Часопісу “Культура. Нацыя” споўнілася 5 гадоў. Выйшаў 20-ты нумар.

logo for chasopis

Прадмова рэдактара

Пётра Мурзёнак: Часопісу “Культура. Нацыя” споўнілася 5 гадоў. Выйшаў 20-ты нумар.

Дарагія чытачы!

Рэдакцыя часопіса “Культура. Нацыя” шчыра віншуе Вас з Калядамі і Новым годам! Зычым Вам і Вашым сем’ям шчасьця, здароў’я, дабрабыту, цудоўнага настрою! Няхай гэты год будзе удачлівым, спакойным і дастойным!

Нашаму часопісу споўнілася 5 гадоў. Так, ён быў заснаваны ў сьнежні 2012 года і ад таго часу выходзіў рэгулярна, кожныя тры месяцы, 4 нумары на год. Цяпер вы трымаеце ў руках 20-ты нумар часопіса. За пяць прайшоўшых гадоў на старонках часопіса друкаваліся арыгінальныя матэрыялы 29 аўтараў. Усяго апублікавана 119 арыгінальных артыкулаў. Агульны аб’ём часопіса склаў каля 1400 старонак, г.зн. у сярэднім кожны нумар выходзіў на 70 старонках.

Часопіс «Культура. Нацыя» зьмяшчаецца на нашым сайце www.sakavik.net , на якім мы дадаткова за пяць гадоў разьмясьцілі 936 матэрыялаў з іншых сайтаў, часопісаў і газет. У наш высокаінфармацыйны век можна знайсьці даволі шмат беларускамоўных сайтаў. Тым не менш, падаецца, што мы таксама знаходзім сваю аўдыторыю. За пяць гадоў наш сайт і часопіс наведалі больш чым 16.600 чытачоў (з больш чым 30.700 праглядамі). Мы з гонарам можам сказаць – большасьць чытачоў паходзяць з Беларусі (56.2%).

20-ты нумар часопіса па традыцыі ўключае “Стратэгію развіцьця беларускай нацыі” і пачынаецца з яе. Як мы ўжо паведамлялі, на 7-м з’ездзе беларусаў сьвету, арганізаванага Згуртаваньнем беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” (Мінск, 15-16 ліпеня 2017 года), тэкст “Стратэгіі” быў распаўсюджаны сярод дэлегатаў з’езда, а ў выніковай агульнай рэзалюцыі з’езд заклікаў беларускія ўлады ўлічыць прынятыя на ім рашэньні “пры распрацоўцы дзяржаўнай Стратэгіі нацыянальнага развіцьця і ўмацаваньня незалежнасьці ў варунках зьмененых геапалітычных выклікаў”. На нядаўнім з’ездзе Таварыства беларускай мовы ў канцы кастрычніка 2017 года тэксты “Стратэгіі” былі распаўсюджаны сярод дэлегатаў і таксама перададзены ў раённыя арганізацыі ТБМ. Мы, як і раней, запрашаем чытачоў дасылаць свае водгукі і прапановы па паляпшэньню зьместу «Стратэгіі» на адрас: chasopis.sakavik@hotmail.com. Рэдакцыя часопіса просіць арганізацыі, якія ў асноўным згодны з палажэньнямі Стратэгіі, далучацца да выкананьня яе задач.

Мной, рэдактарам часопіса, напісаны два артыкулы. Адзін з іх тычыцца далейшай распрацоўкі тэмы беларуска-украінскай або заходне-рутэнскай цывілізацыі, а другі – расказвае пра сьвядомае паўстаньне за незалежную Беларусь (Слуцкі збройны чын).

Як заўсёды парадаваў сваімі матэрыяламі сп. Сяргей Панізьнік. На гэты раз ён даслаў нататкі “Глядзіце сонцу ў вочы”, прысьвечаныя 135-годдзю нашых песняроў, Я. Купалу і Я. Коласу, з адлюстраваньнем культурных падзей, зьвязаных з іх імёнамі, якія праходзілі ў Латвіі у міжваенны перыяд. Значную ролю ў арганізацыі гэтых падзей, адыгралі школы і установы, якія стварыў і якімі апекаваўся беларускі дзяржаўны дзеяч, Кастусь Езавітаў, і іншыя сьвядомыя беларусы, што жылі на той час у Латвіі. Думаю, што падтрымка з Латвіі тады была такой жа важнай для “беларускасьці”, як і падтрымка з-за мяжы цяпер!

Прыемнай падзеяй было атрыманьне навін з малой радзімы, ад сп. Язэпа Квача. Ён апублікаваў тры свае кнігі, “Падзісненскія прыпеўкі”, “Я вас люблю”, “Квачы Квачамі”, аўтарскія прадмовы да якіх мы ўключаем у часопіс.  Тэксты саміх кніг Язэпа Квача зьмешчаны на нашым сайце www.sakavik.net  у раздзеле “Літаратура”. Кнігі Я. Квача не пакінуць вас абыякавымі.

На заключэньне мы падаём пісьмо да сяброў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Канадзе (БІНІМ), у якім сп. П. Мурзёнак, старшыня гэтага Інстытута, прадстаўляе сваё бачаньне перспектываў БІНІМа на бліжэйшы час; таксама прыводзім статыстычныя зьвесткі пра беларусаў у Канадзе паводле вынікаў апошняга Перапісу-2016 і кароткую інфармацыю пра канферэнцыі, семінары, сімпозіумы, якія прайшлі ў Аттаве ў кастрычніку-лістападзе 2017 года.

У канцы часопіса зьмешчаны календар важнейшых дат за 2017 год.

Прыемнага чытаньня.

Рэдактар часопіса,

Пётра Мурзёнак



Categories: Слова рэдактара

Пакінуць каментар