Ірына Хадарэнка: КРАІНА КВАЗІ. Часопіс “САКАВІК”, №3, верасень 2013

 

Яны прайшлі няшмат перад тым, як заўважыць удалечыні Чарапаху Квазі, што ў самотнай адзіноце сядзеў на невялікім скальным выступе. Наблізіўшыся, Аліса пачула, што ён ўздыхвае так, нібыта разрывалася сэрца. Яна моцна пашкадавала яго. “Чаму ён такі сумны?” – запыталася дзяўчынка ў Грыфона, і Грыфон адказаў ёй амаль, як і раней: “Гэта ўсяго толькі выдумкі! Няма чаго яму сумаваць. Хадзем!” І яны падышлі да Чарапахі Квазі, які зірнуў на іх вялікімі, напоўненымі слязамі вачыма, нічога не сказаўшы.

Льюіс Кэрал. “Аліса ў Краіне Цудаў”

Шмат дзівосаў назіраю я апошнім часам у роднай старонцы. Пачало нават падавацца, што быццё працякае ў нейкай quasi-рэчаіснасці, дзе з’явы пераважна існуюць толькі ўмоўна-віртуальна, на ўзроўні платонаўскіх “ноўменаў”. Тут міжволі суаднясеш сябе з Лао-цзы і ягоным сном пра матыля. Чаго толькі тут няма! Усё маецца, бадай. Але найчасцей – з экзатычнай вербальнай прыбудовай “такзванасці”.

Вось, напрыклад, у нас існуе Так Званы Прэзідэнт і Так Званая Апазіцыя, Так Званыя Выбары і Так Званы Парламент, Так Званая Эліта і Так Званы Электарат, Так Званая Навука і Так Званая Гаспадарка. Ёсць яшчэ Так Званая Інтэлігенцыя, якую, праўда, ніхто не чуе, бо голас яе занадта ціхі і выказваецца яна рэдка. Ёсць Так Званыя Прадпрымальнікі, на інтарэсы якіх чыноўнікі проста не зважаюць, пакуль не атрымаюць або хабар знізу або пендаль звыш. Аніяк мы не можам абысціся і без Так Званых Ворагаў, якім супрацьстаяць Так Званыя Змагары.

А Так Званыя Зоркі Эстрады! Гэта ж увогуле унікальны феномен, які немагчыма аналізаваць у цвярозым стане, абапіраючыся толькі на здаровы сэнс. І, бясспрэчна, нам вельмі патрэбны шэраг Так Званых Святаў, абсалютная большасць з якіх вылучаецца гэткай жа абсалютнай штучнасцю.

А на што скіроўвае свой імпэт шэраг Так Званых Інтэлектуалаў? Посткаланіяльныя даследаванні, гісторыя фемінізму, ушчымленне сэкс-меньшасцяў, пашырэнне ведаў пра Халакост, візуальный дыскурс, герменеўтычныя канатацыі… Нічога, што ментальнасць многіх беларусаў па-ранейшаму так і засталася на ўзроўні “тутэйшасці”, але без гэтых кодавых трэндаў, паводле іх меркавання, нам аніяк немагчыма ўвайсці ў пачэсную лігу еўрапейскай супольнасці.

І ўсё гэта, мабыць, было б смешна, калі б не было такім сумным. Таму што замест Краіны, у якой прагнулася б жыць, узнікае Дзяржава, ад якой хочацца збегчы. Замест Нацыі, якой варта было б ганарыцца, паўстае Насельніцтва, за якое бывае сорамна. А галоўнае: ставіць дыягназы і знаходзіць вінаватых мы навучыліся выдатна, а вось што рабіць з гэтым далей – тут пачынаецца няўцямнае мыканне і разгубленае пачухванне патыліцы.

Так Званымі Аналітыкамі створаны цэлы веер Так Званых Стратэгій выйсця краіны з эканамічнага крызісу. Але разам з тым не пададзена ніводнай дакладнай і добра абгрунтаванай канцэпцыі рэформ у сацыяльна-культурнай сферы. Як у працэсе бюджэтавання, так і ў разнастайных палітычных пракламацыях для культуры звычайна адводзіцца месца ў завуголлі.

Чаму пытанні культуры падаюцца мне больш важкімі за эканамічныя? Бо эканамічныя сістэмы вынікаюць з каштоўнаснага падмурка, як расліна з насення. Карл Маркс, канешне, быў асобай кемлівай (асабліва, калі ўлічыць, што асноўную частку жыцця ён нідзе не працаваў, займаўся пісанінай і жыў за грошы сваёй жонкі і сябра Ф. Энгельса – гэта трэба ўмець так уладкавацца!), але, як і кожны чалавек, ён меў права на памылку. Сёння яго з лёгкасцю аспрэчвае Фрэнсіс Фукуяма, сцвярджаючы: “Неразуменне таго, што асновы эканамічных паводзін палягаюць у вобласці свядомасці і культуры, прыводзіць да распаўсюджанай памылкі, згодна з якой матэрыяльныя нагоды прыпісваюцца тым з’явам, якія ў асноўным належаць да сферы духу”.

Інакш кажучы, базіс і надбудова могуць змяняцца месцамі. Кодэкс пратэстацкай этыкі прывёў да эканамічных рэформ у Германіі. Патэрналісцкія арыентацыі дапамаглі японцам хутка пераадолець наступствы Другой сусветнай вайны і пабудаваць моцную прамысловасць. Савецкая ідэалогія спавадавала манструозную камандна-адміністратыўную сістэму кіравання гаспадаркай, якая павалілася, як карткавы дамок, адразу пасля зруйнавання ідэалаў камунізму. Нягледзячы на гэта, пытанні культуры ў нас сціпла таўкуцца апошнімі ў чарзе актуальных праблем, а ў пракламацыйных праграмах палітычных лідараў займаюць у лепшым выпадку пару абзацаў.

Пачынаць жа трэба з дакладнага і канчатковага адказу на пытанне, якое знаходзіцца ў “падвешаным стане” ўжо больш за стагоддзе: хто мы ёсць? І што адносіцца да беларускай культуры, а што аніяк з ёй не спалучаецца. Бо калі пакінуць гэта на самацёк – знойдуцца ахвотнікі, якія вызначаць гэта за нас. На іхніх умовах, вядома. Нам вельмі пераканаўча раскажуць, якімі мы, беларусы, спрадвеку былі “халопамі”, “лапатнікамі”, “калгаснікамі”, і ахвотна пакажуць, у якім кірунку мы абавязаны рушыць далей (пад “чулым кіраўніцтвам” звонку). Калі ж працягваць бязглузда скідваць усё да купы без адпаведнага вызначэння ідэйна-каштоўнасных прыярытэтаў, дык мы ніколі не выкараскаемся з той балоцвіны, у якую самі сябе загналі ў мэтах элементарнага выжывання.

Пры гэтым варта абапірацца на шэраг істотных фактараў:

  • Этнічнае паходжанне (можа быць змяшаным) – асабліва ў гістарычным і сацыякультурным аспектах;

  • Самаідэнтычнасць (можа быць падвойнай) – асабліва ў сучасны “постнацыянальны” перыяд;

  • Мова (фактар дамінантны, але не вызначальны).

Але галоўнае – носьбітам і рэтранслятарам якіх культурных традыцый з’яўляемся ўсе мы разам і кожны жыхар Беларусі паасобку. Мы прызвычаіліся адносіць Францыска Скарыну і Міколу Гусоўскага да ліку беларусаў, але яны самі, мабыць, пачуўшы гэта, былі б моцна здзіўленымі такому азначэнню. З іншага боку, складана прадказаць, якім будзе беларус ХХІІ стагоддзя. І ці будзе ён увогуле, улічваючы імклівае размыванне нацыянальных адметнасцяў у акіяне сучасных глабалізацыйных працэсаў.

Сёння ж падаецца відавочным, што цалкам недарэчна лічыць беларусам, напрыклад, імігранта з Афганістана, які, хоць і жыве ў Беларусі на працягу дзесяцігоддзя, але ўсведамляе сябе менавіта афганцам, размаўляе на працы па-руску, а дома на мове пушту (беларускую, магчыма, разумее на ўзроўні некалькіх фраз), гісторыі Беларусі не ведае ўвогуле, да беларускіх святаў ставіцца абыякава. Такіх асоб мы ўключаем у насельніцтва Беларусі, але лічыць іх, паводле грамадзянскай канцэпцыі нацыі, беларусамі, будзе памылковай пазіцыяй. Супрацьлеглае становішча можна разгледзець на прыкладзе вядомага музыкі і шоўмэна Андруся Такіданга. Цёмнаскуры хлопец, у якога маці – беларуска, бацька – з Афрыкі, стварае песні з выкарыстаннем мясцовых фальклорных традыцый, а на беларускай мове размаўляе так, што некаторыя карэнныя прадстаўнікі нацыі могуць пазайздросціць. Дык чаму б не лічыць яго беларусам? Тым больш, калі ён сам усведамляе шчыльную повязь з Беларушчынай. А дзіцяці, народжанае, напрыклад, у ЗША, але ад бацькоў-беларусаў – хіба яно аўтаматычна становіцца амерыканцам? Паводле грамадзянства, мабыць, так, але не паводле этнічнай прыналежнасці.

Гэтаксама мы не можам лічыць “нашымі” Дастаеўскага і Шастаковіча, як бы моцна нам гэтага не хацелася. Хоць карэнні дадзеных геніяў і вядуць да беларускай зямлі, але змест іх творчасці ды іхняе самаўсведамленне аніяк гэтага не адлюстроўваюць. Зразумела, калі хтосьці дасягнуў пэўнай вядомасці, як, напрыклад, Марк Шагал або Айзек Азімаў, дык кожная краіна, з якой быў звязаны шлях гэтай асобы, пачынае спробы “персанальнай прыватызацыі”. Але нарадзіцца на беларускай зямлі і прынесці ёй нейкі істотны плён – зусім не тоесныя рэчы. Напрыклад, які ўнёсак у беларускую культуру зрабіў Шымон Пэрэс? Тое, што ён нарадзіўся ў Беларусі, робіць яго ўсяго толькі нашым земляком, але не больш за тое. Іншая справа – Змітрок Бядуля, без якога беларуская літаратура відавочна абяднела б. Або Ўладзімір Мулявін – ці ж можна ўявіць гісторыю беларускай музычнай культуры без ягонай прысутнасці?

Сустракаюцца ў публічнай прасторы і досыць абуральныя рэчы. У прыватнасці, у лік “Імёнаў Беларусі” трапіў… Маер Ланскі! Вось нават хто прызваны “ствараць пазітыўны вобраз Беларусі” – ашуканец і ганстэр, які нарадзіўся ў Гародні ў жыдоўскай сям’і, што эмігравала ў ЗША. Але, прабачце, які ўвогуле стасунак ён мае не толькі да беларускай гісторыі і культуры, але і да сусветнай?! Ці зараз модна ствараць герояў з былых нягоднікаў? І што гэта за дзіўныя спробы прывязаць да Беларушчыны тое, што не мае да яе аніякага дачынення? Спадзяванні на тое, што памяркоўны беларускі “піпл усё сха́вае”?

У сваю чаргу моўнае пытанне падаецца адным з ключавых у працэсе нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Папулярныя на абывацельскім узроўні параўнанні моўнай сітуацыі ў Беларусі са станам рэчаў у Швейцарыі і Канадзе, дзе існуе шматмоўе, з’яўляюцца абсалютна не карэктнымі. Больш адпаведным было б параўнанне з выкарыстаннем гэльскай мовы ў Ірландыі. Афіцыйна замацаванае ў РБ дзвюхмоўе ў рэчаіснасці забяспечыла абсалютную дамінацыю рускай мовы і паступовае выцісканне мовы беларускай з паўсядзённага ўжытку. Палепшыць сітуацыю магло б вяртанне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы з адначасовым наданнем рускай мове статусу прыярытэтнай у галіне міжнацыянальных зносін.

Патрабуецца таксама шэраг адпаведных крокаў у моўнай палітыцы: аднаўленне беларускай мовы ў якасці асноўнай мовы дзелавых зносін у дзяржаўных установах, увядзенне абавязковага кваліфікацыйнага тэсту на веданне мовы для асоб, якія прэтэндуюць на кіраўнічыя пасады (як у дзяржаўнай, так і ў недзяржаўнай сферах) і адпаведнага сумоўя для прэтэндэнтаў на атрыманне беларускага грамадзянства, усебаковае пашырэнне выкладання і выхавання па-беларуску ў адукацыйных установых (ад дзіцячых садкоў да ўніверсітэтаў), увядзенне нарматыву аб змяшчэнні беларускамоўнай інфармацыі на ўпакоўках і этыкетках тавараў, а таксама ў рэкламных абвестках і роліках, поўны перавод інфармацыйных блокаў дзяржаўных тэле- і радыёканалаў на беларускую мову, захаванне дзяржаўнага фінансавання толькі для беларускамоўных перыядычных выданняў, абкладанне адмысловым падаткам распаўсюдвальнікаў рускамоўных кніжных і музычных прадуктаў, арыентаваных на масавага спажыўца і г.д.

Далёка не апошнюю ролю ў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі грае рэлігійны чыннік. Яшчэ са старажытных часоў у Беларусі назіралася такая градацыя: праваслаўны – значыць, рускі, каталік – адпаведна, паляк. Спроба пераадолець канфесійную звадку ўжо здзяйснялася шляхам утварэння ўніяцтва, якое, аднак, было амаль знішчана дзякуючы рэлігійнай агрэсіі з Усходу. Сёння ж дзейнасць Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі канцэнтруецца не толькі на ажыццяўленні сакральных практык, але і на ўпартым прасоўванні сярод вернікаў прарасійскіх арыентацый, часам нават з непрыхаваным палітычным адценнем. Выйсце магло б палягаць ва ўзмацненні пазіцыі Беларускай аўтакефальнай царквы з лакальным самакіраваннем, а не існуючым суцэльным падпарадкаваннем Маскоўскаму патрыярхату. Нельга забывацца і пра існаванне іншых рэлігійных супольнасцяў, а таксама атэістаў і паганцаў, інтарэсы якіх увогуле ігнаруюцца дзяржавай. Нягледзячы на задэклараваную ў Канстытуцыі роўнасць веравызнанняў, РПЦ фактычна заняла асноўную частку ідэалагічнай нішы ў сучасным грамадстве, якое відавочна патрабуе секулярызацыі.

Наступная велізарная праблема – нацыянальная гістарыяграфія. Што перш-наперш робіць кожная новаспечаная ўлада? Правільна, перапісвае падручнікі гісторыі. Таму што, мабыць, няма на свеце іншай такой навукі, настолькі моцна залежнай ад інтарэсаў кіруючых колаў. Зрэшты, адносна гісторыі Старажытнасці і ўвогуле можна засумнявацца ў аб’ектыўнасці прадстаўленых звестак – ну як можна апісаць асаблівасці грамадскага ладу і побыту некалькі тысячагоддзяў таму, маючы перад сабой толькі некалькі гліняных ашчэпкаў? Тут хутчэй ствараецца каля-навуковае фэнтэзі, а не грунтоўнае даследаванне. Таму комплекс “прыгнечанай нацыі” шмат у чым прадукуецца і актуальнай ідэйнай скіраванасцю гістарычных матэрыялаў. Беларусы сядзяць у скрусе і марудна разважаюць, чаму іх з усіх бакоў ціснулі на працягу стагоддзяў, а тым часам літоўцы хуценька раскручваюць ідэю аб жамойцкай дамінацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім, а расіяне выстаўляюць свае знішчальна-захопніцкія ваенныя паходы як высакародныя ратавальна-вызваленчыя акцыі. І пакуль у нашай гістарычнай літаратуры на пярэднім плане будзе свяціць гэтая татальная “прыгнечанасць”, ні пра які ўздым нацыянальнай самасвядомасці размова ісці не можа. Проста інфармацыйны ракурс гістарычных фактаў для гэтага абсалютна неспрыяльны. А змяніць яго не толькі можна, але і неабходна.

Даўно ўжо надышоў час беларусам пераключыць у галаве адпаведны тумблер і замест таго, каб павольна займацца адной толькі кансервацыяй ацалелых аўтэнтычна-этнаграфічных артэфактаў, перайсці да актыўнага прасоўвання сваіх культурных здабыткаў на сусветную глебу, то бок змяніць ахоўную стратэгію на экспансіўную! За апошнюю чвэрць стагоддзя, бадай, самай “пакрыўджанай” у плане канструктыўнага развіцця стала сфера адукацыі і асветніцтва. Сістэма рэтрансляцыі ведаў у айчынных школах і ВНУ застыла на ўзроўні перыяду перабудовы. Шматлікія рэформы, якія пераважна праводзіліся знянацку, толькі пагоршылі і без таго сумнае становішча ў гэтай галіне, дзякуючы чаму мы назіраем жахлівую дэградацыю малодшага пакалення, інтэлектуальны ўзровень якога, здаецца, дэманструе працэс, адваротны эвалюцыі. Больш за тое, у Беларусі дагэтуль няма ніводнага нацыянальнага ўніверсітэта, дзе выкладанне цалкам вялося б на беларускай мове. Больш за палову сучасных маладых людзей адкрыта выказваюць жаданне з’ехаць за мяжу, бо не бачаць у роднай краіне ніякіх светлых перспектываў, а слова “патрыёт” вельмі часта выклікае ў моладзі з’едлівыя ўсмешкі.

Асаблівая роля ў фарміраванні сістэмы каштоўнасцяў і светаўспрымання належыць літаратуры. Тыя творы, якія разглядаюцца на ўроках літаратуры ў школе, фарміруюць не толькі асобу вучня, але і ягонае стаўленне да свайго народа. У нас жа ў школах, яшчэ, мабыць, з часоў існавання ў складзе Расійскай імперыі, асноўная ўвага прыпадае на вывучэнне рускай літаратуры, якую насамрэч варта было б вывучаць не асобна, а ў кантэксце літаратуры сусветнай. Што да праграмы па беларускай літаратуры, дык складваецца ўражанне, што яна фарміравалася з арыентацыяй на пазіцыянаванне вобраза беларуса, апісанага яшчэ Някрасавым: змардаваны трасцаю, худы і хворы небарака.

У сваю чаргу некаторыя маладыя прадстаўнікі Так Званай Сучаснай Беларускай Літаратуры не перастаюць здзіўляць не толькі абсалютнай адасобленасцю ад найважнейшых праблем грамадства, але і жахлівай безгустоўнасцю на мяжы з прымітыўным блазнерствам. Нягледзячы на тое, што там-сям раз-пораз чуецца трывожны набат аб жалосным становішчы беларускай мовы, гора-літаратары, здаецца, радасна імкнуцца пазабіваць свае цвікі ў створаную для яе труну. Вось якія “шэдэўральныя” думкі дэманструюць папулярныя выступоўцы на літаратурных імпрэзах і ўдзельнікі гучнага (у абодвух сэнсах) праекта “Літрадыё”: “У планету ўрастаюць валасы з маіх яйцаў, сівыя валасы з правага яйца, чорныя валасы з яйца левага” (А. Адамовіч), “Мая галава як пусты жбан, там нічога няма, што б магло зацікавіць” (Н. Манцэвіч), “Мне нехта неяк сказаў, што мерцвякі вачыма ня лупаюць. Гэта было недзе ў мэтро ці грамадскай прыбіральні. Карацей, сказалі, а я і паверыў. Дурань” (А. Пакроўскі), “Памрэм ад п’янства, як і ён, – няхай. Што нам губляць?.. Сцяпане, разлівай!” (С. Прылуцкі), “Што праўда – то праўда: год атрымаўся не лепшым чынам: не ратавала ні дуля ў кішэні, ні ў сэксалогію ўводзіны” (П. Свярдлоў), “Я таксама паэт! Камерсант вершаванай прадукцыі – душэўныя песні пішу для вылучаных на Еўрабачанне. Далібог, канкурэнцыя жорсткая, вельмі складана прасунуцца, таму насамперш я зрабіўся гаўном сабачым” (Ц. Хоміч). Такім адмысловым чынам беларускага чытача аўтары нягеглых сачыненняў спрабуюць, як ім падаецца, “еўрапеізаваць”, хоць насамрэч – проста зняважыць і абалваніць.

Правакацыя ў мастацкай творчасці – рэч папулярная і часам неабходная. Правакацыя ў перфомансах і аўтарскіх тэкстах дае магчымасць прыцягнуць увагу, больш дзейсна паўплываць на эмацыянальную сферу аўдыторыі і ў алегарычнай форме выказаць тое, што цяжка тлумачыцца традыцыйнымі камунікацыйнымі сродкамі. Але калі апроч правакацыі і спекулявання на інстынктах натоўпу творцам няма чаго прапанаваць – гэта ўжо сумнае відовішча. І трагедыя ўдвая, калі ўсё гэта графаманскае смецце пачынае ўпарта прасоўвацца і наўмысна навязвацца ў якасці тыповых ўзораў актуальнай творчай дзейнасці. Такія рэчы шкодзяць не толькі самім аўтарам, заганяючы іх у цёмны калодзеж літаратурнага марнатраўства, але і чытачам, што, можа, і мелі б памкненне адрадзіць цікавасць да беларускай літаратуры хаця б на асабістым узроўні, ды проста не здолеюць гэта зрабіць, захлынаючыся ў трэшавым моры шырока разрэкламаванай бязглуздзіцы.

Выключная роля ў гэтым працэсе належыць прадстаўнікам медыяў. Часам нават пачынаеш шкадаваць, што якасць сучаснай цэнзуры надта ўжо спецыфічная, бо за крытыку ўлады можна было пацярпець ва ўсе часы, але распаўсюд разнастайнай дурасці ўсё ж такі не заахвочваўся да такой ступені, як гэта робіцца зараз. Так Званыя Журналісты асвятляюць у медыях Так Званыя Падзеі. Так Званыя “Чэсныя” могуць наваяць штосьці кшталту: “нам пашчасціла прадаць аж тры камбайны некуды ў азіяцкую глуш”. Падзея! А Так Званыя “Нячэсныя” адкажуць наступным: “тэлевядучая Л. ляснулася аб дзверы ў хаце і зламала мізінец”. Падзея хоць куды!

А вось і найбольш упадабаныя штампы, якія рэгулярна мусіруюцца як на ўзроўні абывацельскай свядомасці, так і з высокіх трыбун, а потым, адпаведна, разносяцца, ніба грыпозная бацыла, па медыйнай прасторы:

  1. Мы маленькая краіна, таму залежныя ад вялікіх суседзяў”. Па-першае, не такая ўжо і маленькая – дзевяць з паловай мільёнаў насельніцтва ды больш за 207 тысяч км² плошчы. Карлікавыя Андора і Монтэ-Карла чамусьці не пакутуюць ад сваіх памераў і іх не паглынулі больш вялікія суседзі. А Люксембург дык увогуле па ўзроўні жыцця ўваходзіць у шэраг еўрапейскіх лідараў.

  2. У нас не стае рэсурсаў, мы бедныя”. А якія рэсурсы ў Японіі або Эстоніі? У Ірландыі або Славеніі? Справа, відаць, не ў памеры рэсурсаў, а ў эфектыўнасці іх выкарыстання, іначай у Расіі была б заможнай абсалютная большасць грамадзян, а не купка алігархаў.

  3. Самастойна нам не выжыць, трэба да кагосьці далучацца”. Гэта ўвогуле нагадвае тыповую сітуацыю з кабетай, у якой муж – алкаголік і ёлупень, але ж сысці ад яго яна не можа, бо “адной цяжка”. Ніхто і не кажа, што самастойнае плаванне будзе лёгкім. Але калі геапалітычны выбар звужаецца да ваганняў паміж Еўразвязам і Расіяй, дык можна сказаць, што ён фактычна адсутнічае. Бо і ў першым, і ў другім выпадку Беларусі адводзіцца місія лімітрофа, а не паўнавартаснага партнёра. Выйсце можа палягаць у стварэнні Балта-Чарнаморскай канфедэрацыі, хоць тут будзе складана забяспечыць дамінантныя функцыі за Беларуссю пры яе дзейсным становішчы.

  4. Мы такія файныя, мірныя і працавітыя, але нам увесь час шкодзяць звонку”. Пошук ворагаў – упадабаная стратэгія і правераны часам сродак згуртавання любога народа. Можна нават сказаць, што наяўнасць “ворагаў” проста жыццёва неабходна, каб асноўнай частцы насельніцтва было куды “выпускаць пар”, асабліва ў перыяд абвастрэння ўнутрыдзяржаўных праблем. З улікам таго, што сябраваць і супрацоўнічаць адно з адным у беларусаў атрымліваецца не надта бліскуча, ім прыходзіцца аб’ядноўвацца, сябруючы супраць кагосьці. Прычым гэты “хтосьці” падаецца вельмі мутабельным і наўпрост залежным ад бягучай геапалітычнай сітуацыі.

  5. Для ўсталявання парадку ў краіне нам не абысціся без “моцнай рукі”. Падаецца, што калі сярод дзяцей папулярнай страшылкай з’яўляецца гісторыя пра “чорную руку”, дык сярод людзей сталога ўзросту яе месца займае трызненне пра “моцную руку”. Шкоднасць “моцнай рукі” ў айчынных рэаліях падкрэсліваецца тым, што якім бы цудоўным на першы погляд ні быў яе ўладар, але такая сітуацыя так ці іначай вядзе да абсалютызацыі і сакралізацыі ўлады адначасова з істотным паслабленнем сацыяльнай адказнасці як чынавенства, так і простых грамадзян.

Усё вышэйсказанае міжволі падводзіць нас да высновы аб тым, што маналітны марксісцкі тэзіс “быццё вызначае свядомасць” пачынае няўхільна хістацца ў бягучую інфармацыйную эпоху. Цяпер менавіта ключавыя па́тарны ў калектыўнай свядомасці народа вызначаюць кірунак яго быцця і далейшага развіцця. Менавіта на гэтым полі і разгортваецца сёння асноўная барацьба за ўладу і вызначэнне сфер уплыву. І менавіта з гэтай складанай субстанцыяй мусіць вучыцца эфектыўна працаваць кожны грамадскі лідар найноўшага часу. Асабліва ва ўмовах супярэчлівага існавання ў quasi-краіне.

Summary

THE QUASI COUNTRY

Iryna Khadarenka

The essay is dedicated to the problem of national identity and transformation of commonmentality at the present time. It is recognized a large influence of values and cultural traditions to social life and economic conditions of any society. The special attention is paid to the key role of patterns in a collective consciousness which determine the direction of human behavior and further development. The author mentioned that namely this sphere becomes the place of power struggle today. Some typical mental and verbal stereotypes of modern Belarusians are also analyzed.



Categories: Мараль, Мова, Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар