У ЗОНЕ неМАЎЧАННЯ СЯРГЕЯ ГРАХОЎСКАГА
Грахоўскі грэх адзіны меў:
Небеларусам быць не ўмеў.
Адбыў жыццё, ў якое гром
Біў перунамі. А паром
Пад маланёю над чалом
На быстраку ракі нямеў.
Грахоўскі меў у тундру шлях,
Дзе праз ГУЛАГ айчынны дах
Не быў відзён. Ламаўся крок,
Але не згас у вязня зрок.
З Б І Л Е Т А М В О Ў Ч Ы М праз разлом
Прайшоў… Данёс барвовы том…
І сёння праз радкі смугі
Мігцяць над ачарнелым злом
Т А К І Я С І Н І Я С Н Я Г І…
Пад імі ў схованцы арэх –
Як той непрабачальны грэх
Крамлёўскага правадыра…
… У кары – моцная кара.
Зак. 19.6.2012
Сяргей Панізьнік
Хачу Айчынай звацца я!
Насельніцтва – не нацыя,
але чуваць вібрацыя:
народу трэба змога,
каб сцвердзіўся й нябога.
Калі ж падлічваць строга
электарата гузікі,–
абшар зусім не вузенькі.
Раскрыльваюцца вусенкі:
–Нас многа, многа, многа
ля роднага парога.
Гулагамі-ліквідамі
Галовы нам раскідвалі.
Сціраліся і гены…
Не зніклі пад страхоццямі
І жарабкі з аброцямі,
ля іх – абарыгены.
Бо з руні атуросткавай
Па-над біблейскім востравам
гула пчала Скарыны.
Захочам – вецер зменіцца.
Купалле – каб асмеліцца
і выбрацца з адрыны.
Хачу Айчынай звацца я!
Вунь для сустрэч – дарога.
Нас на гасцінцы многа:
не знікла папуляцыя.
І Бацькаўшчыны Грацыя,
натхняючы любога,
высвечвае: –Вы – нацыя!
…Абліччы нашы мацае:
–Вас многа?
–Так, нас многа
ля Праведнага Бога!
2016
Вершы
Хросьнік Янкі Купалы
Памяці Сяргея Новіка-Пеюна
Паэтаў планіда не кратае
рукамі лагоды.
Яна чацвяртуе за кратамі
крукамі нягоды.
На годы ссылае ўнясповедзі
на зімную безлюдзь.
У катаў паэты – для поедзі…
Ды – косткаю – песня!
І “Зорачкі” з лагернай наледзі
прыходзяць на помач.
Быў Янка Купала – у памяці.
І ў памяці – Поўнач.
О “Сэрца, не плач!” З горкай чараю
і словам сыноўнім —
п р ы в о л л е! І поўня над Шчараю
вальсуе на Слонім.
“Пілую вершам краты”
Пракурор праз кодэкса артыкул
углядаўся ў кожны мой радок,
нават пальцам асцярожна тыкаў
і ацэньваў: за радок – гадок.
Валянцін Таўлай
За радок – гадок:
толькі крок убок,–
муза – корчыкам.
Каб жа быў шасток…
Не ўзляціць браток
з яркай почапкай.
Не Парнас – грудок.
Быў паэт – гудок!
…Дух на ворчыку.
Мо знайсці масток?
Вунь гатоў хадок
славіць “кормчага”.
Пракурорскі змрок…
На пяро – курок
з чорным росчыркам.
Сяргей Панізьнік
Будзіцеляў заву
Мечаносцам Курапатаў – у пракляцце
Загадвалі: “—Канчаць!”
А Сталіна пячаць
і слугачоў знішчала.
Звяры яшчэ рычаць:
“Нас трэба велічаць!
Што? Партыя ілгала?”
Шукаў, ды не знайсці
зямлю, дзе пры жыцці
каб “тройка” прызначала
найлепшы выхад мець –
у лагерную клець
ад слізкага прычала.
А ходзікі бягуць …
Чутно: станкі гудуць.
Было: гудзелі людзі:
“Твой правадыр – навек?
Мы не дапусцім здзек!”
…Ды зноў я пры аблудзе.
Будзіцеляў заву
пазалаціць канву,
пазначыць велічыны,–
па іх Ратай, Паэт
агучаць сілуэт
абуджанай Айчыны.
Стваральнікі Памяці
Паэты не вечныя:
жыццё без гарантыі,–
але – невылечныя,
але – не парадныя.
Змушалі пад мушкамі
ісці ў гладыятары…
Паэты не гушкалкі —
кіпучыя кратэры.
Смуродныя сталіны
мясілі сякерамі.
Адметныя таленты
знішчалі з паперамі…
Паэты не нолікі.
На трон не нахільныя.
…Глядзім на іх воблікі
ужо надмагільныя,–
са славаю свечнаю,
судзьбінаю грознаю:
гараць словы вечныя
любоўю запознаю.
х х х
А мы не на паперці,–
паэты бяседныя.
Ахоўнікі Памяці —
у ёй і аседлыя.
Мы – Нацыі лечыва.
І рыфмай калючаю
калышым спрадвечную
Айчыну зыбучую..
12.04.2017
Categories: Літаратура, Нацыя Беларусы
Пакінуць адказ