«Вы пачынаеце стагнаць, лухту розную гнаць» — філосаф Мацкевіч павучаў блогера Пятрухіна

На ютуб-канале «Народны рэпарцёр» Сяргей Пятрухін апублікаваў запіс сваёй размовы з філосафам Уладзімірам Мацкевічам. Месцамі яна была вельмі эмацыйная. Падаем найбольш вострыя моманты.

Момант размовы Сяргея Пятрухіна (злева) і Уладзіміра Мацкевіча. Скрын відэа: narodnireporter / YouTube

«Дзе дакументы?»

Адной з тэм гутаркі стаў аповед Пятрухіна аб тым, як ён патрабаваў ад дэлегатаў Каардынацыйнай рады выказаць асабістае стаўленне да бізнэсмена Аляксандра Машэнскага.

Сяргей Пятрухін: «Значыць, адкрываецца пасяджэнне. Мы галасуем, што кожны член Каардынацыйнай рады выказваецца наконт Машэнскага: ці з’яўляецца ён суўдзельнікам рэжыму Лукашэнкі. Паказвае сваё асабістае стаўленне. «Так» ці «не» — усё!»

Уладзімір Мацкевіч (вельмі эмацыйна): «Навошта? Навошта паказваць асабістае стаўленне?! Калі гэта прадстаўнічы орган… Ну ён не з’яўляецца напраўду сёння такім, я кажу пра ідэальны склад там, каб ён быў нармальна арганізаваны, тады б ён быў прадстаўнічым органам, на сёння гэта не так. Але нават калі гэта не так, то людзі, якія туды ўваходзяць, усё ж займаюць палітычную пазіцыю.

Яны не маюць права на асабістае меркаванне, якое выклікана на пачуццях, узгадках, танцульках! Або ёсць дакументы, і тады па іх можна сказаць: гэта злачынца.

Сяргей Пятрухін (эмацыйна): Канечне, ёсць! Канечне, ёсць!

Уладзімір Мацкевіч (пераходзячы на павышаны тон і выдзяляючы асобныя словы як з дапамогай гуку, так і рук): Дык пакажыце! Што за праблема? (…) Ведаеце, калі ёсць у палітычных структурах падазрэнні — гэта адна справа, падазрэнні можна абмяркоўваць. Або калі ёсць доказы — і тады доказы проста мусіць, абавязаны чалавек, які іх мае, паказаць. І паказаць так, каб гэта можна было падаць у судзе, у пракуратуры дэмакратычнай дзяржавы, такой як Польшча. Або гэта лухта і паклёп. Разумееце мяне?

Сяргей Пятрухін: Э-э, я вас разумею.

Уладзімір Мацкевіч (вельмі эмацыйна і з доляй агрэсіі ў голасе): 

Ну дык давайце тады, блін, перастанем гэты енк разводзіць, гэтыя скаргі, плёткі, дурноту гэтую. Адзін на аднаго плявузгаць. Навошта? Калі ёсць дакументы, тады давайце выкрываць. Калі не — спыняем гэтыя бабскія размовы, базар.

«Грантасосы» і незалежныя СМІ

Не абышлі ў сваёй размове субяседнікі і тэму размеркавання грантаў і ўплыву розных палітычных сіл на дэмакратычныя СМІ.

Уладзімір Мацкевіч (вельмі эмацыйна): Калі я чую паклёп: «Франак [Вячорка] такі, Франак кантралюе там тое-сёе»… — пакажыце. Ну пакажыце мне дакументы. Калі я чую енк з нагоды таго, што грантасосы крадуць… Я ведаю, які аўдыт па кожным фондзе, які выдае гранты. І там скрасці вельмі цяжка, калі толькі не дамовіцца з фондам праз адкаты. Напэўна, такія выпадкі таксама ёсць.

Я не буду выключаць, што такое бывае. Але вось проста агулам пра гэта гаварыць — ну гэта, блін, базарныя бабы толькі так робяць. Ну вы нашто гэта робіце?

Сяргей Пятрухін: У нас ёсць незалежныя СМІ, як вы думаеце?

Уладзімір Мацкевіч (эмацыйна): Я думаю ёсць… Я не магу ўявіць сабе, як Франак можа кантраляваць «Радыё Свабода». Ну не магу ўявіць! «Радыё Свабода» фінансуецца амерыканскім урадам. Я не разумею, як ад Франака можа залежаць «Deutsche Welle». Я таксама не разумею, як ад Франака можа залежаць «Белсат».

Сяргей Пятрухін: «Наша Ніва»?

Уладзімір Мацкевіч: «Наша Ніва» можа. «Зеркало» можа. Але ў мяне таксама няма доказаў на гэты конт.

Сяргей Пятрухін: У мяне галоўнае пытанне да нашых незалежных СМІ: калі яны незалежныя, яны павінны асвятляць два бакі, так? Бок, што яны там гоняць на Лукашэнку, і [бок] расказваць пра праблемы апазіцыі, Святланы Ціханоўскай, Кабінета, усяго гэтага…

Уладзімір Мацкевіч (больш спакойна): Давайце тады — вось я кажу зноў, — давайце так: плёткі, чуткі, байкі адкладзём убок. Калі ёсць дакументы — давайце ў пракуратуру Літвы, Польшчы. Што тычыцца беларускай апазіцыі ў эміграцыі, у выгнанні, то гэтае пытанне я гатовы абмяркоўваць усур’ёз. І мяне яно вельмі клапоціць.

Я таксама незадаволены станам беларускай апазіцыі, станам тых структур, якія на сёння не тое каб нясуць, але ўзялі на сябе пэўную місію і адказнасць. І я вельмі незадаволены тым, як яны гэта выконваюць.

Але размаўляць пра гэта я звык рацыянальна, без бабскага вось гэтага… Ну прабачце мяне феміністкі, у гэтым выпадку я не ведаю як яшчэ гэта абазваць, каб проста шматслоўем не загрувашчваць рэчы.

То-бок несправядлівыя, скажам так, прэтэнзіі, не падмацаваныя ніякімі доказамі, а толькі вось плач, стогн там. Калі разважаць пра гэта, то трэба разважаць рацыянальна, прагматычна, з разуменнем таго, што можна зрабіць у тых ці іншых умовах, у якіх знаходзіцца тая ці іншая структура, а што немагчыма зрабіць. (…)

Людзі вас запрашалі, казалі, што мы тут змагаемся. Вы прыехалі, пазнаёміліся з іншымі людзьмі, якія сказалі: «Тут бардак». Так? Ну і вы вызначаецеся: ці вы прыехалі змагацца, ці вы прыехалі ўдзельнічаць у гэтым вэрхале.

Сяргей Пятрухін: А я вызначыўся. Я выбраў не грантасосаў, я выбраў людзей, якія задаюць мне пытанні, каторым цяжка тут, каторым не даюць дапамогі, каторым не даюць медыцыну, хаця яны таксама палітзняволеныя. 

«Што канкрэтна лухта?»

Праз некаторы час субяседнікі зноў вярнуліся да тэмы СМІ.

Уладзімір Мацкевіч: Вы пачынаеце стагнаць, лухту розную гнаць…

Сяргей Пятрухін: Што канкрэтна? Што канкрэтна лухта, спадар Уладзімір? Што канкрэтна вы кажаце я ганю лухту? Вось мне цікава.

Уладзімір Мацкевіч (больш спакойна): Пра не пацверджаную дакументальна, праверкай, аўдытам залежнасць нашых незалежных СМІ. Ну, так званых незалежных, хай сабе. Яны ўсе ад кагосьці залежаць. Радыё Свабода ад амерыканцаў, Deutsche Welle ад немцаў, Белсат, напэўна, ад палякаў. Яны залежаць, але паколькі яны залежаць ад розных структур, то, чытаючы тое і другое, можна рабіць пэўную выснову.

Не можа быць шызафрэнічнага СМІ, каб падаваць аднолькава інфармацыю з аднаго боку, з другога боку і гэтак далей. Калі мы кажам пра дэмакратычнасць СМІ, то хай сабе спрачаюцца розныя СМІ з розных пазіцый. І іх немагчыма абвінавачваць у тым, што яны займаюць пазіцыю. Нармальная рэдакцыя павінна мець пазіцыю.



Categories: Мараль, Нацыя прачынаецца

Пакінуць каментар