22 студзеня, праз месяц пасля вызвалення і дэпартацыі ў Літву, палітык Павел Севярынец сустрэўся з беларусамі Вільні. «Наша Ніва» наведала першы публічны выступ Севярынца пасля зняволення.

Сустрэчу Павел назваў «Ключ да Беларусі» — маўляў, хаця «нас вывезлі з Беларусі і зачынілі дзверы», «мы ведаем, як адчыніць краіну».
Паголены і ў касцюме з БЧБ-значком, Севярынец сустракаў гасцей проста на ўваходзе ў залу. На сустрэчы былі і ягоная жонка ды сын — маленькі Францішак у пінжаку ды з гальштукам, а Вольга — у прыгожай сукенцы.

Павел пачаў з падзякі Літве за гасціннасць, тым, хто клапоціцца пра дэпартаваных палітвязняў, і з падзякі Богу:
«Не думаў, што гэтай зімой убачу сваю жоначку і сына, убачу так шмат цудоўных беларускіх абліччаў, што буду сустракацца з многімі сваімі знаёмымі, якія таксама будуць вызваленыя».
На сустрэчы Севярынец шмат казаў пра хрысціянства. Разважаў пра тое, што варта замяніць пытанне «за што нам усё гэта» на пытанне пра тое, дзеля чаго беларусы цяпер пражываюць рэпрэсіі і выгнанне. І пра тое, як ён прапануе шукаць у веры адказы на гэта — маўляў, у Бога «шлях да перамогі не высланы ружамі», і ўсё невыпадкова.

Потым быў час пытанняў. Севярынца запыталі пра разрыў паміж беларусамі, якія абралі розныя бакі ў 2020‑м — як яго пераадолець?
«Мы суграмадзяне з тымі, хто апранае форму і цяпер выконвае злачынныя загады. Мы сваякі многіх з тых, хто паглядзеў прапагандысцкія каналы і лічыць, што мы сапраўды «збеглыя» — маўляў, «чаго вам не хапала».
Пераадолець гэтую бездань можа толькі вера, дзейнічанне любоўю. Не бачу іншых шляхоў [для нас], апроч як нацыянальнае прымірэнне праз хрысціянства. Нават тыя, хто не верыць у Бога, прызнаюць выключную ролю хрысціянства ў справе прымірэння народаў», — лічыць палітык.
Так, на думку Севярынца, варта дзейнічаць на нацыянальным узроўні. Што да асабістага ўзроўню, тут мусіць быць дараванне:
«Я прабачаю ўсім, хто катаваў мяне ў турме, але не магу патрабаваць гэтага ад іншых. Цудоўна разумею, што хтосьці не гатовы прабачаць тыя вельмі балючыя рэчы, трэба разумець і адных, і іншых».
Аднак ілюзій пра Лукашэнку ў Паўла няма:
«Лукашэнка разумее сілу. Ён не будзе размаўляць са слабейшым, для такога ў яго ёсць падман ці грубы гвалт. Але Бог мацнейшы, чым Лукашэнка, Пуцін ці ядзерная зброя».
Удыхаць зло і выдыхаць дабро — такую формулу Севярынец прапануе беларусам.

Адзін са слухачоў запярэчыў. Маўляў, калі на ўзроўні нацыі мы цяпер выбярэм прабачэнне, ці не справакуе гэта тых, хто робіць злое, рабіць зло і далей?
У адказе Павел, сузаснавальнік партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя, разважаў пра погляды хрысціянскіх дэмакратаў. Паводле яго слоў, такое стаўленне да дэмакратыі — гэта не зусім звычайная палітыка. Звычайная палітыка — гэта хутчэй пра эгаізм асабісты ці нацыянальны, а хрысціянская дэмакратыя — гэта пра тое, каб уводзіць хрысціянскія каштоўнасці ў прынцыпы дэмакратыі. І, кажа Севярынец, у гісторыі былі прыклады, калі хрысціянская дэмакратыя добра сябе праявіла.
«Я веру, што мы — асаблівы народ. Бог даў нам быць на стыку праваслаўя, пратэстанцтва і каталіцтва. Часам гэты стык быў крывавы, але беларусы, ахвяруючы сабой, злучылі гэтыя плыні.
Які мог быць поспех у дзяржаўным будаўніцтве, калі суседзі рвуць на часткі праз розныя канфесіі? Але Беларусь адраджалася і адрадзілася мірным шляхам. Не было такога, каб беларусы сабе зброяй адваёўвалі незалежнасць», — казаў Севярынец.
Згадалі і праблемы беларусаў Літвы, то-бок неабходнасць бясплатных курсаў літоўскай мовы і навучанне маленькіх беларусаў у Літве на роднай мове. І тут Севярынец паклікаў да сябе жонку і сына — маленькі Францішак на днях пачынае вучыцца ў Віленскай беларускай гімназіі імя Скарыны.
Хлопчык вырашыў сам задаць бацьку пытанне і папрасіў расказаць, ці чакаў той вызвалення. Севярынец адказаў, што не чакаў, хаця меркаванні такія і былі. А таксама выказаў свае ўражанні ад таго, як прынялі за мяжой дэпартаваных палітвязняў:
«Думаў, што выйду, нас прымуць на тры дні і потым трэба будзе шукаць жыллё і працу. Але калі я выйшаў, нас сустрэлі як родных ва Украіне, якая ваюе, прывезлі сюды праз межы без дакументаў, з паперкамі.
Калі я пабачыў, як дэпартаваных носяць на руках у Літве, як ставяцца літоўскія ўлады і шматлікія арганізацыі салідарнасці, то зразумеў, наколькі вялізны крок зрабілі беларусы ў параўнанні з 2020 годам».
Але ёсць пытанне, з якім дэпартаваным складана даць рады і дзе будуць радыя дапамозе беларусаў. Паводле Севярынца, гэта пошук працы.
Што да сітуацыі ўнутры краіны, Павел перакананы — беларускі рэжым упэўнена ідзе да свайго фіналу:
«Калі раней можна было казаць пра нейкую падтрымку нейкіх крокаў [улады] унутры грамадства, цяпер ясна, што ідэалогіі там няма, там пуста. Ясна, што для большасці беларусаў непрымальна падтрымліваць агрэсію ва Украіне, як гэта паказвае сённяшняя ўлада. Таму рэжыму застаецца закручваць гайкі».
Беларусы, кажа Севярынец, «дастаткова мудрыя, каб чакаць, цярпець і трываць», а не адказваць гвалтам на гвалт. Цяпер беларусы рыхтуюцца жыць як вольны народ, а ўсё, што цяпер з намі адбываецца, толькі нас гартуе.
У будучым, паводле слоў Паўла, ён плануе выдаць некалькі кніг. Тыя запісы, што ён рабіў за кратамі, яму не далі вынесці на волю, але цяпер у яго атрымліваецца патроху аднаўляць матэрыялы. Ёсць і назва першай пасля вызвалення кнігі: «Беларусь — гэта святое».
На сустрэчу з Севярынцам прыйшоў былы добраахвотнік Аляксандр Клачко. Ён запытаў у палітыка, як той ставіцца да вайны ва Украіне і беларускіх добраахвотнікаў.
Севярынец выказаў ім адназначную падтрымку:
«Канешне, я ўсёй душой і сэрцам з тымі людзьмі, якія ахвяруюць сабой для свабоды нашай і нашых братоў. Няма любові большай, чым калі гатовы душу сваю аддаць за другі свая».
Дзвюх думак, лічыць палітык, тут быць не можа. Пры гэтым Павел кажа, што перамогі магчымыя і «без вайсковага складніка», як гэта здарылася ў выпадку з распадам СССР.
Рана ці позна такая перамога святла над цемрай зноў напаткае беларусаў, упэўнены Севярынец. Галоўнае — быць да гэтага гатовымі:
«Можа, праз тое, што ў 1991 годзе мы як народ не былі гатовыя прыняць тое, што рабіў Беларускі народны фронт, таму мы цяпер маем гэты шлях у пустыні. І ўсе выпрабаванні, якія мы трываем цяпер — гэта спроба нагнаць, стаць гатовымі».
Categories: Асобы, Мараль, Нацыя Беларусы
Пакінуць каментар