Пётра Мурзёнак: “ДЗЕВЯТНАЦЦАЦЬ” (паэма)

ДЗЕВЯТНАЦЦАЦЬ

Уладзіміру Някляеву

Сьнег.

          Сьнег.

                  Сьнег.

                          Сьнег.

Па вуліцы рашуча ідзе чалавек.

За ім дзевятнаццаць. Падае сьнег.

Сьнежань. Няўмольны прыроды бег.

На добрае сьнег – ураджаю знак,

Ды й гэты сезон ідзе наўскасяк.

Засыпала край, ціха сьпіць сяло,

Вуліцы ў Менску амаль замяло,

І толькі у цэнтры застаўся пятак,

Вядзе за сабой ваяроў мастак.

Праходжыя рэдкія – нос у каўнер,

Маглі б далучыцца – баяцца галер.

Скавалі ў іх волю, атрутай зьвялі,

Рабамі бязмоўнымі ёсьць на зямлі.

Збірацца больш трох не маюць дазвол,

Зяваць на натоўп іх галоўная роль.

Бо чарку і шкварку ўсё маюць яшчэ,

Гадзіньнік і той па старому цячэ.

І ворагі край акружылі наўкол

(па праўдзе дык гэта рабіў і мангол):

Спрабуюць дастаткам сваім аглушыць,

На зло ім мадэль адбудуем ў цішы.”

Бы здольнасьць да думак скавала зіма,

Як глянуць знадворку – на выгляд турма.

Сьнег сыпле і сыпле, а тут і мароз,

Так цісьне, што вочы макрэюць ад сьлёз,

Заціснута воля пружынай ў кулак.

Калі адамкнецца і зьнікне Гулаг?

Імкне без аглядкі мастак-чалавек,

Сьпіной адчувае ног хуткіх бег,

Дыханьнем гарачым зараджаны ён,

Нясе цяжкі крыж – радзімы праклён.

З апошніх сваіх папрасіла сіл

Успомніць чаму ў краі столькі магіл,

Чаму шмат згубілі мы слаўных сыноў,

Чаму не ўслаўляем сваіх змагароў,

Жыцьцё што аддалі, каб жыў любы край,

Свабодны і вольны.

Дай, Божа, дай!

Яшчэ пакаленьне адно падрасло,

Ды зноў да яго падкрадаецца зло.

Як ліха якое, ну што за прастора,

Няма ў ёй на небе шчасьлівых зораў!

Пануе вякамі у краі прымус,

Няўжо ж спадабаў гэта брат-беларус?

Але як раней пасля цяжкіх параз

Ёсьць сілы паўстаць, у чарговы раз,

Дарога цяжка́я, вялікі наш край,

Ды сілы растуць, не да твару адчай.

Растуць па ўсім краі, у Гомлі і Крэве,

З мінулага цягнучы сокі у дрэве,

Яе спазнаюць,

бо Айчына адна,

Як Богу не справа –

не даруе яна.

Не толькі мастак той прачуў праклён,

Такіх дзевятнаццаць амаль як ён.

Бы іх укусіла шалёна пчала,

Ад сну прабудзіла, на сход павяла.

І дзесь сярод сьнегу,

над іх галавой,

Сьцяг белы з чырвоным

нёс Бог над зямлёй.

Яблонскай знаёмы на ходніках твар,

Пытае паглядам “Хто тут уладар?”

Здаецца даўно спрэчкі скончылі з ёй:

Былі мы калісьці з’яднанай сям’ёй;

Крыжа́каў пабілі літовец з палякам,

Адкуль Беларусь узялася, пся крэв?”

На ўсходзе-захо́дзе няма даўно крэсаў,

Тутэйшы жыве ля Дняпра і Арэсы,

Падзьвінне, Палесьсе, ўсё намі занята

Між Вільняй, Смаленскам стаяць нашы хаты.

Ўсяго ўдоваль маем, але не свабоды.

Ідуць дзевятнаццаць на раду з народам.

Ніхто не паможа, зрабіць мусім самі;

Яблонская толькі ўзмахнула рукамі.

Лёс вырашыць маюць на гэтай сустрэчы,

Адказ сёньня дасць ўсенароднае веча.

Пара збудаваць прыйшла новую вежу

І цьвёрда расставіць па ўсіх канцах межы.

Там людзі чакаюць, тут іх дзевятнаццаць,

Не ў праве на сход ўсенародны спазьняцца.

Бывай ясна пані, чакае Айчына,

Найдаражэйшая ў сьвеце жанчына.

***

Сталёвая воля сабрана ў кулак,

Калі так прапісана –

здарыцца так.

Нішто ім завея, нішто перашкоды,

Зьмяніць сітуацыю маюць нагоду.

То не рэвалюцыя –

іхняя праўда,

І здарыцца сёньня павінна –

не заўтра.

Рашуча наперад, такі момант важны,

Імкнуць ваяры праз завею адважна.

Чакаюць іх там, без іх немагчыма,

Іх, дзевятнаццаць сапраўдных мужчынаў.

Завея у краі, а тут яшчэ цемра,

Лягла на пятак каля самага цэнтра.

Сьвятло ў фанарах раптам зьнікла ўначы –

Яно б памагло ім перамагчы.

Здалося шмыгнуў за вуглом цёмны д’ябал,

Прывычная ў нашых мясьцінах аб’ява.

То справа яго, ён заўжды цемры рады,

Ужо падае хітрым знакам загады.

Адкуль жа ён зведаў, што тут ісьці будуць,

Няўжо зноў прыгрэўся ў радах іхніх юда?

Відаць, што і сёньня

зноў Бог адвярнуўся,

І цяжка паверыць,

што момант хіснуўся.

І бліснула ўраз прад вачамі маланка –

Без грому.

Ў завею.

Неспадзяванка.

Шалёны звярына над вухам зароў,

На сьцяг бел-чырвоны закапала кроў.

За момант кароткі іскрыла жыцьцё,

Каб праваліцца пасьля ў забыцьцё;

І Крэва, і маці, і крыкі натоўпа,

Ваяр-беларус з пераможнай вінтоўкай,

І помнік Свабодзе,

у цэнтры квартала,

На месцы,

дзе Леніна постаць стаяла.

Хто раптам спыніў дзіўных мараў палёт,

Хто дзідаю сэрца прашыў навылёт?

Па сьценах павёў бы ружовым паглядам,

Смак горкі на вуснах бы змазаных ядам,

Адчуў падсьвядома – казёная хата,

Сьпярша падалося, што трапіў ў палату,

Ды людзі ў прысыпаных сьнегам халатах

І надта ўжо зімна, як ў тых казематах.

Галодны да Волі не рады зіме –

                                           Завея і цемра,

                                                                     зімой бы ў турме.

Зладзеі ушчэнт абабралі кішэні,

Імкнуцца ужо да галоўнай мішэні –

Душу падавай ім, з ёй месьціцца Воля,

Як вырвуць яе –

закапаюць у полі.

Схаваюць душу – тады знікнуць і песьні,

Без іх паспрабуй штось талковае здзейсьніць.

Трымацца за Волю рукамі, зубамі,

І гонар трымаць, ганарыцца сябрамі.

Адзін апынуўся, але “Й адзін можа”,

Бо выведзе Воля ў любым раздарожжы.

Схаваць як далей яе, ціхенька гушкаць,

Бо Воля з турмы ня вылеціць птушкай,

І нават калі б праз сьцяну узляцела

Народу да Волі ніякага дзела

Змарожаны думкі,

ў зямлю яго вочы.

Сьцюдзёныя дні і

сьцюдзёныя ночы.

Відаць толькі сэрца любімай жанчыны

Праз лютыя сьцены адчуе магчыма,

Што робіцца з Воляю носьбіта мовы,

Як стогне душа яго ў муках суровых.

У сьценах турмы ці прыватнага дома

Дажыць да свабоды ёй трэба вядома.

Ня можа быць вольнаю Воля ў турме,

Канец палажыць пара доўгай зіме.

Радней у турме стала Воля-жанчына,

Яна ёсьць сяброўкаю, вернай, адзінай.

Яе зьберагчы трэба ў сьценах зімовых –

Надзею запаліць яна ў душах новых.

Назаўтра зьбірае народ сваё веча

Ён з Воляю выйдзе на гэту сустрэчу

З найдаражэйшай у сьвеце жанчынай

Дзевятнаццаты

Сьнежань

Айчына …

Паэма “Дзевятнаццаць” апублікавана ў кнізе “Пакуль нашыя анёлы лётаюць над акіянам”, Аттава, 2012.



Categories: Літаратура, Нацыя, Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар