Тэкст выступу Гары Каспарава на форуме ў Галіфаксе

Тэкст выступу Гары Каспарава на форуме ў Галіфаксе
Гары Каспараў

Украіна — адзіная краіна, якая вядзе вайну, прыкрываючы сабой Еўропу.

Адзін з лідараў расійскай апазіцыі Гары Каспараў на форуме Halifax International Security Forum раскрытыкаваў пазіцыю ЗША ў адносінах да Украіны. Падаем поўны тэкст ягонага выступу:

– Тое, што тут (на Захадзе) адбываецца, — шоу, пра якое Пуцін і марыць не мог. Ніводнага прамога адказу! Пытанне наогул не ў колькасці зброі, якую вы маеце. Пытанне ў тым, ці вы гатовыя ваяваць і паміраць.

“У нас ёсць канадская брыгада ў Латвіі”. Выдатна. Але які загад у гэтай брыгады? Калі расіяне перакрочуць мяжу, гэта брыгада будзе страляць? Мы ж ведаем адказ: вы тыднямі будзеце праводзіць нарады.

Я не разумею, як наогул можна сур’ёзна абмяркоўваць “план”, складзены бізнес-партнёрам Трампа? Гэта рыэлтарская здзелка, цынічная схема ўзбагачэння сям’і Трампа (цаной продажу Украіны https://charter97.org/ru/news/2025/12/1/664992/).

Як мы наогул можам казаць, што Украіна павінна дэмантаваць умацаванні, якія літаральна ратуюць Еўропу?

НАТА сёння — гэта фікцыя! НАТА не існуе! Гэта фэйк! Чатыры літары: Н-А-Т-А.

Адзіная прычына, чаму вы сядзіцё тут спакойна і ладзіце сабе святы, — тое, што Украіна пралівае кроў кожную хвіліну. Калі б не Украіна, расійскія танкі ўжо стаялі б у Польшчы.

Вы лічылі, што Украіна не ўстаіць, вы прапаноўвалі Зяленскаму пакінуць краіну. А ён адказаў, што яму патрэбная не эвакуацыя, а боепрыпасы. Чатыры гады Украіна змагаецца за ўсю Еўропу!

НАТА было створанае дзеля адной-адзінай задачы: абараніць вольную Еўропу ад агрэсіі. Украіна — адзіная краіна, якая вядзе вайну, прыкрываючы сабой Еўропу. І мы ўсё яшчэ абмяркоўваем, прымаць яе ў НАТА ці не?

Украіна — адзіная краіна, якая ўвасабляе сэнс існавання НАТА. І мы абавязаныя Украіне ўсім, што маем. Ну так, давайце іх здадзім.

Зяленскі стаіць перад такім выбарам… Я нават не знаходжу слоў, каб гэта перадаць. Як расійскі грамадзянін, я таксама адчуваю сваю віну і не маю права раіць Зяленскаму, што рабіць. Інакш я б сказаў яму проста: ды пашлі ты гэтага Трампа куды падалей.

Яшчэ раз: колькі ў нас тут сенатараў? Хтосьці збіраецца сказаць Дональду Трампу, што ён не мае права гэта рабіць?

…Пуцін, Сі Цзіньпін і ўсе астатнія дыктатары пляскаюць таму, што адбываецца. Расія ўжо ваюе рукамі паўночнакарэйскіх, кубінскіх, афрыканскіх наёмнікаў. І пасля гэтага мы працягваем казаць пра эскалацыю?

У нас ёсць усё: ваенная, палітычная, эканамічная магутнасць. Усё на нашым баку. І мы ўсё адно прайграем гэтую вайну. Толькі дзякуючы Украіне Пуцін дагэтуль не ўвасобіў сваю мару пра адраджэнне імперыі. Але калі, барані Божа, Украіну прымусяць прыняць гэтую “здзелку”, то можна не сумнявацца — Пуцін даб’ецца свайго.

А далей, хлопцы, — наступнымі будзеце вы. Толькі ваяваць вы не гатовыя.



Categories: Зьнешнія адносіны, Мараль

Пакінуць каментар