Этнацыд беларусаў: «Расстрэльвалі службоўцаў, рэктараў, работнікаў саўгасаў». Ня толькі літаратары. Хто яшчэ стаў ахвярай «чорнай ночы»

29 кастрычнік 2025, 14:17

«Ноч расстраляных паэтаў» у Вільні ў 2023 годзе, архіўнае фота
«Ноч расстраляных паэтаў» у Вільні ў 2023 годзе, архіўнае фота

 Глядзець камэнтары

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў Менску былі расстраляныя больш за 110 прадстаўнікаў творчай і навуковай інтэлігенцыі, супрацоўнікаў наркаматаў, партыйных работнікаў. Добра вядомыя імёны 22-х расстраляных літаратараў. А хто астатнія 90?

Дзякуючы акцыі «Ноч расстраляных паэтаў», якая ўпершыню прайшла ў Курапатах у 2017 годзе, а цяпер праводзіцца ў многіх краінах сьвету, дзе апынуліся беларусы, шырокай грамадзкасьці сталі вядомыя імёны Тодара КляшторнагаПлатона ГалавачаАлеся ДудараМіхася ЗарэцкагаМойшэ КульбакаВалера МараковаЮлія ТаўбінаМіхася Чарота ды іншых беларускіх літаратараў, якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў.

Але ў тую «чорную ноч» былі расстраляныя яшчэ каля 90 беларускіх дзяржаўных дзеячоў, партыйных работнікаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі — ад генэральнага пракурора, наркамаў юстыцыі, асьветы, саўгасаў, высокапастаўленых вайскоўцаў да навукоўцаў, рэктараў ВНУ і шараговых студэнтаў.

У 2006 годзе выйшла кніга вядомага дасьледніка сталінскіх рэпрэсіяў Леаніда Маракова «Толькі адна ноч». У ёй 200 старонак, аповеды пра кожную ахвяру з дакумэнтамі й цытатамі, а таксама цэлы разьдзел пра катаў і выканаўцаў пад назовам «Яны вынішчалі нашых продкаў».

Леанід Маракоў — пляменьнік расстралянага ў тую «чорную ноч» паэта Валера Маракова.

Пагаварылі з гісторыкам, дасьледнікам пэрыяду сталінскіх рэпрэсіяў, дырэктарам Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Ігарам Станкевічам.

«Расстрэлы ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году былі ня самыя масавыя»

Навуковец зьвяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі, у адрозьненьне, скажам, ад Расеі, ніколі не было Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Таму ён вельмі ўдзячны арганізатарам акцыі «Ночы (не)расстраляых паэтаў», якія вярнулі тэму рэпрэсаваных у публічную прастару. Станкевіч адзначае, што сьпіс рэпрэсаваных і расстраляных паэтаў, пісьменьнікаў (а іх было 22) выклікае больш эмацыйную рэакцыю, аднак разам зь імі былі расстраляныя дзясяткі іншых людзей. І заўважае, што насамрэч расстрэлы ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году былі ня самыя масавыя.

Ігар Станкевіч
Ігар Станкевіч

«Вялікі тэрор» пачаўся ў канцы ліпеня 1937 года з сакрэтнага загаду № 00447 народнага камісара ўнутраных справаў СССР Мікалая Яжова. Загад быў скіраваны супраць так званых «антысавецкіх элемэнтаў». «Чэкісты» прыдумлялі тады розныя няісныя арганізацыі, куды папросту «запісвалі» людзей.

Беларускі сьпіс быў зацьверджаны ў канцы верасьня самім Сталіным, у ім спачатку былі 103 чалавекі, пазьней мясцовыя аддзелы НКВД дадалі новых ахвяраў«, — тлумачыць Ігар Станкевіч.

У тым сьпісе было шмат людзей, якія працавалі ў розных наркаматах (міністэрствах) — асьветы, земляробства, саўгасаў, юстыцыі, гандлю. Гэта, на думку дасьледніка Ігара Станкевіча, быў працяг распачатай ў ліпеніі кампаніі супраць ураду БССР. Адной зь першых ахвяраў стаў кіраўнік ураду Мікалай Галадзед. Ён быў арыштаваны 14 ліпеня 1937 году, а падчас сьледзтва скочыў у вакно з 5 паверху будынку НКВД і забіўся насьмерць.

«За гэты выпадак — халатнасьць і недагляд — некалькі супрацоўнікаў НКУС былі пакараныя і звольненыя з службы. Значыць, калі ў ліпені 1937 году з Галадзеда зьдзекаваліся і давялі яго да такога адчайнага стану, гэта было яшчэ незаконна. А ў верасьні „чэкістам“ дазволілі ўсе мэтады фізычнага і маральнага ўзьдзеяньня: пачаліся катаваньні, людзей білі», — кажа Ігар Станкевіч.

«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах у 2020 годзе
«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах у 2020 годзе

Ад рэктараў ВНУ да шараговых студэнтаў

Сярод расстраляных у тую «чорную ноч» былі Максім Ляўкоў — наркам (народны камісар — адпаведнік міністра) юстыцыі і генэральны пракурор БССР; Аляксандар Варончанка — наркам асьветы і некалькі ягоных намесьнікаў; Андрэй Турлай — наркам саўгасаў.

«Я думаю, што бальшыня расстраляных у тую ноч былі „веруючымі камуністамі“ — у тым ліку і паэты, якія нярэдка шчыра прызнаваліся ў гэтым. Калі казаць пра літаратараў, то менавіта ў тую ноч улада паставіла тлустую крывавую кропку на беларускім адраджэньні», — разважае Ігар Станкевіч.

Тут можна згадаць ня толькі паэтаў, пісьменьнікаў, але і, да прыкладу, прафэсара-фізыка Яўгена Ўсьпенскага, які працаваў спачатку ў Гомельскім пэдагагічным інстытуце, а потым выкладаў квантавую тэорыю ядра атама ў БДУ па-беларуску, вучонага-аграхіміка Рыгора Пратасеню ды іншых выкладчыкаў ВНУ. Былі расстраляныя тагачасны рэктар БДУ Анані Дзьякаў, былы рэктар БДУ Язэп Каранеўскі, які з 1932 году працаваў намесьнікам дырэктара Інстытуту чырвонай прафэсуры ў Маскве. Каранеўскага затрымалі ў Маскве разам з жонкай і прывезьлі ў Менск. У сьпісе расстраляных быў і студэнт 5 курсу гістфаку Саламон Лямпэрт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кнігі ў вогнішчы. Першага жніўня 1937 году ў двары менскай турмы НКВД былі спаленыя дзясяткі тысяч беларускіх рукапісаў

«У 1937-м расстрэльвалі за падзеж жывёлы»

У сьпісе расстраляных у тую крывавую ноч — шмат людзей, зьвязаных зь Віцебскім вэтэрынарным інстытутам або Віцебскай вэтэрынарнай лябараторыяй, заўважае гісторык Ігар Станкевіч.

«Не да канца зразумела, што тады адбылося. Хутчэй за ўсё, дывэрсіяй тады лічыўся падзеж жывёлы: коней, кароваў, сьвіней. Шмат людзей (уключна з дырэктарам конесаўгаса № 120, былым намесьнікам наркама земляробства Георгіем Стрэле) атрымалі тады кулю ў патыліцу. Прычым усіх іх прывезьлі зь Віцебску ў Менск. Так што ў 1937-м за паморак жывёлы расстрэльвалі. А цяпер толькі палохаюць звальненьнямі ці турмой», — сумна іранізуе гісторык Ігар Станкевіч.

Шмат каго з гэтага сьпісу асудзіла Ваенная калегія Вярхоўнага суду Савецкага Саюзу, а такая працэдура не прадугледжвала апэляцыі, аспрэчваньня прысуду. І сьмяротны вырак выконвалі калі ня ў той жа дзень, то на наступны. Таму калі 28 і 29 кастрычніка ім выносілі прысуд, то ў ноч з 29 на 30 кастрычніка іх ужо расстрэльвалі.

Дасьледнік Ігар Станкевіч адзначае, што тады тэрор толькі набіраў абароты. Пік расстрэлаў у Беларусі прыйшоўся на сьнежань 1937 — студзень 1938 году. А ўся апэрацыя масавага вынішчэньня інтэлігенцыі доўжылася крыху больш за год.

«Цяжка сказаць, дзе адбываліся расстрэлы і дзе ахвяры пахаваныя»

Што тычыцца месцаў расстрэлаў і пахаваньняў людзей, то ёсьць вялікае пытаньне, дзе каго забівалі і дзе каго хавалі.

«Дакумэнтаў, каго расстралялі ў Менскім турэмным замку, каго ўва ўнутранай турме НКВД, я ня бачыў. Цяжка сказаць, дзе адбываліся забойствы і дзе ахвяры пахаваныя. Лічыцца, што большасьць усё ж такі ў Курапатах, але людзей хавалі яшчэ ў парку Чалюскінцаў, у Лошыцкім Яры, хтосьці з дасьледнікаў называе Трасьцянец, Благаўшчыну… Але цяпер шмат якія месцы перакопваюць лукашысты і выдаюць іх за месцы генацыду беларускага народу ў часе Другой усясьветнай вайны», — кажа Ігар Станкевіч.

Сёлета «Ноч памяці» чацьверты раз запар праходзіць пераважна за мяжой. З раскладам акцыяў памяці у розных гарадах сьвету можна азнаёміцца тут.



Categories: Гісторыя, Мараль, Нацыя Беларусы, Этнацыд беларусаў

Пакінуць каментар