А ці існавала насамрэч Рагнеда? Што хавае «Аповесць мінулых гадоў»

Княгіня Рагнеда — адна з ключавых фігур у гісторыі старажытнай Беларусі. Аднак асноўныя эпізоды яе драмы амаль даслоўна супадаюць са скандынаўскімі сагамі, а сам галоўны летапіс Русі — «Аповесць мінулых гадоў» — не раз змяняўся. Дык што ў гэтай гісторыі праўда? Пра гэта расказвае гісторык Цімох Акудовіч у новым выпуску свайго падкаста «Магістра Світа налева пашыта».

Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу: сваты наўгародскага князя Уладзіміра ў Рагвалода (злева); Рагвалод гутарыць з Рагнедай, якая адмовілася выйсці замуж за Уладзіміра (справа). Фота: Wikimedia Commons

Як даводзіць гісторык, сама назва «Аповесць мінулых гадоў» — гэта штучны канструкт даследчыкаў, узяты з першых слоў тэксту, а арыгінальнага дакумента пачатку XII стагоддзя ніхто з сучаснікаў ніколі не бачыў. Навука працуе не з арыгіналамі, а з гіпотэзамі, выбудаванымі на падставе пазнейшых тэкстаў — гэтак званых спісаў, зробленых праз 300—400 гадоў пасля напісання арыгінала.

Спіс — гэта, па сутнасці, перапіс з перапісу. Манахі XV—XVI стагоддзяў капіявалі тэксты XIII стагоддзя, якія, у сваю чаргу, былі копіямі яшчэ больш ранніх арыгіналаў. На сёння за базавыя прызнаюцца пяць асноўных спісаў: самы стары — Лаўрэнцьеўскі (XIV ст., Паўночна-Усходняя Русь), Іпацьеўскі (XV ст., Паўднёва-Заходняя Русь), знакаміты ілюстраваны Радзівілаўскі (XV ст., поўнач), а таксама Хлебнікаўскі (XVI ст.), які цікавы тым, што абапіраўся на вельмі старажытную копію.

Кожны манах-перапісчык таксама выконваў актуальную палітычную задачу, таму спісы адрозніваюцца: нехта дадаваў падзеі свайго рэгіёна (як у Іпацьеўскім спісе з гісторыяй Заходняй Украіны), нехта дапісваў даты, а нехта, як у выпадку з Радзівілаўскім спісам, ствараў цэлы «гістарычны комікс» з сотнямі малюнкаў.

Гісторык Аляксей Шахматаў напрыканцы XIX стагоддзя высунуў фундаментальную гіпотэзу пра тое, як фармаваўся гэты тэкст. Паводле яго, усё пачалося ў 1030‑я гады пры Яраславе Мудрым са «Старажытнейшага зводу». Гэта была сямейная сага роду конунга (князя), напісаная без дат, проста як паслядоўнае апавяданне. Да таго ж у гэтым раннім тэксце яшчэ не існавала легенды пра прызванне варагаў.

Заморскія госці. Мастак Мікалай Рэрых. 1901 год.

Прыкладна праз пяцьдзясят гадоў, дзесьці ў 1080‑я гады, зноў жа ў Кіеве тэкст летапісу быў дапоўнены і моцна перапісаны. Шахматаў называе гэты тэкст «Пачатковым зводам». Цяпер у навуцы папулярная версія, што гэты тэкст быў напісаны не па ініцыятыве нейкага князя, а хутчэй быў вялікім праектам кіеўскага манаха Іаана Пячэрскага.

І, што самае важнае, Пячэрскі ўпершыню расставіў у тэксце даты. Акудовіч падкрэслівае: летапісец не мог ведаць дакладных дат падзей IX ці X стагоддзяў. Можна меркаваць, што ён меў перад сабой толькі некалькі візантыйскіх хронік з датамі паходаў на Царград; блізкія падзеі (20—50 гадоў) ён мог датаваць, грунтуючыся на ўспамінах сучаснікаў, а вось больш раннія «дадумаў» і расставіў заднім чыслом.

Напрыклад, знакамітая дата прызвання варагаў (862 год) магла быць пазычана з еўрапейскай хронікі пра конунга Рорыка Ютландскага, які менавіта ў гэтым годзе атрымаў землі ў Галандыі. Гэта азначае, што кананічная храналогія, якую мы вучым у школе, — шмат у чым штучны канструкт XI стагоддзя.

Летапіс як палітычны заказ Манамаха

Фінальную версію «Аповесці мінулых гадоў» мы атрымалі ў 1110‑я гады пры Уладзіміры Манамаху. Агульнапрынята лічыць, што таго манаха, які перапісаў тэкст, звалі Нестар, але цяпер гісторыкі ў гэтым моцна сумняваюцца і асноўным аўтарам часцей называюць іншага манаха з Кіева — Сільвестра.

Як адзначае Акудовіч, у новай рэдакцыі былі папраўлены некаторыя даты, а некаторыя даследчыкі лічаць, што і ўвогуле была істотна зменена ўся храналогія. Пры гэтым падзеі летапісу даведзены да 1118 года. І, што самае важнае, тэкст моцна змяніўся сутнасна.

Цяпер гэта было не проста апісанне гісторыі адной сям’і ўдачлівых конунгаў і не проста трактат пра прыход хрысціянства на Русь. Гэта была маштабная гісторыя пра стварэнне вялікай дзяржавы Русі, якая займае велізарныя тэрыторыі ад мора да мора і з’яўляецца раўнапраўным прадстаўніком сярод іншых дзяржаў Еўропы.

Як тлумачыць гісторык, з дапамогай летапісу Манамаху трэба было вырашыць дзве задачы. Па-першае, абгрунтаваць легітымнасць сваёй дынастыі. Менавіта тады ў тэксце канчаткова замацоўваецца вобраз Рурыка і ідэя «сацыяльнага кантракту»: варагаў нібыта самі запрасілі мясцовыя жыхары («прыйдзіце валодаць намі»), што рабіла ўладу нашчадкаў Рурыка бясспрэчнай і законнай.

Гісторыкі мяркуюць, што такая версія магла ўзнікнуць невыпадкова, бо Уладзімір і ягоны сын Мсціслаў мелі жонак-прынцэс з Англіі і Швецыі, таму ідэя «князя з поўначы» была для іх зразумелай і палітычна прывабнай. Больш за тое, сюжэт пра запрашэнне варагаў мог быць наўпрост запазычаны з англійскай хронікі пра запрашэнне саксаў брытамі. Тэксты гэтых паданняў вельмі падобныя, а ў Кіеў з Англіі хроніку магла прывезці жонка Манамаха Гіта.

Па-другое, трэба было паставіць Русь у адзін шэраг з вялікімі дзяржавамі Еўропы. Для гэтага летапісец выкарыстаў прыём інтэртэкстуальнасці, робячы гісторыю Русі падобнай на Біблію.

У сярэднявечным мысленні «сапраўдным» было толькі тое, што мела рэферэнс у святых тэкстах. Таму Кіеў называўся «маці гарадоў рускіх» па аналогіі з Іерусалімам, Уладзімір Хрысціцель меў 800 наложніц, а цар Саламон — 300 (хоць гістарычна гэта малаверагодна), княгіня Вольга ў сваёй мудрасці выклікае асацыяцыі з царыцай Саўскай.

Па словах гісторыка, гэта была свядомая сінхранізацыя тутэйшага жыцця з «высокім наратывам» Бібліі, каб надаць дзяржаве дадатковыя «пункты статусу» ў вачах суседзяў.

Ці існавала Рагнеда?

Разглядаючы гісторыю Рагнеды, Акудовіч звяртае ўвагу на дзіўнае супадзенне з «Сагай аб Інглінгах». Там конунг Гудрад таксама атрымлівае адмову ад прынцэсы Асы, пасля чаго нечакана атакуе яе горад, забівае бацьку і брата, сілай бярэ дзяўчыну ў жонкі, а пазней гіне ад нажа яе слугі, падасланага самой Асай. Тэкставыя і сюжэтныя супадзенні настолькі відавочныя, што ўзнікае пытанне: ці не з’яўляецца Рагнеда проста літаратурным копіпастам?

Антон Ласенка. «Уладзімір і Рагнеда» (1770)

Цімох Акудовіч мяркуе, што Рагнеда — постаць рэальная, бо першая версія яе гісторыі з’явілася ўсяго праз 30—40 гадоў пасля падзей. У «Старажытнейшым зводзе» (1030‑я гады) гісторыя Рагнеды, верагодна, ужо існавала, але была вельмі кароткай. У той час у Кіеве яшчэ існаваў Брачыславаў двор (пасольства ўнука Рагнеды), і летапісец мог чуць рэальныя паданні пра спаленне Полацка ад жывых сведкаў.

Аднак у XII стагоддзі, пры Манамаху, летапісец вырашыў надаць гэтай гісторыі больш драматызму. Ён пашырыў сюжэт, уставіўшы ў яго элементы з розных скандынаўскіх саг (напрыклад, абразу пра «сына рабыні»), якія тады актыўна бытавалі ў рэгіёне.

Чаму гэта было зроблена? Магчыма, гэта быў палітычны ціск на Полацк пасля эпохі Усяслава Чарадзея — спроба яшчэ раз нагадаць пра «законнае» падпарадкаванне горада Кіеву. Альбо гэта быў асабісты мастацкі выбар летапісца, які хацеў стварыць моцную жаночую драму.

Цікава, што фінал гісторыі з малым Ізяславам, які заступаецца за маці з мячом, адсутнічае ў сагах, але археалагічнае існаванне горада Заслаўя (Ізяслаўля) пацвярджае, што ў аснове ўсё ж ляжала мясцовае народнае паданне.

Заслаўскі замак з былым кальвінскім зборам, зняты з паветра. Фота: turby.by

Існуе нават версія, што гісторыя Рагнеды настолькі ўразіла сучаснікаў, што стала легендай і патрапіла ў Скандынавію, уліўшыся ў тамтэйшы эпас, а не наадварот.

Як чытаць летапіс сёння?

Цімох Акудовіч заклікае не ўспрымаць «Аповесць мінулых гадоў» як дакладны дзённік падзей, але і не адкідваць яе як поўную хлусню. Гэта высокае мастацтва «сярэднявечнага постмадэрнізму», дзе аўтары свядома змешвалі мясцовыя легенды з сусветнымі сюжэтамі, каб стварыць велічны вобраз сваёй краіны.

У той жа час трэба змірыцца з тым, што рэканструяваць рэальную гісторыю фармавання Русі на першых этапах нам даводзіцца без «Аповесці». Гэта зусім не новая думка. Яшчэ даследчыкі XIX стагоддзя, у тым ліку расійскія, казалі, што нельга цалкам абапірацца на гэты летапіс.

Некалькі гадоў таму вядомы даследчык Аляксей Талочка зрабіў цікавы эксперымент. Ён напісаў кнігу пра стварэнне Русі, цалкам адкінуўшы «Аповесць мінулых гадоў». Ён абапіраўся выключна на візантыйскія хронікі, еўрапейскія дакументы і арабскія апавяданні і ў выніку атрымаў карціну, якая кардынальна адрозніваецца ад прывычнай нам школьнай версіі. Пра гэта Акудовіч абяцае расказаць у адным з наступных выпускаў свайго падкаста.

Чытайце яшчэ

Каментары4

  • ХВ 26.03.2026 Одни историки говорят так, другие – иначе. Так что причисляйте весь их трёп к мифам и сказкам. Только ваше настоящее и логическое говорят вам, что возможно, а что нет. Но и это всего лишь умозрительный конструкт.
  • Valadzimir 26.03.2026 Самае галоўнае і фундаментальна важнае з таго, што напісана у “Аповесьці Мінулых Гадоў” для тутэйшага “народца” – гэта тры словы ў Хлебнікаўскім сьпісе Іпацьеўскага летапісу – “друзии лютичи литва”. Яны не проста кардынальна мяняюць ягоную гісторыю, але й павялічваюць яе ў 10 разоў – са 150 да 1500 год, а мо і болей. Вось толькі “нацыянальная” “эліта” тутэйшага “народца” – прыкормленыя Ўсходам і Захадам правінцыйна-лімітрофныя марыянеткі, не проста в упор “не бачаць” гэтага паведамленьня, а, мяркую, яны яго нават баяцца, як чорт ладана. Таму што яно цалкам абвяргае хлусьлівую “гісторыю”, напісаную ў чужынских “метраполиях” для тутэйшага новастворанага белорусского “народца”, пасьля скаардынаванага зьнішчэньня 230 год таму адзінай “нейтральнай”, вольнай краіны тагачаснай Еўропы – Вялікага Княства Літоўскага.


Categories: Асьвета, Гісторыя, Культура, Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар