T Struzetski I zaguchali staradaunija argany. “Sakavik”, 2013, December, N4, 50-52
Упершыню ў музычнай сталіцы Паазер’я 19 – 20 кастрычніка бягучага года адбыўся фестываль “Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны”, які стаў не толькі важнай, але і адметнай культурнай падзеяй, новым праектам па адраджэнні багатай музычнай спадчыны Беларусі. Для яго рэалізацыі Пастаўшчына мела ўсе падставы: і даўнія музычна-культурныя традыцыі, і адпаведную матэрыяльна-тэхнічную базу, і падрыхтаваную публіку, і граматных зацікаўленых арганізатараў. Можа таму і рыхтаваўся фестываль хутка і з добрым настроем, з чакаемым поспехам. Але ўсё па парадку.
Сёння ў Беларусі налічваецца каля ста арганаў, якія ў большасці сваёй усталяваны ў каталіцкіх касцёлах, а касцёлы па сваёй сутнасці здаўна былі і застаюцца не толькі духоўнымі, але і грамадска-культурнымі цэнтрамі. Пастаўскі раён і ў гэтым сэнсе застаецца ўнікальным – у добрым стане захаваны ажно чатыры старадаўнія арганы, старэйшаму з якіх у касцёле Святога Тадэвуша у Лучаі ўжо больш за два стагоддзі. Дзякуючы міжнароднаму фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” Пастаўскі касцёл Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Андрэя Падуанскага стаў пастаяннай выдатнай пляцоўскай для класічных канцэртаў, на якой ужо выступалі лепшыя прафесійныя і аматарскія калектывы з Беларусі і іншых краін.
Словы ўдзячнасці неабходна выказаць і ксяндзам-пробашчам касцёлаў, якія дбаюць аб арганах, спрыяюць падтрымцы іх у рабочым стане. Як сказаў у час канцэрта пробашч Камайскага касцёла Яцэк Гутман – “арган – гэта жывы арганізм, з ім можна размаўляць, яго трэба штодзённа даглядаць”…. А ксёндз-пробашч Пастаўскага касцёла Андрэй Возняк з паўслова падтрымаў ідэю фестывалю, стаў яго актыўным і дасведчаным арганізатарам.
У мястэчку Камаі нарадзіўся, быў ахрышчаны і пачаў музыцыраваць на аргане мясцовага касцёла Святога Яна Прадвесніка Браніслаў Руткоўскі – будучы вядомы беларуска-польскі арганіст і кампазітар 20-га стагоддзя, прафесар, музычны крытык і арганізатар міжнародных фестываляў арганнай музыкі ў Польшчы і Германіі.
У рамках фестывалю ў чатырох касцёлах у Паставах, Камаях, Лынтупах і Лучаі адбылося 5 арганных канцэртаў, у якіх прынялі ўдзел лепшыя беларускія арганісты – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Ігар Алоўнікаў і яго вучаніца, лаўрэат міжнародных конкурсаў, выкладчыца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Кацярына Мікалаева, лаўрэаты міжнародных конкурсаў саліст Белдзяржфілармоніі Канстанцін Шараў і салістка канцэртнай залы “Сафійскі сабор” у Полацку Ксенія Пагарэлая. Кожнае выступленне слухачамі ўспрымалася з непрытоенай увагай і вялікім задавальненнем. Да выканаўцаў пасля канцэртаў падыходзілі шматлікія слухачы, дарылі кветкі і падарункі. Сярод ганаровых гасцей фестывалю былі прэлат, прадстаўнік Рыма Дон Карнэліа, ксёндз-магістр і кандыдат гістарычных навук, пробашч касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску Уладзіслаў Завальнюк, дыпламат і былы старшыня Нацыянальнай камісіі ЮНЭСКА Уладзімір Счасны.
Фестываль не змог бы адбыцца без вельмі зацікаўленай падтрымкі з боку мясцовых улад і работнікаў культуры. Намеснік старшыні Пастаўскага райвыканкама Юрый Кісялёў стаў яго сапраўдным апекуном.
І арганізатарамі, і ўдзельнікамі фестывалю, і мясцовымі жыхырамі неаднаразова выказваліся прапановы зрабіць яго пастаянным, запрашаць для ўдзелу ў ім і замежных выканаўцаў. Зацікаўленыя адносіны кіраўніцтва раёна і каталіцкага духавенства напэўна дазволяць стаць фестывалю традыцыйным, які не толькі пашырыць палітру культурных імпрэз, але і будзе яшчэ адным брэндам Пастаўшчыны, што паспрыяе развіццю культурна-гістарычнага турызму ў цэлым рэгіёне.
Плануецца, што фестываль стане пачаткам рэалізацыі цэлай праграмы адраджэння старадаўніх арганаў на Беларусі. Зацікаўленую падтрымку гэтага праекта выказалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, кіраўніцтва Беларускай дзяржаўнай філармоніі і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, а таксама Польскага інстытута ў Мінску. Правядзенне фестываляў у розных рэгіёнах краіны паспрыяе захаванню саміх арганаў і збору фінансавых сродкаў на іх рэстаўрацыю. Галоўнае, каб гэта праца праводзілася з удзелам спецыялістаў, з прыцягненнем, пры неабходнасці, і замежных экспертаў. Старадаўнія і ўнікальныя арганы у бліжэйшай перспектыве могуць быць уключаны ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны, стаць сапраўднымі музейнымі экспанатамі.
Наяўнасць і рэгурярнае выкарыстанне арганаў паспрыяе фарміраванню канцэртных залаў у касцёлах для прэзентацыі і папулярызацыі класічнага музычнага мастацтва, падштурхне да пашырэння падрыхтоўкі беларускіх музыкантаў-арганістаў. Гэта праграма стане адной з прыярытэтных і для Беларускага фонда культуры.
Тадэуш Стружэцкі – аўтар праекта і адзін з арганізатараў фестывалю
Пакінуць адказ