У Менску прайшоў чэмпіянат у паяданні клёцак

Удзельнікі за 25 хвілін мусілі з’есці як мага больш бульбяных галак з мясным напаўненнем вагой больш за 200 грамаў.

У менскай рэстарацыі «Настальгія» прайшоў чэмпіянат Беларусі ў паяданні клёцак. 12 прэтэндэнтаў, сярод якіх была дзяўчына, змагаліся за годнасць самага заўзятага знаўцы гэтай стравы нацыянальнай кухні, піша tut.by.

Галоўным суддзём спаборніцтвы стаў знакаміты беларускі асілак Кірыл Шымко, апошнім дасягненнем якога стала ўтрыманне адразу двух самалётаў «Як-52» увосень мінулага года. Кірыл распавёў, што ён таксама любіць клёцкі, хоць гэта і не надта прыдатная страва для спартоўца. «Мне б трох штук было досыць, каб наесціся», – дадаў ён.

Аднак прэтэндэнты на годнасць чэмпіёна меліся з’есці значна больш. Паводле рэгламенту спаборніцтва ў іх было 25 хвілін для таго, каб даць рады як мага большай колькасці бульбяных кулек з мясным напаўненнем. Дакладней, куль, бо вага кожнай з іх – больш за 200 грамаў.

Першапачаткова кожнаму ўдзельніку была выдадзена талерка з пяццю клёцкамі (агульная вага – 1,1 кг). Спусташыўшы спод, «спартовец» мусіў падаць знак рукой і яму прыносілі наступны – таксама з 5 клёцкамі.

У «бітве страўнікаў» бралі ўдзел не толькі менчукі, але і госці з іншых гарадоў, у тым ліку Полацка і Наваполацка. Скласці канкурэнцыю мужчынам наважылася нават худзенькая дзяўчына.

ЗМІЦЕР СМІРНОЎ, TUT.BY

Спаборніцтва было не з простых – клёцкі падносілі гарачымі, а кандыцыянеры ў рэстарацыі ў такую спякоту ледзь давалі рады вялікай колькасці гасцей і журналістаў. Аднак гэта не перашкодзіла Уладзіміру Якімаву, 41-гадоваму будаўніку з Полацка, падолець 12 (!) клёцак агульнай вагой больш за 2,5 кг. Цяпер ён абсалютны чэмпіён Беларусі ў паяданні гэтай нацыянальнай стравы.

Дарэчы, Уладзімір ужо перамагаў у такім спаборніцтве некалькі гадоў таму. Але тады быў іншы рэгламент (паглынанне на хуткасць), і жыхар Полацка паспеў з’есці толькі блізу кілаграма бульбяных галак. Выходзіць, што сёння ягоны рэкорд быў пабіты адразу ў 2,5 раза.

Тут было б цалкам дарэчы пажартаваць аб беднай жонцы пераможцы, якой даводзіцца начаваць на кухні. Аднак высветлілася, што адзінай жанчынай, якая брала ўдзел у чэмпіянаце, і была жонка Уладзіміра, якая з’ела ў выніку 6 клёцак вагой больш за 1,3 кг. У тройку лідэраў яна, вядома ж не ўвайшла, але атрымала суцяшальны прыз арганізатараў за паказаную мужнасць.

Чэмпіянат быў праведзены з мэтай папулярызацыі традыцый нацыянальнай беларускай кухні. «Пакуль гэты неймаверна смачны і пажыўны кулінарны шэдэўр знаходзіцца ў ценю увезеных у нашу краіну прадуктаў. Пельмені, піца і нават сушы вядомыя спажыўцам значна лепш, чым свае клёцкі. А гэта ж простая, энэргетычна насычаная ежа, патрэбная людзям, якія вядуць чынны лад жыцця, займаюцца спортам ці фізічнай працай», – мяркуюць арганізатары.



Categories: Аб'явы

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: