Шэсць віцяблянак, якія змянілі свет

З Віцебшчынай звязанае жыццё многіх вядомых людзей, якія паўплывалі на ход гісторыі.

З Віцебшчынай звязана жыццё многіх вядомых людзей, якія здолелі не толькі дамагчыся значных поспехаў у сваіх сферах і стаць знакамітымі, але і паўплываць на ход гісторыі. Сярод віцяблян, імёны якіх сёння ведаюць ва ўсім свеце, ёсць і жанчыны.

Хто яны – дамы, якія змянілі свет? Vkurier.by склаў свой рэйтынг, уключыўшы ў яго жанчын, якія нарадзіліся або жылі на тэрыторыі Віцебскага краю.

Рагнеда

Рагнеда – адна з самых вядомых беларусак. Аб жыцця адной з першых хрысціянак Полацкай зямлі, дачкі князя полацкага Рагвалода і маці князёў, у тым ліку і Яраслава Мудрага, мы можам даведацца са шматлікіх летапісных крыніц.

З імем Рагнеды звязана адна з самых сумных старонак у гісторыі Полацкага княства. Два браты – Яраполк і Уладзімір – прыслалі сватоў у Полацк. Рагнеда па волі свайго бацькі аддала перавагу Яраполку. Разгневаны адмовай Уладзімір разграміў войска Рагвалода, а Рагнеду гвалтам узяў у жонкі.

Аднойчы князёўна спрабавала забіць мужа, але ёй гэта не ўдалося. А калі Уладзімір вырашыў пакараць непакорлівую жанчыну, за яе заступіўся сын Ізяслаў.

Уладзіміра ўразіў смелы ўчынак юнага хлопчыка: князь заснаваў у гонар сына горад Ізяслаўль і зрабіў яго сталіцай Полацкага княства. Да паўналецця Ізяслава там правіла Рагнеда.

Ефрасіння Полацкая

Ефрасіння (у свеце – Прадслава) – полацкая князёўна, унучка Усяслава Чарадзея, першая беларуская асветніца і першая жанчына на Русі, якая была кананізаваная ў святыя.

Адмовіўшыся ад дынастычнага шлюбу, Прадслава пайшла ў манастыр і прыняла пострыг, узяўшы імя Ефрасіння. Пасяліўшыся ў Сафійскім саборы, асветніца перапісвала кнігі, вяла актыўную асветніцкую дзейнасць. На ініцыятыву Ефрасінні ў Полацку былі пабудаваныя дзве царквы, заснаваныя два манастыры і выраблены крыж, месца знаходжання якога сёння, на жаль, невядома.

Будучы ўжо ігуменняй, у 1170-х гадах Ефрасіння адправілася ў паломніцкую паездку ў Ерусалім, дзе і памерла. З часам яе мошчы былі перанесены ў Кіеў, дзе захоўваліся блізу 800 гадоў.

Толькі ў 1910 годзе яны вярнуліся на беларускія землі: 10 дзён знаходзіліся ў Мікалаеўскім саборы ў Віцебску, затым былі дастаўлены ў Полацк, але ў 1922 годзе зноў былі прывезены ў наш горад ужо ў якасці музейнага экспаната. У час Вялікай Айчыннай вайны мошчы былі ўсталяваныя ў Пакроўскім саборы, а з 1943 года па сённяшні рэліквія захоўваецца ў Полацку.

Эмілія Плятэр

Гэтую далікатную дзяўчыну, гераіню паўстання 1830 года, называлі новай Жаннай Д’арк.

Нарадзілася Эмілія ў Вільні, а яе маці была прадстаўніцай беларускай шляхты з Браслаўскага павета.

Дзіцячыя і юнацкія гады Эмілія правяла ў маёнтку Ліксна Дынабургскага павета Віцебскай губерні, дзе захапілася беларускім фальклорам: выконвала народныя песні, вучыла танцы, была майстрыхай «галашэння».

Падчас паўстання 1830 года Плятэр узначальвала партызанскі атрад. Праз некаторы час камандаванне прызначыла яе ганаровым камандзірам роты і прысвоіла званне капітана. Не здолеўшы акрыяць ад раны, атрыманай у адным з баёў, Плятэр памерла падчас адступлення паўстанцкага войска.

У Опсе Браслаўскага раёна да нашых дзён часткова захаваўся маёнтак Плятэраў, а ў вёсцы Ахрэмаўцы гэтага ж раёна – пахавальня.

Памяць пра дзяўчыну ўвекавечылі многія мастакі, скульптары і паэты, у тым ліку і Адам Міцкевіч.

Ганна Місуна

Ганну Місуну называюць першай жанчынай-геолагам у Беларусі, Польшчы, Расеі і Літве.

Нарадзілася яна ў сядзібе Забалацце Лепельскага павета ў 1868 годзе, атрымала хатнюю адукацыю, затым скончыла прыватную гімназію ў Рызе, вучылася на вышэйшых жаночых курсах у Маскве.

Захапіўшыся геалогіяй, Ганна Місуна здзейсніла пешыя геалагічныя маршруты, пісала навуковыя артыкулы пра рэльеф і сляды ледніка на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Літвы, вывучала жалезныя руды і каменны вугаль у Тульскай губерні.

З 1906 года наша суайчынніца займала пасаду асістэнта вышэйшых жаночых курсаў у Маскве, затым стала дацэнтам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе арганізавала геалагічны музей.

Соф’я Кавалеўская

Соф’я Кавалеўская – першая беларуская жанчына – прафесар матэматыкі.

Яна пісала вершы і прозу, але праславілася тым, што адкрыла трэці класічны выпадак развязання задачы аб кручэнні цвёрдага цела вакол нерухомага пункта.

Нарадзілася Соф’я ў Маскве ў 1850 годзе, але неўзабаве разам з сям’ёй пераехала ў маёнтак Палібіна Віцебскай губерні (сёння сяло Палібіна Вялікалуцкага раёна Пскоўскай вобласці). Менавіта на тэрыторыі тагачаснай Віцебскай губерні і прайшло яе дзяцінства.

Вучылася Соф’я рупліва, па начах, пры святле лампады чытала ўніверсітэцкі «Курс алгебры Бердона». У 18-гадовым узросце дзяўчына выйшла замуж за Уладзіміра Кавалеўскага, разам з мужам падарожнічала па Еўропе, наведвала лекцыі вядомых навукоўцаў. У Бэрліне Соф’і Кавалеўскай завочна прысвоілі ступень доктара філасофіі ўніверсітэта гётынгена, некаторы час яна выкладала ў Стакгольмскім універсітэце.

За свае навуковыя працы «прафесар Соня» атрымала прэмію імя Бордэна Парыжскай акадэміі навук і прэмію Шведскай акадэміі навук.

Усё жыццё Соф’я Кавалеўская марыла аб тым, каб выкладаць у Расеі, але, на жаль, гэтаму не было наканавана спраўдзіцца. Памерла і пахаваная «царыца матэматыкі» ў Стакгольме.

Ганна Тумаркіна

Ганна Тумаркіна – першая ў Еўропе жанчына – прафесар філасофіі.

Нарадзілася яна ў 1875 годзе ў Дуброўна, але неўзабаве бацькі пераехалі ў Кішынёў, дзе дзяўчынка скончыла жаночую гімназію і атрымала настаўніцкі адукацыю.

З 1892 года Ганна Тумаркіна жыла ў Швейцарыі, вучылася на факультэце філасофіі, германістыкі і гісторыі Бернскага ўніверсітэта. Праз тры гады наша зямлячка паспяхова абараніла доктарскую дысертацыю і на некаторы час пераехала ў Бэрлін.

Вярнуўшыся ў Бэрн, Ганна Тумаркіна папрасіла дазволу працаваць у вышэйшай школе. Пасля пробнай лекцыі нашу суайчынніцу дапусцілі да выкладання гісторыі новай філасофіі і эстэтыкі ў Бернскім універсітэце. На той момант дзяўчыне споўнілася ўсяго 23 гады. Сапраўднай сенсацыяй стала прысваенне Ганне Тумаркінай ганаровага звання тытулярнага прафесара ўніверсітэта, а затым і экстраардынарнага прафесара.

Нямецкі пісьменнік Густаў Мюлер пісаў пра яе:

«Ганна Тумаркіна – дарагі падарунак, які вялікая Расея зрабіла маленькай Швейцарыі».



Categories: Асьвета, Культура, Мова

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: