Вольга Ермалаева Франко, Прысіла Насіменту Маркес: Беларускі тэатар, літаратура й мова ў рэцэнзіях Льва Выгоцкага

Анатацыя. У гэтай публікацыі мы прадстаўляем нашыя пераклады з расейскае мовы на беларускую і наш камэнтар да трох артыкулаў Льва Выгоцкага, прысьвечаных беларускай культуры, напісаных у 1923 годзе у Гомелі: “Беларускі тэатар (да гастроляў у Гомелі)”, “Гастролі беларускага тэатра” і “Пра беларускую літаратуру”. У гэтых тэкстах Выгоцкі разглядае гастролі беларускага тэатра й стан беларускае літаратуры як важныя элемэнты нацыянальнага адраджэньня й культурнае палітыкі СССР у кантэксьце беларусізацыі. Першы тэкст акцэнтуе ўвагу на гастролях беларускага тэатра ў Гомелі як значнае культурнае падзеі й падкрэсьлівае ролю тэатра ў фармаваньні нацыянальнае самасьвядомасьці. Другі артыкул дае крытычную ацэнку інсцэнізацыяў, адзначаючы іх простасьць і фальклёрны характар, але пры гэтым падкрэсьліваючы іх патэнцыял для далейшага разьвіцьця. У трэцім тэксьце Выгоцкі аналізуе стан беларускае літаратуры празь метафару “дудкі й піяніна”, падкрэсьліваючы ейную сувязь з народнай творчасьцю й неабходнасьць захаваньня мясцовага калярыту пры разьвіцьці літаратурнае традыцыі. Гэтыя артыкулы Выгоцкага вылучаюцца ня толькі крытычным падыходам, але й канструктыўным энтузыязмам, накіраваным на падтрымку беларускае мовы й культуры. Кароткі аналіз прадстаўленых артыкулаў падкрэсьлівае іх актуальнасьць у кантэксьце сучаснае барацьбы за захаваньне беларускае ідэнтычнасьці й культурнае спадчыны. Ключавыя словы: Беларускі тэатар. Беларуская літаратура. Пераклад.



Categories: Uncategorized

Пакінуць каментар