Калеснікава: «Мяне шакуе маштаб нянавісці і агрэсіі». Марыя патлумачыла, што для яе значыць вяртанне да нармальнасці

«Нават у турме я не дазваляла сабе адмовіцца ад таго, каб жыць сваім жыццём, а мой смех успрымалі як правакацыю».

Фота: SOPA Images / LightRocket via Getty Images

Марыя Калеснікава ў інтэрв’ю выданню Die Zeit расказала, як ў зняволенні імкнулася адчуваць сябе вольнай і што думае пра свет, у якім апынулася пасля вызвалення. Прыводзім найбольш цікавае.

Як захаваць свабоду ў зняволенні?

«Нават у турме я не дазваляла сабе адмовіцца ад таго, каб жыць сваім жыццём», — адзначыла Марыя напачатку інтэрв’ю.

«Я ніколі не адчувала сябе адзінокай. Я заўсёды адчувала падтрымку сваёй сям’і, нават калі амаль тры гады знаходзілася ў поўнай ізаляцыі, без ніякай інфармацыі пра маіх родных».

Крыніцай сілы для Калеснікавай была і музыка. Калі яна была ў адзіночнай камеры, то магла слухаць дзяржаўнае радыё.

«Збольшага [там круцілі] музыку, якая мне не была блізкай. Але часам трапляліся Элтан Джон ці Queen, Beatles, Стынг ці Лэдзі Гага. Ты чуеш гэта і разумееш: вось яна, рэальнасць. Я сяджу тут у гэтых штучных дэкарацыях, але Мік Джагер існуе. Ён спявае! Людзі ходзяць на канцэрты! Яны слухаюць музыку! Песні па радыё вярталі мае думкі да звычайнага жыцця».

Нехта даслаў Марыі за краты ноты Моцарта.

«Я чула музыку ў сваёй галаве — сімфоніі Моцарта, Бетховена, асабліва Баха. Гэта свет гукаў, у якім я правяла большую частку свайго жыцця, больш за 30 гадоў. Гэта частка мяне. Тады я была ў згодзе з самой сабой».

У адзіночнай камеры Калеснікава напісала дзве кнігі. Рукапісы ёй не аддалі.

«Адна была пра падзеі 2020 года. Другая кніга — пра мяне, перш за ўсё пра маё асяроддзе, пра маю адукацыю ў Беларусі, у Германіі, пра маю сям’ю і дзяцінства, пра калег, якія былі для мяне прыкладамі. У ёй я спрабавала зразумець, як я змагла знайсці сябе ў турме. Для мяне гэта была незвычайная сітуацыя, і я хацела яе асэнсаваць».

За час у няволі Марыя прачытала больш за 700 кніг. «У СІЗА бібліятэка была значна лепш укамплектаваная, было шмат літаратуры на замежных мовах. У калоніі было складаней. Але і там былі Шэкспір, Шылер, Мантэнь, Спіноза. Гэта мяне выратавала. Калі чытаеш Шэкспіра, не адчуваеш сябе ў адзіночцы».

Марыя Калеснікава ў судзе. Фота: Ramil Nasibulin/BelTA pool photo via AP, File

«Нават у турме мой смех успрымалі як правакацыю»

«Нават у турме мой смех успрымалі як правакацыю. Я люблю смяяцца. Нават калі я сядзела ў адзіночцы, я не магла не смяяцца. Нават у самых жахлівых рэчах я знаходжу нешта камічнае. Я смяюся, калі бачу нешта жудаснае ці агіднае, бо мне гэта падаецца фарсам. Я адмаўляюся прымаць гэта як рэчаіснасць», — дзеліцца Калеснікава.

Яна адзначыла, што заставалася ветлівай за кратамі.

«Я кожнаму жадала добрай раніцы, жартавала, каб сказаць: я ўсё яшчэ тут! Усміхалася. Ветлівасць працуе нават у турме. Там сядзяць самыя розныя людзі. Некаторыя могуць быць грубымі. Спачатку яны былі здзіўлены такой ветлівасцю, бо ніколі раней з ёй не сутыкаліся. Але праз пэўны час яны ўжо самі жадалі «смачна есці» ці «добрай раніцы».

«Пасля пяці гадоў зняволення гэта адна з вялікіх зменаў, якую я адчуваю тут, на волі: ветлівасць некуды знікла», — заўважыла былая палітзняволеная.

Марыя таксама патлумачыла, чаму ёй важна чырвоная памада.

«Яна мне проста падабаецца! З гадамі яна стала сімвалам, часткай мяне. Я карысталася ёй нават у калоніі, дзе жанчынам не дазвалялася карыстацца чырвонай памадай. Наглядчыкам гэта зусім не падабалася, але я ўсё роўна прыгожа ўсміхалася. Гэта выглядала як транспарант! Калі мяне вызвалялі, я сказала ахоўнікам, што мне трэба ў туалет. Я хацела выйсці са зняволення з чырвонымі вуснамі».

«Мы мусілі штодня ўставаць у шэсць раніцы і ўжо ў 6:20 быць цалкам гатовыя — нават ложак павінен быў быць засланы. Многія жанчыны ў няволі перастаюць карыстацца касметыкай і даглядаць сябе. Я ж у 6:20 ужо была гатовая — з чырвонай памадай і ўкладзенымі валасамі», — згадвае Марыя.

Марыя Калеснікава, Марына Золатава, Павел Севярынец у аўтобусе, які прывёз былых палітзняволеных у Варшаву. 18 снежня 2025 года

«Трэба размаўляць з Лукашэнкам»

«Чаму адразу пасля вызвалення вы падзякавалі Лукашэнку?» — спыталі журналісты ў Калеснікавай.

«Найперш я падзякавала Дональду Трампу! Потым — Уладзіміру Зяленскаму. І ўжо ў апошнюю чаргу — Аляксандру Лукашэнку. Але, калі ласка, будзьце дакладнымі: я дзякавала за вызваленне кожнага асобнага чалавека».

На рэмарку, што гэта Лукашэнка працягвае даваць загады затрымліваць людзей і дазволіў катаванні, Марыя адказала,

«І гэта быў Лукашэнка, які нас вызваліў. Вызначальнае ж тое, што 123 чалавекі цяпер могуць абняць сваіх блізкіх».

Калеснікава тлумачыць сваю пазіцыю: калі ёсць магчымасць размаўляць з Лукашэнкам, каб вызваліць людзей, трэба размаўляць.

«Трэба размаўляць адно з адным і слухаць адно аднаго. Што мяне больш за ўсё шакуе ў свеце пасля пяці гадоў зняволення: гэта маштаб нянавісці і агрэсіі. Вы гэтага, магчыма, не заўважаеце, але мяне вырвалі з адной рэальнасці і перанеслі ў іншую. Калі людзі крычаць, яны не чуюць адно аднаго. Але ўменне слухаць можа прывесці да нечага добрага».

«Мой пункт гледжання крыху адрозніваецца ад пункту гледжання іншай часткі апазіцыі, — кажа Калеснікава на заўвагу, што ў Ціханоўскай іншая пазіцыя. — Але гэта не значыць, што нехта з нас мае рацыю, а нехта — не. Вельмі важна, каб мы трымаліся разам і ішлі да агульнай мэты — каб Беларусь вярнулася да нармальнага жыцця, каб людзі вярнуліся ў Беларусь», — кажа Калеснікава.

«Я з вялікай павагай стаўлюся да Святланы. Тое, што яна робіць, мае неацэннае значэнне. І яна дапамагла вельмі многім беларусам. Але існаванне розных меркаванняў — гэта прынцып дэмакратыі. Я веру, што мы тым мацнейшыя, чым больш мы свабодныя. Інакш гэта было б так, нібыта існуе толькі адно правільнае меркаванне. Мы ведаем, як гэта працуе ў Беларусі і ў Расіі».

Ці трэба здымаць санкцыі, на думку Калеснікавай?

«Я не магу дыктаваць еўрапейскім палітыкам, што ім рабіць. Я магу толькі апісаць ім пакуты беларусаў і даць зразумець, што еўрапейцы маюць уладу палегчыць гэтыя пакуты».

Калеснікава таксама патлумачыла, што для яе значыць вяртанне да нармальнасці.

«Мы павінны вярнуцца дадому, бо мы ўсе сумуем па сваім доме. Беларускія ўлады павінны зразумець, што людзі — гэта не пагроза, а найважнейшы капітал краіны. Яны масава пакінулі краіну — з наступствамі для медыцыны, адукацыі, эканомікі, культуры. Вяртанне да нармальнага жыцця азначае: кожны можа вярнуцца дадому».

Чытайце яшчэ



Categories: Асобы, Культура, Мараль, Нацыя прачынаецца

Пакінуць каментар