ПРАБЛЕМЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА БУДАЎНІЦТВА Ў ЧАСОПІСЕ “САКАВІК: КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ” (Прадмова рэдактара да чарговага шостага нумара вэб-часопіса)

ПРАБЛЕМЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА БУДАЎНІЦТВА Ў ЧАСОПІСЕ   “САКАВІК: КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”ПРАБЛЕМЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА БУДАЎНІЦТВА Ў ЧАСОПІСЕ “САКАВІК: КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ”
(Прадмова рэдактара да чарговага шостага нумара вэб-часопіса)
Развіцьцю і падтрымцы беларускасьці прысьвечана абсалютная большасьць матэрыялаў часопіса. Рэалізацыя нацыянальнага будаўніцтва немагчыма без асьветы насельніцтва, без распаўсюду глыбокіх гістарычных ведаў, багатай культурнай спадчыны беларускага народа. Натуральна, што часопіс вялікую ўвагу аддае і праблемам беларускай мовы. Той стан у якім апынулася адна з прыгажэйшых і мілагучных славянскіх моў можна назваць толькі жахлівым. І вінаваты ў гэтым, як кіраўніцтва краіны, якое за апошнія 20 год толькі спрыяла яшчэ большаму яе заняпаду, так і самі беларускія людзі. Стан мовы застаецца адной з балючых тэм для беларускай эліты на працягу апошніх ста гадоў, і, відавочна, што, за выключэньнем кароткіх перыядаў адраджэньня, яе стан за гэты час значна не палепшыўся. Тым не менш, лічучы, што мова для нацыянальнага будаўніцтва гэта пастаянная, перманентная праблема №1, на сёняшні дзень, каб нейкім чынам ускалыхнуць беларускі люд, высілкі павінны быць скіраваны і на другія асьпекты выхаваньня і асьветы насельніцтва, і ў першую чаргу на распаўсюд ведаў па гісторыі краіны, на развіцьцё патрыятызму і гонару беларускага народа.
Многія з праблем, якія ёсьць у нацыянальным будаўніцтве ў Беларусі, маюць шмат агульнага з другімі пост-савецкімі краінамі. Вось чаму ў гэтым годзе мы пачалі зьмяшчаць на сайце матэрыялы па актуальных пытаньнях будаўніцтва нацыі ў Латвіі, Казахстане, і канешне ва Украіне. Зноў жа, моўнае пытаньне і ў гэтых краінах стаіць востра, але не так балюча як у Беларусі. Латвія на рэферэндуме адмовілася ад другой дзяржаўнай мовы, рускай; ва Украіне ўжываньне рускай мовы ўзаконена толькі ў некаторых рэгіёнах, а ў Казахстане плануецца, што ў 2025 годзе 95% насельніцтва будзе ведаць і карыстацца казахскай мовай. У нас жа з падачы кіраўніка дзяржавы беларуская мова нічога не вартая: « …по-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык – бедный язык.», а дзяржаўныя адносіны да Мовы ў цэлым непазьбежна вядуць не толькі да яе зьнікненьня, а і да паглынаньня і зьнішчэньня самой беларускай нацыі еўразійскай, рускамоўнай культурай. І не важна, што 83.7% насельніцтва пакуль што лічуць сябе “ў душы” беларусамі (паводле Перапісу 2010). Наста Палажанка, у нядаўнім артыкуле ў “Нашай Ніве” (май 2014 г), гаворачы аб паховінах славутага беларускага паэта Генадзя Бураўкіна, задаецца пытаньнем – дзе ж нашы людзі? 11 год таму на паховінах Васіля Быкава былі дзесяткі тысяч людзей. Што здарылася?
Нацыянальная эліта, загнаная ў гета дзяржаўнай палітыкай і абыякавымі адносінамі людзей да беларускасьці, працуе на астраўках-рэзервацыях, дзякуючы ахвярнасьці сапраўдных беларусаў (“кнігарня Логвінаў”, мастацая суполка “Пагоня”). Але “І адзін чалавек многа можа!”
Безумоўна, што нацыянальнае будаўніцтва трывае значны супраціў савецкай спадчыны, носьбітам якой засталася Расійская Федэрацыя (РФ). Але калі капнуць глыбей, то гэты супраціў ідзе ад Расійскай імперыі. Расія не хоча даваць волі як сваім шматлікім народам (права аб выхадзе з РФ не закладзена ў Канстытуцыі, прыклад Чачня), так і сваім блізкім суседзям. Страціўшы уплыў на краіны сацыялістычнага лагера, зараз інтарэсы імперскай Расіі скіраваны на кантроль над краінамі СНГ. І асабліва зацікаўлена Расія ў кантролі над Беларусьсю і Украінай. Гэта цікаўнасьць базуецца як на старых міфах, запачатых у часы Пятра І і Кацярыны ІІ, аб пераемнасьці гістарычнай спадчыны Кіеўскай Русі да Расіі і аб трыадзінстве трох славянскіх народаў, так і на геапалітычных інтарэсах. Па-праўдзе, Расія, у параўнаньні з Беларусьсю і Украінай, зусім не славянская краіна. У апублікаваных у мінулым годзе артыкулах (часопіс “САКАВІК” №2, №3) я абгрунтаваў існаваньне ўсходнеславянскай, беларуска-украінскай цывілізацыі, якая істотна адрозніваецца ад еўразійскай (расійскай) цывілізацыі. Сёняшняя агрэсія Расіі ў адносінах да Украіны – гэта практычны доказ антаганістычнага існаваньня гэтых цывілізацый, канфлікт паміж якімі непазьбежны. Шкада, што далейшае іх размежаваньне адбываецца не мірным шляхам і з вялікімі ахвярамі. Але гэты працэс незваротны.
Расія, напаўшы на Украіну, выкарыстоўвае русский язык як матыў і інструмент агрэсіі – гэтай тэме прысьвечаны адзін з артыкулаў сьвежага нумара. У ім паказана неправамоцнасьць выкарыстаньня Расіяй рускай мовы і сваёй “славянскасьці” для навязваньня еўразійскай ідэалогіі Беларусі і Украіне, якія, маючы прызнакі заходняй цывілізацыі, канчаткова фарміруюць новыя нацыі ў эпоху глабалізацыі. Шкада, што Беларусь падпісаўшы дамову аб Еўразійскім саюзе, значна запаволіла перспектыву ўступленьня на шлях, на які зараз прабіваецца Украіна, наш партнёр па ўсходнеславянскай цывілізацыі.
У часопісе прыведзены вынікі двух даследаваньняў, адзін з іх прысьвечаны вызначэньню колькасьці этнічных беларусаў ва ўсім сьвеце, а другі – асаблівасьцям міграцыі беларусаў у Канаду за апошнія 30 гадоў у параўнаньні з краінамі-суседзямі. Разьлікі паказалі, што ў цэлым сьвеце жыве каля 9.5 мільёнаў этнічных беларусаў (амаль 8 млн на радзіме, 1.1 млн у блізкім замежжы і 0.4-0.5 млн у далёкім). Такім чынам, у замежжы жыве каля 1.5-1.6 млн беларусаў, што значна менш чым зараз афіцыйна лічыцца. Адзначана, што беларусы ў параўнаньні з суседзямі найбольш кансерватыўныя ў міграцыйным плане, што ёсьць пазітыўнай з’явай для нацыянальнага будаўніцтва.
Рэдакцыя вырашыла даць пераклад на рускую мову вядомага артыкула Вацлава Ластоўскага “Што трэба ведаць кожнаму беларусу?”. Чаму на рускую мову? Беларуская мова – асноўная мова часопіса, але мы зьмяшчаем матэрыялы на любой мове, калі тэма тычыцца напрамку часопіса (з абавязковай падачай кароткага зьместу на роднай мове). Аднак, рашэньне аб перакладзе Ластоўскага на рускую мову ідзе не ад добрага жыцьця. Па-першае, людзей, якія чытаюць, становіцца ўсё меней. Па-другое, рэаліі такія, што беларусы чытаюць у асноўным рускамоўную літаратуру (на рынку Беларусі 85% кніг друкуецца не на роднай, а на рускай мове). Многія ідэі Ластоўскага, адлюстраваныя ў яго артыкуле, да гэтага часу актуальныя (пераклад даецца не поўнасьцю, а толькі тых яго частак, якія сугучны сучаснасьці). Падыход рэдакцыі такі, што калі перакладам на рускую мову зацікавіцца хаця бы адзін чалавек, які не ўзяўся б чытаць яго па-беларуску, то гэта варта рабіць. Змаганьне мусіць быць за кожнага беларуса, у якога яшчэ можа праснуцца жаданьне не толькі пісаць у анкеце, што ён беларус (магчыма толькі адчуваючы сябе грамадзянінам Беларусі ці сваю тэрытарыяльную прыналежнасьць да краіны), але і паводзіць сябе як беларус.
У гэтым сэнсе, асьветніцкая дзейнасьць, якая ажыцьцяўляецца праз рускамоўную літаратуру, вельмі важная. Да прыкладу, тыя кнігі, што выдаюцца на рускай мове сп. А. Тарасам, знаходзяць свайго чытача. Магчыма там могуць быць акадэмічныя хібы і нават несьці незаўважную шараговаму чытачу “акадэмічную няпраўду” (дарэчы гэтыя хібы могуць быць выпраўлены якраз акадэмікамі), аднак, лепш няхай пабачыць сьвет адна апублікаваная асьветніцкая кніга, чым будуць напісаныя пад стол дзьве акадэмічныя кнігі. Будзем спадзявацца, што дзяржаўная палітыка ў адносінах да беларускасьці хутка зьменіцца і не давядзецца спрачацца на гэту тэму.
На старонкі сайта дадалася яшчэ адна серыя слайдаў “Замкі Беларусі”. Пры падрыхтоўцы серыі выкарыстаны даступныя здымкі, малюнкі, зьвесткі, запазычаныя з розных крыніц. Як і раней, апроч матэрыялаў самаго часапіса “САКАВІК: КУЛЬТУРА, НАЦЫЯ” мы размяшчаем на вэб-сайце матэрыялы з другіх крыніц. Усе публікацыі падрыхтаваныя менавіта часопісам ідуць з лагатыпам часопіса:

Усяго найлепшага!
Пётра Мурзёнак



Categories: Аб'явы, Слова рэдактара

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: