Ідэолагі робяць з мухі слана, каб людзі пасля баяліся гэтага слана, піша Мікола Бугай.

У трэдсах і тыктоках сустракаецца нямала крытычных водгукаў на забарону Хэлоўіна ад простых людзей. «Гэта нармальна, што гарбузы забараняюць?» — тыповы асцярожны тэйк.
Улады нярэдка мяняюць пазіцыю, калі адчуваюць грамадскую незадаволенасць, але гэта не распаўсюджваецца на палітычныя пытанні. У пытанні свята гарбузоў азвяронкі бескампрамісныя.
«Заходнія паліттэхнолагі выкарыстоўваюць Хэлоўін як інструмент раскладання нашага грамадства. Пад выглядам бяскрыўднай забавы прасоўваюцца чужыя каштоўнасці», — такія публікацыі навязалі ўсім дзяржаўным СМІ.
Лухта. У англасаксонскіх краінах Хэлоўін традыцыйна святкуюць: у ЗША нават прэзідэнт сустракаецца з дзецьмі ў карнавальных касцюмах і дорыць ім слодычы. У іншых краінах усё абмяжоўваецца вечарынкамі ці гарбузамі. Ніхто там нічога не «прасоўвае», кожны што хоча, тое і робіць.
Хэлоўін — гэта не больш чым спосаб павесяліцца ў змрочныя восеньскія дні. Гэта не перашкаджае, у тым ліку нашым суседзям, адначасова адзначаць Дзень памяці продкаў. У Польшчы і Літве 1 лістапада — афіцыйныя выхадныя, каб людзі мелі час паехаць на могілкі, памянуць. У суседніх краінах усе могілкі расцвітаюць знічамі свечак. Нам бы так шанаваць памяць пра сваіх! У Беларусі ж наадварот, Дзяды перасталі быць выхадным днём пры Лукашэнку, хоць выхадны на дзень кастрычніцкага перавароту ў Расіі ён то захаваў.
Можна спрачацца, ці трэба нам той Хэлоўін. У нашай традыцыі моладзь у страшных масках збірала цукеркі на Каляды. Але хочуць дзеці і Хэлоўіна, і Каляд — ну і на здароўе, здавалася б.
Супраць Хэлоўіна столькі шуму вось чаму. Дзяржаўная прапаганда праводзіць думку — абсурдную, але ім яна падаецца дарэчнай — што на Захадзе буйным цветам расцвіў сатанізм. У расійскіх і лукашысцкіх каналах пішуць, што сатаністы ваююць ва Украіне, тайныя сатаністы кіруюць Францыяй, што глабалісты гэта сатаністы.
Распальванне нянавісці да «іншых», распальванне варожасці да народаў Еўропы і Паўночнай Амерыкі, усе гэтыя выдумкі пра сатанізм, як і пра ЛГБТ, глабалістаў — гэта база лукашысцкай ідэалогіі. Яны робяць з мухі слана, каб людзі пасля баяліся таго слана.
У страху перад усім заходнім, усім, што асацыюецца з дэмакратычнымі краінамі Захаду, ідэолагам бачыцца зарука неабмежаванага і вечнага існавання сваёй сістэмы.
У савецкі час змагаліся з джынсамі, джазам, рок-музыкай, доўгімі валасамі. У Паўночнай Карэі гэта даведзена да абсурду. І мы ўжо блізкія да таго самага абсурду: КНДР у нас ставяць у прыклад, а бяскрыўднае дзіцячае свята стала ахвярай ідэалагічнай кампаніі.
* * *
Тэксты ў рубрыцы «Меркаванні» могуць супадаць, а могуць і не супадаць з пазіцыяй Рэдакцыі.
Categories: Асьвета, Зьнешнія адносіны, Культура, Этнацыд беларусаў
Пакінуць адказ