Зяленскі ў Вільні: Пакуль шпіц Лукашэнкі мае больш правоў, чым народ Беларусі

На ўшанаванні памяці паўстанцаў Каліноўскага прэзідэнт Украіны ў прысутнасці Святланы Ціханоўскай выступіў з прамовай, звернутай у значнай ступені да беларусаў. «Беларусь і цяпер вымушаная існаваць як расійскае генерал-губернатарства, — сказаў ён. — Быў шанс у 2020 годзе гэта змяніць — і яшчэ будзе такі шанс». Прапануем вам поўны тэкст яго прамовы.

Уладзімір Зяленскі ў Вільні, падчас ускладання вянкоў на могілках Роса, 25 студзеня 2026. Фота прэсавай службы ОСЦ

25 студзеня, у нядзелю, Вільню наведалі прэзідэнты Украіны Уладзімір Зяленскі і Польшчы Караль Наўроцкі. Разам з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам яны ўзялі ўдзел у памятных мерапрыемствах з нагоды гадавіны Паўстання 1863—1864 гадоў.

У цырымоніі ад імя беларусаў удзельнічала і Святлана Ціханоўская.

Гэта не проста пратакольны візіт, а сімвалічны жэст, які падкрэслівае адзінства чатырох нацый і гатоўнасць разам бараніць сваю свабоду і незалежнасць. Асаблівасць моманту надае тое, што 25 студзеня — дзень нараджэння Уладзіміра Зяленскага. Уладзіміру Зяленскаму сёння споўнілася 48 гадоў.

https://www.tiktok.com/embed/v2/7599311205408296214?lang=en-US&referrer=https%3A%2F%2Fnashaniva.com%2F386534

Уладзімір Зяленскі выступіў з прамовай, у якой асобна звярнуўся да беларусаў:

«Вы — еўрапейскі народ, які будзе разам з усімі нашымі народамі ў аб’яднанай, вольнай Еўропе. У Еўропе мірнай. У Еўропе моцнай. Вас не выкрасліць. Нас усіх не выкрасліць».

«Беларусь і цяпер вымушаная існаваць як расійскае генерал-губернатарства. Сёння, калі столькі гадоў прайшло з часоў Кастуся Каліноўскага, усё, за што ён змагаўся, застаецца актуальным для Беларусі, хаця для Украіны, Літвы і Польшчы гэта ўжо адбылося».

«Магчымасць змяніць гэта была ў 2020 годзе — і яшчэ будзе такая магчымасць, — мяркуе прэзідэнт Зяленскі. — Паўстанне беларусаў павінна было перамагчы ў 2020 годзе — каб сёння адтуль не было пагрозы. Еўропа і свет павінны былі падтрымаць народ, які паўстаў — і гісторыя была б бяспечнейшай».

Зяленскі заклікаў да адзінства народаў Цэнтральнай Еўропы: «Наша прызначэнне — быць разам. А наш поспех — украінцаў, палякаў, літоўцаў, беларусаў — можа быць толькі супольным поспехам. Дакладна ў той ступені, у якой мы разам, мы можам быць незалежнымі».

Прапануем вам яе поўны тэкст.

Гітанас, Каралю — спадары прэзідэнты,

Дыяна, Марта, Алена — дарагія нашы першыя дамы,

Святлана — і ўся каманда свабоднай Беларусі,

дарагія сябры — народы, якія так блізкія адзін аднаму і чыя блізкасць мае такое вялікае значэнне для ўсёй нашай Еўропы.

Сёння мы ўсе сабраліся тут, у Вільні, каб ушанаваць памяць і падзякаваць за адвагу ўдзельнікам Паўстання 1863 года.

Паўстанне, якое пацвердзіла: наша прызначэнне — быць разам. А наш поспех — украінцаў, палякаў, літоўцаў, беларусаў — можа быць толькі супольным поспехам. Дакладна ў той ступені, у якой мы разам, мы можам быць незалежнымі. У нас ёсць адзін вораг — і гэта доўжыцца ўжо амаль чатыры гады поўнамаштабнай вайны, значна даўжэй — гібрыднай вайны, даўжэй нават за панаванне савецкай Масквы і імперскага Пецярбурга.

Менавіта тут, у нашай частцы Еўропы, на землях нашых народаў — і, што важна, у памяці людзей — адбываецца сутыкненне двух мадэляў стаўлення да чалавека і грамадства. Ёсць наша супольная мадэль, у якой людзі, народы і культуры маюць значэнне. І ёсць мадэль, якая ўкаранілася на ўсход ад нас і якая стагоддзямі прыходзіць у наш дом з пагардай і войнамі супраць усяго, што для нас каштоўнае. У Еўропы няма іншага выбару, толькі гэтыя дзве мадэлі: свабода або залежнасць, і нашы народы ведаюць гэта лепш за ўсіх. Таму мы можам казаць рэзка, калі гаворым: еўрапейскай абароны недастаткова.



Categories: Uncategorized

Пакінуць каментар