10 студзень 2026, 11:00

Падзяліцца
Агулам у Беларусі не стае 426 настаўнікаў. Найбольш бракуе настаўнікаў-прадметнікаў. Што кажа сьвежая статыстыка адукацыі і чаму настаўнікаў становіцца менш, а вучняў больш.
Белстат апублікаваў сьвежую статыстыку колькасьці дзіцячых садкоў, школаў, ВНУ, а таксама колькасьці вучняў і пэдагогаў. Згодна з новымі лічбамі, дзіцячых садкоў з 2020 году стала менш на 146, школаў — на 192, ВНУ стала на тры менш.
Вучняў школаў пры гэтым пабольшала на 41 700 чалавек, а вось школьных настаўнікаў наадварот — паменела на 13 258 чалавек. Калі раней на аднаго настаўніка прыпадала 9 вучняў, то цяпер 11. Пры дакладным падліку да дзясятых доляў нагрузка на настаўнікаў вырасла на 18%.
Студэнтаў ВНУ за 6 гадоў стала менш на 19,8 тысячы. Колькасьць выкладчыкаў ВНУ таксама скарацілася. Аднак нагрузка на выкладчыкаў вырасла на 5,7%, калі лічыць, колькі студэнтаў прыпадае на аднаго выкладчыка.
Пра недахоп настаўнікаў кажа і статыстыка рынку працы. Цяпер шукаюць 426 спэцыялістаў, як вынікае з агульнарэспубліканскага банку вакансіяў.
У асноўным гэта настаўнікі-прадметнікі. Найчасьцей патрэбныя выкладчыкі матэматыкі і фізыкі. Два гады таму сытуацыя была падобнай, тады бракавала 467 настаўнікаў.
Што кажуць пэдагогі і бацькі вучняў
Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла зь некалькімі бацькамі школьнікаў у Беларусі. Некаторыя кажуць пра дэфіцыт добрых настаўнікаў, часам дзеля іх ідуць нават на замену школы.
Таксама часта здараюцца сытуацыі, калі ў школе падоўгу шукаюць і ня могуць знайсьці нейкага настаўніка-прадметніка.

Былы пэдагог на ўмовах ананімнасьці расказаў гісторыю зь невялікага раённага цэнтру, дзе настаўніца ўжо на пэнсіі, але працуе адразу ў дзьвюх школах: больш няма каму. У іншай школе вакансіі некаторых прадметнікаў закрываюць з дапамогай студэнтаў.
Праблемы з настаўнікамі маюць ня ўсе школах, некалькі суразмоўцаў-бацькоў, у якіх дзеці ходзяць у розныя школы сталіцы, апавялі, што праблемаў з кадрамі там няма. Усіх настаўнікаў хапае.
Рызыкоўная прафэсія
Паводле экспэрта ў адукацыі, навуцы і інавацыях Андрэя Лаўрухіна, праблема зь недахопам настаўнікаў ёсьць і ў ЭЗ, асабліва ў фізыцы і матэматыцы. Аднак у Беларусі сытуацыя абцяжарваецца нізкімі заробкамі і ціскам уладаў.
Categories: Асьвета, Нацыя Беларусы, Этнацыд беларусаў
Пакінуць каментар