Святаслаў Шабовіч: Светлыя гады маленства, пякельная ноч і паветраныя змеі — успаміны беларуса, які выжыў на радзіме і паслужыў у амерыканскім войску

“Наша Ніва”, 17 мая 2015 г.

Выйшла кніга пра тое, як галоўны герой згубіў спачатку бацьку, потым маці, знайшоў цётку і дзядзьку – і выратаваўся, спачатку з’ехаўшы ў Нямеччыну, а потым у ЗША.

У «Бібліятэцы Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» выйшлі ўспаміны Святаслава Шабовіча «З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў: гісторыя аднаго падарожжа».

Марцінова — гэта паўднёва-ўсходняя Мядзельшчына, цяпер гэта ў межах вёскі Сваткі.

Кніга была напісаная па-англійску ў ЗША, пераклад зрабіла Віялета Кавалёва з Канады, а напісала прадмову і адрэагавала Наталля Гардзіенка з Беларусі.

Нейкі час у нашым уяўленні тыповы эмігрант быў або асобай рэпрэсаванай за Саветамі, падчас вайны або грамадскім дзеячам, ці настаўнікам, або прадстаўніком культурніцкага асяродка, ці юнаком з СБМ.

Святаслаў Шабовіч не падпадае ні пад адно з гэтых вызначэнняў.

Ён нарадзіўся ў 1932 г., у 1943-м яму было 11 гадоў, ён нават назву СБМ не запомніў.

Яго бацька Антон Шабовіч у сярэдзіне 1920-х выехаў у ЗША, зарабіў немалыя грошы на ўмелай кантрабандзе алкаголем (сухі закон!), столькі, што частку паклаў у амерыканскі банк, а на другую, вярнуўшыся ў канцы 1920-х на Мядзельшчыну, купіў цэлы маёнтак.

«Калі б палітычны клімат у маёй роднай краіне не быў такі спусташальны, цалкам магчыма, што я дагэтуль жыў бы на радзіме – у Беларусі. Але не мне было дадзена распараджацца лёсам, я і мае тры сястры былі гвалтам вырваныя з роднага дому і ледзь не загінулі», — піша аўтар.

Шабовіч зазначае, што ў 2000 г. прыняў рашэнне вярнуцца на радзіму. Але «як жа балюча мне стала, калі я ўбачыў, што зямля, якая была калісьці ўласнасцю майго таты і месцам майго нараджэння, аказалася глыбока знявечанай: рэчка і лес зніклі дазвання, і гэтыя мясціны не спараджалі радасці ў душы, як калісьці, у далёкія гады майго дзяцінства»

Тады ў яго і нарадзілася думка напісаць успаміны.

Малы Святаслаў быў панічом. Але хоць і дыстанцыя паміж ім і вясковымі дзецьмі прысутнічала, пачуваўся ў сваім дзіцячым свеце досыць камфортна, ён нават раздзел назваў «Марцінова. Светлыя гады».

Свет дзяцінства быў разбураны ў 1939 г. Прыйшлі бальшавікі, маёнтак у бацькі адабралі. Самыя дальнабачныя, піша Шабовіч, перадавалі зямлю і фальваркі « ў дар» савецкай уладзе і адразу з’язджалі ў Польшчы.

Антон Шабовіч з сям’ёй

Антону Шабовічу было шкада ўласнасці, і ён застаўся. Праз некалькі месяцаў яго арыштавалі і выслалі. Арышт таты зрабіў моцнае ўражанне на сямігадовага хлопчыка: «У памяці ўзнікае карцінка летняй раніцы. Адзеты ў кароткія штонікі, я стаю ля ганка і разгублена назіраю, як воз, на якім сядзіць мой тата, ад’язджае далей і далей ад дому».

Яго бацька, нягледзячы на моцную любоў да сына, быў жорсткім чалавекам. Святаслаў апісвае, як быў сведкам таго, як бацька збіваў маці, што прывяло да разводу ў сям’і. Маці Галіне нават купілі асобны фальварак, упарадкавалі яго, і яна там жыла з дзецьмі. Потым пасля арышту яна вернецца ў Марцінова, каб глядзець дом і дзяцей. А Антон Шабовіч выжыў у сталінскім лагеры на Далёкім Усходзе, пасля вайны асеў у Вільні, знайшоў новую жонку, зноў быў высланы, зноў выжыў і вярнуўся.

Але бацьку Святаслаў ад 1940 г. так і не бачыў. А ў 1941-м прыйшла новая навала: нямецкая акупацыя, а разам з ёй партызанка, у якую пайшлі рабаўнікі маёнтка.

Спачатку партызаны забілі бабулю, а потым і маці, а урэшце спалілі фальварак.

Аўтар так і назваў два раздзелы: «Дзень трагедыі» і «Пякельная ноч».

На тым месцы, дзе загінула маці, сын праз 60 гадоў паставіў помнік. «Я магу толькі ўяўляць агонію маці і ўсё, што яна перажыла, пакуль яе цягнулі па лесе зласлівыя забойцы. Маці добра разумела, што яе чакае ў канцы сцяжынкі, і пакуты, якія яна цярпела ў гэты момант, пераўзыходзяць маё разуменне. Адна толькі думка пра іх разрывае сэрца. Мама рызыкавала сваім жыццём у імя дзяцей – з мэтай захаваць для іх Марцінова. Мама, мая дарагая мама! Ты мая трагічная гераіня!».

Любоў да маці і бацькі праходзяць праз усю кнігу.

Малых Шабовічаў — Святаслава і сястрычак — забраў да сябе святар Ян Жарскі з Радашковічаў. Ягоная жонка Антаніна прыходзілася Галіне роднай сястрой.

Цётка Тоня і дзядзька Ян даглядалі Шабовічаў, як роднага сына Уладзіміра. Нават вайна пачынае мала згадвацца ва ўспамінах. Шабовіч у Радашковічах нават захапіўся новым хобі, ён любіў запускаць паветраных змеяў, а таксама разам з сынам Жарскім Вовам гуляў у футбол.

Ян Жарскі з жонкай, сынам Уладзімірам і трыма Шабовічамі.

Жарскія з Шабовічамі ўлетку 1944 г. адправіліся на выгнанне ўлетку 1944 г. Шанцы ацалець пры савецкім рэжыме ў сям’і святара былі роўныя нулю. У выніку Жарскія-Шабовічы апынуліся ў Баварыі, у амерыканскай зоне акупацыі, куды імкнулася выехаць большая частка беларускіх уцекачоў.

Паколькі Жарскі быў святаром, то ён атабарыўся ў адным лагеры Тырсгайм з епіскапатам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы: мітрапалітам Панцеляймонам і архіепіскапам Філафеем. Аўтар кнігі вельмі цікава апісвае гэтае жыццё. Чым былі і чым займаліся святары ў звычайным жыцці, гутаркі з кіраўніком БАПЦ мітрапалітам Панцеляймонам, які нягледзячы на паважаны ўзрост (81 год) меў бездакорны выгляд і ясны розум.

Або некалькі старонак пра архіепіскапа Філафея (Уладзіміра Нарко), які меўся падчас вайны замяніць Панцеляймона на пасадзе кіраўніка БАПЦ.

Малады прыгожы епіскап (у 1945-м яму было 40 гадоў) звяртаў на сябе ўвагу. Асобна Шабовіч адзначае яго дачыненні з маладой жанчынай — Ларысай Паўлаўнай, якая суправаджала Філафея паўсюль і часта бавіла час у яго пакоі.

Аднойчы Святаслаў нават заспеў іх за… заняццем каханнем.

Прычым Шабовіч ніколькі не асуджае архіепіскапа, ён разважае, што цэлібат павінен быць справай добраахвотнай, і святар сам павінен вырашаць, мець жонку або быць самотным. «Нават калі ён ажэніцца, ён усе роўна можа прапаведваць слова Божае і настаўляць сваю паству на праведны шлях… Калі тактоўныя дачыненні паміж нежанатым святаром і дарослай жанчынай прыносіць ім абаім асалоду і напаўняюць радасцю, такая сувязь не павінна абражаць Бога, не павінна яна таксама і перашкаджаць святару ў ягоным святарскім служэнні».

Згадвае Шабовіч і забаўныя штучкі з паўгалоднага жыцця ў лагеры ў Тырсгайме

Як куплялі забароненага парсючка і як згаладнелы айцец Барышкевіч паспрабаваў скрасці ў краме кілбаску, схаваўшы пад сутанай. Мяснік заўважыў, прымусіў аддаць, у паліцыю не паскардзіўся, але распавёў, каму толькі можна.

І што б вы думалі? Праз 50 гадоў, у 1994 м, Шабовіч вырашыў адведаць Баварыю, праехаўшы па гарадках, дзе жыў. Не застаўся ў баку і Тырсгайм. Аўтар сустрэў у будынку, дзе ў 1940-х жылі бежанцы, немаладую жанчыну-немку. «Ці памятаеце вы пра лагер уцекачоў?» — спытаўся Шабовіч. — «Так,памятаю». – «А што найбольш памятаеце?» — «Пра кілбаскі і парсючка», — адказала жанчына, расказаўшы гісторыі, у якім яны засталіся ў памяці мясцовых жыхароў.

У 1946 епіскапы БАПЦ перайшлі ў склад Расійскай зарубежнай праваслаўнай царквы. Гэта рашэнне стала шокам для беларускай грамады і мела наступствы для як для палітычнага, так і рэлігійнага жыцця эміграцыі. Але аўтар не хоча абмяркоўваць гэту тэму «Час сам расставіць на свае месцы, суд гісторыі – самы справядлівы». Дый яго гэта не надта і цікавіла ў той час. Тым больш ён зазначае, што патрыёты і педагогі епіскапы былі выдатныя.

І яшчэ адзін штрышок з жыцця ў паваеннай Германіі. Як піша Шабовіч, ён тут першы у жыцці пакаштаваў коку-кола, «Вельмі салодкая, як на сённяшні час», — зазначае ён.

У 1949 г. Шабовіч выехаў у ЗША. Але пра амерыканскі этап не так ужо і шмат ва ўспамінах.

Пра першыя крокі ў Нью-Ёрку, знаёмства з дзядзькам (братам бацькі) з Масачусэтса, яго апантанасць рыбалкай, жыццё ў Масачусэтсе, першыя заробленыя даляры. Вучобу ў ВНУ (Шабовіч вучыўся спачатку на хіміка, але зацікавіўся славістыкам, а ўрэшце стаў магістрам бібліятэказнаўства).

Кнігі суправаджалі ўсё яго жыццё і былі любімым баўленнем часу, разам з кіно і праглядам баксёрскіх паядынкаў. Некалькі раздзелаў прысвечана службе ў амерыканскім войску.

Аўтар правёў нават некалькі месяцаў у школе ЦРУ, але справа далей не пайшла, і ў гэтых успамінаў тэму ён абмінуў.

Потым Шабовіч жыў у Тэхасе, Паўночнай Караліне, Індыяне, урэшце асеў у Мічыгане, у Фармінгтан-Хілзе.

Спадзяюся, што пра амерыканскі этап жыцця ён пакіне яшчэ ўспаміны. А гэта кніга чытаецца на адным дыханні і не адпускае, пакуль не перагорнеш апошнюю старонку.

***

Кніга «З фальварка Марцінова да Фармінгтонскіх узгоркаў. Гісторыя аднаго падарожжа» ёсць кнігарнях Мінска: «Акадэмкніга» (пр-т Незалежнасці, 72), кнігарня «логвінаЎ» (пр-т Незалежнасці, 37А), «Кнігарня пісьменніка» (вул. Казлова, 2), «Веды» (вул. К.Маркса, 36), «Цэнтральны кніжны» (пр-т Незалежнасці, 19), «Кнігі & кніжачкі» (пр-т Незалежнасці, 14), а таксама ў інтэрнэт-краме knihi.by.



Categories: Асобы, Нацыя Беларусы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: