У сваёй прамове на форуме ў Давосе прэзідэнт Украіны закрануў бяздзейнасць Еўрапейскага саюза ў дачыненні да народаў, якія змагаюцца за дэмакратыю, успомніўшы Іран і Беларусь. І заклікаў да дзеяння.

«Калі вы адмаўляецеся дапамагаць народу, які змагаецца за дэмакратыю, наступствы будуць негатыўнымі. Возьмем Беларусь у 2020 годзе, гэта выдатны прыклад. Ніхто не дапамог народу Беларусі, і цяпер расійскія ракеты «Арэшнік» размешчаныя ў Беларусі, здольныя біць па большасці еўрапейскіх сталіц. Гэтага б не здарылася, калі б беларускі народ перамог у 2020 годзе.
Мы неаднаразова казалі нашым еўрапейскім партнёрам, дзейнічаць трэба неадкладна, дзейнічаць супраць гэтых ракет у Беларусі. Таму што ракеты — гэта ніколі не дэкарацыя. Аднак Еўропа жыве «ў рэжыме Грэнландыі», гэта значыць у рэжыме «можа быць калі-небудзь хто-небудзь нешта зробіць», — сказаў Уладзімір Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны адзначыў, што нядаўна свет стаў сведкам хуткай аперацыі ЗША ў Венесуэле і затрымання яе кіраўніка Нікаласа Мадура, якога цяпер будуць судзіць у Нью-Ёрку. У той жа час прэзідэнт Расіі за ўсё зло, якое нанёс Украіне і працягвае наносіць, дагэтуль не пакараны.
«Мадура затрыманы, і вакол гэтага ёсць розныя меркаванні — але факт застаецца фактам. Мадура будуць судзіць у Нью-Ёрку. Прабачце, але Пуцін дагэтуль не ў судзе. Ідзе чацвёрты год найбуйнейшай вайны ў Еўропе пасля Другой сусветнай. А той, хто яе пачаў, не проста на волі — ён яшчэ і змагаецца за свае замарожаныя актывы ў Еўропе», — сказаў Зяленскі.
Ён дадаў, што ў дыскусіях часта не згадваюць Міжнародны крымінальны суд праз стаўленне да яго ЗША, асабліва падчас адміністрацыі Трампа.
«Але ў той жа час няма рэальнага прагрэсу ў стварэнні спецтрыбуналу для прыцягнення Расіі да адказнасці за агрэсію супраць Украіны… У нас ёсць дамоўленасць, гэта праўда. Праведзена шмат сустрэч, але Еўропа дагэтуль нават не вызначыла месца для трыбуналу з персаналам і фактычнай працай. У чым праблема — няма часу ці няма палітычнай волі? У Еўропе занадта часта нешта важнейшае за справядлівасць», — падкрэсліў Зяленскі.
Украінскі прэзідэнт заявіў, што Еўропа «пазбягае мер», якія вызначаюць яе будучыню. У гэтым кантэксце ён згадаў пра ценявы флот Расіі, якім расійская нафта пастаўляецца на кантынент.
Зяленскі прывёў прыклад, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп можа спыняць расійскія танкеры.
«Еўропа любіць абмяркоўваць будучыню, але пазбягае прымаць меры сёння, меры, якія вызначаюць, якую будучыню мы атрымаем — вось у чым праблема. Чаму прэзідэнт Трамп можа спыніць танкеры ценявога флоту і перашкодзіць пастаўкам нафты, а Еўропа — не?» — звярнуўся ён да ўдзельнікаў форуму.
Зяленскі падкрэсліў, што спыняючы пастаўкі расійскай нафты, Еўропа абараняе сваё насельніцтва.
«Расійская нафта транспартуецца ўздоўж еўрапейскіх берагоў, яна спрыяе вайне супраць Украіны, яна дапамагае паралізаваць Еўропу, таму расійскую нафту трэба спыніць, канфіскаваць і прадаць на карысць Еўропы. Чаму б і не? Калі ў Пуціна не будзе грошай, для Еўропы не будзе вайны», — сказаў Зяленскі.
Categories: Зьнешнія адносіны, Нацыя Беларусы
Пакінуць каментар