«Жыве!» ці «Жыве вечна!»? Як правільна? Вакол гэтага пытання разгарнулася палкая дыскусія

«Жыве Беларусь!» — гэты вокліч святы для мільёнаў. Але як адказаць на яго правільна, каб не парушыць гістарычную традыцыю і захаваць рытм? 

Акцыя салідарнасці, 2023 год. Фота: Наша Ніва

Ініцыятарам спрэчкі стаў культавы перакладчык Сяргей Шупа. На сваёй старонцы ў фэйсбуку ён пакінуў эмацыйны допіс, у якім раскрытыкаваў папулярную сёння форму адказу:

«— Жыве Беларусь!

— Жыве!

Адкуль і калі ўзялося гэтае патэтычнае, дысананснае, раскольнае, рэвізіянісцкае, неафіцкае «ВЕЧНА!»? Кожны раз, калі чую гэты няскладны сумбурны хор, хто ў боб, хто ў гарох — сорам бярэ…»

Перакладчык Мікола Раманоўскі ў адказ узгадаў, што ад старых дзеячаў культуры, скажам, ад палітвязня ў міжваеннай Польшчы і падпольшчыка ў часы Другой сусветнай, аўтара песні «Зорачкі» Сяргея Новіка-Пяюна, таксама чуў выключна кароткае і ёмістае: «Жыве!».

Іншы ўдзельнік дыскусіі прывёў радкі з верша народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі, напісанага ў часы Другой сусветнай вайны:

«На прускага ката
За вёску і хату!» —
Кліч помсты народнай заве.
Ідуць у атаку лясныя салдаты,
Грукочуць гранаты,
Грымяць аўтаматы:
— Жыве Беларусь!
Жыве!!»

У Мінску, 2014 год. Архіўнае фота: Наша Ніва

Адкуль узялося «вечна»?

Дыскусія дазволіла выявіць некалькі версій паходжання дадатку «вечна», які так раздражняе прыхільнікаў традыцыі.

Некаторыя згадалі іранічны, перасыпаны ненарматыўнай лексікай рэп «Зянон-хоп». Ён з’явіўся пасля разгону Плошчы-2006 на тле ўсеагульнай дэпрэсіі. Менавіта там гучаць радкі: «Жыве Беларусь! Жыве вечна!».

Музыка і журналіст Віктар Сямашка прыгадаў, што ўпершыню пачуў варыянт «жыве вечна» ад актывістаў БХД (Беларускай хрысціянскай дэмакратыі) на пачатку 2010‑х гадоў.

Іншую версію агучыў удзельнік дыскусіі, які пажадаў застацца ананімным. Паводле яго звестак, адказ «Жыве вечна» паходзіць з асяроддзя спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край», якая дзейнічала ў канцы 1990-х. Гэты лозунг нават друкаваўся на вокладцы іх газеты «Голас Краю».

Па яго словах, пазней, пасля пачатку расійскай агрэсіі ва Украіне ў 2014 годзе, адзін з былых лідараў «Краю» стварыў Беларускую Тактычную Групу, байцы якой захавалі гэты покліч. Лагічна, што пасля поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе словы ўвайшлі ў рытуальны зарок Палка імя Кастуся Каліноўскага.

«Людзі ствараюць і традыцыі, і сучасных герояў. Мы маем зараз словы, з якімі людзі ідуць у бой і ў турмы. Гісторыя ўжо напісаная і крывёй, і пакутамі!» — эмацыйна дадаў ананімны карыстальнік, не бачачы праблемы ў пашырэнні лозунга.

Графіці. Фота: Наша Ніва

Чаму «вечна» выклікае спрэчкі?

Аргумент пра «кроў і пакуты» не пераканаў Сяргея Шупу. На яго думку, гераізм людзей не апраўдвае скажэння векавой традыцыі.

«Людзі ідуць у бой і ў турмы, пішуць гісторыю крывёю і пакутамі зусім не дзеля таго, каб дадаць лішняе слова і знявечыць векавую традыцыю», — заўважыў Шупа.

На ягоную думку, словы «Жыве вечна» «немагчыма толкам адназначна раскласці рытмічна, немагчыма працягнуць тысячным голасам», бо нехта гэта прыплёў, пра такія важныя рэчы не падумаўшы. І цяпер на вялікіх сходах даводзіцца чуць гэтую невыразную размазню хто куды. (…) «Звычайна бывае:

— Жыве Беларусь!

— Жыв ве вее веч веее чна!»

Некаторыя карыстальнікі паспрабавалі правесці паралель з украінскім вітаннем «Слава Украіне! — Героям слава!», дзе адказ таксама складаецца з двух слоў. Гэта тлумачыцца натуральным імкненнем да сэнсавага і рытмічнага балансу.

«Я бачу ў гэтым імкненне да паралелізму, да раўназначных, аднародных структур». Такое імкненне вельмі натуральнае для сітуацыі «фразы-ключа», — напісала адна з карыстальніц.

Але Сяргей Шупа не пагадзіўся. На яго думку, няма ніякай патрэбы дадаваць гэтае «вечна».

«Жыве Беларусь» на шчыце хаты, Віцебская вобласць, 2021 год. Фота: Наша Ніва 

Што значыць «вечна» для новых пакаленняў?

Тым не менш многія ўдзельнікі дыскусіі сталі на абарону новай формы. Для іх слова «вечна» нясе важны сэнсавы зарад.

Ён як сцвярджэнне неўміручасці: 

«Мне гэта «вечна» заўсёды падабалася, бо гэта як сцвярджэнне, што не толькі зараз, а назаўсёды: была, ёсць і будзе пасля нас. Вельмі здзівілася, што «вечна» — гэта кепска і што гэта дысананс і аж разбурэнне еднасці».



Categories: Асьвета, Культура, Нацыя, Нацыя прачынаецца

Пакінуць каментар