Нядаўна абраная прэзідэнткай Ірландыі Кэтрын Коналі абвясціла пра намер зрабіць ірландскую працоўнай мовай сваёй рэзідэнцыі Áras an Uachtaráin пасля ўступлення на пасаду. Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда».

У атачэнні Коналі гавораць, што падчас яе прэзідэнцтва «ірландская мова будзе на бачным месцы», а сама яна імкнецца прыцягнуць да працы ў рэзідэнцыі людзей, якія валодаюць ірландскай, і зрабіць яе «працоўнай мовай».
«Я зраблю ўсё магчымае, каб вывесці ірландскую мову з маргінэсу і выкарыстоўваць яе», — сказала будучая прэзідэнтка Ірландыі 31 кастрычніка ў першым інтэрв’ю пасля абрання.
Як менавіта гэта будзе ўвасабляцца на практыцы, пакуль невядома. Атачэнне Коналі цяпер рыхтуецца да яе інаўгурацыі, якая адбудзецца 11 лістапада, і да першых тыдняў яе прэзідэнцтва.
Ірландская — адна з кельцкіх моў і фармальна першая афіцыйная мова Ірландыі. Колькасць яе носьбітаў ацэньваюць у каля 1,6 мільёна, аднак толькі 70 тысяч выкарыстоўваюць мову ў штодзённым жыцці.
Левая незалежная кандыдатка Кэтрын Коналі атрымала перамогу на прэзідэнцкіх выбарах у Ірландыі 24 кастрычніка, набраўшы больш за 60% галасоў. Прэзідэнцкая пасада ў Ірландыі ў асноўным цырыманіяльная, але магчымая перамога Коналі была ахарактарызаваная ў СМІ як прыніжэнне правацэнтрысцкага ўрада.
У знешняй палітыцы Коналі вядомая як прыхільніца падтрымкі Палесціны. Што да пытання расійска-ўкраінскай вайны, то яна паслядоўна выступае за аказанне падтрымкі Украіне, але толькі гуманітарнай: аказанне дапамогі бежанцам, гуманітарнай дапамогі насельніцтву ў самой Украіне, макрафінансавай дапамогі і «ўсёй магчымай чалавечай дапамогі, якая існуе». Пры гэтым яна асуджае перадачу Украіне ўзбраення.
Пакінуць каментар