Серыю вулічных пратэстаў 1996 года прынята называць «гарачай вясной», бо самыя масавыя акцыі выпалі якраз на гэты час — Дзень Волі, супрацьстаянне падпісанню дамовы аб стварэнні саюза Беларусі і Расіі, Чарнобыльскі шлях.
На вуліцы выйшлі дзясяткі тысяч людзей, бо на той момант накіпела: у будынку Вярхоўнага Савета ўжо збілі дэпутатаў, здарыўся рэферэндум-1995 па замене нацыянальнай сімволікі і наданні рускай мове статусу дзяржаўнай, адбылася першая хваля выбарчых маніпуляцый, у выніку чаго ў новым парламенце БНФ не меў сваіх дэпутатаў.

«Мінская вясна-1996 была геапалітычным пратэстам, і менавіта гэтак яна ўвойдзе ў гісторыю. Яна не змагла спыніць працэс так званай беларуска-расійскай інтэграцыі — але анексію Беларусі Расіяй яна спыніла дакладна. Наша краіна сёння пад уладай бандытаў, але ж юрыдычна мы незалежныя — калі б не «Вясна-1996, усё б было яшчэ горш: мы б былі Татарстанам», — у адзін голас сыходзяцца ў ацэнцы тых падзей іх непасрэдныя ўдзельнікі.
Праз 30 гадоў разам з імі згадваем першую кроў на вуліцах Мінска, першыя фальсіфікацыі, першых палітвязняў і першых палітыкаў-эмігрантаў.

«Нацыянальна арыентаваная супольнасць была ў дэпрэсіі»
Палітычны 1996 год для ўключаных у парадак дня беларусаў пачаўся неўзабаве пасля Новага года — 11 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія разглядала скаргу на масавыя фальсіфікацыі ў Смаргонскай выбарчай акрузе. Менавіта там вырашылі вылучаць на выбары Зянона Пазняка, трымаючы ў галаве, што сталіца будзе на асаблівым кантролі, а таксама таму, што ў свой час лідар БНФ на прэзідэнцкіх выбарах набраў там больш галасоў і за Лукашэнку, і за Кебіча.
На жаль, стратэгія не спрацавала. Сапсаваныя бюлетэні, нядопуск назіральнікаў, немагчымасць сустракацца з выбаршчыкамі, брудны ціск на апазіцыю — усё тое, што пасля ў Беларусі зробіцца «нормай», тады тэставалася ўпершыню.
«Ніколі ўжо не пройдзе калона БНФ пад бел-чырвона-белымі сцягамі», — пісаў журналіст Анатоль Майсеня. «Нацыянальна арыентаваная супольнасць была, не будзе перабольшваннем, у дэпрэсіі.
У такіх умовах нам заставалася адна пляцоўка, дзе БНФ не меў канкурэнтаў, — вуліца. Самі падзеі прадыктавалі нам тактыку — правядзенне хай і невялікіх, але рэгулярных пікетаў», — расказвае экс-дэпутат, палітык, журналіст Сяргей Навумчык, які ў той час быў прэс-сакратаром БНФ.
Апазіцыя зладзіла цэлы букет пікетаў, на якія па законе яшчэ не трэба было атрымліваць дазволы — супраць русіфікацыі школы, супраць пераследу Сяргея Антончыка, якога судзілі за даклад пра карупцыю ў атачэнні Лукашэнкі, супраць перадачы нафтавага комплексу Маскве, у абарону Канстытуцыйнага суду.
«На іх прыходзіла чалавек 20. Але пра гэта пісала незалежная прэса, пікеты бачылі людзі з тралейбусаў — мы заўсёды былі пад бел-чырвона-белым сцягам. І людзі зразумелі: «Не, БНФ не сышоў з арэны, фронтаўцы не здаліся», — згадвае Сяргей Навумчык.


«Лукашэнка прагнуў узяць Крэмль»
На ўласных акцыях і пры любой нагодзе фронтаўцы заклікалі ўсіх на мітынг у гонар гадавіны незалежнасці БНР, які дадаткова абвясцілі пратэстам супраць беларуска-расійскай інтэграцыі.
«Усім была вельмі відавочная навіслая пагроза анексіі Беларусі Расіяй. Прычым жаданне аб’яднання было ўзаемным для кіраўнікоў і Расіі, і Беларусі. Масква разлічвала атрымаць вайскова-палітычны плацдарм на заходнім кірунку, а Лукашэнка прагнуў узяць Крэмль. Замяніць кволага і хворага Ельцына ў яго сапраўды былі добрыя шанцы, і ён меў у гэтым падтрымку як у часткі расійскіх спецслужбаў, гэтак і ў шэрагу рэгіянальных расійскіх кіраўнікоў (так званы «чырвоны пояс» з некалькіх расійскіх рэгіёнаў, дзе ва ўладзе былі камуністы, якія ў дылеме — Лукашэнка ці Зюганаў — у выпадку агульнай дзяржавы прыярытэт аддалі б больш маладому і спрытнаму)», — апісвае тагачасную «гульню тронаў» Сяргей Навумчык.
«Упершыню было надрукавана больш за мільён улётак»
Дзякуючы таму, што БНФ меў разгалінаваную сетку структур у кожным сталічным раёне і на буйных прадпрыемствах, інфармацыя пра акцыю да дня БНР, якую прызначылі на 24 сакавіка (бо дата выпадала на нядзелю), ад аднаго да другога перадавалася імгненна. Але пры гэтым хапала людзей, якія ўжо не верылі, што нешта атрымаецца.
Палітык Вячаслаў Сіўчык, які ў той час кіраваў выканаўчымі структурамі БНФ, параўноўвае настроі пэўнай часткай грамадства з атмасферай на пахаванні.
«Упершыню было надрукавана больш за мільён улётак. Былі раёны Мінска, дзе яны трапілі ў кожную скрыню (гэтым займаліся ўсе дэмакратычныя партыі, у тым ліку, напрыклад, члены Аб’яднанай грамадзянскай партыі і сацыял-дэмакраты — НН). Таксама мы ахапілі электрычкі па асноўных накірунках. Пры гэтым я памятаю слёзы людзей, паняверку, што ніхто не прыйдзе на акцыю, бо «народ наш не такі». Але людзі прыйшлі — людское мора нечакана для ўсіх заліла цэнтр горада. І настроеныя яны былі значна больш рашуча, чым нават мы».




«Быкаў адным з першых выйшаў з ходнікаў на праезную частку праспекта»
Да Дня Волі — 1996 у БНФ рыхтаваліся з максімальным ахопам — акцыі былі запланаваныя і ў рэгіёнах, а ў аргкамітэт увайшлі зорныя асобы. Разам з Зянонам Пазняком там ішлі, напрыклад, экс-старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч, нядаўні старшыня Вярхоўнага савету Мечыслаў Грыб, палітык і тагачасны віцэ-спікер парламенту Генадзь Карпенка, а таксама пісьменнікі Рыгор Барадулін і Васіль Быкаў.

Сённяшні нобелеўскі лаўрэат, былы палітвязень, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі на той момант быў дэпутатам Мінскага гарадскога савету, сакратаром БНФ і таксама дапамагаў арганізоўваць акцыі пратэсту.
«Між іншага насіў «Народную Волю» пачкамі на плошчу, дзе яе разбіралі людзі і разносілі па горадзе. Адным разам я вярнуўся да сябе на працу, зайшоў у філію музея Максіма Багдановіча, але заўважыў нейкіх падазроных людзей у цывільным. Папрасіў супрацоўніка філіі адчыніць яшчэ адзін выхад, пералез праз плот і хутка сышоў. Назаўтра ён распавёў, што праз нейкі час у музей зайшлі гэтыя «ціхары» і распытваліся ў яго, куды ж я падзеўся», — прыгадвае Алесь.
Вячаслаў Сіўчык адзначае, што за тое, што Дзень Волі — 1996 атрымаўся такім, як атрымаўся, шмат у чым трэба казаць «дзякуй» менавіта Васілю Быкаву:
«Зянон Станіслававіч [Пазняк] паехаў да Быкава і папрасіў яго стаць старшынёй аргкамітэта — і яго аўтарытэт спрацаваў, усе, да каго звярталіся, адразу пасля пагадзіліся ўвайсці ў аргкамітэт».
Праўда, і ахоўваць такую велічыню прыйшлося пільна — за бяспеку пісьменніка вельмі перажывалі, бо множылася інфармацыя пра жаданне яго «прыбраць».
«Я вельмі спецыфічную ахову Быкаву паставіў. Не з ліку нават актывістаў БНФ (а ў нас была арганізаваная дружына яшчэ тады, калі мы змагаліся з камуністамі, і я доўга кіраваў менавіта дружыннікамі), а з тых людзей, якіх ведаў асабіста», — расказвае Вячаслаў Сіўчык.
«А потым як шэсце пачалося, я знянацку практычна згубіў Быкава з далягляду, за што вельмі перажываў. Аказалася, што ён адным з першых выйшаў з ходнікаў на праезную частку праспекта. І нягледзячы на тое, што ў той час у яго ўжо былі сур’ёзныя праблемы па здароўі, ён прайшоў увесь шлях з усімі і выступіў на акцыі».

24 сакавіка тысячы людзей сабраліся на плошчы перад Домам ураду з бел-чырвона-белымі сцягамі і крочылі адтуль цэнтральным праспектам, які тады насіў імя Францыска Скарыны Натоўп не здолеў затрымаць падрыхтаваны АМАП — кардон быў прабіты. Па ацэнках, калі калона дайшла да Опернага тэатра, яна ўжо налічвала каля 30 тысяч удзельнікаў.
Лукашэнку прапаноўвалі набыць квіток у Маскву ў адзін бок, натоўп хорам спяваў хіт Касі Камоцкай «Прэзідэнт, ідзі дамоў!», Зянон Пазняк з трыбуны назваў Лукашэнку здраднікам.
«Той чалавек, якога выбралі рабы і які здрадзіў Бацькаўшчыне, які здрадзіў народу — гэты чалавек перастаў быць прэзідэнтам. Ён паставіў сябе па-за Канстытуцыяй і па-за законам. З таго часу, калі будуць падпісаныя гэтыя пагадненні [саюзныя, з Масквой], ён перастае быць афіцыйным прэзідэнтам. І кожны з нас можа яго не лічыць больш прэзідэнтам. Ён падлягае суду, народнаму, суду сумлення, і нашым законам, якія дзейнічаюць і якія мы будзем берагчы».

«Білі ўсіх — мужчын, жанчын, старых, дзяцей, некаторых — да непрытомнасці»
Калі шэсце і выступы ля Опернага прайшлі досыць мірна, то далей брутальнасць падзей пачала расці, як снежны ком.
Спантанна з’явілася ідэя пайсці ў тэлецэнтр патрабаваць эфірны час, бо ранейшыя звароты з просьбай даць законны эфір апазіцыі да старшыні тэлекампаніі Рыгора Кісяля ды ў Адміністрацыю прэзідэнта вынікаў не прынеслі.
Каля тэлецэнтра калону, ад якой засталося каля 10 тысяч беларусаў, ужо чакаў ланцуг з сілавікоў — яго атрымалася лёгка прарваць. Зянона Пазняка, а таксама дэпутата парламента Паўла Знаўца прапусцілі ў будынак, у якім іх чакалі спецназаўцы. Палітыкі спрабавалі дагрукацца да начальства, але была нядзеля. Тэлефанавалі тагачаснаму кіраўніку Белтэлерадыёкампаніі Рыгору Кісялю, але ён не здымаў слухаўку.

У гэты самы час Сяргей Навумчык спрабаваў наладзіць дыялог з міліцыяй.
З кнігі «Дзевяноста шосты»:
«Спачатку звярнуўся да людзей з просьбай зрабіць тры крокі назад, каб не ствараць цісканіны і канфлікту з міліцыяй; папрасіў захоўваць парадак, а потым пачаў у мегафон агітацыю да міліцыі. Расказаў, чым можа пагражаць асабіста ім аб’яднанне Беларусі і Расіі, калі давядзецца абараняць інтарэсы Крамля ў Чачні ды ў розных «гарачых пунктах». Праінфармаваў, што беларускае заканадаўства і міжнародныя акты не проста дазваляюць, але і патрабуюць не выконваць загадаў камандзіраў, калі гэтыя загады злачынныя».
На жаль, ніводны з аргументаў не спрацаваў, і спецназ рынуўся ў натоўп людзей, пусціўшы ў ход дубінкі. Білі ўсіх — мужчын, жанчын, старых, дзяцей, некаторых — да непрытомнасці — згадвалі сведкі тых падзей. Дадаткова пусцілі газ. У дзяржаўнай прэсе, што чакана, напісалі, што гэта ўсё стала адказам на паляцелыя ў сілавікоў снежкі ды кавалкі лёду. Лукашэнка ж назаве тых, хто выйшаў на пратэст, «купленымі».
«Подла ўдарылі ў спіну, калі частка людзей пачала ўжо разыходзіцца — здарылася проста жахлівая бойня каля КДБ і ўпершыню пралілася беларуская кроў у гісторыі незалежнай Беларусі. Наляцелі тады і на Пазняка, але выратавала ахова БНФ, хлопцы адбілі яго ў амапаўцаў, — згадвае Вячаслаў Сіўчык. — Адразу, як гэта ўсё пачалося, я пабег ва ўправу БНФ, каб схаваць усе спісы з прозвішчамі нашых людзей, якіх мы не падавалі ў дзяржаўныя органы. Пасля ва ўправе здараліся вобшукі, таму гэты крок быў вельмі ратавальным».


На думку Сяргея Навумчыка, Лукашэнка ў сваёй стаўцы на сілу заўсёды натхняўся рэпрэсіямі ў СССР і Сталіным.
«Сталін для яго — настаўнік. А майстар-клас быў дадзены збіццём дэпутатаў у ноч з 11 на 12 красавіка 1995, якое было праглынута насельніцтвам. Тады Лукашэнка зразумеў, што яму можна ўсё што заўгодна».
«Лукашэнка адточваў майстэрства жорсткасці. Кожны раз ён аддаваў усё больш жорсткія загады. Ягонай мэтай было зламаць вулічны пратэсны рух», — дадае Алесь Бяляцкі.
«З’яўлялася інфармацыя пра рашэнне ліквідаваць лідараў БНФ»
Па выніках падзей 24 сакавіка каля 30 чалавек былі затрыманыя, а на ўсё кіраўніцтва БНФ завялі крымінальную справу.
«25 сакавіка я паехаў у Гродна, бо на гэты дзень акцыі на Дзень Волі праходзілі па рэгіёнах. Я апынуўся там нібыта ў іншым свеце: святочная зала была перапоўненая людзьмі, гучалі цудоўныя песні па-беларуску, а таксама на мовах нацыянальных меншасцяў — польскай, ідыш, літоўскай. А ў маёй кватэры ўжо ноччу адбыўся вобшук — усе сілы былі кінутыя супраць фронтаўцаў. Я быў вымушаны сысці ў глыбокае падполле, каб мяне не нейтралізавалі, а Зянон Пазняк і Сяргей Навумчык выехалі за мяжу — гэта было калектыўным рашэннем, бо з’яўлялася інфармацыя пра рашэнне іх ліквідаваць. Пакуль я быў у падполлі, мае функцыі выконваў Алесь Бяляцкі», — расказвае Вячаслаў Сіўчык.
«Калі мы з’ехалі, на наш адрас паляцела шмат абвінавачванняў. У тым ліку ад тых, хто ў выніку з’ехаў сам. Гэта добрыя людзі, проста мы часам лянуемся паставіць сябе на месца іншага чалавека, перш чым яго папракаць, — згадвае Сяргей Навумчык. — Я тады ўзяў з сабой толькі дыпламат і валізку са спартовым касцюмам, бялізну нейкую — ну, як чалавек едзе ў камандзіроўку на некалькі тыдняў. Мы не збіраліся прасіць палітычны прытулак. Але ў пачатку ліпеня ў Маскве заявілі, што нібыта ЦРУ мяркуе забіць у Польшчы двух лідараў БНФ і спісаць гэта на Лукашэнку. Адначасна Захад ужо пачынаў прызнаваць Лукашэнку: яго ўрачыста прынялі ў Парыжы, дывановую дарожку ў Елісейскім палацы раскаталі.
У выніку наша заява пра палітпрытулак паставіла Вашынгтон (а міжнародная палітыка фармавалася, як і цяпер, у асноўным там) перад дылемай: альбо даць прытулак і, адпаведна, пераглядзець стаўленне да афіцыйнага Мінска, альбо — адмовіць. Дзярждэп, дарэчы, не быў «за» прытулак. Але вырашала Міністэрства юстыцыі, базуючыся на прынцыпах каштоўнасці чалавечага жыцця і свабоды. Адразу ж пасля надання нам прытулку New York Times выйшла з рэдакцыйным артыкулам «Тыран Беларусі» — стаўленне да Лукашэнкі пачало мяняцца, і рэферэндум-96 адбываўся ўжо пры непараўнальна большай міжнароднай увазе, чым папярэдні».

Нягледзячы на рэпрэсіі, наступны выхад людзей на вуліцу адбудзецца ўжо 2 красавіка, у дзень, калі Ельцын і Лукашэнка ў Крамлі падпішуць пагадненне аб утварэнні беларуска-расійскай садружнасці. Здавалася б — усё, гэта дакладна канец. Тым больш лідары за мяжой. Аднак 26 красавіка натоўпы зноў запоўняць вуліцы, далучыцца да іх і Зянон Пазняк. Але пра гэта — у наступным матэрыяле.

- «Свабода патрэбна ўсім еўрапейскім народам без выключэння». Зяленскі па-беларуску павіншаваў беларусаў з Днём Волі
- Курэнне сярод беларусаў робіцца ўсё менш папулярным
- «Камунарка» стала выпускаць новую «Любімую Алёнку»
Каментары21
- Сяржук 25.03.2026 Калі б нас далучылі да Маскоўшчыны то мы бы нават і Татарстанам не былі. Татары хоць і частка Расеі але ўсё ж яны прызнаюць што гэта асобны народ з асобнай мовай традыцыямі гісторыяй. Нашая бяда ў тым што рускія што дрэнныя што так званыя харошыя ўвогуле не ўважаюць нас за асобны народ. Яны адкрыта гавораць мы адзіны народ толькі беларусы правінцыяльныя і крыху сапсаваныя палякамі, і мовы беларускай не існуе, ёсць скажоная апалячаная расейская. Таму Беларусі не было бы. Было бы проста 6 абласцей, ці Паўночна Заходні фэдэральны вокруг.
Categories: Асьвета, Гісторыя, Нацыя Беларусы
Пакінуць каментар