Зінаіда Гімпелевіч: БЕЛАРУСКІ ІНСТЫТУТ НАВУКІ Й МАСТАЦТВА Ў КАНАДЗЕ (БІНіМ, КАНАДА). 1967-2016. Даклад на 32-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. Апублікавана ў часопісе “Культура, Нацыя”, №15, верасень 2016, с. 70-75.

dsc_6380-1

                     Biełarusian Institute of Arts and Sciences, Canada
Institut bélarussien des arts et des sciences, Canada
(BINiM, Canada) 1967-2016

 Зіна Гімпелевіч, прафесар-эмерытус, ступені бакалаўра і магістра філалогіі атрымала ў Мінску, а доктарскую ступень па славянскай філалогіі ў Атаўскім універсітэце. Працавала ў Атаўскім універсітэце, у Міністэрстве Замежных Спраў Канады і Універсітэце Ватэрлу. Аўтар сямі акадэміічных манаграфій і больш за 70 навуковых артыкулаў. Яе даклады гучалі ў Гарвардзе, Сарбоне, Оксфардзе, Кембрыдже, Ноттінгаме і іншых ўнівэрсытэтах. Пяць разоў студэнты прадстаўлялі яе на ўзнагароду найлепшага прафесара Ватерлу. За працу мае грамату ад генерал губернатара Канады. Таксама мае шыльду (№2) ганаровага прэзідэнта Canadian Relief Fund for Chernobyl Victims in Belaruś ад сяброў фундацыі. Зіна Гімпелевіч займала пасаду прэзідэнта Канадыйскай Асацыяцыі Славістаў. Зараз яўляецца прэзідэнтам Беларускага Інстытуту Навукі і мастацтва ў Канадзе. Яе мара, каб родная краіна квітнела, была добра адукаванай і свабоднай.

17-га верасьня 1967-га году ў Беларускім рэлігійна-грамадзкім цэнтры ў Таронта быў заснаваны Беларускі інстытут навукі й мастацтва ў Канадзе. БІНіМ, Canada-гэта асобная навуковая, асьветніцкая і мастацкая арганізацыя нашай новай краіны. Д-р. Раіса Жук-Грышкевіч напісала пра ўтварэньне БІНіМ(у) у Канадзе ў сваёй кнізе Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Гэтая праца таксама зьяўляецца хронікай беларускага жыцьця ў Канадзе, аздобленай у вялікай меры, сярод іншых здымкаў, мастацкімі фота мг-ра Янкі Сурвілы, сябра канадыйскага БІНІМ(у). Раіса Жук-Грышкевіч таксама дапоўніла гісторыю БІНіМ(у) у Канадзе, калі паведаміла пра яго генэзу падчас паседжаньня БІНіМ(у) у 2002-м годзе. Яна казала што у 1967-м, канадыйскі Інстытут называўся аддзелам БІНіМ(у) ЗША, які існаваў з 1951 году. Але ўжо 17-га лістапада 1968-га году Аддзел перарадзіўся ў незалежны Інстытут. Сувязі з амэрыканскім БІНіМ(ам) ніколі не перарываліся, але ўмовы жыцьця ў нас былі рознымі, і з прычынаў фармальных і практычных патрэбна было заняць самастойную пазыцыю.

Каб прымаць удзел у акадэмічных форумах нашай новай краіны, трэба было наладжваць сувязі з канадыйскімі і сусьветнымі навуковымі арганізацыямі. Першай зь іх для нас зрабілася Канадыйская асацыяцыя славістаў (КАС), заснаваная ў 1954-ым, якая ў тым жа годзе правяла сваю першую канфэрэнцыю. Наступная канфэрэнцыя КАС(у) адбылася толькі праз 12 гадоў, калі арганізацыя сумесна зь іншымі акадэмічнымі асацыяцыямі краіны зрабілася часткай і сябрам Канадыйскай фэдэрацыі гуманітарных і сацыяльных навук (КФГСН). Ад таго часу і кожны год фэдэрацыя пачала праводзіць Кангрэс, у якім прымаў удзел і КАС. На гэтым, другім Кангрэсе Канадыйскіх Славянаў нашым першапраходцам  у чэрвені 1967 года стаў д-р. Вінцэнт Жук-Грышкевіч, які прачытаў даклад на тэму “Беларусы і канадыйская статыстыка.” Як сведчыць Раіса Жук-Грышкевіч, “…выступаў ён ад грамадзкае арганізацыі Згуртаваньня Беларусаў Канады, а вымагалася, каб лектар рэпрэзэнтаваў навуковую, а не грамадзкую арганізацыю. Выпадак гэты быў беспасрэднай і адной з галоўных прычынаў заснаваньня БІНіМ(у) у Канадзе” (Раіса Жук-Грышкевіч 208). Такім чынам быў заснаваны канадыйскі БІНіМ і беларусы Канады атрымалі свой інстытут каб прымаць удзел у навуковых канадыйскіх і міжнародных акадэмічных імпрэзах: канфэрэнцыях, сымпозыюмах і кангрэсах, і каб несьці зьвесткі аб радзіме не былога царскага ці савецкага паходжаньня, а ў лепшых традыцыях сусьветнай навукі і культуры. Іншымі словамі, усталявалася патрэба, каб беларусаведа заняла законнае месца, сталася “сваёй сярод сваіх.” У гэтым сэнсе супрацоўніцтва з КАС было неабходнай часткай нашага месца ў навуковай славістыцы. Нягледзячы на тое, што паміж першай і другой канфэрэнцыямі КАС прайшло 12 гадоў, пачыная з 1955-га, канадыйскія славісты кожны год выдавалі свой першаклясны акадэмічны часопіс па-ангельску, Canadian Slavonic Papers. (З 1989 – 2 разы на год.) З прычыны таго, что большасьць сябраў БІНіМ(у) атрымалі адукацыю не па-ангельску і форма падачы была складаная, да 1987 году ў часопісе быў надрукаваны толькі адзін артыкул сябра БІНіМ(у) д-ра Садоўскага.

Роля БІНіМ(у) выкладзена ў нашым статуце і галоўнай місіі, якая спачатку была сфармуляваная так: “Беларускі інстытут навукі й мастацтва ў Канадзе (БІНіМ) ёсьць арганізацыяй навукі й культуры, якая намагаецца згуртаваць усе навуковыя й культурныя творчыя сілы, што ставяць сабе за мэту навуковае пазнаньне й вывучэньне Беларусі, беларускага народу ды ягонай культуры ў мінулым і сучасным, падтрымліваньне навуковай працы ў галіне беларусаведы, а таксама й творчай працы ў галіне беларускай культуры.” Місіі БІНіМ(аў) ЗША і Канады падобныя сваімі галоўнымі мэтамі, але практычны падыход да іх выкананьня адрозьніваецца. Дзякуючы таму што амэрыканскі БІНіМ мае больш сяброў, органы друку і некалькі добрых фундацыяў, яго сябры ў сваіх публікацыях вяртаюць багатае жыцьцё беларускай эміграцыі на радзіму. А галоўнае, яны могуць (большай часткай) карыстацца роднай мовай у сваіх навуковых працах. Безумоўна, сябры амэрыканскага БІНіМ(у) шмат робяць таксама на ніве замежнай асьветы пра Беларусь, але толькі тыя, у каго ангельская мова родная ці блізкая да роднай робяць значны ўплыў у замежную навуку. Місія і навуковая праца БІНіМ (у) у Канадзе – пазнаёміць і зацікавіць канадыйцаў, амэрыканцаў і эўрапейцаў навуковым і культурным багацьцем нашай радзімы на знаёмай ім мове (вядома, што гэтая мова большай часткай ангельская); таму матэрыялы пра Інстытут, уключаючы другую рэдакцыю Місіі БІНіМ(у) у Канадзе, ёсьць і робяцца па-ангельску.

 

Асноўныя падзеі ў жыцці інстытуту да 1989-га году

За дакладам д-ра Вінцэнта Жук-Грышкевіча на 2-м Зьезьдзе славістаў у Канадзе (1967) вялікай акадэмічнай падзеіяй стала канфэрэнцыя “Беларусаведныя дні ў Квінс Унівэрсытэце ў Кінгстане” ў 1971 годзе; арганізаваў канфэрэнцыю доктар і прафэсар Янка Садоўскі. Было прачытана 6 дакладаў па-ангельску і зроблена выстава беларускіх майстроў і мастакоў, якую падрыхтавал сябра канадыйскага БІНіМ(у), магістар Алесь Грыцук. Нават большая па фармату за тую канфэрэнцыя – “Беларусаведныя дні ў Атаўскім унівэрсытэце” – прайшла ў 1975 годзе; гэтая канфэрэнцыя была арганізавана спадарствам Сурвілаў, Янкам і Івонкай. На форуме было прачытана 12 дакладаў, аб’яднаных тэмай “Беларуская прысутнасьць у Паўночнай Амэрыцы.” Адначасна з канфэрэнцыяй у Атаўскам ун-те адбылася выстава беларускага народнага мастацтва, якую таксама арганізавалі спадарства Сурвілаў у супрацоўніцтве з Музэем Чалавека. Вялікую ролю адыграла прысутнасьць “жывога беларускага паветра”— маю на ўвазе “Вечар паэзіі” Натальлі Арсеньневай, якім адкрыла імпрэзу прэзыдэнт канадыйскага БІНіМ(у), спадарыня Івонка Сурвіла. Гэты вечар, дзякуючы галоўнаму лектару і сябру паэткі, прафэсару Антону Адамовічу, а таксама д-ру Янку Запрудніку і прафэсарам-славістам унівэрсытэту Атавы Канстанціну Бідзе і Багдану Плескачу, зрабіўся сымпозыюмам у яе гонар.

У старых нумарах Запісаў (да 2010 году) было магчыма прачытаць аб падзеях ня толькі БІНіМ(у) ЗША, але і Канады, напрыклад, у нумары 19 за 1989 год сярод іншых навінаў чытаем: “У горадзе Таронта Мэдычная асацыяцыя правінцыі Антарыё адзначыла мэдыцынскія прафэсійныя заслугі д-ра Барыса Рагулі, сябры БІНіМ(у) прэстыжнай узнагародай імя Глена Соера” (1983 г., 177); У № 22 (117), за 1996-ы год, надрукавана: “У Гарвардзкім Унівэрсытэце адбылася канфэрэнцыя, прысьвечаная пытаньням культурнага разьвіцьця народаў Усходняе Эўропы. Сп-ня Марыя Паўля Сурвіла чытала даклад “Купальле: зьмены ды ўзмацненьне празь беларускі рытуал.” Такіх і іншых прыкладаў шмат. Між 1979 і 1989-ым Янка і Івонка Сурвілы арганізоўвалі беларускі ўдзел у штогадовым Атаўскім фэстывалі “Бацькаўшчына.” Д-р Раіса Жук-Грышкевіч з’арганізавала некалькі літаратурных вечарын, а д-р Садоўскі працягваў працу і рэгулярна выступаў з дакладамі на КАС. Адна з такіх канфэрэнцыяў, дзе д-ра Садоўскага абразілі калегі-славісты непавагай да беларускай тэмы, каштавала яму ня толькі здароўя, але і жыцьця. Пасьля вяртаньня адтуль сэрца д-ра Садоўскага ня вытрымала. Яму было толькі 52 гады.

 

Канадыйскі БІНіМ: 1989-2016

Але справа д-ра Садоўскага не загінула. З 1989-га году беларуская навуковая прысутнасьць актывізавалася спачатку на канфэрэнцыях славістаў у Канадзе, і з 1990-га – на самай вялікай канфэрэнцыі славістаў у сьвеце, якая праходзіць у ЗША штогод. За пэрыяд 1989-2007 гг. сябры БІНіМу падрыхтавалі больш чым 90 дакладаў на навуковыя тэмы і замацавалі беларусаведу як паважаную частку славістыкі і ў краіне, і ў сьвеце. Спадарыня Івонка Сурвіла брала ўдзел у дзьвюх выставах (адна зь іх пэрсанальная). Сябры БІНіМ(у) прымалі ўдзел і неаднойчы былі запрошаныя на канфэрэнцыі і сымпозыўмы ў Гарвард, Сарбону, Оксфард, Кембрыдж, Ноттінгам і іншыя старыя і новыя ўнівэрсытэты сьвету.

Нашая прысутнасьць таксама адметная на ўсіх сусьветных кангрэсах славістыкі і гуманістыкі. Працэс прыняцьця ўдзелу ў гэтых імпрэзах даволі складаны, але працэдуры адна ад адной адрозьніваюцца не нашмат. Навукоўцы ведаюць, дзе і калі будуць праходзіць канадыйскія і сусьветныя кангрэсы славістаў на пяць гадоў наперад. Але канкрэтна толькі сусьветныя кангрэсы рыхтуюцца ўсе пяць гадоў. Па-першае, падаюцца заявы на ўдзел. Канада мае ня больш за 10 месцаў у сусьветных кангрэсах. За гэты тэрмін кожны патэнцыйны ўдзельнік павінен надрукаваць артыкул (які пераробіцца ў свой час у даклад) у найлепшым акадэмічным часопісе сваёй краіны. Адно гэта займае амаль тры гады, таму што тры тайныя рэцэнзэнты павінны ацаніць артыкул, і калі адзін зь іх не задаволены творам, часопіс патрабуе ад кандыдата яго перапрацаваць, а калі два чалавекі з трох не задаволеныя, часопіс не друкуе артыкулу, і навуковец аўтаматычна элімінуецца зь лектараў кангрэсу. Прасьцей на КАС. Вось, напрыклад, як праходзіла канфэрэнцыя ў Атаве ў 2009. Гэта быў велізарны форум, 9000 дэлегатаў. І мы тады добра прагучалі ня толькі з навуковай сцэны і прадстаўленьнем сваіх кніжак, але і адметным беларускім канцэртам з удзелам гурта “Яваровы людзі,” а таксама дуэту клясычнай музыкі “Кантабіле” (Улада Шамецька і Міхась Рыкаў); іншыя нашы цудоўныя сьпевакі і музыканты таксама прынялі ўдзел, выступаючы ў найлепшай тэатральнай залі ўнівэрсытэту. Мы правялі славянскую выстаўку мастакоў, у якой, сярод іншых, былі выстаўлены працы нашых беларускіх удзельнікаў (у альфабэтным парадку: Ірыны Варабей, Алены Ляпко, Івонкі Сурвілы, Марыі-Паўліны Сурвілы, Яўгеніі Шаўчэнкі і Пётры Шварцмана), і гэтыя творы прыцягнулі да сябе вялікую ўвагу гледачоў. Але нас ніколі не было шмат. Спачатку нам (першай тройцы 1989-га году: Івонцы і Паўліне Сурвілам і Зіне Гімпелевіч) вельмі дапамаглі сябры БІНіМ(у) ЗША. Пакуль мы не ўсталяваліся ў КАС не як нейкая форма экзотыкі, а як раўнапраўная галіна славістыкі, на працягу 5 гадоў да нас прыяжджалі слаўныя д-ры Ала Рамано, Томас Бэрд, Вітаўт Кіпель, Курт Вулхайзер, Янка Запруднік, сп-ні Зора Кіпель, Надзея Запруднік, Галіна Русак і іншыя. Колькасьць нашых дакладаў была ад 3-х да 12-ці (толькі на КАС). Вялікую падтрымку заўсёды мелі ад Янкі Сурвілы. Пазьней да нас на некаторы час далучылася д-р Ірэна Лысенка.

На Сусьветны кангрэс у Таронта (1995), на яком было прачытана 18 дакладаў па беларусістыцы, прыехалі зь Лёндану Арнольд Макмілін і айцец Надсан; з ЗША былі прафэсар Курт Вулхайзер і д-ры Янка Запруднік і Вітаўт Кіпель. З Беларусі прыехалі д-р Вінцук Вячорка (які быў запрошаны БІНіМ(ам) і прафэсар Станіслаў Шушкевіч. Некалькі замежных навукоўцаў  таксама далучыліся да нас і зрабілі добрыя даклады пра Беларусь.

Шмат гадоў студэнты-магістры, якія пісалі тэзу ці курсавую працу на беларускія тэмы – “Беларускія казкі,” “Літаратурная гісторыя Беларусі,” “Літаратурны сшытак Валянціна Крывіча-Аненскага,” “Літаратура Чарнобылю” і інш. – рабілі даклады і прымалі ўдзел у КАС ад імя БІНіМ(у) і ўнівэрсытэту Ватерлу. Мы таксама абудзілі цікавасьць да Беларусі ў такіх знаных навукоўцаў як д-р Дэвід Марплз і Цімаці Снайдэр.

У сваю чаргу, сябры канадыйскага БІНіМ(у) дапамаглі БІНіМ(у) ЗША умацаваць англамоўную беларусістыку ў ЗША, прымаючы актыўны ўдзел у арганізацыі і адміністратыўнай працы НААБ (Марыя-Паўліна Сурвіла, Зіна Гімпелевіч) і ЦБД (Марыя-Паўліна Сурвіла). Нашу апошнюю сэсію ў КАСе і кангрэсе Марыя-Паўліна, Івонка Сурвіла і Зіна Гімпелевіч правялі ў 2014-м годзе ва ўнівэрсытэце Брок. У 2015-м і 2016-м больш працавалі ў ЗША і Эўропе. На сёньняшні дзень зроблена больш чым 140 дакладаў. Апошнім было запрашэньне на сымпозыюм ад ангельскага (Лёнданскага) унівэрсытэту ў чэрвені гэтага году.

У той жа час, кожны сябар БІНіМ(у) – сам па сабе Інстытут. Калі трэба дзесьці паказаць беларускія песьні і танцы, дык сп-ня Віялета Кавалёва ўмомант пакліча “Яваровых людзей” і… заля захоплена! Калі ж артыстам трэба перадыхнуць, ужо на іх месцы цудоўныя Ўлада і Міша грэюць сэрца клясычнай музыкай, а потым зьяўляецца і Валя Шаўчэнка з сардэчным рамансам і Святлана Літвінава трымае зал голасам, з якім не хочуць развітацца. І навокал, куды ні глянь, праца робіцца. Таксама пісьменьніца і мастачка па вышыванках, Ірына Варабей зрабіла шмат для папулярызацыі беларускага нацыянальнага арнамэнту ў Канадзе, заснаваўшы брэнд “Беларускі дух” (Spirit of Belarus). Пётра Мурзёнак выдае часопіс Сакавік: Культура, Нацыя (Гісторыя, Мова, Беларусы, Дзяржава). Юрка Шаўчэнка аднавіў сваімі залатымі рукамі Памятны Беларускі Крыж у Мідлэндзе. Усё гэта рабілася, робіцца і будзе рабіцца сумесна з грамадскай працай. Так, Івонка Сурвілла, Паўліна Пашкевіч-Сміт і Зіна Гімпелевіч з’арганізавалі канадыйскую нацыянальную фундацыю дапамогі беларускім дзеткам, ахвярам Чарнобылю (CRFVCB). Тысячы беларускіх дзетак прыязджалі на адпачынак ў Канаду. Таксама на Беларусь дасылалася медычная і дантыстская дапамога і абсталяваньне, пачкі з ежай, вопраткай і вітамінамі. Нават зараз дзеці прыязжаюць, але ўжо не тысячамі, а дзесяткамі. Яны вывучаюць ангельскую мову і атрымліваюць сяброў на жыцьцё. Таксама канадыйцы падтрымліваюць сувязі з беларускімі сем’ямі, якія ім сталі роднымі і пазнаюць нашу радзіму. Гэта ўсё цудоўна, і разам зь іншымі справамі на карысьць ведаў пра Беларусь за мяжой, нам трэба берагчы БІНіМ як дзверы і вокны ў навуковы і мастацкі сьвет.



Categories: Культура, Нацыя Беларусы

Пакінуць каментар