Тры версіі аднаго правалу: як на парламенцкіх выбарах у 1995‑м сутыкнуліся Пазняк і Мацкевіч

У БНФ лічылі: калі б не ўмяшанне Мацкевіча з яго хітрай эгаістычнай стратэгіяй, Пазняк мог бы перамагчы.

Зянон Пазняк, Уладзімір Мацкевіч. Фота: «Наша Ніва»

Вясна 1995 года. Выбары ў Вярхоўны Савет — першыя парламенцкія выбары пасля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі. Краіна яшчэ нібыта жыве паводле старых правілаў, але насамрэч ужо хутка праваліцца ў іншую палітычную эпоху. І менавіта ў гэты момант у адной выбарчай акрузе, Ангарскай, сустракаюцца два чалавекі, якія, здавалася б, знаходзяцца па адзін бок барыкадаў, — Зянон Пазняк ад БНФ і метадолаг Уладзімір Мацкевіч ад Аб’яднанай дэмакратычнай партыі (АДПБ). Але адзін ідзе на выбары, каб перамагчы, а другі, як сам пазней скажа, — каб «даследаваць дзеяннем». У выніку абодва прайграюць.

Для каманды БНФ гэта гісторыя пра ўдар у спіну і аслабленне дэмакратычнага лагеру. Для Мацкевіча — гісторыя пра спробу праверыць рэальнасць на сабе і палітычную слепату тагачаснай апазіцыі. Для лідара АДПБ Аляксандра Дабравольскага — прыклад таго, як амбіцыі перамаглі супольную мэту.

Выбары, якія ўлада фактычна сарвала

У пачатку 1990‑х Беларускі народны фронт на чале з Зянонам Пазняком быў сілай, якая фармавала нацыянальны палітычны парадак дня: мова, сімволіка, незалежнасць, беларуская дзяржаўнасць. У Вярхоўным Савеце 12‑га склікання фронтаўцы былі ў меншасці, але гэта была меншасць гучная, арганізаваная і ўплывовая.

Аднак ужо ў 1994 годзе адбываецца пералом: на прэзідэнцкіх выбарах перамагае Аляксандр Лукашэнка, які вельмі хутка ўступае ў супрацьстаянне з парламентам. Увесну 1995‑га адбываецца рэферэндум пра мову, сімволіку і інтэграцыю з Расіяй. І адначасова з ім — выбары ў новы парламент.

Паводле ацэнак удзельнікаў, уся кампанія 1995 года была сарваная ўладай, у тым ліку праз публічную пазіцыю Лукашэнкі, які адкрыта заяўляў, што не пойдзе галасаваць, бо «ўсё роўна падмануць». Такія словы не маглі не ўдарыць па яўцы.

Вынік быў разбуральны: недасканаласць выбарчага заканадаўства прывяла да таго, што з-за нізкай яўкі выбаршчыкаў нават пасля двух тураў удалося абраць толькі 119 дэпутатаў (калі на ўчасткі прыходзіла менш за 50% выбарцаў, то лічылася, што выбары на акрузе не адбыліся). Гэтага было недастаткова для фарміравання Вярхоўнага Савета: паводле закона патрабавалася як мінімум 174 мандаты — не менш за дзве траціны ад поўнага складу ў 260 чалавек. У большасці акругаў галасаванне не дало выніку, другія туры часта не вырашалі нічога, а пазней давялося праводзіць давыбары. У выніку ніводнага прадстаўніка БНФ у новы парламент не трапіла.

Сяргей Навумчык: Удзел Мацкевіча ў выбарах аслабіў Пазняка

Найбольш рэзкая пазіцыя адносна тых падзей — у прадстаўнікоў БНФ. Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12‑га склікання Сяргей Навумчык, які быў унутры гэтай палітычнай кухні, лічыць дзеянні АДПБ бесталковым ударам у спіну:

«Вылучэнне кандыдата ад адной дэмакратычнай партыі супраць лідара іншай — гэта ўдар і супраць лідара, і не ў меншай ступені супраць самой партыі. Вынік выбараў часта вырашаюць адзін-два працэнты, нават некалькі дзясяткаў галасоў».

Сяргей Навумчык. Архіўнае фота Сяргея Гудзіліна

Тым больш, што БНФ і АДПБ былі шмат у чым падобныя. Напрыклад, яны былі адзіныя ў курсе на дэкамунізацыю і дэмакратыю, рынкавыя рэформы, будаўніцтва дзяржаўных інстытуцый. Былі пэўныя разыходжанні ў поглядах на нацыянальнае Адраджэнне і на адносіны з Расіяй, пры гэтым АДПБ не падтрымала рэферэндуму 1995 года і асудзіла збіццё дэпутатаў БНФ. Але ў гэтых двух гульцоў былі дыяметральныя погляды на ўвядзенне пасады прэзідэнта: АДПБ — за прэзідэнцтва, БНФ — за парламенцкую рэспубліку.

Сяргей Навумчык згадвае: адносіны паміж БНФ і Аб’яднанай дэмакратычнай партыяй былі далёкія ад ідэальных і да 1995 года. Напружанне абвастрылася яшчэ на прэзідэнцкіх выбарах 1994 года, калі АДПБ падтрымала Шушкевіча, а БНФ — свайго лідара Зянона Пазняка. Таму з’яўленне ў адной акрузе канкурэнта з таго ж дэмакратычнага лагеру выглядала працягам гэтага супрацьстаяння.

Але, падкрэслівае ён, галоўным ворагам БНФ былі не ўнутраныя спрэчкі, а дзяржаўная і камуністычная машына.

«Асноўным інструментам змагання ўладаў супраць БНФ былі не альтэрнатыўныя кандыдаты дэмпартый, а кандыдаты ад камуністычнай партыі, якую ўзначальваў Сяргей Калякін. Камуністы выставілі сваіх кандыдатаў па ўсіх акругах, дзе ішлі фронтаўцы, мелі і арганізацыйную, і ідэалагічную — праз дзяржаўныя СМІ — падтрымку адміністрацыі Лукашэнкі. Яны адпомсцілі БНФ і Пазняку асабіста і за Курапаты, і за Незалежнасць», — кажа Навумчык.

Разбіты электарат і псіхалагічны эфект

Навумчык прызнае: калі глядзець на сухую арыфметыку, нельга ўпэўнена сказаць, што без Мацкевіча Пазняк стаў бы дэпутатам. Але, паводле яго, выбары — гэта не толькі матэматыка.

«У першым туры Пазняк выйшаў на першае месца, але не набраў патрэбных для абрання 50%. Ягоны асноўны канкурэнт-камуніст быў другім, Мацкевіч — чацвёртым. Я цяпер не маю дакладных лічбаў Пазняка, але, наколькі памятаю, гэта было менш за 40%, так што нават калі б і дадаліся «мацкевічскія» 12%, лідар БНФ мог і не быць абраны. Але гэта арыфметычна.

Аднак быў істотны псіхалагічны момант, які, на мой погляд, паўплываў на вынікі, — сама наяўнасць альтэрнатыўнага дэмакратычнага кандыдата.

У другім туры Пазняк быў на другім месцы, на першае выйшаў камуніст, але і ён не набраў патрэбных 50%. Наколькі я магу прыгадаць тагачасныя размовы ў БНФ, некаторыя лічылі, што калі б у Пазняка не было канкурэнта з дэмлагеру ў першым туры, гэта не раструшчыла б, не дэмаралізавала б дэмакратычны электарат. Бо тыя, хто галасаваў за Мацкевіча, не пайшлі галасаваць на другі тур, а калі б Мацкевіча не было, яны б прагаласавалі за лідара БНФ і ў першым туры, і ў другім туры.

Не ведаю, наколькі гэта было рэальна для другога туру. Бо другі тур адбываўся пасля абвяшчэння вынікаў так званага рэферэндуму пра мову, герб і сцяг, якія былі моцным ударам па нацыянальна свядомай частцы грамадства. Але тое, што ў першым туры наяўнасць у лідара БНФ апанента з дэмлагеру, апроч разбівання галасоў, стварыла адмоўны псіхалагічны фон, — гэта бясспрэчна. Пэўна ж, былі тыя, хто не прыйшоў галасаваць ужо на першы тур, падумаўшы — а ці варта ісці за вас галасаваць, калі вы паміж сабой не можаце дамовіцца?» — перакананы Сяргей Навумчык. 

Мітынг у скверы Янкі Купалы. Васіль Быкаў, Сяргей Навумчык, Артур Вольскі, Рыгор Барадулін. Фота Галіны Навумчык, 3 ліпеня 1994. Крыніца: zbsb.info

Ён падкрэслівае: удзел Мацкевіча ў выбарах адназначна паспрыяў аслабленню Пазняка і імкненню ўладаў не прапусціць лідара БНФ у Вярхоўны Савет.

«Але незалежна ад якіх бы ні было фактараў улады не прапусцілі б у новы Вярхоўны Савет не толькі Пазняка, але і ўвогуле ніводнага кандыдата ад БНФ. Гэта была стратэгічная мэта ўладаў. Калі б Мацкевіча не было, скарысталі б нешта іншае. Так, як у 1994 Масква скарыстала амбіцыі «маладых ваўкоў», якія вылучылі Лукашэнку. Не было б Ганчара і Булахава — знайшлі б іншых. Не варта забываць і пра фальсіфікацыі, улады іх выкарыстоўвалі напоўніцу і на выбарах ўвесну, і на «давыбарах» увосень 95-га.

Між іншым, увосень АДПБ канкурэнтаў лідарам БНФ не выстаўляла, як і мы ім сваіх не выстаўлялі. Супраць Пазняка ў Смаргоні ішоў камуніст, і фальсіфікацыі там былі татальныя. Тагачасны старшыня ЦВК Абрамовіч на паседжанні камісіі прызнаў іх наяўнасць, нават загадаў перадаць матэрыялы ў Генпракуратуру, але… зацвердзіў вынікі выбараў, і неўзабаве стаў намеснікам кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі.

Праўда, спадар Мацкевіч адмаўляў наяўнасць фальсіфікацый, і аспрэчваў словы Васіля Быкава, што «выбары сфальсіфікаваныя ад пачатку да канца», заявіўшы, што ў Быкава няма доказаў. У рэальнасці, доказы фальсіфікацый у БНФ былі літаральна па кожнай акрузе, дзе мы мелі сваіх кандыдатаў», — кажа Навумчык. 

Мацкевіч: Яны не маглі ўявіць сабе надыход фашызму

Уладзімір Мацкевіч лічыць, што праблема была значна глыбейшая і не ў ім. Для яго галоўнае ў той гісторыі не пытанне, у каго колькі галасоў ён забраў, а як у Беларусі ў той момант ужо змяніўся сам механізм выбараў.

Незадоўга да выбараў ён вярнуўся ў Беларусь і апынуўся побач з палітыкай як кансультант Аб’яднанай дэмакратычнай партыі. Ён спрабаваў пераканаць сваіх суразмоўцаў: іх уяўленне пра палітычную рэчаіснасць ужо не адпавядае таму, што адбываецца насамрэч. Але яго, паводле ягоных жа слоў, не чулі.

Уладзімір Мацкевіч, 2026 год. Фота: «Наша Ніва»

«Гэта ўжо была іншая краіна. Але значная частка апазіцыі гэтага проста не заўважыла. Яны проста не маглі ўявіць сабе надыход фашызму. Пад тую выбарчую кампанію я напісаў тэкст «Красавіцкія тэзісы». Ён з’явіўся пасля збіцця дэпутатаў фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12‑га склікання. І тое, што адбылося, было паказальным: усё прайшло амаль ціха, без сапраўднай рэакцыі грамадства. Фракцыя БНФ, вядома, абурылася, але ў цэлым краіна гэта праглынула.

Ніхто не ўспрыняў гэтага як сігналу. Хаця па сваёй сутнасці гэта нагадвала падпал Рэйхстага ў Германіі 1933 года — дэманстрацыю таго, што перыяд адноснай свабоды скончыўся. Часы Кебіча, з іх недасканалай, але ўсё ж дэмакратыяй, засталіся ў мінулым. Рэжым яшчэ не быў аформлены канчаткова, але ягоныя контуры ўжо праяўляліся: ціск на медыя, белыя плямы ў газетах, выцісканне бізнэсу, першыя прыкметы кантролю.

Палітыкі гэтага не бачылі. Яны працягвалі жыць у ілюзіях пачатку 90‑х — у ўяўленні, што свабода і незалежнасць ужо незваротныя, што ўсё далей пойдзе само сабой.

Я глядзеў на гэта інакш, як аналітык, са свежымі вачыма. І бачыў, што сітуацыя развіваецца ў супрацьлеглым кірунку. Але гэты погляд быў непапулярны, ён ішоў насуперак агульнаму настрою. І ў гэтым трагедыя таго часу: мы прапусцілі момант, калі яшчэ нешта можна было змяніць».

«Калі ты такі разумны — ідзі сам»

Удзельнічаць у парламенцкіх выбарах Мацкевіч вырашыў не таму, што марыў пра мандат, а таму, што хацеў праверыць уласную гіпотэзу на практыцы:

«Шчыра кажучы, я сам не збіраўся ісці ў дэпутаты. Я толькі каля года як вярнуўся ў Мінск, займаўся аналітыкай і ўвогуле лічыў, што мая справа — гэта рэформа адукацыі. Але тое, што я бачыў, вельмі моцна разыходзілася з уяўленнямі апазіцыйных палітыкаў і аналітычных цэнтраў. Мне здавалася, што іх ацэнкі павярхоўныя, непрафесійныя, што яны проста не разумеюць, што адбываецца.

Я спрабаваў гэта тлумачыць, у тым ліку Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, якой кіраваў Аляксандр Дабравольскі. Але мяне дрэнна чулі. І ў нейкі момант мне фактычна сказалі: калі ты такі разумны — давай тады пойдзеш у дэпутаты сам і зоймешся палітыкай.

Я пагадзіўся. Але не як палітык, а як аналітык, які хоча праверыць сваю гіпотэзу».

Пры гэтым, паводле слоў Мацкевіча, ён адразу прасіў не абы-якую акругу, а самую складаную — тую, дзе ішлі галоўныя палітычныя фігуры. Ён называе тры прозвішчы: Пазняк, Шушкевіч, Карпенка.

«Я спецыяльна папрасіў акругу з самымі моцнымі кандыдатамі — там, дзе ішлі відавочныя фаварыты. Бо, паводле маёй ацэнкі, ніводзін з іх не павінен быў атрымаць дастатковай падтрымкі: яны ўжо гублялі папулярнасць, хоць самі гэтага не ўсведамлялі.

Мне не паверылі. Але ў выніку далі менавіта акругу Пазняка. Насамрэч, мне было б нават цікавей ісці супраць Шушкевіча. Але Аляксандр Дабравольскі і кіраўніцтва партыі не хацелі канфліктаваць ні з ім, ні з Карпенкам.

З Зянонам Пазняком сітуацыя выглядала інакш: супрацоўніцтва паміж БНФ і Аб’яднанай дэмакратычнай партыяй і без таго было напружаным. Да таго ж усе былі ўпэўненыя, што Пазняк у сваёй акрузе ўсё роўна пераможа.

І так думалі не толькі ў партыі. Так думалі і бізнэсмены, з якімі я тады працаваў як бізнэс-кансультант. Я хацеў атрымаць дапамогу, грошы на сваю кампанію. Усе, да каго я звяртаўся, казалі: «Ну ты што, вар’ят? Пазняк там адназначна пераможа».

У выніку я правёў кампанію фактычна за ўласныя грошы. Партыя дапамагла мінімальна — раздрукавалі некалькі ўлётак. Усё астатняе — гэта была праца валанцёраў: студэнтаў, аспірантаў, калег», — згадвае Уладзімір Мацкевіч. 

Адзначым, што ў адной са сваіх кніг Мацкевіч тлумачыў сваю тагачасную логіку трохі іначай: «Як даследчык, аўтар разумеў, што акруга вельмі зручная, бо шанцы Пазняка на выхад у другі тур вельмі вялікія, але шанцаў на перамогу [Пазняка] ў другім туры няма ніякіх. Выхад аўтара ў другі тур быў бы цяжкай задачай, затое потым усё станавілася прасцей».

Выглядае, што Мацкевіч спадзяваўся у ідэале праскочыць разам з Пазняком у другі тур з другога месца. А ў другім туры скарыстацца адмоўным рэйтынгам Пазняка і, сабраўшы галасы яго ненавіснікаў, перамагчы. Аднак не атрымалася. Мацкевіч атрымаў толькі чацвёртае месца.

Рэферэндум 14 мая 1995 г. Выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. Галасаванне на 3‑м выбарчым участку 251‑й Машэраўскай акругі сталіцы. Мінск. Фота: Беларуская энцыклапедыя

«Мы не развалілі кампанію, а ажывілі яе»

На заўвагу, што ягоны ўдзел мог адцягнуць галасы ў Пазняка і перашкодзіць яму ў выбарах, Мацкевіч адказвае: на яго думку, менавіта ягоная кампанія і надала той акрузе дынаміку.

«Калі б не мы, кампанія БНФ у той акрузе, хутчэй за ўсё, прайшла б даволі сціпла. А так мы выходзілі з пікетамі, вялі актыўную агітацыю, і штаб Пазняка таксама быў вымушаны ўключацца. У выніку атрымалася сітуацыя: дзве каманды, два кандыдаты, але фактычна з адным і тым жа парадкам дня. Але нават калі скласці галасы за Зянона Пазняка і мае, паводле афіцыйных вынікаў яны ўсё роўна не давалі неабходных 50% плюс адзін. Да таго моманту Зянон Пазняк ужо не меў той падтрымкі і той перавагі на сваёй акрузе, якую меў на першых выбарах, ягоная папулярнасць падала.

Тое ж пацвердзілі і наступныя, снежаньскія выбары, калі ён балатаваўся ў Смаргоні — і зноў безвынікова. Тады ніводзін кандыдат ад БНФ не прайшоў у парламент. Палітычная сітуацыя змянілася, і былі патрэбныя новыя людзі, новыя падыходы. Менавіта з гэтым разуменнем я ўдзельнічаў у стварэнні Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Мы працавалі з кандыдатамі, спрабавалі выбудаваць іншую логіку ўдзелу ў выбарах. І ў нейкім сэнсе гэта дало вынік: у Вярхоўным Савеце 13‑га склікання ўсё ж удалося сфарміраваць хаця б адну апазіцыйную фракцыю. У тых умовах гэта ўжо было нешта».

Лібералам з Аб’яднанай грамадзянскай партыі — якая была створаная на аснове Аб’яднанай дэмакратычнай — сапраўды ўдалося стварыць фракцыю «Грамадзянскае дзеянне» з 15 дэпутатаў. Сваю маленькую фракцыю ўтварылі і сацыял-дэмакраты. Гэтыя дзве апазіцыйныя сілы ў 1996 годзе стануць рошчынай для нечаканага альянсу з дамінуючымі аграрнікамі і камуністамі ў спробе спыніць спаўзанне краіны да дыктатуры.

Мацкевіч адзначае, што вынікі галасавання былі для яго пацверджаннем — выбары ўжо тады фальсіфікаваліся. Заўвагу Сяргея Навумчыка аб тым, што ён адмаўляў раней фальсіфікацыі, Мацкевіч называе памылковай інтэрпрэтацыяй ягоных слоў. Але галоўнае, на яго думку, не ў саміх фальсіфікацыях. 

«Рэч у тым, што ў той момант пачынаў фармавацца іншы механізм. Дзяржава атрымлівала магчымасць кантраляваць выбары задоўга да дня галасавання — праз медыя, сімвалічную прастору, грошы. Апазіцыйных кандыдатаў можна было проста перакрыць эканамічна, інфармацыйна, арганізацыйна, так, што да бюлетэняў справа ўжо не даходзіла як да сапраўднай канкурэнцыі.

Таму мая тэза была ў тым, што выбары становяцца несапраўднымі не толькі праз фальсіфікацыі. Іх можна сарваць і без прамога падману ў дзень галасавання праз кантроль над усім працэсам. Менавіта гэта — як гэта адбываецца, як працуе сістэма — я і хацеў зразумець праз свой удзел. Гэта і было маё даследаванне дзеяннем», — кажа Мацкевіч.

Аляксандр Дабравольскі: Гэта была памылка

У Аляксандра Дабравольскага сваё бачанне тых падзей. На пытанне, навошта яго партыя вылучыла Мацкевіча на акругу Пазняка, ён адказвае больш прыземлена, чым Навумчык і Мацкевіч:

Аляксандр Дабравольскі. Фота: Наша Ніва

«У 1995 годзе былі перамовы пра падзел акругаў паміж кандыдатамі ад дэмакратычных партый. Дамовіцца не ўдалося. БНФ вылучыў свае кандыдатуры па шматлікіх акругах, у тым ліку і па маёй. У нас была гарачая дыскусія, што рабіць. У той час у нас ішоў працэс аб’яднання з Грамадзянскай партыяй, і мы кансультаваліся з імі. Я асабіста лічыў кепскай ідэяй вылучаць кандыдата па акрузе Пазняка, хоць мне прыводзілі прыклад маёй акругі, дзе я раней перамог на выбарах у Вярхоўны Савет СССР. Але Мацкевіч настойваў, і большасцю галасоў яго вылучылі кандыдатам.

Той прыклад паказвае, што перавага амбіцый над імкненнем да супольных мэтаў да дабра не вядзе. Я неаднойчы казаў, што каб у Вярхоўным Савеце ў 1996 годзе, акрамя нас, былі дэпутаты ад БНФ, то шанцаў на імпічмент было б значна больш».

Герой перабудовы, але не палітык новай эпохі?

Сам Мацкевіч пры гэтым не адмаўляе значэння Пазняка: 

«Я ўспрымаў Пазняка як героя перабудовы, як аднаго з ключавых людзей у пачатку беларускай незалежнасці. І тое, што зрабіла фракцыя БНФ у Вярхоўным Савеце 12‑га склікання, — гэта сапраўды подзвіг: у поўнай меншасці яны здолелі ўплываць на правільныя рашэнні, фактычна весці за сабой гэты разгублены, нерашучы парламент».

Але, на яго думку, зорка Пазняка закацілася ўжо ў 1992 годзе, калі не ўдалося дамагчыся выбараў новага складу Вярхоўнага Савета:

«Бо сітуацыя была абсурдная: краіна ўжо незалежная, а парламент — яшчэ савецкі, абраны як рэгіянальны орган у складзе СССР. Ён быў непрацаздольны, неадэкватны рэальнасці, і толькі дзякуючы БНФ у ім яшчэ нешта рухалася.

І вось у той момант, на піку папулярнасці, не здарыўся галоўны крок — перазагрузка ўлады. Пасля гэтага ўсё пайшло на спад. Рэйтынгі Пазняка пачалі падаць, супраць БНФ разгарнулася сістэмная антыкампанія — з боку старых камуністычных структур, спецслужбаў, медыя.

Зянон Пазняк на Дні Волі 1995 года ў Мінску. Фота: photo.bymedia.net з архіву «Нашай Нівы»

Пры гэтым я заўсёды ставіўся да Пазняка з вялікай павагай як да ідэолага. І шмат у чым ягоныя погляды мне блізкія і сёння. Але як палітык ён, на мой погляд, аказаўся не цалкам адпаведны той рэальнасці. Палітыка патрабуе не толькі прынцыповасці, але і гнуткасці, умення гуляць складаную гульню, часам ісці на кампрамісы.

Пазняк — іншы. Ён прынцыповы, непахісны, прамы. І менавіта гэта робіць яго моцным як ідэолаг, але адначасова — складаным, немэйнстрымным палітыкам».

Для аднаго — досвед. Для іншых — экзістэнцыйны момант

Мацкевіч не хавае: свой удзел у выбарах ён лічыць плённым. Паводле яго, менавіта на падставе таго досведу ён пазней сфармуляваў канцэпцыю трох пакаленняў паліттэхналогій і інакш пачаў глядзець на ўсе наступныя кампаніі.

«Галоўнае, што мне даў 1995 год, гэта разуменне: палітыка не тлумачыцца толькі рэйтынгамі, сацыялогіяй або жаданнямі саміх палітыкаў. Найбольш дакладную карціну дае толькі даследаванне дзеяннем — калі ты ўнутры працэсу і бачыш, як ён працуе насамрэч», — кажа Уладзімір Мацкевіч.

Сяргей Навумчык глядзіць на гэта пад іншай оптыкай: для Мацкевіча гэта было даследаванне, эксперымент, а для БНФ эта быў момант, калі вырашаўся лёс краіны.

19 дэпутатаў БНФ у Вярхоўным Савеце 11 красавіка 1995 года проста ў Авальнай зале абвясцілі галадоўку. Другі злева з газетай — Сяргей Навумчык. Архіўнае фота

«Уладзімір Мацкевіч сам называў свой удзел у выбарах «даследаваннем дзеяннем» і лічыў гэты эксперымент удалым. А для нас выбары былі не эксперыментам. На іх вызначаліся не лёсы канкрэтных палітыкаў, і нават не будучыня дэмакратыі, а лёс беларусаў як нацыі.

1994—95 гады мелі для краіны экзістэнцыйны характар: альбо Беларусь будзе незалежнай, а для гэтага трэба як далей дыстанцыявацца ад Расіі, альбо яна будзе з Расіяй, а значыць, яе сувэрэннасць будзе змяншацца, а беларусы апынуцца пад пагрозай знікнення як нацыя.

Васіль Быкаў тады заклікаў грамадства, дэмакратычныя партыі аб’яднацца вакол Беларускага Народнага Фронту, які няўхільна абараняў нацыянальныя інтарэсы. Я і сёння перакананы, што тады БНФ на чале з Пазняком былі адзінай палітычнай сілай, здольнай паслядоўна праводзіць палітыку будаўніцтва незалежнай дзяржавы і, што асабліва важна, — адзінай, здольнай супрацьстаяць націску Расіі. Прычым у той час такое супрацьстаянне не выклікала б увод расейскіх танкаў, Беларусь усё ж не Чачня. Гэта быў шанец, але ён быў страчаны: лідары дэмпартый, хаця нязменна выказвалі павагу Быкаву, на жаль, не прыслухаліся да яго.

Між іншым, тады некаторыя дэмакраты, якія прайшлі ў ВС-13, кпілі з нас, што, маўляў, БНФ пацярпеў скрышальную паразу. Ужо не прыгадаю, каму канкрэтна, але я тады сказаў: «Пачалі з нас, наступнымі будзеце вы». Так яно і здарылася — ад 1996 года ніводны з іх больш не быў прапушчаны ў «парламент».

Ці змяніў бы Пазняк гісторыю 1996-га?

А што было б, калі б Зянон Пазняк усё ж трапіў у Вярхоўны Савет 13‑га склікання? Ці мог ён паўплываць на галоўную палітычную драму таго часу — спробу імпічменту Аляксандра Лукашэнкі ў 1996 годзе?

Тут версіі зноў разыходзяцца.

У Вярхоўным Савеце выступае Зянон Пазняк. Архіўнае фота

Сяргей Навумчык упэўнены: прысутнасць БНФ у парламенце была прынцыповай. Пасля выбараў фронтаўцаў у зале не было, і частка дэмакратычных дэпутатаў спачатку шукала кампрамісу з Лукашэнкам, спрабавалі дамовіцца з ім, у адрозненне ад БНФ, які, паводле яго, ілюзій не меў ніколі.

Гэта, на яго думку, і стала фатальнай розніцай. Пакуль адны яшчэ верылі ў магчымасць дамовы, час працаваў супраць іх. Да ідэі імпічменту дэпутаты прыйшлі толькі ў жніўні — калі, па сутнасці, было ўжо позна.

Кульмінацыяй стаў лістапад 1996 года і так званае начное пагадненне, калі Сямён Шарэцкі і Валер Ціхіня падпісалі дамову з Лукашэнкам аб спыненні працэдуры імпічменту.

Пры тым, падкрэслівае Навумчык, сам імпічмент быў рэальны.

«Многія ўзгадваюць, як напярэдадні гэтага Лукашэнка выступаў па тэлебачанні з відавочным хваляваннем — у яго дрыжэлі рукі. Шарэцкі пазней заяўляў, што камандзіры вайсковых падраздзяленняў казалі: калі імпічмент будзе абвешчаны, яны гатовыя «даставіць Лукашэнку ў ланцугах».

Але ў апошні момант у гульню ўмяшалася Масква. У Мінск прыляцелі высокапастаўленыя расійскія чыноўнікі — крамлёўскі дэсант, які, па словах Навумчыка, фактычна выратаваў Лукашэнку.

І менавіта тут ён уводзіць Пазняка — як фігуру, якая магла павесці сябе інакш:

«Праз некалькі гадоў у Празе Шарэцкі сам прызнаваўся: «Мне патэлефанаваў Ельцын! Вы разумееце — Ельцын!» Тады адзін з прысутных, пісьменнік Уладзімір Арлоў, сказаў: «Пазняк бы гэтага Ельцына паслаў бы на…». І гэта, па сутнасці, адлюстроўвае розніцу ў паводзінах.

У 1996 годзе я сам пытаўся ў Пазняка, што б ён зрабіў, калі б быў там. Ён адказаў: «Я б проста выцягнуў Шарэцкага за каўнер з-за стала. Фізічна». І, шчыра кажучы, я не сумняюся, што ён бы так і зрабіў. Ні Калякін, ні Карпенка на такое не пайшлі б. А Пазняк — мог.

Я часта чытаю, што калі б Пазняк не паехаў у эміграцыю, імпічмент бы адбыўся. Не, прысутнасці Пазняка проста ў Беларусі было недастаткова. Начное пагадненне было б сарванае толькі ў тым выпадку, калі б Пазняк быў у памяшканні, а быць ён там мог толькі калі б меў дэпутацкі статус».

Уладзімір Мацкевіч бачыць сітуацыю інакш. Ён не адмаўляе ролі асобы ў палітыцы, але настойвае: сістэма ўжо была такой, што нават моцная фігура сама па сабе не магла гарантавана штосьці змяніць.

Ён адзначае: у парламенце і без таго былі людзі, якія змагаліся за імпічмент — Віктар Ганчар, Генадзь Карпенка, іншыя дэпутаты. Ішла барацьба за кожны голас. Але вырашальны злом адбыўся на ўзроўні сістэмы — пад ціскам Масквы і ўнутраных кампрамісаў.

Больш за тое, Мацкевіч лічыць, што галоўная памылка была ў іншым: дэпутаты не пусцілі людзей з плошчы ў будынак Вярхоўнага Савета, каб абараніць яго.

«Я лічу, што менавіта ў 1996 годзе ў Беларусі мог адбыцца першы Майдан. Калі б у крытычную ноч людзі не проста стаялі звонку і разыходзіліся, а занялі будынак. Але дэпутаты на гэта не пайшлі», — кажа ён.

І таму робіць выснову: Пазняк мог бы нешта змяніць, але не абавязкова вырашыць усё.

Важна адзначыць: Станіслаў Шушкевіч і Генадзь Карпенка, супраць якіх Уладзімір Мацкевіч таксама быў гатовы выступіць, у сваіх мінскіх акругах тады ў 1995 годзе ўсё ж перамаглі. Ці гэта было таму, што дэмакратычны электарат у тых акругах ад пачатку не быў расколаты? Ці таму, што кандыдаты-цэнтрысты мелі лепшы рэйтынг за Пазняка? Адказу на гэтае пытанне няма.



Categories: Асьвета, Гісторыя, Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар