Leonard E. Read: Я, Аловак: Мой радавод апаведзены Леанарду Э. Рыду. Пераклаў Віталь Воранаў

Леанард Э. Рыд (1898-1983) – амэрыканскі эканаміст, заснавальнік Фонду Эканамічнай Адукацыі, які быў першым вольнарынкавым мазгавым трэстам у Злучаных Штатах. Леанард Рыд як прадстаўнік Аўстрыйскай Школы эканомікі быў прыхільнікам лібэртарыянскіх ідэяў і праціўнікам сацыялізму. Аўтар 29 кніжак і сотняў эсэ. „Я, Аловак” – найбольш вядомае эсэ аўтара, было надрукаванае ў 1958 годзе. Рональд Рэган пісаў: „Наш народ і нашыя людзі моцна ўзбагачаныя ягонай адданасьцю ідэі свабоды. Будучыя пакаленьні шукацьмуць у творчасьці Леанарда Рыда натхненьня”.

Я графітавы аловак, звычайны драўляны аловак. Пра мяне ведаюць усе хлопчыкі, дзяўчынкі і дарослыя, якія ўмеюць чытаць і пісаць.

Пісаньне для мяне і пакліканьне, і пацеха; так бы мовіць – маё ўсё.

Вы спытаецеся, навошта мне ўздумалася пісаць свой радавод. Ну, па-першае, гэта цікавая гісторыя. Па-другое – я суцэльная таямніца, большая за дрэва, захад сонца, ці скажам, бліскавіцу. Нажаль, тыя хто мной карыстаюцца, успрымаюць мяне як нешта дадзенае, так, быццам я звычайная выпадковасьць – ні племя ні роду, як камень у воду. Такі вось пагардлівы падыход зводзіць маё існаваньне да элемэнту будзённасьці. Гэта прыклад вялікай памылкі, трываньне ў якой, небясьпечнае для самога чалавецтва. Бо як заўважыў мудры Чэстэртан: “Мы гінем ад няўменьня зьдзіўляцца, а не ад нястачы цудаў.”

Я, Аловак, хоць падаюся звыклым, але варты вашага захапленьня і пашаны – і я паспрабую гэта давесьці. Папраўдзе, калі вы здолееце мяне зразумець (хоць не, гэтага чакаць ад кагосьці зашмат), калі вы ўсьвядоміце тую незвычайнасьць, якая ўва мне хаваецца, вы зможаце вярнуць чалавецтву свабоду, якую яно да жалю губляе. Я маю для вас глыбокую праўду і я здольны выкласьці гэта лепш за аўто, самалёт, ці пасудамыйку. І тое менавіта таму, што я такі нібыта звычайны.

Звычайны? Але ж ніводны чалавек на белым сьвеце, не ведае, як мяне зрабіць. Гучыць гэта дзіўна, ці не так? Асабліва калі разумееш, што толькі ў Штатах штогод вырабляецца каля аднаго з паловай мільярда такіх як я.

Вазьміце мяне ў рукі і ўважліва агледзьце. Што вы бачыце? Нічога асаблівага: кавалак дрэва, лак, маркіроўка, графітавы стрыжань, трохі мэталу і гумка.

Незьлічоныя папярэднікі

Так як веды пра свой радавод у кожнага нечым абмежаваныя, гэтак і мне немагчыма назваць і апавесьці пра ўсіх сваіх продкаў. Але я ўсё ж паспрабую прадставіць вам дастатковую колькасьць, каб уразіць вас багацьцем і складанасьцю свайго паходжаньня.

Маё генеалягічнае дрэва пачынаецца менавіта з дрэва, з прамаслойнага кедра, які расьце ў Паўночнай Каліфорніі і Арэгоне. Цяпер уявіце сабе ўсе гэтыя пілы, грузавікі, вяроўкі і іншае прычындальле, патрэбнае для таго, каб нарыхтаваць і даставіць кедравыя бярвеньні да чыгуначнай станцыі. Падумайце – якая колькасьць людзей і якая бясконцая колькасьць розных умельстваў заангажаваная ў гэты працэс: здабыццё жалязьняку, выплаўленьне сталі, вырабленьне пілаў, сякераў, рухавікоў; пра тое як гадавалі каноплі, сушылі валокны і перамянялі іх у цяжкія і моцныя вяроўкі; будкі лесарубаў з шэрагамі ложкаў, агульную сталоўку, гатаваньне і дастаўку ўсіх прадуктаў. Над кожнай філіжанкай кавы, якую выпівае лесаруб, увіхаліся незьлічоныя тысячы людзей!

Бярвеньні вязуць на пілараму ў Сан-Леанарда, у Каліфорніі. Ці можаце вы ўявіць людзей, якія вырабляюць транспарцёры, рэйкі, лякаматыўныя рухавікі, і ў дадатак інсталююць зьвязаныя з імі камунікацыйныя сістэмы? Гэтыя легіёны таксама частка маіх папярэднікаў.

Перанясіцеся думкай на пілараму ў Сан Леанарда. Бярвеньні кедра пілуюць на невялічкія кавалкі, даўжынёй з аловак і шырынёй на шэсьць мілімэтраў. Тады іх сушаць у печы і падмалёўваюць, дакладна з той самай прычыны, па якой жанчыны кладуць на свае твары румяны. Людзям падабаецца калі я барвяны, а не бляды як сьмерць. Потым кавалкі дрэва пакрываюць воскам і сушаць ізноў. Колькі ўменьняў спатрэбілася на падрыхтоўку фарбы, пабудову печы, забясьпечваньне цяпла, сьвятла і электрыкі, вырабленьне рамнёў, рухавікоў і ўсяго таго, што неабходнае на пілараме? Ці сустракаюцца сярод маіх продкаў прылады для прыбіраньня пілавіньня? Натуральна, а таксама людзі, якія залівалі цэмэнт для плаціны гідраэлектрастанцыі „Ціхаакеанскай электра-газавай кампаніі”, якая забясьпечвае пілараму электрычнасьцю!

Не забывайцеся на ўсіх блізкіх і далёкіх продкаў, якія мелі дачыненьне да развозу шасьцідзесяці вагонаў нарыхтовак па ўсёй краіне.

Апынуўшыся на фабрыцы алоўкаў (на якой знаходзіцца абсталяваньне і пабудовы вартасьцю ў 4 мільёны даляраў, усё дзякуючы ашчаднасьці і гаспадарлівасьці маіх бацькоў), кожная стрэмка атрымлівае па восем зарубак ад вельмі складанай машыны, пасьля чаго іншы станок укладвае ў кожную другую стрэмку грыфель, намазвае яе клеем і накрывае зьверху яшчэ адной стрэмкай – атрымліваецца такі графітавы перакладанец.

Мой грыфель – ня блытаць са штрыфелем – даволі складаная рэч. Графіт здабываюць на Цэйлоне, што на Шры Ланцы. Зьвярніце ўвагу на гарнякоў і на тых, што вырабляюць іх шматлікія прылады, а таксама на вытворцаў папяровых мяшкоў, у якіх перавозяць графіт і тых, што прывязваюць тыя мяшкі вяроўкамі, загружаюць на караблі, і ўрэшце на канструктараў тых караблёў. Нават ліхтарнік маяка ды партовы лоцман дапамаглі мне ў маім станаўленьні.

Затым графіт мяшаюць з глінай з Місісіпі, у якой ёсьць гідраксід амонія, неабходны ў працэсе ачысткі. Пасьля дадаецца ўвільгатняльнік – звычайна гэта сульфінаваны тлушч, то бок жывёльны тук, апрацаваны серчаным квасам. Прайшоўшы праз некалькі станкоў, гэтая сумесь урэшце выглядае як бясконцыя валокны (чыста як каўбасны фарш), якія абразаюць, сушаць і на працягу некалькіх гадзінаў абпальваюць у печы, пры тэмпературы каля 1010 градусаў. Каб грыфелі былі мацнейшымі і мягчэйшымі, іх апрацоўваюць гарачым растворам, у які ўваходзіць воск кандэліла з Мэксікі, парафіна і гідрагенізаваныя прыродныя тлушчы.

На мне шэсьць кажухоў лаку. Ці ведаеце вы з чаго вырабляюць лак? Хто б мог здагадацца, што да гэтага працэсу датычныя людзі, якія гадуюць клешчавіну і вырабляюць касторкавы алей? А яно ж так і ёсьць. Ужо не кажу пра тое, што сваім прыгожым жоўтым колерам лак абавязаны працы такой колькасьці фахоўцаў, якая робіць узгадваньне ўсіх проста немагчымым!

Зірніце на надпіс. Гэта стужка, атрыманая шляхам награваньня сажы і смалы. А як вырабляюць смалу і што такое сажа?

Мой маленькі мэталічны абадок масянжовы. Падумайце пра ўсіх тых, што здабываюць цынк і медзь, і тых хто ўмее ператвараць гэтыя дары прыроды ў бліскучыя масянжовыя ліштвы. Чорныя кропкі на маім абадку гэта нікель. Што такое чорны нікель і навошта ён патрэбны? Каб патлумачыць чаму ў сярэдзіне майго абадка няма чорнага нікелю спатрэбіўся б асобны аповед на некалькі старонак.

Прыйшоў час апісаць мой сапраўдны гонар – карону, якую звычайна непаэтычна называюць – гумкай. Гэтую частку чалавек выкарыстоўвае, каб выправіць памылкі, якія пры маім жа ўдзеле зрабіў трохі раней. Сьціраньне адбываецца пры дапамозе складніка, які называецца „факціс”. Гэта нешта накштал гумы і атрымліваецца ў выніку рэакцыі рапсавага алею (з галяндзкай Ост-Індыі) і хларыду серы. Насуперак пашыранаму ўяўленьню, гума патрэбная толькі для прымацаваньня. Туды таксама дадаюць шматлікія сродкі: вулканізатары і каталізатары. Пемзу прывозяць з Італіі, а за колер гумкі адказвае сульфід кадмію.

Ніхто не ведае

Ці жадае цяпер хтосьці аспрэчыць маё сьцьверджаньне, што ніводны чалавек на сьвеце ня ведае, як мяне вырабляюць?

Сапраўды, мільёны людзей прыклалі руку да працэсу майго паўставаньня, але ніводны зь іх не ведае болей за тых некалькіх астатніх. Цяпер вы можаце сказаць, што знаходзячы сувязь паміж зьбіральнікам пладоў кавы ў далёкай Бразіліі, ці вытворцамі ежы ў іншых месцах плянэты і маім стварэньнем, я іду занадта далёка, а пазіцыя мая – гэта скрайнасьць. Але я застаюся пры сваім. Сярод гэтых мільёнаў няма ніводнага чалавека, улучна з уласьнікам фабрыкі аўлоўкаў, які ўкладае ў гэты працэс больш за маленькую, малюпасенькую долю сваіх ведаў. З пункту гледжаньня тэхналёгіі, уся розьніца паміж цэйлонскімі капальнікамі графіту і арэгонскімі лесарубамі заключаецца толькі ў тыпу іх ведаў. З працэсу немагчыма выключыць ні гарняка, ні лесаруба, ні хіміка на фабрыцы, ні нафтавіка – бо парафін ёсьць пабочным прадуктам бэнзыну.

І вось неверагодны факт: ні нафтавік, ні хімік, ні капальнік графіту, ні гліны, ні тыя што будуюць ці водзяць караблі, цягнікі, грузавікі, ні апэратар станка, які робіць засечку на маім мэталічным каўпаку, ні ўласьнік фабрыкі не выконвае сваю частку працы таму, што я ім патрэбны. Кожнаму зь іх я патрэбны відаць менш чым першакласьніку. Запраўды, сярод гэтай процьмы людзей ёсьць такія, якія ніколі ня бачылі алоўка, а яшчэ больш такіх, якія ня ведаюць, як яго ўжываць. Не, не стварэньне алоўка кіруе імі. Магчыма, гэта хутчэй вось што: кожны з гэтых мільёнаў разумее, што можа памяняць сваю маленькую частку ўмельства на патрэбныя яму тавары і паслугі. Сярод гэтых тавараў магу быць я, а магу і не быць.

Ніякай агульнай задумы

А вось чарговы, яшчэ больш неверагодны факт: за ўсімі гэтымі бясконцымі чыннасьцямі, якім я ўдзячны за сваё існаваньне, не хаваецца ніякая агульная задума, дыктоўка, ці прымусовае кіраваньне. Сьлед прысутнасьці такога парадку, нейкага адзінага розуму, выявіць проста немагчыма. Замест яго мы знаходзім працу Нябачнае Рукі. Гэта і ёсьць таямніца, пра якую я згадваў раней.

Сказана, што „толькі Бог можа стварыць дрэва”. Чаму мы з гэтым сьцьверджаньнем пагаджаемся? Ці не таму, што мы ўсьведамляем, што самі стварыць яго ня ўмеем? А ці ўмеем мы хаця б апісаць яго? Ня ўмеем, хіба што ў агульных рысах. Напрыклад, мы можам сказаць, што дрэву адпавядае акрэсьленае спалучэньне малекулаў. Але ці ёсьць сярод людзей той, хто змог бы, хаця б простымі словамі, апісаць няспынныя зьмяненьні ў малекулах, якія выступаюць на працягу жыцьця дрэва? Казаць пра магчымасьць кіраваньня такімі працэсамі нават не даводзіцца. Такое дасягненьне цалкам непраўдападобнае!

Я, Аловак, складанае спалучэньне цудаў: дрэва, цынку, медзі, графіту, і гэтак далей. Але да гэтых цудаў, якія праяўляюцца ў Прыродзе, дадаецца цуд яшчэ большы: аб’яднаньне стваральнай энэргіі мільёнаў маленькіх умельстваў, якія складваюцца ў адно цэлае самаісна і спантанна ў адказ на патрэбу чалавека, ягонае жаданьне і пры адсутнасьці якой-колечы людзкой задумы! Паколькі толькі Бог можа стварыць дрэва, я сьцьвярджаю, што толькі Бог можа стварыць і мяне. Чалавек ня можа кіраваць гэтымі мільёнамі ўмельстваў, якія патрэбныя для стварэньня мяне, таксама як не можа скласьці дрэва з малекулаў.

Вось што я меў на ўвеце, напісаўшы: „калі вы ўсьвядоміце тую незвычайнасьць, якая ўва мне хаваецца, вы зможаце вярнуць чалавецтву свабоду, якую яно да жалю губляе”. Бо калі вы ведаеце, што ўсе гэтыя ўмельствы па сваёй прыроднай натуры, так-так, самаісна ўкладваюцца ў стваральныя і пладавітыя формы ў адказ на патрэбу і попыт чалавека, – то бок, пры адсутнасьці ўрадавай, ці якой-колечы прымусовай задумы, – тады ў вас ужо ёсьць цалкам неабходны складнік свабоды: вера ў чалавека свабоднага. Бяз гэтай веры свабода немагчымая.

Як толькі ўрад аб’яўяляе манаполію на пэўны тып стваральнай дзейнасьці, напрыклад на дастаўку пошты, большасьць пачынае верыць, што людзі ўжо ня здольныя наладзіць дастаўку пошты па сваёй уласнай волі. А прычына вось дзе: кожны прызнае, што ня ведае ўсяго пра тое, якім чынам пошта трапляе да адрасата. Ён разумее, што ніхто іншы гэтага таксама ня ведае. І гэта цалкам слушныя меркаваньні. Ніводная асоба ня мае дастатковых ведаў, каб забясьпечыць дастаўку пошты ў нацыянальным маштабе, таксама як ніводны чалавек не валодае адпаведнымі умельствамі, каб зрабіць аловак. У выніку, бяз веры ў свабодных людзей, без усьведамленьня таго, што мільёны маленькіх умельстваў могуць цудоўна фармавацца і самаісна ўзаемадзейнічаць дзеля забесьпячэньня пэўнай патрэбы, чалавек прыходзіць выключна да памылковай высновы, што дастаўку пошты можа забясьпечыць толькі ўрад і яго „задума”.

Мора сьведчаньняў

Калі б я, Аловак, быў адзінай істотай, якая сьведчыць пра тое, на што здольныя людзі пры ўмове вольнай волі, тады тыя, што сумняюцца, мелі б рацыю. Але ёсьць мора сьведчаньняў – на кожны густ і смак. Дастаўка пошты надзвычай простая ў параўнаньні, напрыклад, з працэсам вытворчасьці аўтамабіля, калькулятара, зернеўборачнага камбайна ці фрэзернага станка і тысячы іншых рэчаў. Дастаўка? Дык вось, у гэтай галіне, дзе людзям пакінутая свабода, яны пераносяць голас чалавека праз увесь сьвет за менш чым адну сэкунду; яны ў любую хату дастаўляюць любую падзею (вобраз і рух) уласна тады, калі яна адбываецца; яны дастаўляюць 150 пасажыраў з Сіетла ў Балтымор менш чым за чатыры гадзіны; яны дастаўляюць газ з Тэхаса ў нечую кухонную пліту, ці ў печ у Нью-Ёрку па неверагодна нізкім кошце і без усялякіх субсыдый; яны пастаўляюць кожныя два кіляграмы нафты з Пэрсідзкай Затокі да нашага Усходняга ўзьбярэжжа (аплываючы пры гэтым палову сьвету) таньней, чым урад бярэ за тое, што даставіць трыццаціграмавы ліст на другі бок вуліцы!

Вось якой праўдай я хачу падзяліцца з вамі: дайце волю ўсім стваральным энэргіям. Дастаткова арганізаваць грамадзтва, каб дзейнічала ў суладзьдзі з гэтай праўдай. Ад прававага апарата патрабуецца як мага больш дасканалага скасаваньня ўсіх магчымых для гэткага ладу перашкодаў. Хай гэтыя стваральныя ўмельствы плывуць у свабоднае плаваньне. Паверце, што свабодны чалавек адклікнецца на Нябачную Руку сам. Гэтая вера падцьвердзіцца. Я, Аловак, звычайны, быццам аловак, ахвярую вам цуд майго стварэньня, як доказ таго, што гэтая вера праўдзівая гэтак жа, як праўдзівымі ёсьць і сонца, і дождж, і кедравае дрэва, і добрая зямля.

Леанард Э. Рыд



Categories: Літаратура

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: