Прадставілі новую калекцыю школьнага адзення на будучы сезон ФОТЫ

Прэзентацыя адбылася 9 ліпеня ў Мінску, і калекцыю паказала фабрыка «Калінка», якая ўваходзіць у канцэрн «Беллегпрам». У бліжэйшы час абноўленая школьная форма з’явіцца ў крамах — калекцыі абноўленыя на 60—75%, піша «Смартпрэс».

Паводле слоў прадстаўніцы Міністэрства адукацыі Ірыны Булаўкінай, школьнае адзенне павінна быць стрыманым і не адцягваць вучняў ад вучобы. Для хлопчыкаў прапануюцца пінжакі, камізэлькі, джэмперы, кашулі. Для дзяўчынак — сукенкі, сарафаны, спадніцы, штаны, камізэлькі, блузкі з рознымі рукавамі і іншыя рэчы.

Намесніца кіраўніка «Беллегпрама» Наталля Мороз паведаміла, што да пачатку навучальнага года будзе выпушчана каля мільёна адзінак школьнага адзення. Улічваючы тавары з мінулага года, у продажы будзе на 20% больш, чым летась.

Што тычыцца моды і колераў, то абавязковых колераў няма — выбар залежыць ад школы і бацькоў. Але найбольш папулярныя сярод усіх — сіні (70%) і чорны (30%).

Дырэктарка «Калінкі» Наталля Кулеш адзначыла, што новая калекцыя выкананая ў стылі мінімалізму: зніклі такія колеры, як ружовы і малочны, цяпер у трэндзе белы і блакітны. У модзе простыя фасоны: прамы, прыталены і оферсайз. Рушы і пушысты дэкор сышлі ў мінулае. Замест іх — эмблемы школ, гальштукі, значкі.

Для пашыву выкарыстоўваюць пераважна натуральныя і змешаныя тканіны: баваўняныя, віскозныя, трыкатажныя.

Што да цэнаў, то вытворцы не маюць вялікага прыбытку з вытворчасці школьнай формы, бо рэнтабельнасць абмежаваная законам. Каб зарабіць, трэба прадаць не менш за 10 тысяч адзінак.

Продаж школьнага адзення, абутку і аксесуараў пачнецца 15 ліпеня. Асартымент будзе найбольш шырокі да 1 жніўня, але купіць школьныя тавары можна цягам усяго года.

Па словах кіраўніцы «Калінкі», за 300 рублёў можна набыць для дзіцяці 4—5 элементаў школьнай формы. Цэны засталіся на ўзроўні мінулага года.



Categories: Культура, Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар