Людмила Андилевка – «Грустная сказка» (веб-журнал «Культура. Нация», №36, ноябрь 2025, 152-167, www.sakavik.net)

 

Невялікі гарадок Блюм, ціхі і сонны, прыторкнуўся на шырокім шляху між мегаполісаў са шклянымі гмахамі, яскравымі бігбордамі, непрыкметны, нібы з мінулага стагоддзя. Само сабой цякло б жыццё ў ім, набірала моц хараство: працавітыя месцічы ніколі не сядзелі без хлеба, не бедавалі па ляноце,  у час ліхой пераборкі, трывушчыя, цярплівыя, выжывалі, як маглі. Выпрастацца не давала суседства. Шматстольныя камяніцы гарадоў атачалі яго з усіх бакоў, кожны чарговым часам імкнуўся запісаць Блюм сваім прыгарадам, зламаць заведзены лад, паставіць вымоглівым парадкам свой . 

 Калі якісь з вялікіх гарадоў, замяніўшы шыльду дарожнага ўказальніка на свежую, зноў абвяшчаў горад сваім раёнам, блюмічы пачыналі адчуваць сябе ў родным мястэчку навалаччу, прыхаднямі. Нязменны Мэр Блюма склікаў тады насельніцтва на галоўную плошчу, урачыста зачытваў павэдлух подпісу Боса новы Указ: выстаўляў флюгер на вежы ратушы ў адпаведным напрамку, а рупныя вяшчалы ва ўсе бакі гарланілі ў далоні, узмацняючы гук, нахвальвалі наступныя перамены. 

 Перамены, незалежна ад таго, чыім прыгарадам станавіўся Блюм, азначалі толькі адно – забарону тутэйшых парадкаў.

 Флюгер не выконваў традыцыйнага назначэння прынады, не ўплывалі на яго прыродныя стыхіі. У рух спаруду прыводзіў толькі асабісты загад Мэра. 

Момант! І вартавыя спрытна адшрубоўвалі спецыяльным рыштункам крэпкі стрыжань, на якім красаваўся магутны мядзяны тур – флюгер заадно служыў гербам горада Блюма. Магутны тур заставаўся сімвалам яшчэ ад тых вякоў, калі горад быў адным з самых уплывовых і слынных сярод роўных сабе. Так кожны раз, пераводзячы стралу, флюгер замацоўвалі наглуха, каб паказваў,  адкуль цяпер будзе дзьмуць вецер да наступных перамен. І – свята! Свята!  

 Гандляры рукаюцца пад новыя дамовы. Гастралёры пруць – адбіцця няма,  спяваюць зухаватыя песні. Ва ўсе канцы славу нясуць гасціннаму гораду. 

 Апошнюю цырымонію засмуціла брыдкая неспадзяванка. Напэўна, за гады нерухомасці флюгер застаяўся, выява тура моцна  заржавіла, аж прыварылася да шоста; калі прыладу паварушылі, фігура адарвалася і бразнула на пляц пад ногі Мэра. Старадаўні флюгер ператварыўся на вачах гараджан у звычайную стралу-напрамак. Абывацель у здарэнні пабачыў знак!   

 Невыпадкова паў тур… 

 Павольнае жыццё спынілася, у народзе загуло. Адшукаліся па прыватных гаспадарках спадчынныя выявы прадзедаўскіх тураў, тутэйшыя зносілі скарб на плошчу, запатрабавалі ад Нязменнага Мэра неадкладна вярнуць герб на месца. 

 Мэр коратка, цвёрда заключыў: “Траты на рэканструкцыю старога флюгера ані не прадугледжваліся планамі фінансавання! А ўсё гэта “памятнае”, старое ламачча, што пазносілі ад сваіх двароў – забараніць!” Нечакана ў аховы пад камізэлькамі знайшлася зброя. Пашыхтаваныя ў шнуры брытагаловыя асілкі ачапілі пляц. Бамбізы ад душы папрацавалі кулаччом і ботамі – уходаліся да стомы. Далася месцічам у знакі неспадзяваная сутычка!

 Дні засвісталі беспрабуднымі святамі: гарадскія вуліцы грымелі духавымі аркестрамі. Ангажавалі актывістаў, бракавала прафесійных музыкантаў. Стыхійныя аркестранты шчыра надзімалі шчокі – пачуць фальш музычнага акорду не кожнаму дадзена. Пад несуладдзе бравуру маршыравалі бадзёрыя калоны – з усяго наваколля звазілі лаяльнае народанасельніцтва. Не хапала, дастаўлялі фурамі пралетарыят ад канвеераў і станкоў. Чынавенства рознага рангу мусіла засведчыць прыхільнасць да палітыкі ўраду, служывы люд не мог ухіліцца, кіраўнікі, падпагонныя, прыпасадныя, вайскоўцы, ахова – усе, хто сілкуецца ад дзяржаўнай міласціны. Наскрабалася. Але ж былі і сапраўдныя дабрахоты, хто па начах пад’ядаўся з гарадскіх сметніц, раніцай самаахвярна драў глотку дружным “ура!” за парадак і стабільнасць.  

***

 Пасяджэнне акадэмікаў і дактароў навук зацягвалася. Ім спусцілі тэрміновы Загад – распрацаваць план выхавання новага пакалення блюмічоў. Час ішоў. Светлыя розумы перажывалі хвараблівы запор. “Закончаныя патрыёты!” – стаяла ў канчатковым патрабаванні Загаду.  

– Перш за ўсё, спадарства, мы мусім даць поўнае тлумачэнне катэгорыі патрыятызму! – выступіў старэйшы супрацоўнік Акадэміі. – Хто такі патрыёт?

– На маю думку, усё даволі проста, трэба капаць глыбей, і яснасць сама выкрысталізоўваецца. ПА-ТРЫ-ЁТ… Вось і ўся таямніца, – узяў на сябе адказнасць малады, нядаўна асцепянёны прафесар.

– Не трэба спрашчаць задачы, калега! Мы не ў шахматы гуляем… тут на дзяржаўным узроўне трэба мысліць! Тады адкажыце нам, а што такое – той ёт?

– Ну як жа? З ётам якраз усё зразумела. Першы ёт – Ё-ка-лэ-мэ-нэ. Другі – Ё-пэ-рэ-сэ-тэ. Ну і трэці, вядома ж – Ё… т… м… (не будзем закрываць вочы). 

– Не магу згадзіцца! – ускочыў з месца прадстаўнік міжнароднага клуба інтэлектуалаў, па сумяшчальніцтву – Член-карэспандэнт. – А куды вы падзенеце іншыя аспекты гэтай праблемы? Вы назвалі толькі тры. А іх значна больш. Вось хаця б Ёшкін кот! Ёрш твае лапці! Ёкарны бабай!.. Зноў жа, Ёперны тэатр, Японскі гарадавы – з той жа, з той самай оперы. Можна доўжыць і доўжыць. Ды на сягоняшні гарачы час толькі аднымі ёлкамі можна дысэртацыю абараніць: Ёлкі-палкі! Ёлкі-маталкі! Ёлкі зялёныя!

– Тут трэба разбірацца! Ці тутэйшага паходжання ўсе ішыя пасля трох першназваных ёты? Навошта нам навалач прыблудная? – адазваўся з месца, не падумаўшы, паважаны Акадэмік. (Сусед злева нервова ціснуў сваім красоўкам яго туфель).

Наструніўся НавуШны супрацоўнік з кафедры ідэалогіі.

– Таварышы, не так мітусліва, я запісваю… 

– Годзе, годзе, паважанае спадарства, мяркую, мы ўсе крыху адхіліліся ад генеральнай лініі, так бы мовіць,  узялі фальшывы гук, памылковы напрамак. Нас падвёў лінгвістычны аспект, запамяталі: маем Вінчэстар, марым – Ліверпуль. Дык вось пішам мы “ёт”, а гэты “ёт” зусім не “ёт”.

– А што калі не “ёт”?! – пачуліся абураныя галасы з усіх бакоў.

Апанент падняў палец у неба і шматзначна пахітаў ім.

– Мы запамяталі пра адзінку вымярэння. Йот, спадарства, йот, й-о-т!

– А як мы гэтыя тры “йоты” спалучым з нашай ідэалогіяй? 

– Самым натуральным чынам, панове. Мы паставім задачу, глабальную мэту у рэшце рэшт забяспечыць кожнага блюміча сакраментальным “папіццот…”, выбачаюся, выбачаюся, – “па тры йот”. Зразумела?

– Геніяльна! Як проста і геніяльна. Усім – “па тры йот”.

– Нашай моладзі будзе куды імкнуцца!

***

 Як пайшоў тэтар, працаваць ужо не выпадала, не ставала часу. Працоўныя калектывы абмяркоўвалі важнасць пастаўленай ідэолагамі задачы:  кожнаму блюмічу па тры йоты. Праўда, сярэднестатыстычны прадстаўнік шанаванага горада Блюм смутна ўяўляў тую “йоту”. Пытаўся ён у сябе таемна, што па тры – тое зразумела, а па тры чаго? Можна рознае ўяўляць пад гэтым “ётам”, хацелася б дакладнасці і яснасці.

 Масавікі-забаўнікі вывешвалі крэатыўныя плакаты, уручалі рэкламныя буклеты, усталёўвалі банэры з арыгінальнымі цытатамі з “Першавытокаў.”  

***

Ваколіцы Блюма і да гэтай пары пуставалі занядбалымі:даўна тут землі не аралі, не сеялі, не пахваляцца блюмічы і жывой флорай-фаўнай з часоў лозунга“Культивируй правильную растительность!”– калі пад корань пайшла ўся туташняя прырода. 

 Вынішчылі спачатку “пустазелле”: валошкі, трыпутнік, рамонкі, мак. Потым збэйдасалі нават жоўты каксагыз – хоць і насланнё, а палюбіўся за пухнатыя дзьмухаўцы, за радасць сплятаць вяночкі.  

 Кожны флюгерны напрамак патрабаваў выкараніць ранейшыя расліны,  замяніць навамоднымі, толькі з-пад снегу жывая зеляніна найстрыць вушкі – секачом! Старанна палола насельніцтва свае прыватныя палісаднікі, гароды, лехі, каб ад старасвецкіх каранёў і напаміну не засталося. 

 Навуковым спосабам абрэзалі дрэвы – парк працуе з той пары інсталяцыяй мастацкіх пнёў. Падсілкавалі хімічным рэагентам збожжа  –  на стагоддзі глебу вызвалілі ад патрэбы радзіць. Тутэйшы гароднік церпеў смяротныя прысуды за самасадную кветку на клумбе – “распространение сорняков, препятствует развитию правильных селекционных сортов!”

 Садаводы знікаюць увязнёныя, кладуцца падсочаныя ворагам, злоўленыя над ляхой прыхаванай, мрэ адчайна земляроб, канае і гучна, і ціха. Блюмічы, прымораныя эпісталярнай і прамоўнай атрутай, насычаныя з макаўкі да пят кіслотамі дэмагогіі, страцілі нарэшце і сімвал надзеі на лацвейшую наступнасць. 

 З пераказу дзядоў, можа міфы, успаміналі, нібы тут калісьці каласіліся нівы, над лугам паветра – хоць нажом рэж: процьма красак цвіло, відам розных і барвамі! Да зямлі гнулі цяжарныя галіны гронкі ігрыстых парэчак. Ураджаі густападныя яблыкаў крамяных – шчапалі дрэвы …  

 Пад сякеру пусцілі сады. 

***

 Узрушылася замежная супольнасць, доўга спрачаліся, абмяркоўвалі трагедыю горада Блюма. Выказвалі глыбокую заклапочанасць, абвінавачвалі, спачувалі. Прыслалі дапамогу: таварныя вагоны экзатычных прадуктаў. З розных канцоў свету дастаўлялі “бананы-папаі”, чыгункай і наземна, транспартам водным і нават аіrline. 

Меркаванні сышліся на парадзе звярнуцца да вядомага ў свеце аўтарытэта –  спецыяліста ў садаводстве і культываванні паркавых масіваў.  

У блюмічоў адно і засталося – спадзеў на яго. 

Садоўнік закладзе, дагледзіць любы сад – сумневу не было. Гэта ён раскінуў дзівосныя альпінарыі сярод няўроднай пусткі, чапляў на руіны старадаўных палацаў вертыкалі экзатычных ліянаў і дзікага вінаграду, гэта ён фармаваў медытацыйныя групы камянёў на кітайскіх водных прасторах. 

***

 Насельніцтва Блюма віртуальна падзялілася на непрымірымыя згуртаванні, кагорты, партыі; у сацсетках  ідуць гарачыя спрэчкі, якія ўсталяваць фантаны, калі сад будзе тыпу італійскага? Падлічваюць сродкі пад закуп селекцыйнага насення пахучых разнацветаў, мяркуючы сад у маўрытанскім стылі. Адкуль пачаць геаметрыю французскага? Ці асіліць туташні абывацель катэгарычныя патрабаванні нямецкага саду. І дзе лепш раскапаць штучны вадаём, вакол якога разлінуецца жывая зялёная агароджа пры садзе стылю ангельскага?  

Другая партыя разважала, ці не замахнуцца блюмічам адразу на японскі з яго натуральным прыродным раздоллем? 

Хадзілі чуткі:  садоўнік трымае сакрэты садоў Семіраміды.  

***

 Асобнай купкай сычэлі-шэмрылі недабразычліўцы, сеялі недавер і паніку, маўляў…

– Не той ужо садоўнік…  

– Ну як – не той? 

– Не той! З ім адбылося пераўтварэнне. 

– Ён адразу быў “не той”… – намякалі на штосьці нядобрае недавяркі. 

– Вера ёсць і давер – не дзе дзенецца! – запэўнівалі актыўныя.

– Няўжо страціў талент?

– Талент пры ім. 

– Спецыяліст высокага кшталту! 

– А што яшчэ трэба? – махалі рукамі аптымісты.

– Годзе бунтаваць народ! – абураліся кансерватары. 

– Ды яго не адпусцяць у Блюм. Што мы яму? 

– Дарэмныя надзеі!

– Перахопяць.

***

Садоўнік ад’язджаў з пустога вакзала. Праважатых не было. Як змрочную гатычную постаць яго праглынуў тамбур – некалькі пасажыраў перабеглі ў суседні вагон. Калі лабастая галава Садоўніка мільганула апошні раз у вакне цягніка, на пероне дзяжурная ў форменным кіцелі і фуражцы тэатральна закаціла вочы, глыбока ўдыхнула–выдыхнула, памахала ля твару службовым жэзлам з чырвоным дыскам, нібы веярам, праз духату і спякоту і перажагналася вольнай рукой. 

 Адкуль ім, маладым, ведаць? Садоўнік вяртаўся дамоў, у родны Блюм. Ён вырас у вялікім садзе, у засені дзедаўскай грушы праляцела яго маленства. І цяпер яшчэ вусны яго памятаюць смак саспелай маліны, буйнай і салодкай, як мёд, выведзенай продкамі з адмысловых гатункаў. У тым садзе вішняк з дзедавай рукі лазой прынімаўся, торкні зламаную галінку – пусціць карэнне, дасць усход. 

 Садоўнік у розных гарадах і краінах разбіваў, даглядаў казачныя сады, а вось мілей дзедаўскага сада ён так для сваёй душы і не сумеў выгадаваць. 

***

 Паламяная прамова Садоўніка да слёз кранула блюмічоў. Ён паведаміў, як марыў вярнуць роднаму гораду славу самага прыгожага ў свеце. 

– Наш сад будзе квітнець! У памагатыя возьмем толькі самых верных, хто застаўся адданым нашай справе. Хто муціць ваду і збіраецца чужымі рукамі жар заграбаць – няхай коціцца адсюль прэч, мы не дапусцім да самага святога розных правакатараў… Іх чакае суд і кара!

 Звыкліся блюмічы чуць такія словы ад Нязменнага Мэра падчас замены флюгернага напрамка. Суд і пакаранне! Цяпер іх прамаўляе Садоўнік…

Якія ворагі, якія адшчапенцы? Хто не жадае пабачыць квітнеючы сад вясной, хто не марыць пачуць пчол, птушак? Люд чакаў адхлання і надзеі… 

 Але рух ішоў. Блюмічы ад святла да святла няспынна рылі дол, вазілі глебу, цягалі каменне. Дазналіся: не пад сад. Будуюць яны высокую агароджу, каб вораг не падпільнаваў будучай красы, калючым дротам абматалі вароты, аркі, тэрасы. Пускаць у сад будуць толькі правераных, па асобых даведках. Дзецям і старым уваход забароняць: адны – свавольнікі, другія – нязграбы. 

Сад шанаваць трэба…

МАЦІ, МАМА, А НАШЫМ

“Трыццаць пяты” атрымаў глыбокае раненне ў вобласць грудзіны, жыцця заставаліся хвіліны. Я вылушчыў пігульку крайняга выпадку, паклаў у вусны. Яму не дапаможа сіняя, пад якой ты здольны цярпець усе смяротныя пакуты, выратавання не будзе. Інструкцыя дае права палегчыць сыход па выкананні загаду. Мы адпрацавалі стоадсоткава. Нас заставалася восем, цяпер… сем. Наважыўся падпіхнуць капсулу ў самы рот, ён адмовіўся, пахітаў галавой – не трэба.  

 – Раскажы… – прашаптаў ён ледзь чутна, захлынаючыся ружовай пенай. 

 – Хто такая… ма…   

 Мог не тлумачыць, ведаю заўсёднае іх пытанне, тых, хто са мною тут апынуўся:  маці, што гэта такое, маці? 

 Гэта першая і адзіная тэма, на якую загаварылі мы між сабой праз паўгода цеснага знаходжання разам. Шэсць месяцаў – ні слова, акрамя аператыўных каманд і перамоў. 

 Фарміравалі групу Mortal Сombat з неўліковага матэр’ялу – з нічыйных, нікому не патрэбных дзетдомаўцаў. Я адзін вырас у сям’і, меў бацькоў, знаў маці. 

 Ля паміраючага знаходзіцца небяспечна, ён страціў недапушчальны аб’ём крыві, хутка тэмпература цела знізіцца да крытычнай адзнакі, GPS на яго шыі лопне, пырсне кіслотны фантан, перапаліць усё навокал у каменную глазуру, ад Трыццаць пятага не застанецца плямы. Але са мною апошні час штосьці адбываецца. У мой запраграмаваны мозг прабіўся вірус. Раптам стаў спыняць мяне на паўкроку:  хто ты ёсць? Хто я? Я зноў пачаў свой аповед. 

 – Мама – жанчына пяшчотная, цёплая. Яна заўсёды ласкава ўглядаецца ў твае вочы, усміхаецца табе. Абдымае моцна-моцна, гладзіць па тваёй галаве, лашчыць валасы, кратае шчокі, плечы. Яна нюхае цябе, цалуе ў твар, вушы, павекі, разглядае ўважліва пальцы рук. Прыкладае да ілба далонь – ці не захварэў. Яна называе цябе  “сыночак, дзіцятка, мой мілы хлопчык”.  

 Ты засынаеш, а яна спявае табе ціхую калыханку… 

 – Дзясяты, дзясяты, адыходзь! Ён памёр, небяспечна, – пазвала Мархабо.

 Мархабо, адзіны нумар, чыё імя я ведаў. 

***

 Падбіралі адзін да аднаго: невысокіх ростам, худых, жылістых, цярплівых жывёл. Такой жывучай жывёлай аказалася і Мархабо, ніхто не здагадаўся за паўгода: адна з нас – дзяўчына. 

 Апошні месяц засвяціла надзея на жыццё. Яна прызналася:  пакахала мяне, назвала сваё імя. Не яе гэта імя, ведаю, Мархабо – пазыўны. Ніхто і ніколі не ўведае нашы імёны. Мы пад нумарамі, ніхто з нас не ведае ніводнага чужога імя, не памятае свайго. Калі Мархабо адкрыла таямніцу, расказала штосьці пра сябе, прыглядацца стаў – сапраўды, жанчына. 

 – Мы выжывем. Дзясяценькі, ты верыш? Нас хутка забярэ верталёт. Мы ўсё зрабілі як трэба, мы заслужылі жыццё. Вернемся ў Казахстан, дзіця народзім.

 – Ты мусульманка, чаму ў цябе крыжык на шыі?

 – Не ведаю. Крыжык гэты на мне быў заўсёды. Не памятаю нічога, акрамя дзіцячага дома. Верыш? У нас будзе дзіця! Яшчэ пару дзён – і мы паляцім дамоў. Больш ніколі не ўспомнім, што з намі было… ніколі!

***

 Пасля першых месяцаў – як даўно гэта было! – службы ў арміі мяне выклікаў камандзір.

 – Тебе, рядовой Канат Мурза Оспанов, выпала большая честь – служить в спортивной роте столицы нашей Родины, городе Москва. 

 – Мяне прызывалі тут. Казахстан – мая радзіма.

 – Ты дурак, рядовой Оспанов? Я ничего не путаю? Это же ты боксёр? Ты мастер спорта? 

 – Так точно!

 – На тебя пришла персональная заявка. А ты не желаешь служить в Москве… мурза-канат?

Адчувалася, вымаўляе камандзір маё імя з маленькай літары, так гідліва, як брыдоту. 

 – Тут мае бацькі, уся мая сям’я. Хачу застацца ў Казахстане.

 – Молчать! Кто тебя будет спрашивать?!

 – Не хачу ў спортроту. Не хачу ў Маскву.

 – Вон! Вон отсюда, тварь узкоглазая! 

 Камандзір задыхаўся ад злосці. Зазваніў тэлефон – падняў трубку.

 – Слушаю, товарищ генерал. Так точно, товарищ генерал! Провёл беседу, товарищ генерал. Никуда он не денется… Мы в порошок! 

 – Отставить! Нас он больше не интересует. Хорошо объясняю? Здесь нужны только настоящие патриоты. Недорабатываете! Отставить.

***

 Я быў зялёны, салага. Ці мог бы хто іншы на маім месцы прадбачыць, якая апраметная зеўрыла праз адтуленую маім юнацкім свавольствам прастору? Наступнай раніцай самаходам дабіраўся я ў глухую далёкую СК12. 

 Парадак усёй воінскай часці пазнаецца ўжо ад КПП. Бетанаваны кораб, коса прыткнёны да агароджы, стаяў не выведзеным і ўровень з пляцам. З яго акна даносіліся мацюкі, брыдкаслоўе. Там ляскалі картамі па фанерным стале, пілі віно, відаць, тут жа, за рогам, аблягчалі з-пад яго мачавыя пухіры – смурод віннага перагару і сікаў стаяў у спякоце густым плазам, нібы кораб КПП служыў уборнай. Ля варот вартавога не было. На мой стук звярнулі ўвагу не адразу, спачатку торкнулася ў фортку нецвярозая галава, цвыркнула слінай. 

– Чё за хрен собачий? Какого х..?

– Рядовой Оспанов. Прибыл по месту службы.

– Чуваки, зырь, што за карась! – здзекліва заенчыла галава. – У нас таких не водится. Ща мы его быстро очистим, зажарим. 

– Киданись-ка, открой ворота! – загадаў другі голас камусьці. 

Выйшаў казах, яго кілбасіла ад віна, куражу, ад “выслужанай абароненасці”. Паглядзеў на мяне, як умеюць глядзець толькі плебеі, смелыя пры гаспадары. Мне стала балюча за яго, за сябе. З дзвярэй бетоннага кораба вывалілі трое, гатовыя да заяўленай пагрозы, але, агледзеўшы мяне, чамусьці, не рашыліся “чысціць і смажыць”. 

 Цяпер думаю, каб вось там мы счупіліся – не было б таго, што здарылася потым? Ці лёс ужо вёў мяне неадступнай сцяжынай па курсу наканаванаму?

Мінуў брудны дворык, ля разабранага УАЗіка таўкліся падпітыя лейтэнант з прапаршчыкам. Што ў іх, свята якое? Не хацелася верыць у будзёнасць вось такой службы. 

 Пры падыходзе да каманднага корпуса пачуў прывычныя для сябе гукі, яны заўсёды суправаджаюць баксёрскія трэніроўкі і турніры: удары, стогн, крык, хрып. Насцярожыўся: у невялікім будынку не было месца пад спартыўную залу. Падняўся шчарбатымі ўсходкамі на ганак, у калідоры днявальнага не аказалася. Жудасныя гукі ішлі з шырока расчыненых дзвярэй. Убачыў: п’яны азвярэлы афіцэр збівае паўмёртвага азіата нагамі. Вуха адарванае, вока няма, зубы на падлозе, пальцы салдата вывернутыя ў анатамічна процілеглы бок. У шокавым стане я не паспеў разважыць – кінуўся абараняць хлопца… Зламаў сківіцу капітану, сплюшчыў нос, выбіў ключыцу, у яго лопнула барабанная перапонка. 

 Потым білі мяне, катавалі бясконца і бязлітасна, падвесілі ўніз галавой у каменны калодзеж. Колькі вісеў – не ведаю. Я траціўпрытомнасць, вяртаўся да цямы, зноў траціў прытомнасць, апрытомневаў. Калі да мяне падышла смерць, я быў у поўным самаадчуванні, бачыў яе, як зараз магу бачыць жывую істоту. Запыталася:  ты яшчэ жывы? Пачакаю…

 Адбыўся суд, два гады турэмнага ўвязнення.

 Адзін афіцэр параіў.

– Цябе ўсё роўна заб’юць. Двума гадамі не адкупішся. Згаджайся на вучэбку, там адмысловых байцоў гатуюць у Афганістан. Трэнінг “Спарта”. Два месяцы падрыхтоўкі, пару месяцаў у Афгане, ёсць шанец выжыць – і воля. Тут у цябе ніякага шанцу няма, сам ведаеш, не даруюць табе абразы рускага афіцэра.  

Згадзіўся.

***

 За саракадзённы тэрмін падрыхтаваць бездакорнага ваяку пад сілу толькі даўна, моцна наладжанай сістэме. Галоўнай задачай ставілі выбіць з чалавека ўсё да кроплі чалавечае. Псіхалагічны трэнінг на тым стаяў, каб зрабіць з нас фізічна жывую баявую машыну. З першых хвілін забаранілі імёны: “Вы ноль, ничто, никчемность, горстка костей с мясом, ваша ценность только в чётком выполнении задания.” З таго пачынаўся трэнінг, тым завяршаўся. Імёны свае запамяталі хутка.

 Рухомыя вяршыні… 

У падземны ангар нас заганялі з розных бакоў, расчыняліся люкі ў столі, з іх сыпалася каменне. 

Задача: не звяртаючы ўвагі на разбітыя галовы, рукі, ногі ўскараскацца на вяршыню, выбрацца з люка. Каго засыпала – засталіся там навечна. Пяць-шэсць чалавек гублялі штодзень. 

 Рухомыя мішэні… 

 Стрэльбішча. Сапраўдная зброя. Цэлімся па мішэнях – стрэл, яшчэ стрэл. Шчыруем – далёка расстаўленыя мяхі, дзясяткі мяхоў, сотні мяхоў куляюцца долу. Канец заняткаў, нас строем вядуць паказаць “результат”. Пад сцяной – гара мерцвякоў. Гэта людзі?! Нас ванітавала направа і налева. Мы трэніраваліся па жывых мішэнях, забівалі дзясяткі людзей, сотні… Каго? Хто яны?! Зэкі? Бамжы? Адкуль іх сюды навезлі столькі?

 – Кто откажется принимать сейчас пищу в столовой, окажется в этой куче.

 Трое есці не змаглі. 

 Вітанне сябра… 

 Шторанак чакала сусрэча з “сябрам”. У закратаваны калідор выпускалі з вальера адзін на адзін галодную нямецкую аўчарку, нацкаваную на жывое чалавечае мяса. Перад тым правялі інструкцыю,  як зручней забіваць сабаку. У цябе толькі рукі, ніякай зброі. 

 Першыя дні калаціла да шаленства, ад жаху, брыдоты. Чалавек звыкаецца з абставінамі альбо гіне. Праз тыдзень я ўжо з асалодай чакаў сустрэчы, маракаваў, як буду дзейнічаць сягоння – заганю руку па локаць у гарляк, жылу перакушу, ламану ў нос альбо струшчу яйцы? Кожная “сустрэча з сябрам” давала чалавечыя згубы, бадай, самыя вялікія з усіх відаў падрыхтоўкі. Я мог ганарыцца сабой, забіў дваццаць аднаго сабаку! 

 Дзесяць навучэнцаў загінулі на трэніроўках з парашутам. 

***

 Выдалі абмундзіраванне – форма амерыканскіх байцоў Mortal Сombat. На нас, пры нас – усё амерыканскае. Вопратка “хамелеон” – за пяць метраў адзін аднаго не бачым. Сярод камення, пяскоў, на дарозе, у кустоўі калючак баец зліваецца з прасторай. 

 Дэсант у колькасці сарака двух адзінак скінулі на афганскую пякельную зямлю, раён Пешавара. Прызямліліся сорак, дваіх не знайшлі. Адлік пачаўся. Пачаўся ён яшчэ з падрыхтоўкі, толькі там нас ніхто не лічыў: ты – мяса, ты– муха, тля! Не здолееш выжыць – ты куча гною! – убівалі ў нашы галовы разам з напамінам: імя ў цябе няма, толькі нумар. Дзясяты – я. А тут – кожны баец каштоўны! Магчымасць і надзея на выжыванне  цябе самога. 

 На кожным – ашыйнік, у ім GPS, справа – мікрафон, злева – навушнік. 

Каманда: “Пить зелёную таблетку”. Зялёная – чысты розум, сіла, энергія. Чырвоная – сон. Сіняя – з адарванай нагой будзеш бегчы, як арабскі скакун на іпадроме, яна абязбольвае да шызы, да абсалюту. То наша сілкаванне; яшчэ сухія пакеціраваныя сумесі, вядома, і тое, што здабудзеш сам. 

 Першы бой – псіхалагічная адаптацыя, забілі сто шэсцьдзесят два афганцы.

Каманда: “Пить красную”.  Імгненны сон, дзе б ён цябе ні застаў: на камяні, у канаве, на нагах. Ты павінен быць у стане гатовасці да наступнага бою: спаць! 

 Мы пілі мачу, елі чарвей з ран на сваім целе, калі верталёт з дастаўкай груза спазняўся. 

 Чацвёра сутак у засадзе ляжалі мы ўдзесяцярох без сну, без ежы, без вады, нерухома, ні слова гуку. Нарэшце паказалася калона афганскіх ваенных сіл. Іх было дзвесце пяцьдзесят байцоў, вымуштраваных, абучаных – нас дзесяць. Усё яны засталіся ляжаць на дарозе. Калі адыходзілі з месца дыслакацыі, я бачыў, як стагналі параненыя, курчыліся ад пакут пад бязлітасным сонцам – пашкадаваў кулі дабіць. Ішоў па іх руках, шыях, галовах… Тады ўпершыню ў ва мне і прагучаў вірусны голас – ты хто такі ёсць? Гэты голас сумневу мне выйшаў бокам. Хутка мяне параніла ў сцягно. Я ўбачыў сваю костку ў месіве вывернутага мяса. Болю не адчуваў: сіняя! 

 У ране завяліся тлустыя апарышы, выкармышы з майго цела і крыві. Я іх са смакам выграбаў у далонь, трушчыў зубамі – яны лускалі ў роце, сышлі за мяса  толькі так! Я еў сам сябе? Пасля таго бою засталося нас васьмёра, з моцна параненым Трыццаць пятым. Мы паведамілі каардынаты ў цэнтр. Чакалі верталёт, ён павінен быў зняць нас з гары, забраць на радзіму – мы перавыканалі загад тройчы. Групу пасылалі на два месяцы, не верылі, што выжывем, працягнем больш – выжылі, пратрымаліся сем месяцаў.

***

 Вяртушкі доўга не было. Сядзелі на вяршыні тыдзень. Запасы скончыліся, пігулькі таксама. Мархабо прапанавала схадзіць уніз у кішлак па вінаград. Двое паслухалі, я не збіраўся ісці, у мяне яшчэ не зажыло сцягно, не ведаю, як ёй удалося мяне ўгаварыць… Чаму я пайшоў?

 Мы спусціліся, нарвалі вінаграду, пачалі падымацца наверх. І тут гул – ура! Гэта быў наш верталёт! Мы прыспешылі ход, махалі яму рукамі, смяяліся, плакалі ад радасці. Гэта жыццё! Мы выстаялі, мы змаглі! Мы сябе перасілілі! Мы вяртаемся дамоў! 

 Вяртушка завісла над пляцоўкай, з яе пачалі шчыльна касіць кулямётнымі чэргамі:  свае расстрэльвалі сваіх байцоў. Потым скінулі дзве бочкі паравай кіслаты. Верталёт крутануўся над пляцоўкай і знік на гарызонце. 

 Нас знічтажалі без сляда і памяці, мы – сведкі, а сведкі ім не патрэбны. Я так крычаў, што не чуў свайго голасу – парваў звязкі, аглух. Падняліся на гару, едкі смурод не даваў наблізіцца да месца. Абасцалі шкарпэткі, імі закрылі насы. Мы ўглядаліся ў бліскучую гладкую глазураваную пляцоўку – ні шматочка ад людзей. І тут я ўбачыў апалены крыжык – прывітанне Мархабо! Як мог алавяны крыжык ацалець? Ніякімі законамі хіміі, фізікі не патлумачыш. Я забраў яго на памяць. У той момант я яшчэ не разумеў:  Мархабо выратавала мяне, ўгаварыўшы пайсці па вінаград. Падаравала мне жыццё. 

***

 Несунімальная злосць штурхала ўніз. Там, у нізіне, зусім недалёка стаяла наша воінская часць. Пайшлі ноччу, звязалі трое вартавых, пераапрануліся. У нашай сіле было пакласці ўвесь састаў. Дзейнічалі адкрыта, без подласці.

Палкоўнік, п’яны ў зюзю, сядзеў за сталом у сваім пакоі, апрануты ў сподняе, глядзеў порнафільм. Я “доложил по форме”.

 – Бойцы отряда Z выполнили задание, ждём дальнейших указаний. 

Палкоўнік схапіўся за пісталет, мы зрэагавалі. Да яго не даходзілі словы, штосьці няўцямнае рыкаў, быкуючы грудзінай. Прыйшлося прымяніць прыём ацверажэння, я адцягнуў скуру на яго жывоце, прастрэліў вертыкаль. Афіцэр апаражніўся пры мне на месцы… 

 – Свяжитесь с центром, доложите: группа Z выполнила задание, осталось в живых трое бойцов, ждём распоряжений.

 На гэты раз пачуў, загаварыў у трубку не сваім голасам.

 – Здесь три ваших “бультерьера”… выжили…

 З трубкі панесліся шматстольныя мацюкі. Там ніяк не маглі адфільтраваць інфармацыю. Нарэшце лаянка сціхла, доўгае маўчанне азначала – раяцца. 

 – Чакайце. Высылаем самалёт. 

 Нас даставілі ў Казахстан. Так дазналіся, кім служылі пры Савецкай Арміі. Мы былі жывёлай. Бультэр’ерамі.

***

 Калі ў чалавека тысячу разоў запар запытацца, як яго завуць, у тысяча першы – засумняваецца, пачне не давяраць свайму розуму, памяці. 

Допыт, выпрабаванне цягнуліся гадзінамі, няспынна, перахросна, атакай. 

Мы нічым не маем пацвердзіць сваё паходжанне, прыналежнасць, пры нас няма ніякіх дакументаў, калі штосьці было – засакрэчана на вякі.

– Имя? Имя?!

– Канат.

 – Фамилия?

– Оспанов. 

– Отец?

– Мурза.

– Имя?

– Канат.

 – Где родился?

– Казахстан.

– Мать? Имя? Отец? Имя? Как тебя зовут? Год рождения? Имя?!

– Канат.

-– Имя?

–  Канат

– Имя?

–  …

Ні на хвілінку нельга ўсумніцца, страціш свядомасць. 

– Имя?! Имя?! Имя?!

І тут я чую ля самага вуха ціхі мамін голас:  Канат, сынок мой, цябе завуць Канат, хлопчык мой мілы.

– Канат.

– Где рождён?

– Казахстан.

– Имя?

– Канат.

– Год рождения?

– 1963.

– Имя?!

  – Канат

– Фамилия?

– Оспанов

– Имя?!

– Канат.

– Встать!

Я падняўся на ватных нагах з лавы – на ёй, пад ёй – лужына, не менш вядра поту вылілася з мяне. 

– Вперёд!

Зараз клацне зброя, грымне стрэл, мяне заб’юць у спіну, як здрадніка… Маё вуха ловіць рухі затвора. У вушах звон! Стрэл…

– Прямо! 

Жывы, не забілі. Жалеза шчоўкае. Стрэл? Замок на кратах. Стрэл?

– На пра-во!

Жывы? Жывы. 

– Прямо!

Я жывы!

– По лестнице вверх!

Жывы… жывы. На мяне абрынаецца дзвесце літраў ледзяной вады…

– Канат Мурза Оспанов, ты прошёл испытание. 

Не ведаю, ці прайшлі выпрабаванне двое маіх саратнікаў – у іх не было каму падказаць забытае імя. Ніколі ў жыцці я іх больш не сустракаў. 

 – Теперь ты всю оставшуюся жизнь будешь жить по нашим правилам. До самой смерти ты будешь зависеть от нас, выполнять все поручения и задания. Первое тебя ждёт.

Так сустрэлі мяне ў Міністэрстве абароны. 

Я атрымаў загад таемна суправаджаць ад мяжы да самай Караганды груз –  сто пятнаццаць кілаграм гераіну. 

 Да мяне (праз недавер?) прыставілі чачэнскага баевіка. Мы пераследавалі джып, пакуль нас не заўважылі, завязалася перастрэлка. Калі груз апынуўся ў нашых руках, акрамя наркотыкаў там знайшлі пакунак з алмазамі, золатам і чамаданы валюты. Чачэн прапанаваў.

 – Давай возьмём себе всё. Героин доставим. Кроме наркоты ничего не оговаривалось.

 – Нет!

  – Хотя бы доллары заберём – на всю жизнь хватит.

  – Нет!

  – Дурак. Это их груз. Они его ведут от «А» до «Я» твоими руками убирая лишних свидетелей и подельников, чтоб не делиться. Весь наркотрафик крышует госсистема. Ты у них вместо «ломика и лопаты».

 – Ещё слово – стреляю. Чья наркота, мне всё равно. На криминал не пойду. 

 За гады службы таемна ўзнагароджаны дваццаццю сямю ўзнагародамі – не прыняў. Каб іх уручылі адкрыта, у свой час – ганарыўся б. Не хачу хаваць пад коўдру сваё жыццё. Не хачу і ўспамінаць тыя гады. 

 Самы востры, пякучы страх перажыў пры падпісанні папер пасля праверкі. У іх на руках дакументы, мяне заб’юць стрэлам у спіну па дарозе да дому і я ніколі… Я ніколі не ўбачу маці? 

***

 Толькі пад канец другога тыдня звыкся я са сваім імем. Першыя дні плечы сціскала сутаргай, я торгаўся, азіраўся – каго тут завуць Канат? Я – дзясяты.

 Мама, я выжыў тваёй любоўю. Ты вяла кожным мой крок. Я чуў твой голас, трымаў тваё цяпло. Знаў, чакаеш мяне, памятаеш штохвілінна, ратуеш ад небыцця, ад шаленства, ад бяспамяцтва, ад бесчалавечнасці. Я выжыў, я выжыў адзін, бо ў мяне ёсць ты. У тых не было збаўцы. Ты – маё выратаванне.



Categories: Культура, Літаратура, Мараль, Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар