«Самараспусціцца?» Арцём Брухан адказвае на крытыку ў бок Каардынацыйнай рады

Спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан адказаў на крытыку ў бок КР. Дагэтуль, напрыклад, журналіст Дзмітрый Гурневіч пісаў, што яму складана знайсці прычыну галасаваць на выбарах у КР. Асноўнымі яго прэтэнзіямі былі засяроджанне структуры на ўнутранай бюракратыі і адсутнасць бачных вынікаў працы.

«Лепшае, што магла зрабіць Каардынацыйная рада, — гэта самараспусціцца?» — здзіўлены Брухан пачутым за апошні час ад людзей з дэмакратычнага руху.

«Я разумею, чаму на розных ананімных тэлеграм-каналах гучыць прапанова ўсім дэмсілам самараспусціцца. Але шчыра не разумею, чаму такая тэза гучыць ад вельмі паважаных і глыбока дасведчаных ў беларускай палітыцы людзей.

Таму, як сыходзячы спікер КР 3‑га склікання, паспрабую на прыкладах распавесці чаму ўсе ж такі Каардынацыйная рада не толькі патрэбна, а чаму важна прыняць удзел у выбарах у яе.

Уявім сабе, што Каардынацыйная рада самараспусцілася ў сакавіку 2025 года.

У рэзалюцыі ПАРЕ аб стварэнні трыбунала за агрэсію не была б унесена папраўка аб адказнасці так званага кіраўніцтва Беларусі за агрэсію супраць Украіны. На сесіях ПАРЕ і Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў не адбываліся б сайд-івенты аб сітуацыі ў Беларусі, аб пагрозе «рускага міру», аб неабходнасці спрашчэння легалізацыі беларусаў, не было б дзясяткаў сустрэч з афіцыйнымі дэлегацыямі краін Рады Еўропы. У лепшым выпадку мы апусціліся б да ўзроўню рускай апазіцыі, якая мае толькі сімвалічны ўплыў.

Пры гэтым рускія ліберальныя СМІ назвалі стварэнне платформы (нават не дэлегацыі) галоўным дасягненнем расійскай апазіцыі. Праз адсутнасць дэлегацыі ў Кангрэсе мясцовыя ўлады краін Рады Еўропы нічога не ведалі б пра транснацыянальныя рэпрэсіі, не ўздымаліся б пытанні легалізацыі на мясцовым узроўні, а ў шмат якіх краінах гэта нашмат важней, чым на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства.

У ПА АБСЕ былі б толькі дэпутаты палаткі, якія б распавядалі, што ў Беларусі няма рэпрэсій і палітзняволеных як падчас афіцыйных выступаў, так і ў кулуарах. Адзін чалавек, нават некалькі, не ў стане закрыць міждэпутацкую працу, не ў стане лабіяваць беларускія пытанні на ўсіх палітычных узроўнях — а менавіта толькі такое лабіяванне можа быць эфектыўным

Не было б напісана сотняў лістоў для візавай падтрымкі і дадзена шмат юрыдычных кансультацый для беларусаў, якія аказаліся ў складанай сітуацыі».

Брухан дадае, што сярод вынікаў працы КР — слуханні Аб’яднанага пераходнага кабінета, дзе справаздачыліся яго прадстаўнікі, рэкамендацыі для прызначэння ў Кабінет розных людзей, слуханні Святланы Ціханоўскай.

«І мы не ведалі б, што для кагосьці важней месца, дзе сядзіць Святлана, а не сутнасныя пытанні».

Брухан працягвае: КР — гэта таксама агулам пра палітычную культуру і парламентарызм.

«Не было б гарачых дыскусій, дэмаршаў, заяваў. Не было б разумення, як працуе парламенцкая сістэма і ўвогуле, для чаго патрэбны прадстаўнічыя органы. Так, як гэта было на пачатку 90-х. Дарэчы, менавіта тады з вуснаў аднаго чалавека, які тады быў прэзідэнтам, гучалі такія словы як «парламенцкі балаган», «гаварыльня» пра Вярхоўны савет. Вось ёсць прэзідэнт і яго вертыкаль, якая можа вырашыць усе праблемы, а гэтыя парламенты можна і разагнаць. Так, на жаль, і адбылося, а Лукашэнка атрымаў паўнамоцтва распускаць любы парламент пры неабходнасці. І грамадства было не супраць, бо замест разумення важнасці парламентарызму прасцей было зразумець заклікі да эфектыўнасці і дастатковасці прэзідэнта і яго адміністрацыі.

Святлана Ціханоўская, напрыклад, падтрымлівае Каардынацыйную раду і разумее важнасць гэтага інстытуту, а не прапаноўвае яго распусціць.

Бо калі б не было Каардынацыйнай рады, то дзе б абмяркоўвалася і ў якіх формах выходзіла ў публічную прастору незадаволенасць часткі дэмруху? У абразы, у хейт і іншыя непрыемныя рэчы, а не ў публічную дыскусію ў межах КР.

І гэта таксама важная функцыя такіх органаў. Прадстаўляць розныя групы і погляды, нават супярэчныя.

Таму, як спікер, я буду бараніць Каардынацыйную раду і ніколі не пагаджуся з тэзай пра тое, што яе трэба распусціць».

Разам з тым, Брухан лічыць, што трэба рабіць КР больш эфектыўнай і ўплывовай.

«Напрыклад, я лічу, што трэба надаць паўнамоцтвы КР не рэкамендаваць, а прызначаць прадстаўнікоў АПК на пасады, пры гэтым кіраўніца АПК захавае за сабой права прызначаць прадстаўніка па абароне і нацбяспецы і па міжнароднай і еўрапейскай супрацы.

І я ўпэўнены, што раней ці пазней сітуацыя прыйдзе ў такую кропку, калі дыялог ці перамовы паміж дэмакратычнымі сіламі і прадстаўнікамі рэжыму будуць распачатыя. І менавіта абраная Каардынацыйная рада, як рэальны прадстаўнічы орган, за якім ёсць і мандат выбарцаў, і прызнанне міжнародных партнёраў, можа прадстаўляць інтарэсы дэмакратычна-арыентаванай часткі грамадства. А таксама і зацвярджаць склад дэлегацыі «перамоўшчыкаў», куды змогуць увайсці самыя розныя палітыкі і іншыя паважаныя асобы, але не хаатычна — а ў межах зразумелай і справядлівай працэдуры. І лепш за Каардынацыйную раду органа для гэтага не знайсці».

У канцы Брухан дадае, што КР дае магчымасць трэніравацца ўдзельнічаць у выбарах.



Categories: Мараль, Нацыя Беларусы, Нацыя прачынаецца

Пакінуць каментар