. «Пагоню» вернем, сцяг вернем, усё вернем» ( http://nn.by/?c=ar&i=65339). Мяркуючы па ўсім, па тым, што нічога не вернута, а ціск на нацыянальную культуру працягваецца, Лукашэнка вяртаць нічога і не збіраўся. Але ў гэтым эпізодзе паказальна тое, што ён фактычна прызнаўся: нацыянальныя сімвалы з’яўляюцца для яго прадметам гандлю. Гэта ж будзе тычыцца і незалежнасці. Заявы Лукашэнкі наконт незалежнасці носяць кан’юктурны характар і як паказвае практыка могуць мяняцца ў супрацьлеглы бок. Што тычацца фактаў то: Беларусь еўрапейская краіна, якая знаходзіцца ва ўсіх навязаных Расіяй саюзах, незалежнасць якой знаходзіцца пад пагрозай. Увогуле ў самой наяўнасці гэтай спрэчкі – ці змогуць некаторыя сённяшнія супярэчлівыя заявы Лукашэнкі паспрыяць незалежнасці Беларусі, ці гэта ўсё толькі кан’юнктурныя хістанні вырачаныя на страту незалежнасці – праяўляецца ўвесь абсурд і нікчэмнасць такіх спадзяванняў, гэта не нармальна, не здарова, каб лёс нацыі, яе нацыянальных каштоўнасцей залежалі ад палітычных інтарэсаў адной асобы.

Усё пазітыўнае, што зроблена за апошнія 20 год, у плане развіцця беларускай нацыі, ёсць перш за ўсё заслугай і здабыткам беларускага грамадства, а не дзяржавы. Пашырэнне выкарыстання нацыянальных сімвалаў, пашырэнне цікавасці да роднай мовы, развіццё беларускамоўнай літаратуры і інш., – гэта ў пераважнай большасці выпадкаў ініцыятыва знізу. Сітуацыя на сёння выглядае так – там дзе дзяржава некаторы час не ідзе на рэпрэсіі пачынаюць расці і развівацца розныя нацыянальныя праекты, ініцыятывы (моўныя курсы, беларускамоўная рэклама, вытворчасць і распаўсюд рэчаў з нацыянальнай сімволікай і шмат іншага). Больш за тое, шмат такіх праектаў паўстаюць і развіваюцца насуперак і ў змаганні з дзяржаўнай лініяй (сітуацыя з кнігарняй «Логвінаў», затрыманні і канфіскацыя на мяжы беларускай літаратуры і інш.).

1.6. Тэндэнцыя зменаў за апошнія 20, 50, 100 год

Што тычацца змен, якія адбыліся за апошнія сто гадоў, то тут варта разглядаць кожны паказчык у асобнасці. Так, напрыклад, сітуацыя з ужываннем беларускай мовы значна пагоршылася. Сто гадоў таму большасць беларусаў размаўляла па-беларуску. Пяцьдзясят год таму колькасць тых, хто размаўляў па-беларуску ў адсоткавым значэнні заставалася яшчэ высокай. Зараз ужыванне мовы, калі верыць перапісам насельніцтва, скарацілася як ніколі за апошнія сто гадоў. Што тычацца незалежнасці, то ў параўнанні з пяцідзесяці- і стогадовай даўніной сітуацыя невымерна лепшая, бо нягледзячы на ўсе складанасці на сёння мы маем незалежную Беларусь.

1.7. Выклікі
Унутранныя

Напрыканцы хочацца адзначыць тыя выклікі, з якімі даводзіца сутыкацца беларускай нацыі.
Перш за ўсё, гэта унутраныя выклікі. Аўтарытарны, антыдэмакратычны рэжым стварае шмат перашкод для паўнацэннага развіцця беларускай нацыі і грамадства. Цяперашняя дзяржаўная сістэма не спрыяе ні нацыянальнай, ні гістарычнай, ні палітычнай адукацыі насельніцтва, якая неабходна нашаму грамадству. Дзяржаўная прапаганда пры адсутнасці свабоды слова навязвае грамадзянам памылковыя погляды, фармуе ілжываю карціну рэчаіснасці, насаджае апатыю і зняверанасць у іншыя шляхі і ў тое, што лепшыя ўмовы магчымыя.

Вонкавыя
Існуюць таксама і вонкавыя выклікі для беларускай нацыі і незалежнай дзяржавы. Гэта, перш за ўсё, наяўнасць побач з намі агрэсіўна настроенай Расіі, у якой узровень агрэсіі і нецярпімасці да іншых народаў дасягнуў небывалых паказчыкаў. Прычым такія настроі характэрны, як для асноўнай масы насельніцтва, так і для істэблішмэнту. Вялікую занепакоенасць выклікае дзейнасць Расіі ў інфармацыйнай сферы. Расія вядзе інфармацыйную вайну, бадай што, супраць усяго свету. У розных СМІ, рознымі ідэолагамі так званага «рускага свету» мусіруецца ідэя аб тым, што Беларусь і Украіна з’яўляюцца квазі дзяржавамі, нацыямі, якія прыдумалі бальшавікі.

Апроч гэтага беларуская нацыя, як і іншыя нацыі, сутыкнулася з сусветнымі працэсамі глабалізацыі, якія могуць несці пагрозу сцірання нацыянальных адметнасцяў. Як захаваць сваю нацыянальную адметнасць і пры гэтым не застацца тэхналагічна і эканамічна адсталай краінай – надзвычай важнае пытанне, якое чакае свайго вырашэння.

1.8. Патэнцыял сіл для рэалізацыі нацыянальнай ідэі
Патэнцыял для рэалізацыі нацыянальнай ідэі трэба шукаць у беларускім грамадстве. Якое ў пераважнай большасці падтрымлівае ідэю беларускай незалежнасці і прыхільна ставіцца да беларускай культуры. І перш за ўсё, як і ў любога іншага народа, у гэтым трэба абаперціся на беларускаю эліту. Менавіта яна павінна стаць рухавіком нацыянальнага развіцця.

2. Мэта або чаго хоча беларуская эліта
2.1. Якую нацыю збіраецца будаваць беларуская эліта

Як ужо было адзначана беларуская нацыя існуе ў абмежаванай аўтарытарнай уладай інфармацыйнай прасторы. Таму ўзнікаюць цяжкасці ў вызначэнні той мэты, якую трэба ўзяць для выбудоўвання «Стратэгіі развіцця беларускай нацыі». Бо пры цяперашнім стане са свабодай слова нельга наладзіць паўнавартасны свабодны дыялог у грамадстве. Адным з арыенціраў у вызначэнні мэты дадзенай Стратэгіі могуць стаць палажэнні Канстытуцыі, якія дарэчы не заўсёды выконваюцца сучаснай уладай. Згодна з імі краіна павінна быць незалежнай і дэмакратычнай, дзяржава абавязана гарантаваць роўнасць усіх нацыянальнасцяў. Гэта азначае, што ў палітычным плане нам патрэбна грамадзянская нацыя з беларускай нацыянальнай ідэяй у сваёй аснове.

«У наш час на першы план выходзіць ідэнтычнасць нацыянальная (у адрозненні ад часоў сярэднявечча) і пакуль нацыі існуюць, нам прыйдзецца рабіць выбар на карысць адной з магчымых на нашай зямлі нацыянальных ідэй. Зараз на дадзены момант амаль 84 адсодкі сучасных жыхароў Беларусі лічаць сябе беларусамі, таму і нацыянальнай ідэяй тут на Беларусі павінна быць беларуская. Яе вельмі актыўна спрабавалі знішчыць альбо прынізіць, па магчымасці маргіналізаваць расійскія імперскія, а потым і савецка-імперскія сілы. Галоўным ідэалагічным накірункам гэтай стратэгіі стаў заходнерусізм. Не аслабляе гэта ідэалогія свой ціск і зараз…

У дэмакратычнай дзяржаве на заканадаўчым узроўні павінна быць замацавана раўнапраўнасць этнічных супольнасцей. Незалежная беларуская дзяржава з натуральнай неабходнасцю павінна гарантаваць усім прадстаўнікам іншых нацыянальнасцей магчымасць карыстацца сваімі мовамі, жыць паводле сваіх традыцый. Але, што тычыцца нацыянальных ідэй, то гісторыя паказала, што калі на нашай тэрыторыі спрабуе аформіцца польская нацыянальная ідэя, то атрымоўваюцца Усходнія Крэсы, а калі тут замацоўваецца расійская нацыянальная ідэя атрымоўваецца Паўночна-Заходні край, пры розных палітычных сістэмах у розных варыянтах, але заўсёды як правінцыя імперыі, з усімі наступствамі гэтага статусу» ( «Плацэба для беларусаў» https://sakavik.net/2013/12/14).

2.2. Пытанні інтэграцыі
Што тычацца пытанняў міжнароднай арыентацыі Беларусі, пытанняў ваеннага супрацоўніцтва, то думаю, што большасць зараз абрала б варыянт нейтральнай дзяржавы і пазаблокавы статус, як тое і прапісана ў Канстытуцыі. Але для канчатковага вырашэння гэтага пытання неабходна вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, аднавіць дэмакратычны лад, і толькі дасягнуўшы гэтага можна, паступова наладзіўшы агульнанацыянальную дыскусію, вырашыць пытанне далучэння/недалучэння да ЕС, НАТО і г. д.

2.3. Мірны характар нацыянальнай ідэі
Кожная нацыя, усвядоміўшы сябе нацыяй, імкнецца пабудаваць незалежную нацыянальную дзяржаву. Згодна з Канстытуцыяй Беларусь яшчэ і дэмакратычная краіна. Зыходзячы з гэтага неабходна канстатаваць, што з’яўляючыся на дадзены момант незалежнай краінай, суб’ектам міждзяржаўнага права, Беларусь яшчэ не адбылася ў поўнай меры як дэмакратычная і нацыянальная дзяржава, паколькі ў нас злосна парушаюцца правы чалавека і існуе сістэматычны ціск на нацыянальную культуру. Таму неабходна прыкласці ўсе намаганні дзеля таго, каб дасягнуць вышэйзгаданых прынцыпаў. Рабіць гэта неабходна ў межах закону, дэкларуючы мірны характар нацыянальнай ідэі. Асноўны шлях да гэтага ляжыць праз асвету, адукацыю.

Але наш уласны досвед, досвед іншых краін паказвае, што дамагчыся гэтай мэты мірным чынам не заўсёды аказваецца магчымым, мы не ў стане прадвызначыць ход гістарычных падзей і прадухіліць негатыўныя накірункі развіцця гэтых падзей. Трэба рабіць сваю справу, а якім будзе рэалізацыя пакажа час. Калі мы прыйдзем да пастаўленай мэты – Беларусь, як нацыянальная незалежная дэмакратычная дзяржава – мірным шляхам будзе добра, калі гістарычныя абставіны складуцца так, што спатрэбіцца рэвалюцыйны шлях, то гэта напэўна ніхто не зможа прадухіліць. Можна канечне сказаць, што ніякай добрыя памкненні не вартыя чалавечага жыцця, можна на гэта запярэчыць, што каштоўнасці, якія мы цяпер лічым агульначалавечымі: свабода, дэмакратыя і інш, аплачаны ахвярамі шматлікіх герояў і пакутнікаў і напэўна ж не здарма, – усё гэта так. Але закон абавязвае кожнага бараніць краіну, Радзіму і канстытуцыйны лад.

3. Задачы
У папярэднім раздзеле асноўнай мэтай для беларускай эліты была вызначана мэта пабудовы па сапраўднаму незалежнай нацыянальнай дэмакратычнай дзяржавы, з тым, каб далей была магчымасць існавання і развіцця беларускай нацыі і грамадства. Зразумела, што пры вяртанні Беларусі на дэмакратычны шлях развіцця шматлікія задачы, якія стаяць сёння перад намі ва ўмовах існавання аўтарытарнага рэжыму, страцяць сваю актуальнасць і паўстануць новыя задачы, але несумненна і тое, што некаторыя прынцыпы і ўстаноўкі неабходныя для існавання незалежнай дэмакратычнай нацыянальнай дзяржавы будуць мець універсальны характар.

3.1. Падтрымліваць ідэю аб гістарычнай унікальнасці беларускай нацыі

Згодна з Канстытуцыяй беларускі народ, прымаючы Асноўны Закон, зыходзіць з таго, што Беларусь мае шматвекавую гісторыю дзяржаўнасці. Што з’яўляецца праўдай і можа быць пераканаўча даказана на гістарычных матэрыялах. Беларусь прайшла складаны шлях да незалежнасці, такі ж нялёгкі шлях прыйшлося прайсці большасці краін нашага рэгіёну. Пачынаючы ад першых протадзяржаўных саюзаў плямён на тэрыторыі Беларусі, праз першыя княствы, праз гісторыю ВКЛ беларуская дзяржаўнасць нарэшце ўвасобілася ў існаванні незалежнай Рэспублікі Беларусь. І ўсе названыя перыяды і звязаныя з імі падзеі з’яўляюцца часткай беларускай гісторыі, на якой трэба будаваць нацыянальную гістарычную і палітычную адукацыю, а таксама нацыянальнаю самаідэнтыфікацыю. Зараз падчас актывізацыі Расіяй інфармацыйнай вайны супраць суседзяў робяцца актыўныя спробы расколу і аслаблення нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў і ўкраінцаў. Дастаткова прааналізаваць працу расійскіх тролей і агітатараў у інтэрнэце, падыходы ў іх адны і тыя, як ва Украіне, так і на Беларусі, адзін і той жа набор штампаў і ўстановак на раскол і насаджэнне апатыі.

Дэзінфарматарамі прадпрымаюцца спробы падзяліць нацыянальную свядомасць беларусаў на ўсходнікаў і заходнікаў, на жыхароў поўдня і поўначы (былі і зараз працягваюць існаваць розны ініцыятывы, інтэрнэтрэсурсы, якія займаюцца гэтай дзейнасцю, дакладна вядома, што частка з іх фінансуецца з расійскіх фондаў). Але адчувальных вынікаў такія спробы не прынеслі, таму далейшы раскол спрабуюць прышчапіць шляхам падзелу на беларусаў і ліцьвінаў, як на дзве гістарычна варожыя адна адной супольнасці. Калі ліцьвінства падаецца, як супрацьлегласць беларускасці, а не як палітонім і частка нашай беларускай гісторыі, то гэта негатыўная накіраванае на раскол грамадства з’ява. Ворагам Беларусі трэба абавязкова разарваць ідэнтычнасць беларусаў.

Апошнім часам у расійскіх СМІ пачалося цкаванне ліцьвінства як з’явы. Яно і зразумела, крамлёўскім ідэолагам для іх агрэсіі патрэбны ворагі-нелюдзі, патрэбна пастаянна некага на некага нацкоўваць. Такім чынам, калі народ Беларусі аднойчы, не вытрымаўшы, выступіць супраць аўтарытарнай улады і абярэ вольнае жыццё ў дэмакратычнай дзяржаве, то ўсіх прыхільнікаў пераменаў колькі б іх не было, расійская прапаганда назаве ліцьвінамі і натаўскімі запраданцамі, накшталт “бандэраўцаў” на Украіне, а ўлічваючы тое, што ўсе інформрэсурсы на Беларусі знаходзяцца ў руках Масквы, то знойдзецца пэўная частка насельніцтва, якая ў гэта і паверыць. Вось вам і грамадзянскі канфлікт. А калі ён яшчэ падмацуецца крывёю ў выніку якой-небудзь правакацыі, то вось вам і канфлікт на стагоддзе наперад. Такія метады імперыя дэманструе зараз на Украіне.

Таму падмяняць беларускасць ліцьвінскасцю гэта з’ява варожая. Як і варожая адваротная ёй, калі з свядомасці беларусаў выбіваецца, той велічны перыяд нашай гісторыі, калі мы былі асноўнай часткай ВКЛ, і калі ліцьвінамі называла сябе беларуская шляхта, бо гэта быў палітонім. Нацый у сучасным разуменні тады ўвогуле не існавала. Такі падзел не менш небяспечны. Любому народу патрэбна гісторыя і ўсведамленне сябе ў гэтай гісторыі, гэта як асобнай чалавечай свядомасці для паўнавартаснага існавання ў свеце неабходна і актуальнае цяпер, і разуменне сваіх магчымасцяў у будучыні, і сваё мінулае. Без любой гэтай часткі чалавек, як і нацыя, – непаўнавартаснасць. Таму любое супрацьпастаўленне альбо-альбо беларускага ліцьвінскаму з’яўляецца шкодным для нас. Ліцьвіны – гэта палітонім, якім акрэслівалі сябе ў сярэднявеччы продкі сучасных беларусаў, перш за ўсё, шляхта, што тычацца сялянства, то ў тыя часы людзі па ўсёй Еўропе ідэнтыфікавалі сябе па веры і па прыналежнасці да якога-небудзь цэнтру княства, гораду. Сам патрыятызм быў у тыя часы іншы, чым у час нацыянальных дзяржаў, ён быў з’явай лакальнай, бо служылі не нацыі ці дзяржаве, а феадалу, бо ўлада ў тыя часы мела свой падмурак у божай волі, і базавалася не на тэорыі грамадскай дамовы як цяпер, а мела сакральнае асэнсаванне. Тыя, хто прасоўвае гэтыя две шкодныя антыбеларускія ідэі, супрацьпастаўляючы ліцьвінскае беларускаму, ведаюць, што яны займаюцца хлуснёй, таму бяруць не якасцю, а колькасцю, яны засмецілі сваімі аднастайнымі пастамі, мабыць, усе беларускія форумы ў сеціве. Абодва гэтыя вірусы павінны быць выяўлены і пазначаны.

3.2. Прыкласці ўсе намаганні, дзеля пабудовы адкрытай грамадзянскай супольнасці як унутры краіны так і за яе межамі

Важнай задачай, якая стаіць перад беларускай нацыяй з’яўляецца пабудова грамадзянскай супольнасці. Грамадзянская супольнасць, узятая ў маштабе нацыі – гэта такая супольнасць, якая праз арганізацыю розных ініцыятыў, рухаў, партый зможа ўзяць на сябе адказнасць у вырашэнні лёсавызначальных пытанняў краіны і грамадства. Аўтарытарнаму рэжыму можна супрацьстаяць толькі арганізаванай грамадзянскай супольнасцю. Прычым важна, каб такая супольнасць паўстала ў супрацоўніцтве беларусаў, як унутры краіны, так і за яе межамі. Грамадзянская супольнасць павінна быць, незалежна ад таго кіраўніцтва, якое ў дадзены момант знаходзіцца ва ўладзе, такая супольнасць будзе неабходна і пры дэмакратычнай дзяржаве.

3.2.1. Стварыць шэраг інфармацыйных пляцовак: газеты, часопісы, радыё тэлебачанне пабудаваныя па прынцыпу грамадзянскіх СМІ

Для рэалізацыі вышэйзгаданага неабходна пашырыць свабоду слова як праз ужо існуючыя незалежныя СМІ, так і праз заснаванне новых, якія будуць працаваць па прынцыпу грамадскіх СМІ, то бок, пад кантролем і ў шчыльным супрацоўніцтве з грамадствам, і пры фінансавым удзеле грамадства.
У розных краінах існуюць грамадскія СМІ. Ва Украіне за 2-3 гады да Майдану 2014 года распачалі сваю працу некалькі тэлеканалаў, якія адыгралі вялікую ролю ў распаўсюдзе праўдзівай інфармацыі і стварылі здаровую канкурэнцыю іншым тэлеканалам.

Стварэнне грамадскіх СМІ з’яўляецца першачарговай задачай, якая стаіць перад беларускай элітай. Цяперашні стан інфармацыйнай прасторы з’яўляецца крайне незадавальняючым. Калі грамадзянская супольнасць здолее стварыць такія СМІ, якія будуць цікавыя большасці грамадзян, якія будуць даваць прафесійную крытыку ўлады, раскрываючы механізмы працы аўтарытарнага рэжыму, якія адмоўна ўплываюць на жыццё і будучыню, як краіны ў цэлым, так і кожнага грамадзяніна ў асобнасці, тады перамены адбудуцца з непазбежнасцю.

Можна не сумнявацца ў тым, што цяперашняя ўлада працягне свой ціск на сродкі масавай інфармацыі, што асноўная барацьба будзе ісці ў інфармацыйнай прасторы. Таму, каб перамагчы неабходна стварыць шэраг інфармацыйных пляцовак, якія колькасна і якасна змогуць пераадолець мур дзяржаўнай прапаганды і данесці праўду да кожнага грамадзяніна.

3.3. Суадносіны Стратэгіі і дзяржавы ў сучасных умовах

Суадносіны «Стратэгіі развіцця беларускай нацыі» і цяперашняй дзяржавы мала супадаюць, прыклады гэтаму былі прыведзены вышэй і іх можна было б працягваць. Але калі прадстаўнікі дзяржаўных структур па нейкіх прычынах робяць нешта на карысць Стратэгіі, то зразумела гэта можна толькі вітаць, не забываючыся пры гэтым, што спадзявацца на сапраўднае паўнавартаснае супрацоўніцтва з аўтарытарнай дзяржавай не выпадае ў сілу таго, што сучаснае кіраўніцтва захапіўшы ўладу не разглядае грамадства ў якасці раўнапраўнага партнёра.

Што тычацца той дзяржавы, якая павінна паўстаць на Беларусі – дэмакратычная, незалежная, прававая – то інтарэсы такой дзяржавы і «Стратэгіі развіцця беларускай нацыі» павінны супасці.

3.4. Суадносіны Стратэгіі і рэлігіі ў сучасных умовах

Беларусь з’яўляецца полірэлігійнай і шматканфесіянальнай краінай. На працягу гісторыі на нашай зямлі мірна суіснавалі розныя рэлігіі, прычым нашу рэлігійнаю талерантнасць можна паставіць у прыклад іншым. Але рэлігійны падзел нярэдка раз’ядноўваў беларуская грамадства ў палітычным сэнсе. З гэтага трэба зрабіць неабходныя высновы. Нельга ўмешвацца ў справы рэлігіі, але калі некаторыя канфесіі прасоўваюць антыбеларускія ідэі, то з гэтым трэба змагацца.

3.5. Асветніцкая дзейнасць у галіне гісторыі, культуры і традыцый беларускага народа

Неабходна фармаваць беларускую культуру як элітарную, так і мас-культуру. Трэба адзначыць, што ў той час калі элітарная культура ў Беларусі, яшчэ хоць неяк існуе і развіваецца, то з масавай беларускай культурай справы значна горш, у нас амаль адсутнічае нацыянальная кіно, нацыянальныя беларускамоўныя забаўляльныя і пазнавальны праграмы на тэлебачанні. Доступ да эфіру і дзяржаўнага фінансавання маюць толькі тыя аўтары, творцы, калектывы, якія поўнасцю лаяльныя рэжыму.

Беларускамоўнасць сама па сабе выклікае падазрэнне ідэолагаў цяперашняй улады, якія выдаюць дазволы на правядзенне канцэртаў, забаўляльных мерапрыемстваў. Каб правесці які-небудзь спектакль, канцэрт у раённым доме культуры трэба дазвол з абласнога ідэалагічнага аддзелу.

У сучасных умовах нацыянальная эліта павінна ўзяць на сябе адукацыйную функцыю ў сферы гісторыі, паліталогіі, філасофіі і інш. У перспектыве неабходна стварыць асветніцкі нацыянальны канал, на які не зможа ўплываць і ціснуць ідэалагічныя структуры аўтарытарнага рэжыму.

3.6. Выкарыстанне мовы ва ўсіх сферах грамадскага і культурнага жыцця

Развіццё беларускай мовы і існаванне беларускай нацыі гэта ўзаемазалежныя працэсы, таму неабходна стымуляваць выкарыстанне беларускай мовы. Пры гэтым трэба разумець, што пэўны час будзе існаваць двухмоўе чаго не варта баяцца – проста гэта дадзенасць. З часам сітуацыя выправіцца. Галоўнае дамагчыся рэальнага моўнага раўнапраўя, каб людзі не баяліся, што за ўжыванне роднай мовы імі, іх дзецьмі іх могуць чакаць праблемы, а той факт што беларусы з прыхільнасцю ставяцца да беларускай мовы дае падставы меркаваць, што мова зойме сваё належнае месца. «Беларусы, як і іншыя паняволеныя народы, апынуліся ў становішчы экзістэнцыяльнага выбару. Між акупантамі і паняволенымі усталёўваюцца вядомыя адносіны, у гэтых адносінах ажыццяўляецца пэўны гандаль, то бок, імперыя метадам бізуна і перніка прапануе паступова адмовіцца ад святынь, мовы, нацыянальнасці, і ўзамен абяцае акупаваным права на жыццё, магчымасць гадаваць дзяцей, каб потым іх жа і выкарыстаць. А той, хто не адмаўляецца ад нацыянальных каштоўнасцей ідзе ў выгнанне, на катаргу, смерць, а затым свеціць зоркай прыкладу нашчадкам тых, хто адмовіўся…
Механізм моўнай асіміляцыі просты і ў агульных рысах аднолькавы для ўсіх народаў. І гэта трэба ўлічваць, а не наракаць на тое, што народ, пастаўлены на мяжу існавання, часткова саступіў імперыялістам. І той, хто наракае на народ за яго залішняю талерантнасць, аказваецца самым дрэнным прыкладам талерантнасці, бо з’яўляецца правадніком палітыкі раз’яднання, спрыяе чужынскай палітыцы на Беларусі, замест пошуку шляхоў да яднання…

У Беларусі дзяржаўнай мовай павінна быць толькі беларуская, гэта павінна стаць гарантам таго, што гвалтоўная русіфікацыя больш ніколі ўжо не паўторыцца. Але я мяркую, што нават калі б існавала сапраўдная роўнасць між расійскай і беларускай мовамі, ва ўсіх сферах – у палітыцы, на тэлебачанні, радыё і іншых СМІ, у сферы адукацыі і г. д – беларуская мова заняла б належныя ёй пазіцыі – пануючыя. Культурнага патэнцыялу для гэтага ў нас дастаткова, патэнцыялу, які не данесены да шырокай аўдыторыі.

Для нас неабходна, каб беларуская мова была дзяржаўнаю, што тычацца астатніх, то як гэта было ў законе аб мове 1990 года : “Рэспубліка Беларусь…праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі, забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін народаў, стварае грамадзянам Рэспублікі Беларусь неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі». («І мова, і каўбаса» http://nn.by/?c=ar&i=110493)

Таварыствам беларускай мовы распрацавана «Стратэгія развіцця беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі» ( http://tbm.org.by/strategy ) мэта якой з’яўляецца: «стварэнне ўмоў для захавання і доўгатэрміновага развіцця беларускай мовы як жывой, штодзённай мовы беларускага народа». На гэту мэту варта арыентавацца і ў выкананні задач «Стратэгіі развіцця беларускай нацыі».

4. Падыходы і сродкі рэалізацыі

Як адзначалася ва ўвядзенні аб’ядноўвацца трэба пад адзінай ідэяй, ідэяй неабходнасці існавання беларускай нацыі і незалежнай дэмакратычнай нацыянальнай беларускай дзяржавы як найлепшай формы існавання беларускага народа і ўсіх іншых народаў, якія жывуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Для рэалізацыі гэтай ідэі неабходна прытрымлівацца пэўных прынцыпаў. Неабходна пазбягаць палітычных разнагалоссяў, якія звязаныя з пазіцыяй пэўных палітычных партый і рухаў – вышэйназваная ідэя можа ўключыць у сябе людзей з рознымі палітычнымі перакананнямі. Неабходна прытрымлівацца прынцыпу ўзаемапавагі як падчас абмеркавання Стратэгіі, так і падчас яе выканання. Адной з асноўных умоў развіцця беларускай нацыі з’яўляецца развіццё беларускай мовы, таму пры рэалізацыі і абмеркаванні Стратэгіі неабходна максімальна карыстацца беларускай мовай. Для паразумення ўдзельнікаў дыскусіі і дасягнення мэт Стратэгі неабходна імкнуцца да карэктнага вядзення спрэчак, якія непазбежна будуць узнікаць па такому жыццёваважнаму пытанню.

4.1. Сродкі рэалізацыі

Вышэй, у раздзеле «Стан беларускай нацыі», было адзначана, што інтарэсы сучаснай аўтарытарнай дзяржавы і інтарэсы беларускага грамадства мала супадаюць, таму трэба мець на ўвазе, што ў рэалізацыі Стратэгіі мы зможам абаперціся перш за ўсё на сілы і сродкі самога беларускага грамадства.

4.2. Сродкі масавай інфармацыі

Каб забяспечыць існаванне і развіццё беларускай нацыі ў цяперашнім свеце неабходна стварыць такую сістэму нацыянальных СМІ, якія змогуць данесці якасную і праўдзіваю інфармацыю як да грамадзян Беларусі, так і да нашых суайчыннікаў за мяжой.

Для гэтага неабходна ствараць сродкі масавай інфармацыі, якія будуць дзейнічаць па прынцыпу грамадскіх СМІ, з удзелам, пад кантролем і пры фінансавай падтрымцы грамадства.

Верагодна на першых этапах развіцця Стратэгіі стварыць паўнавартасны грамадскі тэлеканал будзе цяжка, але стварэнне розных грамадскіх інтэрнэт-выданняў цалкам магчымае, якія з часам могуць на сваёй базе стварыць грамадскія тэлеканалы.

4.3 Інфармацыйны канал Стратэгіі

Часопіс “КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ” можа стаць такой ініцыятывай, на базе якой будзе рэалізоўвацца інфармацыйная падтрымка і далейшае ідэйнае развіццё Стратэгіі.

Важным накірункам дзейнасці павінна стаць спрыянне выхаду друкаванай і электроннай беларускай літаратуры, разлічанай на спажыўцоў з рознымі густамі, у розных сацыяльных і прафесійных сферах.

4.4. Сродкі для рэалізацыі Стратэгіі:
– сродкі актывістаў і неабыякавых да лёсу нацыі і краіны людзей, адным словам грамадзянскай супольнасці;
– сродкі мецэнатаў;
– сродкі міждзяржаўных арганізацый.



Categories: Нацыя, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: