У артыкуле разглядаюцца мадэлі будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, суадносіны з суседнімі краінамі, умовы і мадэлі існаваньня Мовы і неабходнасьць асьветы насельніцтва для рэалізацыі беларускай ідэі.
Ключавыя словы: беларусы, нацыя, будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы
Тэарэтычным і гістарычным асьпектам узьнікненьня беларускага этнасу і нацыі прысьвечаны шматлікія дасьледаваньні, аднак тэма гэта ўсё яшчэ дыскутуецца. Некаторыя беларускія гісторыкі і этнографы хаця і спрачаюцца аб ступенi завершанасьцi працэса станаўленьня беларускай нацыi, усё ж лічаць, што беларусы сфармаваліся як маладая нацыя ў пачатку 20 стагоддзя, поруч з лiтоўцамi, украiнцамi, латышамi, другія ж сьцвярджаюць аб незакончанасьці гэтага працэса. У апошні час сярод беларускай эліты ўзнікаюць палемікі, часта пессымістычнага характару, адносна абмежаванага ўжываньня Мовы і ўмоў існаваньня беларусаў як нацыі ў будучыні (С. Законьнікаў; Я. Максімюк; В. Марціновіч; 2012).
Нацыя (ад лац. natio – племя, народ), у сучасным вызначэньні, гэта сацыяльна-эканамічная і духоўная супольнасьць людзей з пэўнай псіхалогіяй і самасьвядомасьцю, якая мае агульную мову, адметную культуру, побыт і тэрыторыю сталага пражываньня. Слова нацыя можа ўжывацца як у адносінах да самой дзяржавы, так і ў адносінах да культурнай супольнасьці людзей, інакш кажучы, як да супольнасьці грамадзян ці як да этнічнай супольнасьці, адпаведна. У першым выпадку нацыя адпавядае насельніцтву нацыянальнай дзяржавы, у другім – нацыя можа быць большай альбо меншай, чым насельніцтва, якое пражывае ў гэтай дзяржаве. Да прыкладу, у Рэспубліцы Беларусь (РБ) пражывае каля 9.5 мільёнаў грамадзян, з іх 8 мільёнаў беларусаў, і яшчэ каля 2 мільёнаў беларусаў жыве па-за межамі краіны. Калі прытрымлівацца тэорый і дэфініцый, то на першы погляд можна казаць, што людзі, якія жывуць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, у цэлым, за выключэньнем Мовы, адпавядаюць вышэйапісаным характарыстыкам, менавіта тым, якія разам вызначаюць беларусаў як нацыю.
Розныя тэорыі ўзьнікненьня і станаўленьня нацый у дачыненьні да беларускай нацыі даюць як станоўчыя, так і адмоўныя адказы. Паводле тэорыі Сміта (A. Smith, 1986), у аснове якой ляжыць этнічны кампанент, нацыя вызначаецца як супольнасьць людзей, якія падзяляюць гістарычную тэрыторыю, агульныя гістарычныя міфы і памяць, культуру, эканоміку, агульныя правы і абавязкі для яе членаў. Здаецца, гэта падыходзіць і для характарыстыкі насельніцтва Беларусі. Часам, у дачыненьні да беларусаў як нацыі, выкарыстоўваюць тэорыю Андэрсана (B. Anderson, 1983) пра ўяўную нацыю, “аn imagined community”. Гэта ўяўная нацыя, жывучы ва ўстаноўленых межах і маючы суверэнітэт, не адпавядае рэальнасьці і кожнадзённаму ўзаемадзеяньню паміж яе людзьмі – маецца на ўвазе ментальнае ўяўленьне людзей пра сваю лучнасьць і пра Айчыну ў выпадках, калі ўяўная супольнасьць ці нацыя саўдзельнічае ці суперажывае ў нейкай вялікай масавай падзеі, напрыклад, падчас Алімпійскіх гульняў.
Сапраўды, РБ існуе на карце, г.зн. ёсць тэрыторыя. Больш як 80%, а дакладней 83.7% насельніцтва (2009) вызначае сябе беларусамі і нейкая частка з іх ведае, што карані беларускага народу бяруць пачатак з канца 9-га стагоддзя ад Княства Полацкага, а крыху пазьней, з сярэдзіны 13-га стагоддзя, ад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Гэта значыць, ёсць гісторыя, якая не абмяжоўваецца толькі гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны ці Кастрычніцкай рэвалюцыі. Нарэшце, нават пры сёняшней уладзе гістарычная навука пачынае фрагментарна выкарыстоўваць гісторыю ВКЛ і іншыя падзеі са старажытнага перыяду, якіх яшчэ нядаўна прытрымліваліся толькі асобы ці арганізацыі нацыянальна-сьвядомага напрамку. Вось што напісана ва ўводзінах да першай кнігі фундаментальнага выданьня “Гісторыя беларускай дзяржаўнасьці ў канцы XVІІІ — пачатку ХХІ ст.”: “Полацкая, Тураўская і Кіеўская Русь — гэта ў аднолькавай ступені першыя гістарычныя формы дзяржаўнасьці, якія былі ўтвораны на тэрыторыі беларускіх земляў. Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, куды ўваходзілі і беларускія землі, — гэта другая гістарычная форма дзяржаўнасьці. Трэцяй гістарычнай формай была дзяржаўнасьць Рэчы Паспалітай. Расійская імперыя і яе дзяржаўнасьць не былі беларускімі, але яны існавалі на беларускіх землях” (Звязда, 22 сьнежня 2012, №247).
Аднак некаторыя прадстаўнікі з нацыянальна-сьвядомага асяроддзя кажуць толькі пра значную этнічную і гістарычную базу для развіцьця і станаўленьня нацыі і лічуць, што беларусы існуюць як патэнцыйная, але яшчэ не рэалізаваная нацыя. Відаць гэта дыктуецца сучаснай сітуацыяй і пагрозамі, якія перашкаджаюць хаця б адчуваць нацыю як рэальнасьць: страхі аб страце незалежнасьці і суверэнітэту, катастрафічнае моўнае пытаньне, уціск расійскай «масс-культуры», адсутнасьць сапраўднай, не дэкларатыўнай дзяржаўнай падтрымкі развіцьця беларускай ідэі. Ставіцца нават пытаньне аб магчымасьці існаваньня беларускай культуры ў рускамоўным асяроддзі?!
Вышэй прыводзіліся некалькі вызначэньняў, што такое нацыя. Але ёсць і іншыя. Напрыклад, «Два чалавекі належаць да адной нацыі толькі ў тым выпадку, калі іх аб’ядноўвае адна культура, якая ў сваю чаргу разумеецца як сістэма ідэй, умоўных знакаў, сувязяў, спосабаў паводзін і зносін» ці «Два чалавекі належаць да адной і той жа нацыі толькі ў тым выпадку, калі яны прызнаюць прыналежнасьць адзін аднаго да гэтай нацыі» (E. Gellner, 1983). Такое вызначэньне нацыі, якое пачынаецца са слоў «два чалавекі …», падаецца вельмі важным. Менавіта прыведзеныя вышэй два вызначэньні характарызуюць ступень моцнасьці нацыі.
Калі па перапісу 2009 года 83.7% насельніцтва Беларусі лічыла сябе беларусамі, то ці значыць гэта, што сусед, які жыве з аднаго ці з другога боку, ведае пра тое, што побач з ім ёсьць такія ж людзі, якія падзяляюць агульныя, зразумелыя яму і ўсёй нацыі каштоўнасьці? Відавочна, што адказ будзе не зусім станоўчым. Станоўчы адказ мы маглі б атрымаць на вуліцах Мінска пасля развалу Савецкага Саюза, як гэта дэманстравалі літоўцы, якія браліся за рукі і стаялі гадзінамі ўздоўж дарог каб пацьвердзіць сваю еднасьць, каб паказаць, што яны ёсьць нацыя. Аднак у Беларусі мы падобнага не ўбачылі. Прыкладаў, з якіх вынікае, што наша нацыя ня ёсьць моцнай, можна прывесьці шмат (“нямыя” на мову, нежаданьне весьці дзяцей у беларускія класы, нізкая актыўнасьць у пратэстных акцыях, абыякавасьць да нацыянальных каштоўнасьцяў, зьнівеліраванае пачуцьцё нацыянальнага гонару). У сваёй манаграфіі П. Колсто (Р. Kolsto, 2000), у разделе 8, які называецца “Belarus: The Dog that Didn’t Bark”, напісаў так:
“In a comparative nation-building perspective, then, it is the contrast between Belarus and Ukraine that is the most interesting. Whereas the Belarusian dog has quietly lain down to sleep, his Ukrainian counterpart is standing nearby, barking away like mad.” (“У параўнальнай перспектыве нацыянальнага будаўніцтва назіраецца кантраст паміж Беларусьсю і Украінай. У той час калі беларускі сабака ўлёгся спаць, яго украінскі сабрат стаіць побач і брэша як ашалелы”, пераклад П.М.). У манаграфіі Т. Снайдера (T. Snyder, 2003) вы знойдзеце, што беларусы былі не зусім удачлівымі і прапусьцілі свой шанец ідэнтыфікаваць сябе як нацыю, як гэта зрабілі палякі і літоўцы, прычым, тыя зрабілі гэта упэўнена, нягледзячы на шматлікія перашкоды. І Польшча, і сучасная Літва паўсталі нацыянальнымі дзяржавамі, якія зараз жывуць у Еўропе, дзейнічаюць у Еўрапарламенце, і маюць агульную сістэму абароны. Гэта значыць яны ўпісаліся ў сучасны кантэкст развіцьця цывілізацыі. Хтосьці запярэчыць, што зараз ёсьць тэндэнцыя да мнагавектарнасьці, ці імкненьне да стварэньня/азначэньня некалькіх цэнтраў цывілізацыі, але гэтае апошняе яшчэ трэба даказаць. Маецца на ўвазе «ў кантэксьце развіцьця заходняй цывілізацыі», якая нам бліжэй і больш зразумелая, а яе існаваньне пацьверджана практыкай (хаця ўдасканаленьне мадэляў чалавечага існаваньня будзе і надалей працягвацца, і, відавочна, ініцыятыва і жаданьне рабіць гэта хутчэй будуць паходзіць зноў жа з захаду).
Калі сёньня мы яшчэ недастаткова моцныя, то павінны запытацца ў сябе, што трэба рабіць, каб стаць мацнейшымі? Здаецца на сёняшні дзень у нацыянальна-патрыятычных сіл няма агульнага падыходу і доўгатэрміновай стратэгіі для развіцьця беларускай нацыі і дзяржавы. У гэтым сэнсе разуменьне, абмеркаваньне і прыняцьце канцэпцыі магчымага будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы ў рэальных умовах і ў перспектыве з’яўляецца вельмі актуальным. Такая канцэпцыя павінна адказаць на пытаньне ці магчыма стварэньне беларускай нацыянальнай дзяржавы, калі гэта можа здарыцца, і якія існуюць шляхі для яе ўвасабленьня? У цэнтры абмяркоўваемай канцэпцыі стаіць сама беларуская нацыя. Якой бы слабай ці “патэнцыйнай” яна не была, усё ж з практычнага пункту гледжаньня трэба прыняць, што беларуская нацыя існуе і ўсё яшчэ мае базавыя элементы (патэнцыйна ў адносінах да Мовы) для свайго развіцьця. Калі гэтых элементаў недастаткова, то трэба іх шукаць, ствараць і развіваць, і берагчы тое, што маем. Фактычна, гаворка ідзе не пра тое, як мы сталі нацыяй ці, што мы – ёсьць нацыя, а як вызначыць яе стан, у якіх умовах яна развіваецца цяпер, і зыходзячы з гэтага прагназаваць магчымыя мадэлі развіцьця нацыянальнай дзяржавы.
Зноў жа звернемся да дэфініцый. “Нацыянальная дзяржава – гэта суверэнная дзяржава, населенная адносна гамагеннай групай людзей, якія сьвядома падзяляюць пачуцьцё агульнай нацыянальнасьці”; “нацыянальная дзяржава – гэта незалежная дзяржава, у якой пражываюць людзі, што належаць да адной нацыі” (Collins Dictionary); “нацыянальная дзяржава – гэта незалежная краіна, людзі якой належаць да адной вялікай группы і падзяляюць тую ж мову, традыцыі і гісторыю” (Cambridge Advanced Dictionary). Нацыя і нацыянальная дзяржава блізкія па значэньню. У той час як дзяржава ці краіна ўяўляе сабой палітычную і геапалітычную адзінку, а нацыя з’яўляецца культурнай/этнічнай адзінкай, то тэрмін нацыянальная дзяржава ўключае іх абедзьве пры геаграфічным іх супадзеньні. Стварэньне нацыянальных дзяржаў адбывалася ў розныя часы ў розных частках сьвету і з пункту гледжаньня сёняшняга дня прынцыпова не мае значэньня, што ўтварылася напачатку – нацыя ці нацыянальная дзяржава.
Многія тэорыі разглядаюць стварэньне новых нацый і дзяржаў у Еўропе, якія ўзніклі ў 18-19 стагоддзях, як вынік афіцыйнага нацыяналізму ў дзяржавах-імперыях ці як вынік нацыянальна-вызвольных рухаў, а ў Азіі і Афрыцы пасля 2-й сусветнай вайны – як вынік антыкаланіяльнага нацыяналізму. Выразнымі прыкладамі нацыянальных дзяржаў, дзе этнічныя групы складаюць больш за 95% насельніцтва, з’яўляюцца Арменія, Егіпет, Ісландыя, Манголія, Польшча, Партугалія, Японія. У той жа час, Вялікабрытанія, Канада, Расійская Федэрацыя (РФ) – яркія прыклады многанацыянальных дзяржаў. І хаця ў Расіі доля рускіх па перапісу 2010 года даволі высокая, 77.7%, аднак у РФ пражывае 193 народы, у яе склад уваходзяць 21 нацыянальная рэспубліка з колькасцю насельніцтва больш за 20 мільёнаў, і сярод больш чым сотні моў, на якой размаўляе насельніцтва Расіі, 27 нацыянальных моў нароўні з рускай з’яўляюцца афіцыйнамі мовамі.
Ці магчыма падобнае ўтварэньне новых дзяржаў і нацый у наш час? Думаецца, што адказ будзе станоўчым, калі разглядаць у якасьці прыкладу развал СССР і Югаславіі не як «буйнейшую геапалітычную катастрофу века» і «вынік зьнешняй агрэсіі», адпаведна, а як аналаг нацыянальна-вызвольных рэвалюцый, што адбыліся ў сярэдзіне 19-га стагоддзя і прывялі да стварэньня ўмоў для самаідэнтыфікацыі нацый і стварэньня новых дзяржаў у Еўропе. На сёняшні дзень такія краіны як Славенія (89% славенаў), Харватыя (88% харватаў), Сербія (83% сербаў), Літва (84% літоўцаў) класіфіцыруюцца як нацыянальныя дзяржавы. Калі браць пад увагу працэнты, то Беларусь адпавядае такому крытэрыю нацыянальнай дзяржавы (па перапісу 2009 года 83.7% насельніцтва лічаць сябе беларусамі). Ніяк не выпадае казаць, што Беларусь з’яўляецца многанацыянальнай краінай, дзе паводле афіцыйнай інфармацыі пражываюць прадстаўнікі 140 нацыянальнасьцяў. Відавочна, што гэта можа быць вынікам інтэнсіўнай сучаснай эміграцыі (падобны працэсс назіраецца ў краінах усяго сьвету). Калі ж звярнуцца да статыстыкі, то ў Беларусі жывуць апроч беларусаў расейцы – 8.3%, палякі – 3.1%, украінцы – 1.7%, якія адносяцца да нацыянальных меншасьцяў, доля ж кожнай з іншых нацыянальнасьцяў не перавышае 0.1%. Такім чынам, адносна вялікая гамагеннасьць беларусаў у краіне ёсьць добрым грунтам для нацыянальнага будаўніцтва.
З другога боку, зараз у дачыненьні да новых узаемаадносін паміж дзяржавамі (напрыклад, у рамках Еўрасаюза ці новыя адносіны паміж рэлігіямі, якія дзейнічаюць па-за межамі нацыянальных дзяржаў) распрацоўваюцца тэарэтычныя падыходы і мадэлі, каб зразумець новыя ўмовы існаваньня нацый і дзяржаў: уводзяцца паняцьці супер-дзяржаў, цывільных дзяржаў (S. Walby, 2003), альбо палітычных нацый (A. Ingram, 2000). Гэта таксама блізка і да першай мадэлі нацыянальнага будаўніцтва – мадэлі цывільнай дзяржавы, прапануемай Р. Брубакерам (R. Brubaker, 1996). Фактычна ідзе пераход ад этнічнай, культурнай нацыі да цывільнай, палітычнай нацыі. Магчыма, што для ўсталяваўшыхся нацыянальных дзяржаў гэта і дапушчальна, бо яны ўжо прайшлі ў сваім развіцьці перыяд нацый-дзяржаў, мелі свой нацыянальны твар і «накрасаваліся». Ці будзе Беларусь мець у сваім развіцьці перыяд нацыянальнай дзяржавы? З аднаго боку можна казаць аб тым, што Беларусь спазьнілася ўсталяваць сябе як нацыянальная дзяржава. З другога боку, падаецца, што яшчэ ёсьць падставы для ўвасабленьня гэтай ідэі. S. Walby (2003) лічыць, што ў эру глабалізацыі нацыянальная дзяржава ўяўляецца больш міфічнай, чым рэальнай; многія нацыянальныя дзяржавы існуюць кароткі час у гісторыі, перад тым як зноў могуць быць рэканструяваны. Усё ж аўтар канстатуе, што добрым прыкладам нацыянальнай дзяржавы з’яўляюцца ЗША (пачынаючы з канца 19-га стагоддзя), а таксама нацыянальныя дзяржавы, невялікія і этнічна гамагенныя, якія развіваюцца ў кароткім прамежку часу пасьля распаду імперый, уключаючы Савецкую імперыю.
Нацыянальнае пачуцьцё вытраўлівалася ў СССР дзесяцігоддзямі. Хаця яшчэ ў 1903 годзе Ленін дэкларыраваў права ўсіх нацый на самавызначэньне, пасля рэвалюцыі бальшавікі, у асноўным дзякуючы Сталіну, стварылі нацыянальныя рэспублікі, дзе пражывалі дамінантныя этнічныя групы і якім бальшавікі прыпісалі імя «тытульных нацый» (мы не абмяркоўваем сітуацыю, а што б было каб бальшавікі пакінулі губерні?!). Напачатку гэта дало моцны штуршок для развіцьця нацыянальных сілаў. Пазьней, каб прадухіліць пагрозу магчымага аддзяленьня рэспублік і зьберагчы адзінства ўсяго Саюза, бальшавікі схамянуліся і павынішчылі нацыянальныя эліты па ўсіх гэтых рэспубліках – хтосьці зьнік, хтосьці трапіў у ГУЛАГі, хтосьці зламаўся. На самай справе кожная з рэспублік СССР уяўляла дзіўны гібрыд адміністратыўнай і этнічнай адзінак і такім жа быў СССР, дзе рускія былі найбольшай і дамінуючай нацыяй. Фактычна гэтыя «нацыянальныя рэспублікі» былі дэкларатыўнымі і ніхто сур’ёзна не збіраўся займацца развіцьцём нацый. Існаваньне нацый было заўважна хіба што на канцэртах падчас чарговых з’ездаў КПСС, дзе праз дзесяцігоддзі выступалі адныя і тыя ж традыцыйныя клішэ-калектывы, каб дэманстраваць інтэрнацыянальную дружбу савецкіх народаў. У выніку, пры канцы праўленьня Брэжнева, нават дэкларыравалася стварэньне новай чалавечай супольнасьці – савецкай.
Пасля развалу СССР новыя краіны, распачаўшы будаўніцтва нацыянальных праектаў, апынуліся ў складаным становішчы, бо паняцьці нацый і этнічных груп на той час ураўноўваліся, а самі нацыі мэтанакіравана перамешваліся падчас такіх праектаў як асваеньне цаліны, Сібіры, будаўніцтва прамысловых гігантаў. Тым не менш, прадстаўнікі нацыянальных элітаў былых савецкіх рэспублік пры распрацоўцы мадэляў нацыянальнага будаўніцтва бралі ў аснову этнічны кампанент (С. Сабікенаў, Казахстан, 1994; Е. Vebers, Latvia, 1997; К. Hallik, Estonia, 1996; S. Smooha, Estonia, 2001). Нават тыя, што лічаць, што для нацыянальнага будаўніцтва важным з’яўляецца палітычны, а не этнічны кампанент (A. Matyl, 1993), разглядалі тытульную нацыю як аснову для дзяржаўнага будаўніцтва. Хоць новыя пост-савецкія дзяржавы былі этнічна неаднароднымі, асабліва такія як Казахстан (39.7% казахаў у 1989 годзе), Латвія (52% латышоў, 1989), але дамінуючыя ў іх эліты рашуча заявілі аб будаўніцтве нацыянальных дзяржаў. У Беларусі ж вырашэньне пытаньня аб нацыянальным будаўніцтве па сёняшні дзень застаецца амаль такім, як і ў былым СССР. Хаця, як адзначае Т. Снайдэр, суверэнітэт Беларусі ва ўмовах аўтарытарнага кіраўніцтва нават умацаваўся (T. Snyder, 2003, p. 284). Дзіўна, але ў асноўных прынцыпах развіцьця РБ гаворка нават ідзе пра тое, што «у краіне ажыцьцяўляецца паслядоўны курс па фарміраваньню ідэалогіі беларускай дзяржавы, крышталізацыі беларускай нацыянальнай ідэі» пад лозунгам “За моцную і квітнеючую Беларусь!” Незразумела толькі, што канкрэтна маецца на ўвазе пад “крышталізацыяй”. Стаўшы незалежнай краінай развіцьцё беларускасьці на самай справе не з’яўляецца прыярытэтам у дзяржаўным будаўніцтве. Больш таго, за шырмай дэкларацый ажыцьцяўляецца палітыка дэнацыяналізацыі. Дзе беларускія школы, садочкі, навучальныя ўстановы? З другога боку, відавочна, што без удзелу дзяржавы збудаваць нацыянальную дзяржаву немагчыма.Краіна ідзе па нейкаму свайму, “асобнаму шляху” развіцьця, які не мае выразнага нацыянальнага азначэньня на будучыню. Добра было б каб апроч «крышталізацыі беларускай нацыянальнай ідэі» наша краіна мела яшчэ і нацыянальны твар. Сёньня ж у Беларусі фактычна будуецца рускамоўная цывільная дзяржава.
Ці падзяляюць беларусы пачуцьцё агульнай нацыянальнасьці, тую ж Мову, традыцыі і гісторыю? Не выпадае даць станоўчы адказ за ўсё насельніцтва, якое пражывае ў неспрыяльных умовах дэнацыяналізацыі і вырашае толькі кожнадзённыя жыцьцёвыя пытаньні. Калі хто і падзяляе, то толькі людзі, якія сьвядома ведаюць гісторыю, традыцыі, Мову (хаця на жаль нават яны не ўсе Мовай карыстаюцца). Для пашырэньня ведаў пра гісторыю, культуру і традыцыі сярод насельніцтва Беларусі патрэбен час, і гэты час будзе значна больш працяглым, калі народнай асьветай, для ўтрыманьня беларускасьці, будуць займацца толькі нацыянальна-патрыятычныя сілы, а дзяржава будзе ў лепшым выпадку стаяць збоку, ці, як цяпер, перашкаджаць «беларусізацыі беларусаў». Такі вось парадокс.
Усё ж, пры выкананьні шэрагу умоў будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы здаецца яшчэ верагодным. Па крайняй меры так хацелася б думаць. Але гэта можа здарыцца не пры цяперашняй уладзе і не заўтра. І гэта не пессымістычная, а рэальная ацэнка сітуацыі, якую трэба ўлічваць пры абмеркаваньні прапануемай канцэпцыі магчымага будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. Чаму магчыма і чаму не заўтра? Таму што цяперашні рэжым адчувае сябе даволі моцна і абапіраецца на падтрымку большасьці беларускага народа. Колькі гэты сон будзе працягвацца – невядома. Відаць на такую думку пакрыўдзяцца некаторыя прадстаўнікі нацыянальнай эліты, хаця многія і пагадзяцца з ёй. Трэба быць рэалістамі і ня трэба сябе падманываць. Гэты рэжым існуе дзякуючы не толькі рэпрэсіям, страху, але ён базуецца і на рэальных сацыяльных механізмах размеркаваньня нацыянальных багацьцяў (па крайняй меры так выглядае для насельніцтва звонку) (В. Давыдзік, 2012). Амаль такія ж механізмы існавалі і ў былым Саюзе. Беларусам гэта знаёма, яны церпяць і пакуль не выказваюць незадавальненьня. Азіраюцца навокал, а там што? Толькі адзін прыклад: па статыстыцы прыведзенай у «Нашай Ніве» (15 жніўня 2012 года) за месячную зарплату на Украіне можна купіць 214 літраў бензіну, у Латвіі – 357, Літве – 323, Балгарыі – 216, Румыніі – 267, Венгрыі – 356, Польшчы – 441. А ў Беларусі – 396 літраў. Так што калі параўноўваць з гэтымі еўрапейскімі краінамі па бензіну, то не так і кепска (для параўнаньня, падобныя разлікі для Расіі даюць 869 л, для ЗША – 2849 л). Беларусы не адчуваюць і не бачаць дэбеларусізацыі бо дзякуючы прапагандзе чуюць аб сабе “бацькоўскі клопат”, калі ідзе ў Беларусь нафта з Венесуэлы і Азербайджана, будуюцца спартыўныя лядовыя палацы, аднаўляюцца малыя і сярэднія гарады і мястэчкі падчас «Дажынкаў» (хаця робіцца часам пасьпешна і з агрэхамі). Безумоўна, усё гэта робіцца рукамі працавітых беларусаў і ўсё імі створанае застанецца, на шчасьце, на зямлі Беларусі. Беларусы цярпліва перажылі ўжо некалькі дэвальвацый і дэнамінацый і ні разу ў абсалютнай большасьці не выказвалі сур’ёзных пратэстаў. Складана ўявіць у такой сітуацыі нейкія рэвалюцыйныя зьмены.
Характарызуючы працэсы нацыянальнага будаўніцтва на пост-савецкай прасторы, Р. Брубакер (R. Brubaker, 1996) абмяркоўвае тры магчымыя мадэлі: 1. Мадэль цывільнай дзяржавы – дзяржавы грамадзян і для грамадзян, незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасьці (этнічнасьці); 2. мадэль двух- ці многанацыянальнай дзяржавы – дзяржавы двух ці многіх этнакультурных нацый; 3. гібрыдная мадэль, дзе дзяржава разумеецца як нацыянальная, але ў той жа час, як дзяржава ў якой перавага не аддаецца дамінантнай этнічнай групе; грамадзянам меншасьцяў гарантуюцца не толькі роўныя правы як грамадзянам гэтай дзяржавы, але і абарона ад ассіміляцыі пры выкананьні іх нацыянальных праектаў. З большага, толькі першая мадэль, а не другая і ні трэцяя, магла б падыходзіць для характарыстыкі сёняшняй Беларусі. Аб якой нацыянальнай дзяржаве можна размаўляць у краіне ў якой «беларусы – гэта тыя ж самыя рускія, толькі са знакам якасьці», у якой прэзідэнт і чыноўнікі краіны не размаўляюць на роднай мове.
Што тычыцца абмяркоўваемай канцэпцыі магчымага рэальнага будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржавы, то яна добра адпавядае трэцяй мадэлі. Гэта спалучае як правы нацыянальных меншасьцяў, так і будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, і адпавядае Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (ААН), за якую ў 1948 годзе прагаласавалі 48 краін (але 8 краін устрымаліся, уключна з СССР, які быў прадстаўлены тады РСФСР, Беларускай ССР і Украінскай ССР).
Якія б тэарэтычныя мадэлі ні выкарыстоўваліся ў дачыненьні да будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржавы, відавочна, што гэта будзе вызначацца рознымі фактарамі. У першую чаргу, многае будзе залежыць ад волі нацыянальных і патрыятычных сіл, ад іх трываласьці, выпрацоўкі тэорыі і шляхоў яе рэалізацыі. Да іншых фактараў можна аднесьці як знешнія фактары існаваньня дзяржавы (напрыклад, палітычныя, эканамічныя), так і ўнутраныя, у асноўным звязаныя з адносінамі насельніцтва РБ да разуменьня неабходнасьці будаўніцтва нацыі, і, нарэшце, гэта залежыць ад зьмен у кіраўніцтве дзяржавай. Гаворка ідзе пра тое ці яшчэ ёсьць шанец збудаваць нацыянальную дзяржаву, ці Беларусь застанецца дзяржавай цывільнай.
Можна канстатаваць, што, тэарэтычна, будаўніцтва беларускай нацыянальнай дзяржавы магчыма, але яно не можа быць рэалізавана ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі бо патрабуе сур’ёзнай кансалідацыі і асьветы насельніцтва РБ, якое на сёньня ўяўляе толькі патэнцыйную, не моцную нацыю. Для будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы патрэбен удзел самой дзяржавы. Нават калі уявіць, што раптам улада зьменіцца ці нават павернецца да вырашэньня пытаньняў рэальнага, не дэкларатыўнага нацыянальнага будаўніцтва (калі ласка, не блытайце з будаўніцтвам цывільнай дзяржавы), то гэта таксама патрабуе не менш часу і высілкаў. Варыянт палітычных зьмен зусім не выключаецца, але ён здаецца пакуль малаверагодным.
Гэта не значыць, што ў існуючых умовах трэба апусьціць рукі і нічога не рабіць. Гэта значыць, што трэба распрацоўваць як каротка-, так і доўгатэрміновыя праекты, скіраваныя на дасягненьне патрэбных для збудаваньня нацыянальнай дзяржавы зьмен. Нацыянальна-сьвядомым сілам застаецца зберажэньне тых каштоўнасцей, якія ўжо напрацаваны, іх узбагачэньне і ўкараненьне ў народную сьвядомасьць на працягу жыцьця хаця б аднаго пакаленьня.
Асноўныя спасылкі
- Давыдзік В. Беларуская нацыя на скрыжаваньні праектаў: праблемы, сэнсы і перспектывы. Міждысцыплінарная навукова-практычная канферэнцыя, 3 лістапада 2012. http://inbelhist.org
- Законьнікаў С. Падмурак нацыі. Свободные новости плюс, 12 кастрычніка 2012.
- Максімюк Я. Мова «старэйшага брата». Радыё «Свабода», 12 чэрвеня 2012.
- Марціновіч В. Нацыя білінгва (да спрэчкі Вячоркі з Максімюком). Радыё «Свабода», 2 ліпеня 2012.
-
Сабикенов С. Национальный и народный суверенитет. В чем отличие? // Мысль.- 1994. № 4.- С.-9.
-
Сакалова М. Пра разуменне паняццяў “нацыя” і “этнас” у сучаснай айчыннай гістарыяграфіі Гістарычны Альманах. 2002, том 6.
-
Anderson B. Imagined Communities: Reflections on the Origin and Spread of Nationalism. London: Verso, 1983.
-
Brubaker R. Nationalism Reframed: Nationhood and the National Question in the New Europe. Cambridge: Cambridge University Press, 1996.
-
Gellner Е. Nations and Nationalism. Ithaca, New York: Cornell University Press, 1983.
- Hallik K. Ethnopolitical Conflict in Estonia.” In Ethnic Conflict in the Post-Soviet World: Case Studies and Analysis. NY, 1996, pp. 87-108.
- Ingram А. The once and future european nation-state in: Questioning Ireland: Debates in Political Philosophy and Public Policy. Dublin, 2000, pp 51-72.
- Kolsto P. Political construction sites. Nation-building in Russia and the post-Soviet States. Chapter 8. Belarus: The Dog that Didn’t Bark. Boulder, Colorado: Westview press, 2000.
- Motyl A. Dilemmas of Independence. Ukraine After Totalitarianism. New York: Council of Foreign Relations Press, 1993, 217 p.
-
Smith А. The Ethnic Origins of Nations. Oxford: Blackwell, 1986.
- Smooha S. The model of ethnic democracy. European Centre for minority issues (ECMI). 2001, Paper #13, pp.1-95.
- Snyder T. The reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569-1999. Yale University Press, 2003.
- Vebers E. Latvijas Valsts un etniskas minoritates. Riga: Latvijas Zinatnu akademijas, 1997, 158. (цыт. па P. Kolsto, chapter 2).
- Walby S. The Myth of the Nation-State: Theorizing Society and Polities in a Global Era. Sociology, 2003, Volume 37(3): 529–546.
Categories: Зьнешнія адносіны, Нацыя, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ